Посттаталітарнае грамадства: асоба і нацыя

Посттаталітарнае грамадства: асоба і нацыя


Выдавец: Тэхналогія
Памер: 290с.
Мінск 1994
88.79 МБ

 

Аўтаматычна згенераваная тэкставая версія, можа быць з памылкамі і не поўная.
Між іншага, праф, Басецкі зазначыў: “3 усімі, каму спатрэбіцца наш навуковы патэнцыял, нашы рэкамендацыі, мы будзем актыўна супрацоўнічаць”. Шкада, што на гэтым кангрэсе (наколькі я азнаёмлены з праграмай) няма прадстаўніка катэдры правоў чалавека Акадэміі міліцыі МУС.
Апошнім часам усё больш і болып уваходзіць ва ўжытак паняцьце “грамадзянская супольнасьць” — гражданское общество, Civil Society. Тэма грамадзянскае супольнасьці яшчэ даволі новая. У Калюмбійскім унівэрсітэце ў Нью-Ёрку, дзе я выкладаў гэтаю вясною курс “Гісторыя і палітыка Беларусі”, бібліятэкарка ня шмат змагла назваць прац на тэму грамадзянскай супольнасьці. Затое ў вялікай кнігарні Барнс энд Ноўбл я набыў вялікую новую працу “Civil Society and Political Theory” (Грамадзянская супольнасьць i палітычная тэорыя”), выдавецтва The MIT Press, Cambridge, Mass. , 1992. Аўтары кнігі Джын Коэн і Эндру Арата (Jean Cohen and Andrew Arato) пішуць на ўступе:
“Мэта ў нас падвойная: прадэманстраваць, што панацьце “грамадзянская супольнасьць” адпавядае сучаснай палітычнай тэорыі аб грамадзянскай супольнасьці, адэкватныя сучасным умовам. У працэсе гэтай работы мы спадзяемся запоўніць даволі-ткі вялікую пусціню ў сфэры дэмакратычнай тэорыі. Усякая тэорыя дэмакратыі прадугледжвае грамадскую мадэль, але тым часам ніхто не займаўся пытаньнем: якога тыпу грамадзянскай супольнасьці найбольш падыходзіць сучаснаму
дэмакратычнаму ладу. Інакш кажучы, узаемасувязь паміж нарматыўнымі мадэлямі дэмакратыі ці праграмамі дэмакратызацыі, з аднаго боку, ды структурай, інстытуцыямі і дынамікай грамадзянскае супольнасьці, з другога, застаецца нявыразнай, часткава таму, што сёньня мы ня маем яшчэ дастаткова распрацаванай тэорыі грамадзянскае супольнасьці. Заданьне гэтае кнігі — пачаць распрацоўваць гэтую тэорыю.” (ст. VII).
Аўтары кнігі, прафэсары, адзін Калюмбійскага ўнівэрсітэту, другі — ведамай нью-ёрскай Новай школы сацыяльных даследаваньняў, выстаўляюць тэзіз, што канцэпцыя грамадзянскае супольнасьці мае ў сабе патэнцыял пашырэньня дэмакратыі ў сучасных краінах зь лібэральна-дэмакратычнымі рэжымамі. Распрацоўваючы гэты тэзіз, кажуць яны, мы пакажам, што канцэпцыя грамадзянскае супольнасьці мае нарматыўнае і крытычнае дачыненьне да ўсіх тыпаў сучасных грамадзтваў. Да традыцыйнае пары паняцьцяў —"дзяржава” і “грамадзтва” — аўтары далучаюць ня менш важнае трэцяе паняцьце — “грамадзянская супольнасьць”, якой даюць гэткае вось азначэньне:
“Мыразумеем “грамадзянскую супольнасьць” як сферу сацыяльнай узаемадзейнасьці паміж эканомікай і дзяржавай. Узаемадзейнасьць гэтая ўключае перш-наперш інтымную сферу (асабліва сям’ю), сферу згуртаваньняў (асабліва дабраахвотных), грамадзкіх рухаў і формаў публічнае сувязі. Сучасная грамадзянская супольнасьць ствараецца шляхам самаўстанаўленьня і самамабілізацыі. Яна ўстанаўляецца як інстытуцыя і набывае агульны характар праз законы і правы, якія стабілізуюць дыфэрэнцыяцыю. ” (ст. IX).
Тлумачачы, чым адрозніваецца грамадзянская супольнасьць ад грамадзкасьці палітычнае і эканамічнае (якія імкнуцца кантраляваць і кіраваць дзяржаўную ўладу і эканамічную дзейнасьць), прафэсары Коэн і Арата падкрэсліваюць, што “роля грамадзянскае супольнасьці не накіравана на здабыцьцё палітычнае ўлады, але на рабленьне ўплыву праз дэмакратычныя згуртаваньні і свабоднае абмяркоўваньне справаў у грамадзкай сфэры. ” (ст. ІХ-Х).
Хоць тэарэтычнае асэнсоўваньне грамадзянскай супольнасьці — справа новая, нормы гэтага паняцьця (гэткія, як індывідуальныя правы, прыватнасьць. дабраахвотныя згуртаваньні, плюралізм, галоснасьць, свабоднае прадпрымальніцтва) выпрацоўваліся. хоць і несыстэматычна ды супярэчліва. на працягу стагодзьдзяў у заходніх грамадзтвах.
У Амэрыцы, прикладам, дабраахвотныя згуртаваньні становяць добра распрацаваную грамадзянскую мускулятуру, уздымаюць палітычную культуру грамадзтва, паінфармаванасьць, забясьпечваюць якаснасьць прадукту, пачынаючы ад налепак на кансэрвах і аж да абслугі ўрадоўцамі наведнікаў афіцыйных установаў.
Добрае ўяўленьне пра пашыранасьць сеткі дабраахвотных згуртаваньняў у 'Злучаных Штатах дае маса друкаванае інфармацыі пра
гэткія згуртаваньні. Да стандартных даведнікаў у гэтай катэгорыі належыць “Энцыклапэдыя згуртаваньняў”, выдаваная Дасьмоніцкім інстытутам Гэйла. Сёлета выйшла ўжо 28-е выданьне гэтага папулярнага аб’ёмістага даведніка. I ў ім вы знойдзеце асноўныя дадзеныя пра 23000 няўрадавых арганізацыяў. Гандлёвыя, сельскагаспадарчыя, прамысловыя, вэтэранскія, прафэсійныя, этнічныя, рэлігійныя, экалягічныя, жаноцкія. зацікаўленыя пытаньнямі замежнае палітыкі, атлетыкай, рыбалоўляй, калекцыянерствам, чым хочаце — пра ўсе падобныя згуртаваньні вы знойдзеце дадзеныя ў гэтым даведніку: назоў, адрас, нумар тэлефону і факсу, дата заснаваньня, колькасьць сяброў, штат працаўнікоў, вышыня сяброўскіх складак, бюджэт, рэгіянальныя аддзелы, характар дзейнасьці, публікацыі, іхні наклад, пэрыядычнасьць з’ездаў і г. д.
Хоць на паверхні жыцьця яны не надта заўважальныя, дабраахвотныя згуртаваньні ў Злучаных Штатах становяць адну зь найбольшых сілаў грамадзтва. Яны займаюцца асьветай сваіх сяброў; устанаўляюць прафэсійныя стандарты; распрацоўваюць і пашыраюць інфармацыю; прадстаўляюць і бароняць прыватныя інтарэсы; забясьпечваюць падтрымку палітычным арыентацыям, стымулююць і арганізуюць прыватную дзейнасьць.
Праведзеныя ў 1990 годзе дасьледаваньні паказалі, што кожныя сямёх зь дзесяцёх амэрыканцаў належаць да нейкага згуртаваньня. Кожны адзін з чатырох амэрыканцаў належаць да чатырох або й больш згуртаваньняў. Разам узятыя, згуртаваньні выдаткоўваюць вялізарныя сумы грошай (у 1989, прыкладам, восем з палавінай мільярдаў даляраў) на асьветныя курсы, бізнэсаўскую практыку і да гэтага падобнае на карысьць сваіх членаў і грамадзкасьці. Дзевяноста працэнтаў згуртаваньняў маюць асьветныя курсы для сваіх членаў і для публікі. У тымжа 1989 годзе дабраахвотныя згуртаваньні выдаткавалі чатырнаццаць з палавінаю мільярдаў даляраў на тое, каб прамысловасьць устанаўляла адпаведныя стандарты і трымалася іх. Болып як палавіна згутраваньняў заснаваная каб устанаўляць і дапільноўваць стандарты тавараў і паслугаў, пашыраць адпаведную інфармацыю, веду. У 1989 годзе згуртаваньні далі сто мільёнаў гадзін грамадзкіх паслугаў у сваіх асяродках, улічваючы ў ладнай меры здольнасьці і веду сваіх членаў. Гэта ўся дзейнасьць накіраваная на падвышэньне якасьці жыцьця, далёкая ад палітыкі. Толькі трацьца абсьледаваных згуртаваньняў выдаткоўвала грошы на палітычную работу, аддаўшы на гэтую мэту ў сярэднім цяць працэнтаў свайго бюджэту.
Так што, як гэта відаць з аналізу дзейнасьці дабраахвотных згуртаваньняў, вялікая частка энергіі амэрыканскага грамадзтва накіравана на абарону інтарэсаў спажыўца — на мацаваньне здароўя, бясьпекі, на палепшваньне якасьці тавараў і абслугі, на адукацьпо сваіх сяброў і публікі, на ўстанаўленьне стандартаў прафэсійнае абслугі і этыкі, зьбіраньне, аналізаваньне і абнародваньне статыстыкі, наладжваньне сувязі, пашырэньне веды, спрыяньне палітычным працэсам,
уплываньне на дзейнасьць урадавых установаў.
Яшчэ ў 1830 годзе выдатны французскі палітык і пісьменьнік Алексіс дэ Токвіль у сваёй клясычнай працы “Дэмакратыя ў Амэрыцы’ адзначаў, наведаўшы Злучаныя Штаты:
“Амэрыканцы ўсіх узростаў, усіх заняткаў і ўсіх перакананьняў вечна засноўваюць згуртаваньні. I гэта ня толькі камэрцыйныя ці прамысловыя згуртаваньні, у якіх усе ўдзельнічаюць, але й тысячы іншых тыпаў — рэлігійныя, маральныя, паважныя і мімалётныя, вельмі агульныя і вельмі абмежаваныя, вялізарныя і маленечкія. ”
Тое, што існуе здаўна ў Амэрыцы і Ўсходняй Эўропе, асэнсоўваецца цяпер тэарэтыкамі грамадзянскае супольнасьці. Гэтая новая канцэпцыя вядзе да ўзмацненьня грамадзянскай актыўнасьці, мацуе пачуцьцё годнасьці чалавека, усьведамленьне ім сваіх правоў і гатовасьці да калектыўнай акцыі на абароны гэтых правоў перад пасяганьнем на іх з боку дзяржаўнага чыноўніка.
Тут пісьменьнік Віктар Казько гаварыў у сваім выступленью, што чалавек у былым савецкім рэжыме жыў у свайго рода “зоне”, дзе тая мізэрная колькасьць свабоды, якую партыя адпушчала грамадзяніну, ня лішне абцяжарвала яго. I цяпер у новых больш складаных умовах, у якіх свабода сталася ня толькі блаславенствам, але і цяжарам, чалавека цягне назад у тую “зону”. Вось жа, каб паслабіць, спыніць гэткую цягу, трэба распрацоўваць і ўкараняць паняцьце пра грамадзянскую супольнасьць і няўрадавыя арганізацыі. Выхад з “зоны” можа адбыода толькі праз актывізацыю грамадзянскае дзейнасьці. Дзяржава на сябе такія функцыі браць ня будзе. Тут сп. Анатоль Кудзельскі, гаворачы пра шкоду, наробленую на Палесьсі мэліяратарамі, слушна зазначыў, што дзяржава (а ў бальшыні выпадкаў практычна — гэта чыноўнік) абыякавая да ўсяго. I найбольш эфэктыўны спосаб змагацца з гэтай абыякавасьцю гэта — мабілізаваць грамадзянскую ініцыятыву, засноўваць і актывізаваць няўрадавыя арганізацыі.
Цікава было б грунтоўна прааналізаваць з гэтага гледзішча новую Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь. Але ўжо беглае азнаямленьне з разьдзеламі “Асновы канстытуцыйнага ладу” і “Асоба, грамадзтва, дзяржава” паказвае, што Канстытуцыя адводзіць дамінуючую ролю дзяржаве:’’дзяржава гарантуе”, “дзяржава забясьпечвае”, “дзяржава стварае”... Праўда, Артыкул 59 сьцьвярджае:
“Дзяржава абавязана прымаць усе даступныя ёй меры дзеля стварэньня ўнутранага і міжнароднага парадку, неабходнага для поўнага ажыцьцяўленьня правоў і свабодаў грамадзян Рэспублікі Беларусь, прадугледжаных Канстытуцыяй. ”
Праблема ў тым, аднак, што Канстытуцыя прадугледжвае далёка ня ўсё, што яна павінна была б прадугледзець, каб стацца аптымальным дакументам для патрэбаў дэмакратызацыі. Паняцьця “грамадзянскае супольнасьці” Канстытуцыя і ня згадвае. Найбліжэй да гэтага канцэпту падводзіць толькі агульны пастулят у Артыкуле 36-м : “Кожны мае
права на свабоду аб'днаньняў”.
Вось чаму, думаецца, было б вельмі карысным заняцца перакладам на беларускую мову кнігі прафэсараў Коэна і Арата “Грамадзянская супольнасьць і палітычная тэорыя”. Пераклад тэты зрабіць будзе ня легка, бо кволая беларуская паліталёгія не заўсёды мае патрэбныя тэрміны й паняцьці. Але пераклад дзеля гэтага тым важней зрабіць, бо нам трэба ўзбагачаць сваю паліталягічную лексіку. Яна нам патрэбна для выпрацоўваньня паняцьцяў, якія дапамаглі б нам выбірацца з задагматызаванае “зоны” на прасторнейшы шлях свабоды праз узмацненьне ініцьіятывы грамадзяніна, павышэньне правоў чалавека.