Поўны збор твораў. Том 10. Кніга 1 Артыкулы, эсэ, прадмовы, інтэрв’ю, гутаркі, аўтабіяграфіі, выступленні (1957-1980) Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 10. Кніга 1

Артыкулы, эсэ, прадмовы, інтэрв’ю, гутаркі, аўтабіяграфіі, выступленні (1957-1980)
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 544с.
Мінск 2014
140.81 МБ
В. Б.: Ну во, я там правучыўся год, Прыехаў пасля на другі, павучыўся, відаць, месяцы два, і тут аб’явілі «радасную» навіну: пастановай урада стыпендыі адмяняюцца.
A. А.: Наадварот. Плаціць трэба было.
В. Б.: Гэта быў, канешне, магутны ўдар, таму што...
A. А.: Гэта ў саракавым годзе?
В. Б.: У саракавым. Грошай мне з дому ніколі не прысылалі, ды я і не прасіў. Аднойчы бацька, як ехаў у горад, заехаў да дзядзькі, пазычыў тры чырвонцы, якія я расцягваў, як мог. Найбольш на хлеб, якім звычайна мы харчаваліся. Устанеш раненька, гадзін у 6, і да хлебнай крамы ў чаргу. Чарга вялізная, усе чакаюць. Гадзін у восем прывозяць хлеб, пачынаецца штурханіна. Карткі пад гэты час ужо адмянілі, дык па хлеб рынуліся з навакольных вёсак, з іншых раёнаў. На хлеб выдаткоўваўся не больш за рубель, бо трэба ж было яшчэ купіць фарбы. Ды і з брызентавых гамашаў вылезлі пальцы... Спрабавалі мы з хлопцамі прабівацца такімі-сякімі работамі на грузавой станцыі, шчотачнай фабрыцы. А ў Віцебску, як ні дзіўна, да самай вайны захаваўся дробны прыватны сектар, Недзе на вуліцы, што вяла да аэрапорта, убачылі маленькую такую крамку, над дзвярыма было няўмела напісана «Головные уборы шью» стары Абрам шыў там шапкі. I вось, памятаю, мы удвух з хлопцам з Палесся пайшлі туды. (Хлопец той пасля таксама кінуў вучобу не было як вучыцца. He меў абутку, дык ён асенняй парой, па гразі хадзіў у растаптаных бурках.) Дамовіліся з гаспадаром зрабіць яму прыгожую піыльду, ён паабяцаў за тое 15 рублёў. Знайшлі нейкую здатную...
A. А.: Бляху...
В. Б.: He, фанерыну. Загрунтавалі, напісалі «Галаўныя ўборы», і на адным канцы дошкі намалявалі кепку, а на другім капялюш. Прынеслі заказ. Гаспадар паглядзеў, паглядзеў і кажа: а чаму капялюш? Што, я капелюшы раблю для буржуяў? I не ўзяў шыльду, спалохаўся. Відаць, быў напалоханы з часоў нэпа. Ці яшчэ што.
A. А.: Першы заробак ляснуў?
В. Б.: Так, ляснуў напі заробак. Ну вось. Яшчэ пашвэндаўшыся па горадзе і нічога нідзе не здабыўшы, я зразумеў, што болей не ўтрымаюся, з мастацтвам прыйдзецца канчаць. Пайшоў у канцылярыю па дакументы. Там наш выкладчык беларускай мовы Леванёнак кажа: шкада, Быкаў, мог бы вучыцца...
Мне таксама было шкада, але як вучыцца? Аднёс у камісіёнку апошнюю сарочку, атрымаў грошы якраз на білет да Полацка і яшчэ на дзве булкі, якія тут жа і з’еў. Прыехаў у вёску, пайшоў у сваю школу, у дзясяты клас. Але з вучобай тут здорава адстаў. Ды і новыя парадкі і ў школе. Падручнікі цяпер аказаліся платныя, трэба купіць. Але і купіць няма дзе, не хапае падручнікаў. Дома ранейшая галеча, калгаснае бязладдзе. Hi хлеба, ні дроваў. Якраз у гэты час пачынаецца набор у новаарганізаваныя школы прафесійнага навучання (ФЗН), і я хутка зноў апынуўся у Віцебску. Што ў Віцебску мяне радавала. Знаёмы горад, любыя музеі. I ўспаміны. Невясёлыя, аднак, успаміны... У школе вучылі на будаўнікоў: муляры, бетоншчыкі, арматуршчыкі усё дужа далёкае ад мастацтва. Мастацтва рабілася ўсё больш недаступным. Трэба было працаваць на сцюжы, з растворамі. Але тут кармілі, давалі прытулак у інтэрнаце, а пасля яшчэ пачалі і апранаць. У вучылішча я не хадзіў, хіба калі ўвечары падыходзіў пад вокны, бачыў паверх фіранак захінутыя анучамі скульптуры на станках. Было сорамна і балюча...
На пачатку чэрвеня выпуск, нам аб’явілі, што паедзем працаваць ва Украіну, у горад Шостку. Пакуль былі зборы, я адпрасіўся з’ездіць на радзіму. Справа ў тым, што якраз у Шостцы жыў мой дзядзька... Гэта таксама гісторыя, гісторыя лёсу Дзядзька колісь быў актывістам, зрабіў нейкую партыйную кар’еру, працаваў нават рэдактарам газеты дзесь на Палессі. Але, пакуль ён служыў Савецкай уладзе, тая раскулачыла дома бацьку, брата саслала ў Сібір. Мабыць, нясоладка стала сыну, і ён дзеля паратунку апынуўся ва Украіне, у Шостцы. Гэта быў такі непрыкметны гарадок на Чарнігаўшчыне, але там працавала аж тры вайсковыя заводы і фабрыка кінаплёнкі, якая і цяпер існуе.
A.	А.: Шосткінская фабрыка.
В. Б.: Так. Ну дык вось, прыехаў я дамоў і пайшоў да дырэктара школы, распавёў пра сваё становішча. Дырэктар Слімборскі паспачуваў не надта ўдалай кар’еры свайго колішняга выдатніка і даў мне не атэстат, а табель за дзясяты клас, дзе сам праставіў патрэбныя адзнакі. Мой план быў такі: у Шостцы я здам экстэрнам экзамены за дзясяты клас і паступлю ў тамашні індустрыяльны інстытут, да якога мае нейкае дачыненне мой дзядзька, з якім ён і Слімборскі былі знаёмыя... I вось пагодным чэрвеньскім ранкам мы прыязджаем ва Украіну. Белыя мазанкі, таполі, нечуваная мова на станцыях, гогалеўскія асацыяцыі пераносяць нас у іншы свет,
рамантычны і казачны. He думалася тады, што гэтак шмат для мяне драматычнага і трагічнага будзе звязана з гэтай краінай.
He паспеў я агледзецца, як след пазнаць горад і нават адшукаць дзядзьку, як выбухнула вайна. Прызнацца, тое мяне спярша і не надта спалохала, была ж толькі нядаўна Фінская вайна, перад тым вызвольны паход у Заходнюю Беларусь, усё сканчалася бліскучымі перамогамі. Пераможам і тут. Тым болей, калі намі кіруе ўсепераможны таварыш Сталін. Але пакрысе рабілася сумна, а затым і страшнавата. Хацелася дамоў, бліжэй да родных мясцін. Ды не было як. Як нямецкі вермахт захапіў Менск і Гомель, падступіў пад Кіеў, нас змабілізавалі цераз ваенкамат. Спярша на абаронныя работы. Можа, месяц мы капалі даўжэзны і глыбокі супрацьтанкавы роў, здаецца пад Пірагоўкай, які затым кінулі, бо немцы ўжо замыкалі сваё акружэнне Кіеўскага катла...
A. А.: Так, адразалі Кіеўскі раён.
В.	Б.: I вось пачынаецца эвакуацыя. Усё рушыць на ўсход. Мы калонай пад камандай запасных падпалкоўнікаў колькі дзён тупаем у бок Харкава. У небе вісяць нямецкія самалёты, бамбяць станцыі і чыгунку. Харчуемся чым дзе прыйдзецца. Болей самапасам. Быў вялікі ўраджай яблыкаў, гародніны. Забягаем у прыдарожныя крамы, у якіх, аднак, амаль пуста. Усё расхапалі. У Белгарадзе я спрабаваў купіць фруктовага чаю, які можна было есці, ды не мог прабіцца праз натоўп да прылаўка. Затое адстаў ад калоны, а затым і згубіў яе.
Пакуль бегаў па забітых войскамі вуліцах, настала ноч, стомлены зайшоў у паўразбураную хаціну і заснуў. Пабудзілі каменданцкія патрулі. Адвялі ў камендатуру. Там уранку допыт хто такі, чаму адстаў, з якой мэтай? Абшукалі і знайшлі у маёй валізцы карту выдраны з падручніка аркушык, на якім я, грамацей, адзначаў як рухаецца фронт. Той аркушык мяне ледзь не пагубіў. Хацелі расстраляць. Іншых, што сядзелі са мной у склепе, пастралялі. А мяне пашкадаваў нейкі дзядзька з вінтоўкай. Сказаў на гародзе пад плотам, куды мяне вывеў: бяжы! I я пабег, а ён стрэліў у паветра...
Адзін чыгуначнік паказаў, куды ідуць цяпер войскі, і я пайшоў па пуцях. Маёй мэтаю быў Валчанск, гарадок пад Харкавам, дзе фарміраваліся запасныя часці. Увогуле мне пашэнціла: як я прыйшоў і знайшоў сваю каманду, тая ўжо строілася для фарміроўкі. Але ж у мяне не было ніводнага дакумента, усё засталося ў Белгарадскай камендатуры. Добра, што камандзіры не надта прыдзіраліся, не было часу, ды й хлопцы пацвердзілі: то наш. I я ці не ўпершыню адчуў
радасную еднасць калектыву, ягоную шчаслівую перавагу перад адзінкай. Добра быць у грамадзе! Так нас сфармавалі ў новую каманду, далі нейкую (БУ) абмундзіроўку, але замест зброі рыдлёўкі. Абвясцілі, што з гэтага дня мы у складзе армейскага інжынернага батальёна. Прыбыло нейкае начальства, і зноў павялі нас капаць траншэі на поўнач ад Харкава. Праз колькі дзён выдалі вінтоўкі адну на дзесяць чалавек, і мы адчулі сябе байцамі неперахМожнай Чырвонай Арміі. Неўзабаве пачалася катавасія. Падышоў фронт, пачаліся бамбёжкі. Прарывы нямецкіх групаў, паветраныя дэсанты, якія належала адбіваць. Аднойчы нас кінулі на прыкрыццё нашай кавалерыйскай контратакі. Там я упершыню адчуў увесь жах гэтай вайны. Што там немцы зрабілі з будзёнаўскай кавалерыяй!..
A. А.: Што, корпус цэлы паклалі?
В. Б.: Можа, і корпус, не ведаю. На ўскрайку кукурузнага поля мы выкапалі акопчыкі, наперадзе бураковая ніва, a далей сяло вялікае. Ноччу мы адтуль прыйшлі. А затым ішла кавалерыя, шмат кавалерыі, дагэтуль бачу запыленыя, стомленыя коні і людзі, вакол пыл, пыл... Ты ж ведаеш, які ўлетку на Украіне пыл на дарогах. Яны, відаць, ішлі здалёку, удзень вісела нямецкая авіяцыя, увесь час іх бамбіла. Наваколле ўсё гарыць... А яны ўзброеныя так: вінтоўка за спіной, шашка, процівагаз, перакідныя сумкі ля сёдлаў...
A. A.: А пік не было?
В. Б.: Пік не было. Мне запомніліся конскія процівагазы. На сядле такая сумка вялікая і ад яе ідзе тоўстая гафрыраваная трубка, бы кішка, і маска надзяваецца каню, калі газавая атака, якіх, дарэчы, нідзе не было. Дык вось на світанні яны кінуліся на сяло ў атаку, на нямецкія танкі. Немцы падпусцілі іх даволі блізка, пасля... 3 кулямётаў яны наладзілі ім такое, што Божа мой! Праз якіх дзесяць хвілін усе адхлынулі назад. I вось бяжыць конь у пене, без седака, a то сядок вісіць уніз галавой у стрэмі. Конь падае, б’ецца, з ягонага бруха вывальваюцца вантробы, ды яшчэ кішка гэтая процівагазная цягнецца. Усё навакол пашкуматана кулямётнымі чэргамі. Карацей кажучы, хуценька мы адтуль драпанулі усе, пешыя і коннікі, у лясок, атака захліпнулася і болей яе не паўтаралі. Танкі пайшлі далей. Потым яшчэ было нямала такога ж бязладнага і дурнога. Мы будавалі для камандуючага маршала Будзённага камандны пункт, на якім Сямён Міхайлавіч ледзьве не трапіў у палон. Адыходзілі на Стары і Новы Аскол... Недзе ўвосень, здаецца, у кастрычніку, армію вывелі пад Варонеж, яна ўжо была небаяздольная, так, адны рэшткі.
Апынуліся на станцыі Гразі, там усчалася перафарміроўка. I тут аказалася, што па тылавых законах 23 год нараджэння прызываецца, a 24 яшчэ не. I вось нас усіх, хто быў з 24 года, сабралі разам. А трэба сказаць, што такіх набралася няшмат, бо ўкраінцы не дурні, яны далёка ад дому не адыходзілі, звычайна вярталіся. Ну, а мне куды было вяртацца? Беларусь засталася за тысячу кіламетраў, не дойдзеш. I я змушаны быў цягнуцца з усімі. Дык, значыць, сфармавалі з маіх аднагодкаў калону, выдалі па тры буханкі хлеба і, як былі, у зашмальцаваных ватоўках, пілотках выправілі ў тыл. Але зноў пад камандай падпалкоўнікаў каб не разбегліся. Ішлі ў Саратаўскую вобласць...