• Газеты, часопісы і г.д.
  • Porta Nigra  Максім Кутузаў

    Porta Nigra

    Максім Кутузаў

    Выдавец: Галіяфы
    Памер: 224с.
    Мінск 2020
    59.58 МБ
    Ваўкалак кіўнуў. Аркадзь таксама. Ён калісьці даўно бачыў гэтую гульню па тэлебачанні, але не быў упэўнены, што памятаў усе нюансы. Аднак высветлілася, што нічога складанага ў дартсе сапраўды не было. Галоўнае — уважліва лічыць і запісваць, у каго колькі ачкоў засталося.
    Фізік адразу звярнуў увагу на тое, што калі яны з Дэніс кідалі, абы кінуць, асабліва не імкнучыся прыцэліцца, то Ваўкалак мэтанакіравана спрабаваў трапіць у месца патраення дваццаці ачкоў і набраць адным кідком максімальныя шэсцьдзесят, як зазвычай рабілі мужыкі ў тэліку. У яго гэта не вельмі добра атрымлівалася, але ў «дваццатку» ён трапляў даволі часта. Першую гульню яны правялі прыблізна на аднолькавым узроўні і прыканцы з невялічкім адрывам перамагла Дэніс. Задаволеная, яна зрабіла некалькі фотаздымкаў на памяць на фоне дошкі для дартса і прапанавала хлопцам паспрабаваць узяць рэванш. Яны замовілі яшчэ па адным куфлі і ахвотна пагадзіліся, бо ім было весела і прыемна бавіць час такім чынам у такой кампаніі.
    У другой гульне склалася ўражанне, што Ваўкалак урэшце прыстраляўся і ўзгадаў свае калісьці даўно забытыя навыкі гэтай гульні. Прынамсі так падалося Аркадзю. А ўсе сумневы ў фізіка зніклі, калі ў рэстаўратара заставалася шэсцьдзесят дзевяць ачкоў і першым з трох дроцікаў ён выбіў дзевяць.
    —	Ну, засталося ўсяго шэсцьдзесят. Паспрабуй адным кідком, як прафесіянал, — пакеплівала Дэніс.
    Ваўкалак азірнуўся на дзяўчыну і падараваў той сваю самую прыгожую ўсмешку.
    —	Kinderleicht34, — прамовіў ён і трапным кідком выбіў роўна шэсцьдзесят.
    Аркадзь не ведаў, што яго здзівіла болей: ці тое, што Ваўкалак трапіў, хоць здавалася, што ён толькі пажартаваў, што лёгка зробіць гэта, бо пераможца і сам выглядаў сапраўды здзіўленым, ці тое, што барадач усё ж крыху
    34 Вельмі лёгка (ням.)
    ведаў і нямецкую мову. Хаця паводле аднаго слова складана разважаць на гэты конт.
    — Але ж! — усклікнула немка, пляскаючы пераможцу па плячы. — Гэта было надзвычайна. Ну што, хадзем далей?
    Беларусы спустошылі куфлі і радасна пагадзіліся змяніць месца дыслакацыі. Выйсці ўрэшце на свежае прахалоднае паветра пасля задушлівай спёкі бітком набітага бара было вельмі прыемна.
    Даволі працяглы шлях да ірландскага паба Дэніс і Ваўкалак безупынна абмяркоўвалі нямецкую культуру, а млявы Аркадзь толькі сумна тупаў за імі. Гарачая гутарка распачалася з таго, што немка запыталася, ці ведае рэстаўратар яшчэ колькі словаў па-нямецку. Тут высветлілася, што ён вывучаў мову ў школе і добра яе разумее, аднак размаўляць на ёй хлопцу складана, бо няма амаль ніякай моўнай практыкі. Аркадзь сам сабе падумаў, што яго знаёмы — проста нейкі скарб схаваных талентаў. А немка ў сваю чаргу прапанавала перайсці на нямецкую. Ваўкалак напачатку ламаўся, аднак пасля пагадзіўся паспрабаваць. Праз некалькі агульных сказаў дзяўчына пахваліла суразмоўцу за добрае вымаўленне, а ён у адказ прамовіў нешта такое, чаго Аркадзь нават не зразумеў. Мяркуючы з рэакцыі Дэніс, яна таксама была здзіўленая і спытала, адкуль Ваўкалак ведае такі выраз, бо ў сучаснай мове ён рэдка кім ужываецца. Барадач сціпла паведаміў, што неяк яшчэ ў школе чытаў «Фаўста» Гётэ ў арыгінале. I хоць чытанне было неверагодна марудным, бо нямецкая мова тых часоў значна адрознівалася ад таго, што праходзілі ў беларускіх школах, аднак некалькі цікавых выразаў Ваўкалак адтуль пазычыў Трэба было бачыць у гэты момант Дэніс, якая з вялікімі вачыма слухала тлумачэнні хіміка-
    рэстаўратара. Аркадзю толькі і заставалася, што моўчкі зайздросціць, бо было добра відаць, што дзяўчына цалкам захопленая гэтым калматым металістам. I фізік шкадаваў што праз тое, што ён большасць вольнага часу прысвячаў чытанню выключна навуковых артыкулаў, яго кругагляд настолькі зменшыўся, што ён не мог падтрымаць актыўную размову пра класікаў нямецкай літаратуры, якую актыўна вялі яго спадарожнікі. Быць прафесіяналам у сваёй справе — гэта, вядома, добра, аднак гэта не адмяняе таго, што трэба займацца яшчэ і сваім агульным развіццём.
    Калі яны ўрэшце дасягнулі ірландскага паба, высветлілася, што ён знаходзіўся зусім недалёка ад кампуса, і Арка дзь здзівіўся, што раней яго не бачыў У памяшканні было даволі змрочна, шматлюдна і шумна. Побач з уваходам яны знайшлі адзінае ва ўсім пабе вольнае месца на канапе, дакладней нават на спінцы канапы. I тое, відаць, ім проста пашанцавала, што хтосьці толькі што яго вызваліў і некуды адышоў. Джэнтэльмены ветліва прапанавалі дзяўчыне прысесці, запыталі ў яе, што яна будзе і накіраваліся да стойкі. Адстаяўшы велізарную чаргу, яны вярнуліся да Дэніс з трыма куфлямі і пачалі абмяркоўваць розныя алкагольныя напоі, бо тэме значна спрыяла тое, што насупраць канапы віселі бясконцыя палічкі са шматлікімі пляшкамі, пра змесціва некаторых з якіх навукоўцы ніколі ў жыцці і не чулі. I хоць у гэтай справе ў Аркадзя таксама быў не надта вялікі досвед, яму зрабілася значна лягчэй на душы ад таго, што тут ён усё ж мог падтрымаць размову. Пакуль яны гутарылі, наступіла ўжо сапраўдная ноч, і большасць наведвальнікаў сышлі, так што нават ад чаргі каля стойкі амаль нічога не засталося. Раптам Дэніс запытала:
    — Як вам нашае нямецкае піва?
    — Я, безумоўна, вельмі выбачаюся. Але, на мой погляд, усё ж чэшскае лепей, — адказаў Ваўкалак.
    —Папросту ты не каштаваў найлепшага нямецкага, — пакрыўджана прамовіла Дэніс, рэзка падхапілася і хутка сышла.
    — Я, напэўна, дарма гэта сказаў, так? — звярнуўся роднай моваю да суайчынніка барадач, — мо закрануў яе нацыянальны гонар.
    Аркадзь, які пасля трох куфляў добрага нямецкага піва ўжо ўвогуле слаба разумеў, што адбываецца наўкол, толькі пацепаў плячыма і зрабіў яшчэ адзін глыток.
    — Гэх, а такая цікавая дзяўчына, — сумна ўздыхнуў Ваўкалак.
    У гэты момант Дэніс вярнулася, трымаючы ў руцэ... чарговы куфель.
    — Вось. Пакаштуй, — працягнула яна яго агаломшанаму хлопцу.
    — Колькі з мяне? — запытаў барадач, прымаючы вялікую паўлітровую пасудзіну з рук дзяўчыны.
    — Ніколькі. Гэта за мой рахунак. I каб пасля не казаў, што нашае піва горай за чэшскае, — усміхнулася яна.
    Ваўкалак адліў роўныя порцыі свайго напоя ва ўжо пустыя куфлі суразмоўцаў. I калі яны гучна чокнуліся і радасна выпілі, рэстаўратар прызнаў, што, сапраўды, не меў рацыі. Аркадзь таксама пагадзіўся і сказаў, што гэтае піва было найлепшым у яго жыцці.
    — Ну што, хадзем яшчэ і ў трэці бар? — бадзёра запыталася Дэніс. Малады фізік быў уражаны, што ў яе яшчэ засталіся сілы кудысьці ісці і штосьці піць, у той час, як хлопцам і так ужо было добра.
    — О не. 3 мяне досыць, — адказаў Ваўкалак, з цяжкасцю падбіраючы адпаведныя нямецкія словы, —
    я ж яшчэ хачу гэтай ноччу пашпацыраваць па горадзе. Але дзякуй за прапанову.
    — Шпацыраваць па горадзе ўначы? — здзівілася дзяўчына.
    — Ага, — сцвердзіў барадач, — наўкол нікога няма. Ціха, прыгожа. ІДудоўная магчымасць пабачыць, як горад выглядае без сваіх неад'емных дзённых паразітаў — жыхароў.
    Аркадзь падтрымаў суайчынніка:
    — Мне таксама ўжо досыць. Лепей мы яшчэ крышачку тут пасядзім і разыдземся.
    — Ну як сабе хочаце, — сумна пагадзілася Дэніс. У яе вачах бачылася вялікае расчараванне. Яна павярнулася да калегі. — Ты ж ведаеш, як адсюль да кампуса дайсці?
    — Так, безумоўна.
    — Вось і добра. Бо я ж вам так і не дала магчымасці паразмаўляць сам-насам. Таму пайду я, напэўна, ужо дадому.
    — Добра. Дзякуй за экскурсію, — ветліва падзякаваў Аркадзь.
    — Прыемна было пазнаёміцца, — сціпла прамовіў Ваўкалак. Але яго земляку падалося, што ён пачуў нейкі дзіўны сум у голасе зацятага вандроўніка.
    — I мне, — усміхнулася дзяўчына, — прыязджайце да нас яшчэ.
    — Абавязкова, — адказаў Ваўкалак. I гэта гучала хутчэй як абяцанне, чым як простая ветлівасць. — Вечар быў цудоўны.
    Калі Дэніс сышла і хлопцы ўрэшце перайшлі на родную мову, Ваўкалак задумліва прамармытаў:
    — Якая цікавая дзяўчына...
    Аркадзь пільна паглядзеў на суайчынніка і з дакорам зазначыў:
    — Я разумею, што піва было добрае, аднак ты ні на што не забыўся? Ты навошта сюды ўвогуле прыехаў?
    — А! Сапраўды, — разгублены хлопец нязграбна палез у свой заплечнік і дастаў адтуль невялікі пакуначак.
    — Усё добра? Без прыгодаў давёз? — запытаўся фізік, разгарнуўшы пакунак і разглядаючы артэфакт.
    — Так. У найлепшым выглядзе, — усміхнуўся Ваўкалак.
    — Шчыра дзякую за дапамогу. Ты дакладна ўпэўнены, што не хочаш пераначаваць у мяне? Як-небудзь ды размясціліся б.
    — He, не і яшчэ раз не. Але дзякуй за прапанову. Ноч — гэта найлепшы час, каб пазнаёміцца з горадам бліжэй. Калі шмат вандруеш, рана ці позна прыйдзеш да таго, што пераможаш сваю прыроджаную ляноту і зможаш ахвяраваць некалькімі гадзінамі салодкага сну дзеля чагосьці сапраўды вялікага. Мала хто звяртае на гэта ўвагу, але вельмі важна ўмець абіраць правільны час для наведвання нейкага цікавага месца. Да прыкладу, я аднойчы, калі быў у Луўры, амаль сорак хвілінаў заставаўся сам-насам са знакамітай «Свабодай, якая вядзе народ»35. А ўсё таму, што здагадаўся прыйсці ў сусветнавядомы музей у пятніцу ўвечары, незадоўга да таго, як ён павінен быў зачыніцца, і ў ім ужо амаль не было наведвальнікаў. I ў выніку я меў цудоўную магчымасць атрымаць сапраўдную асалоду ад найвыбітнейшых твораў мастацтва, не хвалюючыся пра тое, што я камусьці магу перашкаджаць, ці што зараз набяжыць натоўп усюдыісных азіятаў і сапсуе мне ўсе ўражанні. А іншым разам я згодна з той самай стратэгіяй а шостай раніцы шпацыраваў у Празе легендарным Карлавым
    35 «Свабода, якая вядзе народ» — карціна французскага мастака Эжэна Дэлакруа.
    мостам у поўнай адзіноце. I дагэтуль вельмі ганаруся маім дасягненнем, бо не ў кожнага ёсць такі шанец. А гэта было надзвычай шыкоўнае відовішча. Нават словамі не перадаць. Вось так.
    Зараз, даведаўшыся значна болей пра свайго таямнічага знаёмага, Аркадзь быў гатовы ўрэшце без ваганняў паверыць усім яго неверагодным гісторыям. Таму ў адказ толькі прамовіў:
    — Ну што ж, табе лепей відаць. Тады прыемнай экскурсіі і паспяховай вандроўкі ў Люксембург. Будзеш праязджаць недзе побач яшчэ раз — паведамляй, завітаем яшчэ куды-небудзь піва папіць ды ў дартс згуляць. Дарэчы7 прызнайся мне шчыра. Дэніс нас ужо не чуе. У мяне склалася ўражанне, што ты часта трымаеш дроцікі ў руках. Гэта праўда? Бо апошні кідок — гэта было нешта сапраўды фантастычнае.