• Газеты, часопісы і г.д.
  • Porta Nigra  Максім Кутузаў

    Porta Nigra

    Максім Кутузаў

    Выдавец: Галіяфы
    Памер: 224с.
    Мінск 2020
    59.58 МБ
    і назаўсёды, бо хто ведае, у якім месцы ён знепрытомнее наступным разам. Можа, на вакзале, а можа, на дарозе, а можа, у якім-небудзь іншым небяспечным месцы. I што тады? Галоўная таямніца дваццатага стагоддзя таксама знікне ў нябыт? He, Аркадзь не мог гэтага дапусціць. Нават тое, што ён меўся зрабіць зараз было даволі рызыкоўна, бо хто ведае, як яго арганізм адрэагуе на такі эксперымент. Але нястрымная зацікаўленасць сапраўднага навукоўца была вышэй за жывёльныя страхі. Сапраўдны даследчык, які мае шанец даведацца пра нешта нікому раней не вядомае і вельмі цікавае, заўсёды гатовы рызыкнуць, а часам пры гэтым нават чымсьці ахвяраваць. На тое ён і навуковец. Колькі знакамітых хімікаў ды фізікаў, якія былі ў сваёй галіне першымі, сталіся ахвярамі небяспечных рэчываў, пра страшэнныя ўласцівасці якіх ніхто дагэтуль і не ведаў! У параўнанні з імі Аркадзь нічым не рызыкаваў, бо ён хаця б прыблізна ўяўляў, што можа адбыцца, і імкнуўся зрабіць усё, каб не згубіць кантроль над сітуацыяй і пазбегнуць непрыемных наступстваў.
    Малады фізік стаяў каля акна і глядзеў на прыгожыя рысы няўтульнага горада, які знаходзіўся недзе пад ім. Ён збіраўся з думкамі, супакойваўся, яшчэ раз узгадваў свой дасканалы план. План быў просты і не патрабаваў шмат часу, таму хлопец і не занадта спяшаўся. Аркадзь мусіў адысці падалей ад вакна і стаць побач з магутным мурам. Затым неабходна было асцярожна і павольна адной рукою дакрануцца да сцяны, другой да пласціны. Асцярожна і павольна, каб пры першых прыкметах небяспекі ён паспеў усё спыніць. Рука інстынктыўна пацягнулася да кішэні, каб праверыць, ці на месцы пласціна. Яна была на месцы, і альбо Аркадзю гэта толькі падалося, альбо ад яе сапраўды цягнула лёгкай, ледзь
    адчувальнай праз адзенне цеплынёй. Шкоднасць для здароўя была мінімальная, бо выпраменьванне слабое, ды і ён наўмысна папярэдне змясціў пласціну ў маленькі імправізаваны саркафаг, зроблены ім з падручных матэрыялаў якія не мусілі прапускаць праз сябе такое кволенькае выпраменьванне, ды і цеплыню таксама. Таму, падобна, яму гэта насамрэч толькі падалося.
    У гэты момант ён пачуў як за яго спінай хтосьці звярнуўся да яго па-англійску. I раптам навакольны свет пачаў павольна расплывацца і знікаць.
    Таару41 пачуваўся няўтульна. Найперш гэта было выклікана тым, што ў яго страўніку ўжо некалькі гадзінаў нараджалася бура, якая пагражала вось-вось распачацца. Другой нагодай для няўтульнасці было тое, што Таару знаходзіўся на экскурсіі і стаяў пасярод жахлівай і, на яго погляд, абсалютна безгустоўнай будыніны са змрочнай назвай Porta Nigra і не ведаў, дзе знаходзіцца бліжэйшая прыбіральня. Экскурсійная група, да якой ён належаў развалілася: хтосьці пабег рабіць прыгожыя фотаздымкі з вышыні, пакуль яшчэ брама не зачынілася, хтосьці знайшоў хвілінку, каб урэшце пасля складанага і насычанага дня прысесці адпачыць. Гід, як толькі скончыў сціслы аповед пра гэты, як ён яго назваў «помнік вялікай рымскай цывілізацыі», пайшоў на вуліцу і зараз чакаў сваю групу побач з аўтобусам. Такім чынам, не было нават у каго запытацца. А звяртацца з такім далікатным пытаннем да незнаёмых людзей Таару планаваў у апошнюю чаргу. Хаця яго страўнік
    41 Таару — японскае імя, якое меў у тым ліку і галоўны герой рамана ларукі Муракамі «Нарвежскі лес».
    падказваў што літаральна праз некалькі хвілінаў яму будзе ўжо не да гонару і забабонаў і ён падбяжыць да першага сустрэчнага.
    — Каб я яшчэ раз пагадзіўся спрабаваць гэтую заходнюю ежу, — прамармытаў Таару па-японску, — мне адразу не спадабалася гэтая піцэрыя з яе вар'ятам-гаспадаром. А наш гід падобна з ім у долі, бо ён ўжо так расхвальваў гэтае месца, што мы без залішніх размоваў адразу пагадзіліся з ім і накіраваліся туды.
    Гід японцу таксама вельмі не спадабаўся. Хто ж гэта прыдумаў: снедаць у піцэрыі побач з чорнай брамай, але замест таго, каб адразу пасля гэтага да яе і рушыць, спачатку паехаць у іншы канец горада, некалькі гадзінаў прабавіць там і толькі ўвечары вярнуцца да галоўнай славутасці. А Таару якраз ужо было зусім не да гэтай дурной брамы, ён бы з вялікім задавальненнем як мага хутчэй паехаў у гатэль, прыняў душ і наведаў бы прыбіральню. А так ён нават ад абеда адмовіўся, прадчуваючы, што яго страўнік яшчэ канчаткова не разабраўся са сняданкам.
    Мужчына вельмі спадзяваўся, што гэтая вандроўка пройдзе прыемна і бесклапотна, бо клопатаў хапала і на Радзіме. Ён згубіў свой дом і, магчыма, назаўсёды, бо адразу пасля катастрофы на Фукусіме, пераехаў да сваякоў, якія жылі ў Кіёта, — напэўна, у найбяспечнейшым месцы, якое толькі магло быць у Японіі пасля ўсяго гэтага жаху. Дзіўна, але так супала, што ён урэшце ўпершыню за доўгі час узяў адпачынак. I хоць яму KasaAi, што сакавік не лепшы месяц для наведвання Еўропы, ён меўся прабавіць яго далёка-далёка і ад Фукусімы, і ад Кіёта. Пасля катастрофы Таару не ведаў, адмаўляцца ад падарожжа ці не. Аднак сваякі запэўнілі яго, што гэта цудоўная магчымасць забыцца хоць на нейкі час пра
    ўвесь гэты жах. Тым больш невядома, калі ён наступным разам пойдзе ў адпачынак і ці будуць у яго ўвогуле грошы для ажыццяўлення такой вандроўкі пасля таго, як ён усё згубіў Дом, праца... Хаця, мабыць, кампанія, у якой ён працаваў апошнія пятнаццаць гадоў проста пераедзе ў іншы горад, і ён не згубіць свой заробак. Ва ўсялякім выпадку ён на гэта шчыра спадзяваўся. Бо думкі пра тое, што ў свае сорак гадоў ён застанецца не толькі без даху над галавою, але яшчэ і без працы, маглі прывесці яго наўпрост у лес самагубцаў42. У тым ліку і з гэтай нагоды ён усё ж пагадзіўся ўрэшце паглядзець Еўропу. I хто ведае, што чакае яго на Радзіме па вяртанні. Таму ён меўся прабавіць наступныя два тыдні насычана і прыемна. I не хапала яшчэ, каб нейкая смярдзючая ў наўпроставым сэнсе слова піца сапсавала яму ўражанні.
    Таару яшчэ раз азірнуўся вакол сябе ў пошуках шыльдачкі з надпісам «Прыбіральня» ці хоць бы знаёмых твараў. Аднак ні таго, ні іншага ён зноў не знайшоў Страўнік гучна завуркатаў і Таару зразумеў, што далей адкладаць ужо немагчыма, калі ён не хоча запэцкаць гісторыка-культурную каштоўнасць сусветнай значнасці рэшткамі піцы. Ён вольнай ад фотаапарата рукою схапіўся за жывот, нібыта спрабуючы такім чынам утрымаць у ім змесціва, і павольна накіраваўся да задуменнага еўрапейца, які натхнёна ўглядаўся ў горад праз старажытнае акно вялікай і жахлівай Porta Nigra. Крок, яшчэ крок. I вось ён ужо зусім побач з маладым чалавекам.
    42 Лес самагубцаў — неафіцыйная назва лесу Аакігахара ў Японіі — папулярнага месца самагубстваў сярод жыхароў Токіа і наваколля, лічыцца другім па папулярнасці месцам для самагубстваў у свеце.
    — Выбачайце, дзе тут прыбіральня? — амаль шэптам спытаў Таару па-англійску.
    Малады чалавек адрэагаваў на звычайнае пытанне вельмі дзіўна: ён пачаў было ўжо азірацца, але раптам заплюшчыў вочы, ногі ў яго падкасіліся і ён пачаў падаць... Падаць у акно, побач з якім ён стаяў. Аднаго імгнення хапіла Таару, каб зразумець, што зараз адбудзецца, і ён кінуўся да хлопца, каб затрымаць яго і ўратаваць. Але ў гэты момант яго страўнік працяў рэзкі, раптоўны боль. I замест таго, каб хапацца за еўрапейца, Таару сагнуўся напалам і схапіўся за свой жывот.
    Калі ён змог узняць галаву, каля акна ўжо не было Ta­ro маладога еўрапейца. На тым месцы, дзе ён стаяў некалькі імгненняў таму, расцякаліся толькі рэшткі таго, што некалі было сняданкам японца.
    Баляслаў сядзеў за сталом і здзіўлена разглядаў з усіх бакоў канверт, на камп'ютары гучала музыка. Папяровы ліст? Ад Аркадзя? Нешта надзвычайнае. Баляслаў не ведаў чаго ад гэтага чакаць. Гісторык хацеў адразу патэлефанаваць сябру праз скайп і запытаць, што гэта за жартачкі такія, але той ужо нейкі час, верагодна, праз занятасць на працы, не з'яўляўся ў сеціве. Мацвей нецярпліва разарваў канверт і разгарнуў старанна складзены ў чатыры разы аркуш. Апрача паперы ў канверце знаходзілася флэшка. Малады чалавек здзівіўся яшчэ болей, але напачатку вырашыў прачытаць ліст, а пасля ўжо разбірацца з флэшкай. Ліст быў даволі кароткі і хутчэй нагадваў эсэмэску. Было відаць, што аўтар раней амаль не меў досведу ў такім жанры.
    ...Я неяк абяцаў табе апавесці ўсю тую жудасную праўду пра Чарнобыль, якую я тады бачыў. Пасля таго выпадку
    ў Porta Nigra я моцна спужаўся, што магу згубіць прытомнасць у самы непрадказальны момант у самым непрыдатным месцы. Для гэтага дастаткова, каб дзесьці ў свеце адбыўся выкід радыяцыі. I ніхто не ведае, што са мною здарыцца ў такім выпадку. Таму я дасылаю табе флэшку, дзе я падрабязна ўсё апісаў. He ведаю, калі ты яе атрымаеш, я даслаў яе табе адразу, як выйшаў з бальніцы. Але папяровыя лісты ідуць марудна. Як ты, напэўна, ужо зразумеў, я цябе наўмысна не папярэджваў, бо хацеў зрабіць сюрпрыз. Адразу, як атрымаеш мой ліст, напішы мне, калі ласка, у сеціве, ці ажыццявілася мая задумка. Калі я яшчэ буду ў свядомасці. Ха-ха.
    Р. S. Мабыць, хоць пасля таго, як ты даведаешся пра ўсё тое, што я бачыў ты таксама ўрэшце падсядзеш на «Kraftwerk".
    Р. Р. S. I, можа, калі-небудзь мы ўсё ж зможам апавесці ўсю праўду пра Чарнобыль, не хвалюючыся, што нам не павераць ці што камусьці гэта можа не спадабацца. Тады ж, калі і пра Бікульнічы...
    Баляслаў як мага хутчэй уставіў флэшку ў камп'ютар і а дкрыў а дзіны файл, які там быў Зацікавіць гісторыяй пра Бікульнічы ў яго так дагэтуль нікога і не атрымалася, але ж яму самому карцела даведацца таямнічыя падрабязнасці пра найтрагічнейшы момант гісторыі яго Айчыны.
    — Значыцца, гэта ўсё праўда, — прашаптаў Мацвей, хутка гартаючы старонкі ў імкненні зразумець, колькі іх было ўсяго, — Аркадзь насамрэч меў рацыю.
    Але ў адным Аркадзь памыляўся: Баляслаў не мог падсесці на «Kraftwerk», бо зрабіў гэта ўжо даўно, пасля бясконцых парадаў сябра, у чым яму ніколі не прызнаваўся. I нават у той самы момант, калі ён нецярпліва разрываў канверт, ён несвядома падпяваў у такт музыцы, якая гучала на камп'ютары:
    — Tschernobyl, Harrisburgh, Sellafield, Hiroshima...43
    43 Радок ca спева пад назвай «Радыеактыўнасць» нямецкага гурта «Kraftwerk", у якім узгадваюцца мясціны буйных радыяцыйных
    
    Стомлены ўздымам на гару Гедыміна і тым, што да «Ожаса»44 ён дабіраўся пешшу, Баляслаў прысеў у першым жа прадугледжаным для гэтага ў гандлёвым цэнтры месцы. Вільня яму падабалася. I ён лічыў сапраўдным дзікунствам ездзіць аўтобусам, калі можна было кожны кавалак гэтай старажытнай зямлі, якая была сведкам такой вялікай колькасці значных гістарычных падзеяў, прайсці ўласнымі нагамі. Увесь час Баляслава не пакідала адчуванне таго, што яго сэрца вось-вось разарвецца на два кавалкі. Бо з аднаго боку, ён вельмі захапляўся ўсім тым, што бачыў навокал, усёй гэтай гістарычнасцю, прыгажосцю, атмасферай. Але тут была велізарная лыжка дзёгцю. Датычыла яна таго, што і гістарычнасць, і прыгажосць не належалі болей яго народу. Цэнтр беларускай культуры, беларускай нацыянальнай свядомасці знаходзіўся зараз за мяжой беларускай дзяржавы. Такі вось парадокс. I чым больш мінала часу з моманту гэтага адасоблення, тым хутчэй павялічвалася дзірка ў душы грамадства на тым месцы, дзе павінна было квітнець пачуццё гонару за сваё мінулае, за сваю гісторыю. Але ўсё гэта засталося літоўцам. А беларусам засталіся партызаны. А калі падумаць пра тое, што зараз гэты цудоўны горад будзе заўжды пад пагрозай, бо зусім побач знаходзіцца атамная станцыя, якую абы-як будавалі, толькі б хутчэй пабудаваць, дык станавілася зусім журботна. Уяўляць гэты слуп нацыянальнай свядомасці ў стане, у якім ужо колькі