Поўны збор твораў. Том 10. Кніга 1 Артыкулы, эсэ, прадмовы, інтэрв’ю, гутаркі, аўтабіяграфіі, выступленні (1957-1980) Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 10. Кніга 1

Артыкулы, эсэ, прадмовы, інтэрв’ю, гутаркі, аўтабіяграфіі, выступленні (1957-1980)
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 544с.
Мінск 2014
140.81 МБ
Праз дзень у нейкім ацалелым маёнтку напаткаў штаб 4-й гвардзейскай арміі, прад’явіў свае дакументы, запоўніў патрэбныя анкеты і атрымаў накіраванне ў 252-ю СД. Амаль шчаслівы выйшаў на вуліцу. Вакол было ціха, на фронце ішла перадыслакацыя, толькі ў адным баку нешта надта падазрона грукоча, бы таўкачамі б’юць у зямную ступу. Пытаюся ў сустрэтага афіцэра: можа, ведае, дзе шукаць 252-ю СД? Той уважліва паглядзеў на мяне і паказвае рукой туды, дзе грукоча. Кіруй, кажа, на тыя грымоты, не заблудзішся. I я трохі пашкадаваў тады пра сустрэчу на дарозе з дывізіяй, якая пайшла ў тыл. Ды было позна.
Праз дзень я ўжо трываў бязлітасную агнявую калатнечу, ад якой грунтоўна адвык за тры шпітальныя месяцы. Трудна
было зноў прывыкаць, асабліва як неўзабаве на нас наваліліся нямецкія танкі.
Аднойчы, пры перамене пазіцый, наляцела шасцёра «юнкерсаў», якія канчаткова дабілі батарэю, і мы засталіся без гармат.
A. А.: Давай расказвай.
В. Б.: Дык вось засталіся без гармат, дванаццаць салдатаў, я і камандзір батарэі капітан. Салдатаў аддалі ў батальёны на папаўненне, а мы сядзім на КП за узгоркам. У мяне настрой горш не прыдумаеш толькі прыйшоў у «вязучую» дывізію, і на табе зноў разгром. Але капітан не сумуе: ён атрымаў новае прызначэнне начальнікам артылерыі суседняга палка. Трэба сказаць, што начальнік артылерыі гэта не камандзір батарэі, гэта бяры вышэй, і рызыка мінімальная жыць будзеш. Вось ён дастаў фляжку са спіртам, мы трохі выпілі. Капітан чакае канавода з канём, якіх ужо паслалі па яго з новае службы. А во і канавод, вядзе на повадзе ладнага коніка для новага начарта. Мы развітваемся: ну, Быкаў, жадаю табе дажыць да пабеды. Ты дык, можа, і дажывеш, думаю я, а мне... 3 ціхай зайздрасцю я праводзіў яго. Наш КП, можа, за кіламетр ад пярэдняга краю, але за пагорачкам. А яму трэба ехаць у тыл, але таксама цераз пагорачак, дарэчы ўвесь раскапаны міннымі выбухамі. Але ёсць і другая дарожка у аб’езд, па лагчынцы. Вось, гляджу, мой капітан даскакаў да гэтай развілкі, трохі прымарудзіў, мабыць, рашаючы, куды скіраваць. I скіраваў напрасткі, цераз пагорак. Дужа порстка паехаў. I вось ён выскоквае на пагорак, і тут міны бах, бах! Ён хутчэй. А міны зноў бах, бах, бах! I ўсё там завалакло дымам ды пылам. А як тое воблака здзьмула ветрам, гляджу, конь бяжыць з пагорка, повад цягнецца, а седака няма. Канавод вярнуўся адзін. А ўвечары выцягнулі забітага капітана. Во такі ён, вайсковы лёс: парадаваўся перад сваёй пагібеллю.
A. A.: А як цябе ў палон ледзь не ўзялі?
В. Б.: Ну, гэта на тым самым месцы. Дзе мы сталі ў абарону. Пад Унгенамі ёсць такая памежная станцыя перад Румыніяй, дзе цяпер мытнікі шмон робяць. Калісьці мы яе бралі. Здавалі таксама. Гэта перад якой «Праклятая вышыня». Ну дык паколькі я без гармат, паслалі мяне на ПНП (перадавы назіральны пункт) камандзіра палка дзяжурыць ноччу. Камандзір палка на сваім КП спіць ноччу (отдыхает, на уставном языке), а мы павінны не спаць, глядзець і слухаць. У маім распараджэнні разведчык і тэлефаніст. Увогуле ПНП гэта земляная шчыліна, трохі прыкрытая жэрдкамі з плашч-палаткай наверсе. А на перадавой усталявалася
некаторае зацішша, асабліва ўначы. Перад намі трошкі ўбаку на нейтралцы месціцца невялічкае малдаўскае сяльцо, хат, можа, 10-15. Людзі адтуль, канешне, уцяклі ў тыл, хто ж уседзіць там пад абстрэлам. Некалькі хат там згарэла, а рэшта пакуль стаіць. I вось мой разведчык надыбаў там ноччу нейкага дзядзьку, які застаўся пільнаваць хату. Ну і, канешне, у яго ёсць некалькі курыц і віно. I вось мы з ім аднойчы... Камандзір палка калі пазвоніць ноччу гадзін у дванаццаць, а так спіць. За гэты час мы...
A. А.: Курэй памацаць рашылі?
В. Б.: Пачалі наведвацца туды. Тэлефаніст застаецца, а мы ідзем, тым болей блізка, можа, якіх метраў сто ўніз па схіле. Дзядзька зловіць нам курачку, абскубе, зварыць (уначы дыму не відно), ну віна прынясе гарлачык. Мы самі паямо ў цяпле і тэлефаністу прыхопім у кацялочку. У полі халадзіна, а ў хаце добра. Вырашылі, што можна і кімарнуць з гадзіну ў цяпле. Так мы там пасвіліся. He сказаць, што часта, але разы чатыры хадзілі. I вось аднойчы яшчэ курачка не зварылася, што такое?.. Страляніна, выбухі гранат, нейкія крыкі... Ну мы, канешне, кулём на гароды... Побач нехта яшчэ бяжыць, страляюць з аўтаматаў, нічога не разабраць у цемры. Прыбеглі на ПНП, а там тэлефаніст ужо адбіваецца, камандзір палка крычыць у трубку: што адбываецца, дзе Быкаў? У сяле ўжо гараць хаты, страляніна, праўда, сціхла. Я пачаў апраўдвацца: хадзіў высвятляць, што там здарылася. А здарылася тое, як пасля высветлілася, што туды хадзілі не толькі мы з разведчыкам, але хадзіў і камандзір батальёна з начальнікам штаба, да таго ж хадзілі і немцы таксама.
A. А.: Пажывіцца.
В.	Б.: Мабыць. Дык вось тыя самыя пехацінцы...
A. A.: He падзялілі курачку з немцамі?
В. Б.: Сутыкнуліся з немцамі, якія наладзілі там засаду. Пабілі нашых, начальніка штаба ўзялі ў палон. А нам усё ж пашчасціла. Пасля пачалося расследаванне. СМЕРШ займаўся, але неяк абышлося. Hi я, ні разведчык, ні тэлефаніст не выдалі нашыя паходы па начах, а так ведаеш, што магло быць?
A. A.: I не столькі за ваша жыццё, колькі за тое, што кантакт мог быць.
В. Б.: Хадзілі, сустракаліся з немцамі...
A.	А.: Гэта ж мы ўжо наступаем, 44-ы год. I ўсё роўна баяліся кантакту? Думалі, што вы пабяжыце туды. Дарэчы, вось у «Мёртвым не баліць» ёсць Каця на мінным полі. Таксама ты...
В.	Б.: Такіх я ведаў.
A. A.: Вельмі рэальны вобраз.
В. Б.: Санінструктаркі такія былі. Бабы, дзеўкі. Былі розныя, канешне. На перадавой звычайна сустракаліся тыя, што непатрэбныя былі ў тылах. А прыгажэйшыя, маладзейшыя, канешне, заставаліся ў штабах, на розных пасадах. Хоць па штату і лічыліся санінструктарамі, сувязісткамі, снайперамі, але жылі пры начальстве. Кожны маёр, палкоўнік, само сабой генерал меў сабе ІШЖ, і тое было як бы ўзаконена. Рэдка якая маладая і прыгожая апыналася ў батальёне, не кажучы ўжо пра роту. I яны не былі дурніцамі, не дужа ірваліся на перадавую. Па дарозе ў дывізію я спаткаў дзяўчыну, старшыну ці сяржанта па званні, якую таксама накіроўвалі ў нашу часць. Прыгожая дзяўчына, маладая, здаецца, вострая на язык. Яна ішла ў дывізійны батальён сувязі, але я падумаў, што наўрад ці затрымаецца ў тым батальёне. Якраз пра тое мы тады і гаварылі, і яна так калюча адказвала. Потым я пайшоў далей, у гюлк, батальён, а дзяўчына засталася ў штабе дывізіі. Праз нейкі час я сустракаю яе ўжо ў нашым палку, пытаюся: чаго гэта вы тут? А яна кажа: перавялі.
A.	А.: Ніжэй, значыць?
В. Б.: Ніжэй. Ну перавялі, дык перавялі. А пасля ўжо, калі я быў камандзірам узвода аўтаматчыкаў і бегаў пад агнём з аднаго фланга на другі, якраз пачуў знаёмы голас. Ля КП батальёна. Трохі мне стала цікава, зазірнуў у ровік, а там ля тэлефона тая дзяўчына. Я пытаюся: што, зноў перавялі? Так, кажа, не ўжылася з ротным у палкавой роце сувязі... Значыць, не захацела спаць з ім, во ён і спісаў яе ў батальён, на самы перадок.
A. А.: Ну так. Гэта і сродак ціску быў таксама.
В.	Б.: Ну вось. Яе характар і прывёў яе на самую перадавую. А так бы яна ў тыле, пры ўзнагародах вайну скончыла. А тут ці жывая засталася, не ведаю.
Вясной баі прыціхлі, фронт стаў у абарону. Пасля таго, як мы не надта ўдала падзяжурылі на ПНП, мяне выклікаюць у штаб палка і ставяць новую задачу. 3 групай салдат у 15 чалавек паехаць у прыфрантавую вёску Барсучэнь і заўтра ж выселіць усё насельніцтва. Сяляне могуць з сабой узяць тое, што улезе на воз. Другі раз нельга. Зразумела? He? Іспалняйце...
Пайшоў з салдатамі шукаць тыя Барсучэні. Аказалася, кіламетры за тры ад перадавой, знайшоў старшыню сельсавета, растлумачыў задачу. Памочнікам у мяне быў старшыня Ганчарэнка, былы бухгалтар з-пад Вінніцы. Сяляне асабліва не пярэчылі трэба дык трэба: вайна ж. Хто ведае, што тут
задумалі гэтыя рускія разам з немцамі, якія за бугром? Пагрузілі на свае куруцы дзяцей, пасцелі, паклалі колькі мяхоў кукурузы і паехалі, як было загадана, на пятнаццаць кіламетраў у тыл. Мы таксама, як было загадана, у абодвух канцах вуліцы збудавалі з жэрдак шлагбаўмы, паставілі вартавых. Выбраўшы лепшую хату, я вугалем напісаў на белай сцяне «камендатура». Пачалася новая, тылавая служба ў да часу абязлюдзелай вёсцы. Галоўны сэнс тае службы, як пасля зразумеў, палягаў у тым, каб не даць сялянам карыстацца ўласным харчам, бо той харч канфіскоўваўся дзеля фронту. Неўзабаве ў сяло прыехалі нейкія тылавыя часці, штаб армейскага інжынернага батальёна, яшчэ нехта, пачалі гаспадарыць выгружаць на машыны ўсё, што засталося з прадуктаў, галоўным чынам кукурузу, збожжа, муку. А трэба сказаць, у Малдавіі на гэты конт не тое што ва Украіне, правізіі было. У кожнай гаспадарцы быў хлеб, нават белы, быў сыр, сушаныя фрукты, алей, малако. Калгасы малдаван абрабаваць не паспелі. Цяпер законна рабавалі войскі, якім з тылу перасталі вазіць правізію, бо ўвесь транспарт быў заняты падвозам боепрыпасаў рыхтаваўся «брасок на Балканы». Высялялася даўжэзная 15-кіламетровая паласа па ўсёй Малдавіі. Але ж заставалася яшчэ і віно, якога таксама было ў кожнага гаспадара і якое нельга было ўзяць на адну фурманку. Віно закапвалі. Але наіўныя былі тыя малдаване хіба ад савецкага салдата можна схаваць віно? У кожнага салдата пры вінтоўцы быў шомпал, які выдатна выконваў ролю вінашукальніка. Праз якіх дзён дзесяць раскапалі і выпілі ўсё. Часам між п’янымі салдатамі ўзнікалі бойкі і нават перастрэлкі, за віно і за хаты таксама. Гэта калі адны часці яшчэ не з’ехалі, а іншыя прыехалі і патрабуюць жытла. Часта прыязджала палкавое начальства пракантраляваць і выпіць таксама, пакуль яшчэ было што.
A.	A.: I доўга ты быў камендантам?
В. Б.: 3 месяц ці болей. Жыў у хаце псаломшчыка, у якога засталося шмат старых рускіх кніжак, і я чытаў там «Так сказал Заратустра» і яшчэ нешта з антычных аўтараў, вядома, у перакладзе на рускую. Хоць і вайна, але цягнула да ведаў, да культуры, якія не дабраліся за мірным часам. Было пагоднае лета, стаялі цёплыя паўднёвыя ночы. I да мяне прыходзіла адна сястрычка з інжынернага, якую я частаваў грэцкімі арэхамі і малдаўскім віном. I мы падоўгу гутарылі пра літаратуру, мастацтва. Яна распавядала пра сваё даваеннае жыццё ў зялёнай Звенігарадцы, адкуль была родам.