Porta Nigra
Максім Кутузаў
Выдавец: Галіяфы
Памер: 224с.
Мінск 2020
— А што ты можаш яму сказаць? Ты ж здагадваешся, што ён табе ўсё адно не паверыць...
— Дык а што ў навінах? — нецярпліва перапыніў Аркадзь. — Штосьці страшнае? Улічваючы, колькі дзён я спаў і колькі ўсяго неверагоднага за гэты час бачыў мне нават страшна ўявіць, якая доза апраменьвання павінна была ўздзейнічаць на мяне ці на браму, калі нагода ўсё ж на самай справе ў гэтым.
— Тады ўсё сыходзіцца. I вялікі гістарычны помнік і празмерная доза радыяцыі... — Баляслаў задумліва пачухаў галаву, — адзінаццатага сакавіка ў Японіі адбыўся моцны землятрус, які ў сваю чаргу выклікаў цунамі. I ў выніку здарыўся выбух на АЭС Фукусіма-1.1 нават не адзін. Вось ужо амаль тыдзень там штодня нешта адбываецца. Нават страшна ўявіць, колькі там радыяцыйных рэчываў выдзялілася ў атмасферу!
— У Японіі выбух на АЭС? — толькі і змог вымавіць шакаваны Аркадзь. Ён быў гатовы заплакаць. Так, ён заўсёды лічыў сябе сапраўдным мужчынам і рэдка плакаў. Але зараз ён адчуваў сваю поўную бездапаможнасць і страх невядомасці ахутваў яго, як старая коўдра. Колькі радыяцыі трапіла ў атмасферу? Колькі людзей загінула? Што будзе далей? Ці скажуць японскія ўлады праўду альбо таксама ўсё схаваюць і будуць хлусіць, каб не палохаць сусветную грамадскасць? Ці дасягнула радыяцыя ўжо Еўропы? Хоць на апошняе
пытанне было проста адказаць, бо калі ён згубіў прытомнасць, знаходзячыся тут, у Трыры, значыцца, выпраменьванне дасягнула Германіі яшчэ тыдзень таму. Зрэшты, можа, гэта проста яго арганізм настолькі адчувальны да такіх з'яў.
Бездапаможнасць — адзінае слова, якім на погляд Аркадзя можна было апісаць кожную радыяцыйную катастрофу ў гісторыі. Чалавек нічога не здольны зрабіць супраць гэтай нябачнай пагрозы. I здавалася б, не так складана зразумець, што каб паменшыць яе, неабходна перастаць распрацоўваць АЭС ды іншыя крыніцы іанізавальнага выпраменьвання. Дык не, нават у роднай, дарагой яго сэрцу Беларусі будуюць такую самую бомбу запаволенага дзеяння. I ад гэтага пачуццё бездапаможнасці рабілася яшчэ мацнейшым. I Аркадзь не саромеўся тых слёз, якія падступалі да вачэй, бо плакаць ад пачуцця невядомасці і бездапаможнасці не сорамна нават мужчынам.
Зазвычай кажуць, што чалавек баіцца таго, чаго не разумее, пра што не ведае. He ведае — вось і баіцца. Аднак Аркадзь, дзякуючы сваёй адукацыі, ведаў пра радыяцыю многа, вельмі многа. Таму і баяўся. Баяўся нават болей за тых, хто пра яе нічога не ведае, але пры гэтым таксама баіцца.
— Ты там як? — усхвалявана запытаўся Баляслаў.
— Alles ist in Ordnung39, — прамармытаў па-нямецку той, усё яшчэ знаходзячыся ў нейкім трансе.
— Ты ўпэўнены?
Аркадзь кіўнуў нібыта Баляслаў сядзеў побач і мог назіраць за кожным яго рухам.
39 Усё ў парадку (ням.).
— Алё, ёсць хто жывы ў грабніцы?! — амаль пракрычаў Баляслаў.
Аркадзь азірнуўся вакол сябе і ціха, але выразна прамовіў:
— Ведаеш што, лепей я табе іншым разам патэлефаную. Хачу пачытаць навіны і даведацца пра ўсё падрабязней.
— Як пажадаеце, мой фараон, — пачуўся ўсё яшчэ ўсхваляваны голас.
— Вось і добра, тады пакуль, — усё гэтак жа задуменна сказаў Аркадзь.
— О, Карл, ты ніяк не рэагуеш на мае нясмешныя гістарычныя жарты. Нават не робіш мне ніякіх заўваг. He падабаецца мне гэта. Ведаеш, што...
Аднак Аркадзь якраз у гэты момант націснуў на чырвоную кнопку і размова абарвалася.
Цалкам захоплены чытаннем сумных навін і пошукам у сеціве падрабязнасцяў жудаснага здарэння, Аркадзь зусім забыўся на абед і адарваўся ад тэлефона толькі тады, калі ў палату ўвайшлі два мужчыны. Пацыент перавёў на іх свой змрочны позірк, адклаў у бок тэлефон і павітаўся па-нямецку. Мужчыны нетаропка селі на крэслы побач з ложкам. Малады каротка стрыжаны чалавек, халат якога быў, відавочна, на некалькі памераў меней за патрэбны, паказаў на свайго спадарожніка і сказаў па-руску:
— Добры дзень. Гэта доктар Эрнст. Маё імя Мікалай, я — перакладчык. Вы ж, наколькі я разумею, размаўляеце па-руску?
— Так, — адказаў агаломшаны Аркадзь, — але і панямецку таксама няблага размаўляю.
— Бальніца — гэта не тое месца, каб практыкавацца ў сваіх ведах. Лекар хоча быць упэўнены, што вы яго правільна зразумееце і што ён у сваю чаргу атрымае ад вас усю неабходную дакладную інфармацыю. Пагатоў далёка не кожны хворы здольны пры гэтым яшчэ і сканцэнтравацца на ўзгадванні іншамоўных словаў. 3 гэтай нагоды мяне сюды і запрасілі.
— Як скажаце, — памяркоўна пагадзіўся Аркадзь. У яго галаве ў гэты момант панавалі зусім іншыя думкі, якія ні лекара, ні перакладчыка, ні бальніцы ніякім чынам не датычылі.
— Спадар Эрнст, мы можам пачынаць, — звярнуўся перакладчык па-нямецку да лысага паўнаватага мужчыны ў модных нятанных акулярах.
Той кіўнуў і пачаў нешта хутка-хутка казаць. Аркадзь вырашыў скарыстацца наяўнасцю перакладчыка і не напружвацца ў імкненні злавіць і зразумець кожнае слова. Ен проста моўчкі ляжаў і глядзеў у столь. Калі доктар спыніўся, чалавек з тыповым для выхадцаў з краін Усходняй Еўропы імем Мікалай, пераклаў:
— Хаця зараз усе паказчыкі ў норме, доктар выказвае заклапочанасць, бо з першых дзён вашага знаходжання тут было даволі складана зразумець, што з вамі адбываецца, і вызначыць прычыну гэтага. Супрацоўнікі нават раіліся з калегамі з іншых бальніц, аднак і яны не змаглі нам нічым дапамагчы. Калі-небудзь раней з вамі такое здаралася?
Аркадзь на імгненне задумаўся. 3 аднаго боку здароўе — гэта не тая рэч, адносна якой можна штосьці хаваць ці хлусіць, пагатоў у гутарках з лекарам. Аднак зараз ён не бачыў аніякага сэнсу апавядаць пра папярэдні выпадак. Бо тады давядзецца апавесці і пра тое, што беларуская медыцына так і не здолела знайсці
тлумачэння таму, што адбылося. Апавядаць жа пра сваю неверагодную, але цалкам лагічную тэорыю, якая ў чарговы раз пацвердзілася, малады фізік не збіраўся, бо існавала немалая імавернасць, што пачуўшы яе, лекар адразу накіруе пацыента ў аддзяленне, у якім знаходзяцца людзі з псіхалагічнымі праблемамі, каб самому не важдацца з вар'ятам. А сувязь паміж усімі гэтымі выпадкамі, калі ён губляў прытомнасць, прасочвалася выключна ў межах яго тэорыі. Таму ён адказаў па-нямецку, не звяртаючы ніякай увагі на прысутнасць перакладчыка.
— He, ніколі.
— А ў каго-небудзь з вашых сваякоў ёсць незвычайныя захворванні з падобнымі сімптомамі?
Перакладчык ужо збіраўся аіучыць словы лекара паруску, але Аркадзь яго апярэдзіў:
— Даруйце, шаноўны Мікалай, але такія простыя пытанні я ў стане сам зразумець і магу на іх адказаць без вашай дапамогі.
— Як сабе хочаце, — пацепаў плячыма малады чалавек.
— He, — адказаў лекару Аркадзь.
—Аяк вы пачуваецеся? — працягваў дапытвацца той. — Выдатна.
— He адчуваеце нічога незвычайнага? — лекар пільна глядзеў на яго.
— Зусім нічога.
— Я думаю, вы разумееце, што ў такім выпадку ў нас няма аб'ектыўных нагодаў трымаць вас тут надалей. Аднак, улічваючы, той факт, што вы толькі сёння ачунялі, мы не можам вас выпісаць у гэты ж дзень, як бы добра вы сябе не адчувалі. Акрамя таго, ваш выпадак насамрэч даволі незвычайны. Таму вам давядзецца ад-
пачыць у нас да панядзелка. Ды і вы на выхадных паназіраеце за сваім самаадчуваннем, ці не пагоршае вам. Пагатоў са страхоўкай у вас усё ў поўным парадку. А ў панядзелак мы вас выпішам, але я вельмі раю вам прайсці дадатковыя даследаванні ў вольны час. Зрэшты, шчыра кажучы, нават не ведаю, якія даследаванні парэкамендаваць. Лепей звярніцеся да свайго хатняга доктара і абмяркуйце з ім усю сур'ёзнасць сітуацыі, — сказаў лекар, і беларус жэстам паказаў перакладчыку, што і гэтым разам усё зразумеў і перакладаць няма патрэбы, і моўчкі кіўнуў у адказ.
На Радзіме Аркадзь учыніў бы што заўгодна, каб як мага хутчэй выйсці з бальнічных сценаў. Але тут ён не бачыў нагоды, каб пярэчыць парадзе лекара. Так, ён згубіць два выхадныя дні, затое канчаткова запэўніцца, што з ім зараз усё ў парадку. Усё ж прыступ быў надзвычай моцны. Апрача таго, тут і Wi-Fi меўся. А ён бы ва ўсялякім выпадку хутчэй за ўсё на выхадных толькі тым і займаўся б, што шукаў бы ўсе падрабязнасці японскай катастрофы і адсочваў новыя звесткі. А так гэтым можна спакойна займацца і тут.
— Тады, калі вы не хочаце мне болей нічога апавесці і ў вас няма да мяне ніякіх пытанняў, я вымушаны вас пакінуць, — прамовіў лекар, уздымаючыся з крэсла.
— Прыемных выхадных, — абыякава, хутчэй паводле звычкі, чым шчыра, прамовіў перакладчык і рушыў услед за лекарам.
He сказаць, каб выхадныя выдаліся занадта прыемныя, аднак сама магчымасць штораз раніцай і ўвечары абіраць, што жадаеш з'есці, значна паляпшала Аркадзю настрой, які нястрымна псаваўся з кожнай новай
прачытанай падрабязнасцю катастрофы. Ён добра мог сабе ўявіць, якія наступствы будзе мець выбух для ўсяго насельніцтва Зямлі і ў якой паніцы зараз мусілі знаходзіцца японцы. Нічога не скажаш, сакавік для гэтай краіны быў традыцыйна нейкім няўдалым месяцам. Тэракт у такійскім метро адбыўся таксама на самым пачатку вясны.
У нядзелю беларус яшчэ раз пагутарыў праз скайп з Баляславам. Той цалкам падтрымаў яго ў тым, што ён нічога не апавёў лекару, бо гэта сапраўды гучала б вельмі дзіўна. Аркадзь у скарочаным фармаце паведаміў сябру, што бачыў, калі знепрытомнеў у чорнай браме. Гісторык слухаў уважліва і раз-пораз перабіваў здзіўленымі выкрыкамі кшталту «Не можа гэтага быць!» і «Ды гэта ўсё прыдумала твая хворая фантазія!». Аднак Аркадзь не зважаў на тое і працягваў свой аповед. Іх гутарку перапыніла паралельнае тэлефанаванне праз скайп. Гэта была Міраслава. Аркадзь сумна ўздыхнуў:
— Сястрычка выклікае. Няўжо ты ёй ужо апавёў?
He тое каб Баляслаў часта бачыўся з ёй, але яны мелі кантакты адзін аднаго. Неяк даўно Мацвей нават спрабаваў да яе заляцацца, нягледзячы на салідную розніцу ва ўзросце. Яна ж гуляла ў тыповую жаночую гульню: ні на што не пагаджалася, аднак і ад праяваў увагі не адмаўлялася. Праз нейкі час хлопцу гэта надакучыла, тым не менш, наколькі ведаў Аркадзь, яны раз-пораз віншавалі адзін аднаго на святы.
— He, ты што, — здзіўлена адказаў Баляслаў, — сто гадоў ад яе нічога чуваць не было, ды і я неяк не вельмі хачу навязвацца. Добра, тады не буду вам перашкаджаць.
I ён абарваў сувязь хутчэй, чым Аркадзь паспеў у яго што-небудзь яшчэ запытацца. Таму фізіку нічога іншага не заставалася, апрача як адказаць на тэлефанаванне