Porta Nigra
Максім Кутузаў
Выдавец: Галіяфы
Памер: 224с.
Мінск 2020
прасіў заплаціць трыццаць еўра за тое, каб проста твае паперы прынялі да разгляду. I гэта прытым, што, паводле інфармацыі на сайтах арганізацыі, у такіх конкурсах на адно месца падавалася каля тузіна чалавек, і з беларускай адукацыяй перамагчы шанцаў хутчэй за ўсё не было ніякіх. У адным месцы беларусу прапанавалі працу звычайным навуковым супрацоўнікам без месца ў дактарантуры, але такі варыянт таксама не цікавіў яго, бо што ж гэта за навуковец без доктарскай ступені. Пяць прафесараў прапанавалі пагутарыць праз скайп. Адзін з іх падаўся Аркадзю зусім неадэкватным, і ўсялякая ахвота звязваць з ім сваю кар'еру адразу знікла. Хоць нават праз два месяцы гэты дзіўны чалавек дасылаў беларусу незразумелыя элетронныя лісты ледзь не з пагрозамі, дарма што той даўно перастаў на іх адказваць. Між іншым, гэты дзівак у адрозненне ад карэнных немцаў, аўстрыйцаў і г. д. быў выхадцам з Расіі, які толькі пачынаў будаваць сваю навуковую групу ў Германіі. Аркадзь не рабіў з гэтага ніякіх высноў проста адзначаў як цікавы факт. Чатыры іншыя гутаркі прайшлі досыць добра. Падчас адной з іх малады фізік адчуў, што ў адпаведнай тэматыцы ні халеры не разумее, і выбачыўся перад суразмоўцам за тое, што дарма забіраў у яго час. Яшчэ тры прафесары былі вельмі зацікаўленыя, аднак найбольшую актыўнасць выявіў спадар Фогель. Але сам шлях да знаходжання свайго будучага навуковага кіраўніка і агульнай мовы з ім быў працяглы і няпросты — ён запомніўся Аркадзю на ўсё жыццё.
Таму не, зараз ён не мог адмовіцца ад сваёй мэты праз тое, што адзінай хуткай і зручнай магчымасцю пераадолець такую адлегласць быў самалёт. Пагатоў што ў некаторы момант жыцця ён раз і назаўсёды пазбавіўся страху памерці, бо раптоўна пачаў разумець, што
блізкіх яму і проста добрых людзей, на вялікі жаль, на тым свеце знаходзілася ўжо значна болей, чым іх засталося на гэтым. I таму ён перастаў бачыць штосьці жудаснае ў тым, каб аднойчы апынуцца ў іх кампаніі. Аднак хоць думка пра магчыма хуткі ды несвоечасовы канец жыцця яго і не пужала, ён усё адно імкнуўся паспець зрабіць за адведзены яму на гэтым свеце час як мага болей. Ды і іншы найболып закаранёны яго жах так дагэтуль нікуды і не знік, хаця мала хто разумеў, што чагосьці можна баяцца значна мацней за смерць.
Пакуль Аркадзь сядзеў, занурыўшыся ў свае думкі і ігнаруючы пытанне вусача, выявілася, што гаваркому суразмоўцу болей нічога тлумачыць было не трэба, бо якраз у гэты момант да іх падышла гожая рудая жанчына гадоў каля дваццаці пяці і ветліва нямецкай моваю папрасіла мужчын прапусціць яе на месца каля ілюмінатара. Увага агаломшанага нечаканым з'яўленнем прыгажуні аэрофоба ў тое самае імгненне цалкам пераключылася на яе. Задаволены такім цудоўным шанцаваннем, Аркадзь уключыў плэер і шчасліва заплюшчыў вочы.
Чулы сон беларуса абарваўся праз тое, што побач з ім распачалася нейкая мітусня. Узбуджаны мозг, які добра памятаў што цела ў гэты самы момант знаходзілася ў самалёце, за некалькі імгненняў пакуль не расплюшчыліся вочы, паспеў згенераваць дзясяткі варыянтаў катастрофы, якая магла адбыцца, пакуль ён спаў Сэрца шалёна забілася ад нястрымнага страху, аднак калі вочы ўрэшце расплюшчыліся, высветлілася, што дзяўчына, якая сядзела каля ілюмінатара, захацела выйсці ў прыбіральню і спрабавала пабудзіць вусача, каб той у сваю чаргу распіхаў Аркадзя і каб пасля яны
абодва ўзняліся і яе прапусцілі. Але яе план забуксаваў на самым першым этапе, і малады фізік пачаў ёй дапамагаць, тузаючы нерухомага суседа. Калі аэрафоб урэшце прачнуўся, мужчыны адышлі ўбок і рудая прыгажуня бесперашкодна накіравалася да сваёй мэты.
Беларус з дзіцячай цікавасцю разглядаў мудрагелістыя аблокі. Ён ляцеў не ўпершыню, але ён не мог заснуць, пакуль не вярнулася суседка, бо пасля зноў давялося б прачынацца, таму бавіў час, гледзячы ў ілюмінатар па-над галавою вусача. Усё ж такі немаленькі рост дазваляў яму лёгка гэта рабіць. Калі ён адарваўся ад прыгожага відовішча, каб паглядзець у салон у пошуках жанчыны, яму адкрылася відовішча яшчэ болып захапляльнае, бо тая акурат падышла да яго, і хлопец вачыма ўпёрся непасрэдна ў цудоўную постаць, галоўную годнасць якой яскрава падкрэслівала смелае дэкальтэ. Вішанькай на гэтым неверагодна апетытным торце была мядзяная манетка, з дзірачкай пасярэдзіне, якая, звісаючы з бялюткай шыі, трапляла дакладна ў ямінку што гіпнатычна прыцягвала позірк.
Аркадзь збіраўся ўжо ўзняцца, каб прапусціць дзяўчыну, адначасна думаючы пра тое, што праз надакучлівага вусача адразу і не звярнуў ніякай увагі на такі скарб. Аднак менавіта ў гэты момант самалёт, імаверна, трапіў у турбулентнасць і яго раптам рэзка падкінула ў паветры. Жанчына схапілася за крэслы і ненаўмысна нахілілася да беларуса. Манетка павісла на пекнай шыі, калыхнулася некалькі разоў у розныя бакі і дакранулася да скроні хлопца.
Ен стаяў і разглядаў дзіўную манету, якую трымаў у руцэ. 3 аднаго боку значыліся лічбы «1888». 3 іншага
знаходзіўся надпіс, які нагадваў, што кароль Бельгіі Леапольд Другі ёсць у тым ліку і кіраўнік Незалежнай дзяржавы Конга. Але гэта ўсё ён і так добра ведаў. Увагу прыцягнула дзіўная дзірка пасярод круглага кавалачка медзі. Гандляр, які толькі што перадаў яму рэшту ў выглядзе гэтай манеты, усхвалявана свідраваў кліеята напалоханым позіркам. Раптам ён не вытрымаў і прамовіў:
— Нешта не так, містар Кейсмент?
Аркадзь патрос галавою. Дзіўнае насланнё знікла. Паводле паставы, у якой знаходзілася рудая дзяўчына, ён здагадаўся, што яго незразумелы транс працягваўся літаральна некалькі секундаў. Самалёт перастала трэсці, і хлопец дачакаўся, пакуль суседка крыху адыдзе, каб яны з вусачом змаглі яе прапусціць, і асцярожна ўзняўся.
Заняўшы зноў сваё месца, малады фізік доўга не мог заснуць, бо ў галаве з'яўляліся хаатычныя думкі наконт таго, што з ім здарылася. Сур'ёзна? Містар Кейсмент? Ён вельмі шанаваў гэтага славутага ірландца і з нецярпеннем чакаў кнігі пра яго, якую неўзабаве павінен быў выдаць адзін з улюбёных пісьменнікаў Аркадзя — перуанец Марыа Варгас Льёса, які менавіта ў гэтым месяцы атрымаў Нобелеўскую прэмію па літаратуры. Ведаючы, хто на яе быў намінаваны, хлопец чакаў яе вынікаў нават болей, чым вынікаў у галіне фізікі. I быў вельмі рады, калі даведаўся, што такі варты чалавек яе ўрэшце атрымаў. А тут яшчэ і навіна пра тое, што вось-вось з'явіцца на свет кніга пад назвай, якая з іспанскай перакладалася як «Сон Кельта». Хлопца заўсёды цікавіла біяграфія Роджэра Кейсмента, асабліва
беручы пад увагу падабенствы ў гісторыях беларускага і ірландскага народаў. Гэты чалавек імкнуўся пазбавіць сваіх суайчыннікаў ад англійскай улады, як у свой час імкнуліся пазбавіцца ад расійскага ўплыву многія выбітныя дзеячы беларускай зямлі. Але чаму Аркадзь раптам пабачыў гэты дзіўны сон? Ці што гэта ўвогуле было? Напэўна рудая дзяўчына выклікала ў яго ўстойлівую падсвядомую асацыяцыю з Ірландыяй, а ў сукупнасці з кангалезскай манетай дала нагоду яго ўзбуджанаму няпростым падарожжам мозгу ўявіць такую дзіўную падзею. Усё ж містар Кейсмент сапраўды некаторы час (на самым пачатку дваццатага стагоддзя) жыў у Конга і мог на самай справе трымаць гэтую манетку ў руках.
Знайшоўшы лагічнае тлумачэнне дзіўнаму здарэнню, Аркадзь супакоіўся і зноў задрамаў.
Калі самалёт урэшце зусім спыніўся на ўзлётна-пасадачнай паласе і Аркадзь выключыў плэер, ён пачуў знаёмы спеў, які ўрачыста гучаў у салоне. He, гэта быў не «Нарвежскі лес», ды і прыляцелі яны не ў Гамбург17, але тое, што Аркадзь ніяк не мог узгадаць назву спева і выканаўцу, крыху расчаравала яго, меламана ад нараджэння. Хаця пачуццё эйфарыі ад таго, што вось ён усё бліжэй і бліжэй да ажыццяўлення сваёй даўняй мары, не пакідала яго, нягледзячы ні на што.
— Ну што ж, найстарэйшы нямецкі горад, я іду да цябе, — сказаў Аркадзь на роднай мове ўголас.
17 «Нарвежскі лес» — раман японскага пісьменніка Харукі Муракамі, на пачатку якога галоўны герой прылятае ў Гамбург і чуе ў самалёце спеў пад назвай «Нарвежскі лес» брытанскага гурта «The Beatles».
— Што, прабачце? — вырашыўшы, што пасажыр звяртаецца менавіта да яе, перапытала па-нямецку сімпатычная ўсмешлівая сцюардэса.
— Усё цудоўна. Дзякуй за прыемны палёт і да пабачэння, — радасна адказаў ёй Аркадзь, таксама па-нямецку.
Яна зноў усміхнулася, і малады навуковец накіраваўся ў хвост самалёта бліжэй да выхаду.
Наступным этапам зацяглага падарожжа зноў была чыгунка. Але дзякуючы таму, што ў Германіі традыцыйна ўсё імкнуцца зрабіць такім чынам, каб грамадзянам заўсёды было зручна, сесці на цягнік можна было ў тым самым аэрапорце, варта толькі спусціцца па лесвіцы або ліфтам на некалькі ўзроўняў.
Аркадзь, які нягледзячы на малады ўзрост, быў ужо даволі дасведчаным вандроўнікам і даўно звыкся з тым, што абсалютная большасць еўрапейскіх чыгуначных вакзалаў нагадвалі сцэны з малабюджэтных фільмаў у жанры стымпанк18. Ад гэтых шматлікіх масіўных металічных канструкцый яму заўжды рабілася ніякавата, бо ў іх не было нічога жывога, толькі замагільны холад і ўстойлівы ярка выражаны металічны пах. Хаця, з іншага боку, з гэтым можна было паспрачацца: чаму гэта нічога жывога? Аднойчы на адным еўрапейскім вакзале ў знакамітым і папулярным сярод турыстаў горадзе Аркадзь, узняўшы галаву дагары, выпадкова заўважыў тлусценькіх пацукоў, якія раздольна бегалі над яго
18 Стымпанк — кірунак навуковай фантастыкі, які мадэлюе выдуманую цывілізацыю, што засвоіла ў дасканаласці механіку і тэхналогіі паравых машын.
галавой на гэтых разгалістых металічных канструкцыях. Аднак нельга было сказаць, што наяўнасць такога жыцця на вакзале яго хоць крышачку супакоіла. Хутчэй наадварот.
Але гэтым разам, нават нягледзячы на тое, што мясцовы стымпанк быў больш-менш акуратны і дагледжаны, у яго мелася адзіная адмоўная рыса, якая перабольшвала ўсе станоўчыя. Вакзал знаходзіўся пад зямлёй, таму пах і замагільны холад металічных канструкцый адчуваліся яшчэ выразней. Хаця гэта яшчэ быў не найгоршы варыянт, 6oz калі верыць усё таму ж красамоўнаму Ваўкалаку, да прыкладу, метро ў славутым горадзе Парыжы было яшчэ больш страшнае і агіднае.
Калі памяць не падводзіла Аркадзя, прыгода гаваркога барадача адбылася падчас яго камандыроўкі. У Парыжы яны з калегамі знаходзіліся праездам, бо іх самалёт павінен быў вылятаць з мясцовага аэрапорта, і, каб паснець хаця б нешта паглядзець, ім давялося скарыстацца паслугамі мясцовага метрапалітэна...