Поўны збор твораў. Том 10. Кніга 1 Артыкулы, эсэ, прадмовы, інтэрв’ю, гутаркі, аўтабіяграфіі, выступленні (1957-1980) Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 10. Кніга 1

Артыкулы, эсэ, прадмовы, інтэрв’ю, гутаркі, аўтабіяграфіі, выступленні (1957-1980)
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 544с.
Мінск 2014
140.81 МБ
A.	А.: Пехатой перлі?
В.	Б.: Пехатой усю дарогу.
A. А.: Нічога сабе пехатой! А карміліся самапасам?
В. Б.: Ведама ж. Ну, сяляне часам кармілі, усё ж то быў тыл, і шмат у каго мужчыны былі на фронце, людзі спачувалі ваенным. Тым больш такім жаўтаротым, як мы. Хаця гледзячы дзе. На станцыях, дзе ўсё было абабрана, нічога нам не надаралася, а ў сёлах трохі інакш. Пакуль дайшлі да Саратаўшчыны, абнасіліся і абязножылі. Чаравікі мае сталі такія, што і парцянкі вылезлі. А тут пачаліся халады. Цёплага ж на нас не было нічога. Памятаю, нейкая цётка дала мне вязаны шалік і ўсё. Нарэшце дабрылі да станцыі Салтыкоўкі, гэта ў самым канцы 41-га года. Там нас размеркавалі па калгасах. Мы з адным хлопцам Лёшкам Арловым (дарэчы, таксама ўшацкім) трапілі ў недалёкі калгас, здаецца, імя Камінтэрна. Там мы праседзелі ў калгаснікаў амаль усю зіму 42 года.
A. A.: А што рабілі? Як калгаснікі працавалі?
В. Б.: У калгасе нічога не рабілі, бо што мы маглі рабіць босыя?Усё ж там маразы, дай Божа!
A.	A.: А хто карміў?
В.	Б.: Калгас выдзяляў проса па кілаграму на тыдзень. Гэтае проса трэба было абадраць на цёрцы. Атрымаць пшано. У сям’і, дзе я жыў, былі гаспадар-камбайнер, які меў бронь, гаспадыня, малая дзяўчынка і бабка. Бабуля гэтая, светлая ёй памяць, і варыла для мяне кашу. Сям’я, натуральна, харчавалася асобна.
A. A.: А ты адным просам?
В. Б.: He просам пшаном. Харчаваўся пшоннаю кашай, што па тым часе зусім няблага. У нас да вайны то быў амаль далікатэс. Памятаю, у Віцебску талерачка такой кашы з чайнай лыжачкай масла зверху каштавала 60 капеек. Тут масла не было... Увогуле было галаднавата, заўсёды хацелася
есці... Малады ж быў. Трудная была тая зіма, сцюдзёная, a галоўнае даймала адзінота, адарванасць ад звыклых мясцін, ад радзімы, што апынуліся пад акупацыяй. Бывала... Нашаю з Лёшкам задачай было забяспечыць гаспадароў палівам бадыллём сланечніку, што застаўся пад снегам у стэпе. Для таго мелася пара гаспадарскіх бурак на двух. I вось часцяком (разы два-тры на тыдні) едзеш з санкамі ў стэп, пералазіш яр і наломваеш там мёрзлага бадылля, вязеш яго ў сяло. 3 цяжкім возам перабрацца цераз крутыя схілы было няпроста, добра нарвеш кішкі. А як вылезеш мокры ад поту, успомніш свой роў ля роднае вёскі, паглядзіш на чырвоны марозны захад, дзе далёка-далёка засталася радзімая старонка, і ўжо не стрымаеш слёз. Тым болей, што вакол расхінуўся марозны стэп, ніхто тут цябе не бачыць, можна не саромецца. Адзінота, закінутасць, адчуванне поўнага сіроцтва балючыя самотныя пачуцці, якіх да таго перажываць не даводзілася. Першы, але не апошні раз было тое...
A.	А.: Так, цікава, цікава...
В.	Б.: He сказаць, што да нас там адносіліся кепска як і да ўсіх. Але на нейкім часе стала нам нязмогла, і мы з Лёшкам вырашылі рушыць на захад. Беларусь была пад акупацыяй, але ж там былі партызаны. Зноў жа фронт, жахі якога памалу сталі забывацца, і захацелася туды. Аднойчы і рванулі. Ды недалёка. Наіўных уцекачоў на захад затрымалі на першым жа чыгуначным мосце, вярнулі ў раённы НКВД у Рцішчаве. Як мы выбавіліся адтуль асобная гісторыя, можа, раскажу калі-небудзь. He цяпер...
Дажылі там да вясны, а затым, здаецца ў красавіку, у калгас прыйшла разнарадка на моладзь зноў у ФЗН. Вядома ж, мясцовым сваіх шкада, прызначылі нас, а нам толькі таго і трэба. I вось мы з Лёшкам зноў апынуліся у ФЗН, на гэты раз недалёка, у Аткарску... Дарэчы, нялішне зазначыць, што шмат каму з перадпрызыўнай моладзі тыя ФЗН далі часовы, але неабходны хлеб і прытулак, сталіся, так бы мовіць, прафесійнай акадэміяй, нярэдка апошняй у жыцці. Бо хутка затым прызыў, фронт і канец усяму. Толькі і ўспамін з цывільнага жыцця невялічкая групка равеснікаў, самотных фэзэушнікаў...
A.	А.: Ну, дык паехалі далей...
В.	Б.: To была чыгуначная школа, вучыўся я там на пуцейца: рамонт пуці, падбіўка шпалаў, разводка... I гэта першую палову лета 42-га года. Надта спякотнага, дарэчы, здаецца ў нас такой гарачыні не бывала. Было трудна, мазалі на далонях
ад кувалды і рыдлёўкі. Затое кармілі, тое тады было важна. Ну, а ў жніўні 42-га прызыў хлопцаў 24-га года нараджэння і адразу у запасны полк пад Тацішчавам. Тое паселішча вядома шмат каму, многія там спасцігалі вайсковую навуку, якую памятаць будуць доўга. Той полк дзейнічаў, відаць, ці не да канца вайны рыхтаваў кадры, салдацкія і сяржанцкія для перамогі. Праўда, мне давялося прабыць там нядоўга, на пачатку верасня мяне накіравалі ў Саратаўскае пяхотнае вучылішча. Пачаліся вучэбныя будні. Ужо там дасталося, як не даставалася нідзе і ніколі. Кожны дзень 10 гадзін заняткаў рэдка ў класах, болей на плацы і ў полі у спёку, дождж і мароз у нашых класічных шыняльках на «рыбіным мяху». Апроч таго абаронныя работы пад горадам немцы ж ужо падышлі да Саратава і бамбяць яго кожную ноч. У асноўным цалялі ў камбайнавы завод, які на той час рабіў самалёты, і ў нафтаперагонныя крэкінгі. Нас на ноч кідалі на дзяжурства ліквідоўваць пажары, як загарыцца завод, бо выпуск прадукцыі працягваўся і пад бамбёжкай. Гэта выглядала так: як толькі сцямнее, аб’яўляецца трывога. Паяўляюцца самалёты, вешаюць у небе свае САБЫ асвятлялыіыя бомбы. На зямлі ад іх, бы ад сонца, а ў небе не відаць нічога. I пачынаюць сыпаць бомбы. Усё вакол хадуном ходзіць. I вось нам яшчэ трываць можна, мы сядзім у шчылінах, ну, калі загарыцца тушым, выкочваем на двор самалёты. Хаця былі і ў нас ахвяры. Але гэта нішто ў параўнанні з тым, як даставалася нашым курсантам на крэкінгах з іх вялізнымі ёмкасцямі нафты. Там усё палыхае, не сціхаючы ні ўдзень, ні ўначы. I хлопцы гараць, няма чаго і хаваць. Цэлыя аддзяленні, узводы не вярталіся з гэтага мора агню. I так амаль да зімы. Зімой толькі тое спынілася, як немцаў акружылі пад Сталінградам. Аднойчы, зноў жа ўвосень 42-га, батальён кінулі пад Сталінград. Пешым маршам мы дайшлі да Камышына, у Камышыне нас ператрэслі, палову з кожнае роты пакінулі, а палову паслалі на падмацаванне Сталінграда. Рэшта вярнулася ў Саратаў. У тым ліку і я. A мой таварыш з Беларусі Іваноў пайшоў у Сталінград і, вядома, адразу ж загінуў там. Пасля вайны спрабаваў знайсці ягоных родзічаў. Але ж... Івановых у нас дужа многа. Пасля яшчэ было нямала выпадкаў, калі ноччу па трывозе паднімаюць роту, выстрайваюць і зачытваюць спісы тых, хто зараз жа адпраўляецца на станцыю, у маршавую роту, на фронт.
A.	A.: А вучылі вас на каго?
В.	Б.: На камандзіраў узводаў. Пяхотнае ж вучылішча. Пра камандзіраў я мог бы расказаць розныя былі. Камандзірам
нашай роты быў старшы лейтэнант Грыб, немалады ўжо чалавек, беларус, аднекуль з Гомельшчыны. Можа, менавіта дзякуючы яму я скончыў гэта вучылішча, дайшоў да выпуску. Неяк па-зямляцку ён мяне прытрымліваў. Можа, як земляка, якіх там было дужа няшмат, а можа, таму, што вучыўся я і вучылішча скончыў на «выдатна». Як бы цяпер сказалі, з чырвоным дыпломам. Але тады толькі павесілі маё фота на ганаровую дошку выпускнікоў... Запомніўся інтэлігентны выкладчык тапаграфіі, якому я часам маляваў карты-схемы, Рамесцвенскі, на той час ужо інвалід вайны. Камандзірам батальёна быў маёр Анціпас, грэк. Вядома, на фронт грэкаў не пасылалі, скарыстоўвалі ў тыле, але гэта быў ладны камандзір, з традыцыямі старога царскага афіцэра. Чаго не скажаш пра цэлую плойму маладзейшых гарладзёраў, выхаванцаў Варашылава і Цімашэнкі. Ды Бог ім суддзя. Яны пасылалі на пагібель іншых, але трэба зазначыць, пасля і самі гінулі, што трохі іх выбачае...
A.	A.: А ты ў якасці выкладчыка не быў там, у вучылішчы? В. Б.: Ды не. Як жа я мог...
A. А.: Проста вучыўся, так?
В.	Б.: Так. Увосень 43-га прысвоілі званне малодшага лейтэнанта і паслалі на фронт. Даволі доўга ехалі па чыгунцы, у цяплушках і прыбылі на Дняпро, на ўжо адбітыя пад той час плацдармы. Так што фарсіраваць Дняпро мне не давялося. Але і за Дняпром хапала пекла, у якое мы трапілі. Найперш няўдалае наступленне на Крывы Рог, адкуль нас турнулі немцы. Кіламетраў 60 наша пяхота і танкі адступалі ла поўнач. Пасля, трохі перадыхнуўшы, завязалі баі за Александрыю і Знаменку...
A. А.: Ты ў якасці пяхотнага лейтэнанта, так?
В. Б.: Так, у якасці камандзіра стралковага ўзвода. Пачалася зіма, сцюжа, хоць і не такая, як на Волзе. Сёлы ўсе разбітыя, баі за кожны пагорак, за кожную балку... Ахвяры страшэнныя. Пяхоту выбівалі спрэс. Танкам таксама хапала, гарэлі, бы свечкі.
A.	A.: А колькі пад тваім камандаваннем змянілася пехацінцаў-салдацікаў, пакуль ты камандаваў?
В.	Б.: Цяжка сказаць. Але мы кожны тыдзень атрымлівалі папаўненні.
A.	А.: Гэта значыць колькі чалавек?
В.	Б.: Можа, чалавек 60. Ведаеш, сістэма была такая. Скажам, удзень мы вядзем бой за сяло, а сёлы ж ва Украіне вялікія. Пад вечар выбілі, немцы пайшлі. А мы прыйшлі...
A.	A.: I пабралі мужычкоў?
B. Б.: Так. Але ж мы ў сяле не спынімся, трэба ж гнаць немцаў, пакуль яны адступаюць. Хіба забяжыш, схопіш дзе кавалак хлеба, калі ён ёсць, якая цётка дасць цёплага бурака, і зноў у поле. Зноў бой і агонь выбухі мін, танкавыя стрэлы з абодвух бакоў. I крыкі начальства, мат-перамат асабіста і па тэлефоне. Аж пакуль немцы не спыняцца ў суседнім сяле. Тады і мы спыняемся ў полі. А ў гэты час ззаду, у занятым сяле дзейнічаюць тылавыя службы, штабы і палявыя ваенкаматы. Гэтыя збіраюць усіх, хто тут сядзеў з 41-га года. Аказваецца, такіх нават зашмат, партызанаў жа там не было, усе дома. Найперш збяруць у стэпе вінтоўкі, што засталіся каля забітыхпараненых. Забітых яшчэ не пахавалі, а іхнімі вінтоўкамі ўжо ўзбройваюць прызыўнікоў. Абмундзіроўкі няма, і яны так, у хатнім, з сідарамі за спіной ідуць ужо ў ланцуг атакаваць суседняе сяло. Няшмат, аднак, даходзіць да таго сяла. Тады пачынаецца ўсё спачатку.
3 камандзірамі тое ж самае, кадравых мала. Памятаю, у нас у роце былі толькі два афіцэры я і камандзір роты. Тады людзей на ўзводы нават не дзялілі, не было каго. Добра, калі пісар паспее перапісаць прозвішчы, a то ідуць безыменнымі. I гінуць. Таму столькі ў нас цяпер «нензвестных солдат», «пропавшнх без вестл». Такі быў улік. He было ніякага ўліку. Во кулямёты ўлічвалі, гарматы, танкі. Нават снарады начальства лічыла, бо за іх адказнасць мелі. А за людзей адказваў Гасподзь Бог...