Поўны збор твораў. Том 10. Кніга 1 Артыкулы, эсэ, прадмовы, інтэрв’ю, гутаркі, аўтабіяграфіі, выступленні (1957-1980) Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 10. Кніга 1

Артыкулы, эсэ, прадмовы, інтэрв’ю, гутаркі, аўтабіяграфіі, выступленні (1957-1980)
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 544с.
Мінск 2014
140.81 МБ
Звычайна немцы не любілі бліжняга, як ён называецца, бою і нішчылі агнём здаля. Наконт агню яны былі майстры, нічога не скажаш. Гэта ў нас вучылі салдатаў з іхніх састарэлых «драгунак», якімі мы дужа ганарыліся, рабіць 68 стрэлаў у хвіліну, што было абсалютным глупствам. Немцы сеялі з аўтаматаў, колькі маглі, а іхні кулямёт МГ-42 рабіў 1000 стрэлаў у хвіліну. Іхнія мінамётчыкі ўмудраліся навешваць па 12 мінаў у паветра. Гэта значыць, першая яшчэ не ўзарвалася, а ўжо вылецела дванаццатая. Натуральна, што ў такім шквале агню доўга не выжывеш. Праз дзень-другі або ў земаддзел, або ў здраўаддзел, як жартавалі салдаты. У нас з агнём было куды горш. Славутыя «кацюшы» ўжывалі рэдка, для транспарціроўкі іхняга боезапаса патрэбны былі дзясяткі аўтамабіляў, a гаручага заўжды не хапала. Таму пяхоту падтрымлівала толькі малакаліберная артылерыя саракапяткі ды 76-міліметровыя гарматы на коннай цязе. Але коні на полі бою жылі меней, чым жылі салдаты.
Аднойчы, пад новы год, я зрабіў першую спробу асвоіць артылерыю. На полі бою каля сцірты саломы наткнуўся на кінутую саракапятку. Перад тым тут стралялі танкі, і гэтыя артылерысты ці, можа, уцяклі, ці іх пабіла за сціртай ляжала некалькі трупаў. А снарады былі некалькі скрынак. Як страляць з такога роду гармат, нас у вучылішчы трохі вучылі. I я паспрабаваў. He па танках па пяхоце у недалёкім сяле. Расстраляў усе снарады, мой салдацік мне памагаў. Шкада, гармату мы не маглі ўзяць з сабой, пакінулі ля сцірты.
Пасля невялікага перадыху пачалася Кіраваградская аперацыя, за якую маршал Конеў атрымаў ордэн Леніна, як ён пісаў, палемізуючы з аўтарам «Мёртвым не баліць». На ягоную думку і думку Сталіна, то была вельмі паспяховая аперацыя. Можа быць, з гледзішча Крамля так яно і было. Але было іншае гледзішча салдата з заснежанага поля, залітага крывёй і здратаванага гусеніцамі танкаў, на якім быў амаль цалкам разгромлены наш полк, загінуў камандзір маёй роты лейтэнант Міргарад, камандзір батальёна капітан Смірноў, камандзір палка маёр Казар’ян, дзясяткі салдат ды іншых афіцэраў. Пачалося ўсё, як нашу дывізію ўвялі ў прарыў. Наступалі мы ў асноўным ноччу. Дзень звычайна вялі агнявы бой, а ноччу калонай у стэп, лезлі як мага ўглыб, дзе можна пралезці. Дзе пускаюць немцы. Спаць няма ніякай магчымасці, нельга ніводнай гадзіны. Гэта таксама феномен, вынаходства савецкай ваеннай навукі прымусіць салдатаў абыходзіцца без сну, думаецца, ні ў адной арміі так не ўмеюць. I вось ідзём сонныя па стэпе, заснежанай дарогай, шмат хто спіць на хаду, спатыкаецца, падае. Тады іншыя лаюцца. Аднойчы, памятаю, я ледзьве не зайшоў да немцаў.
A. А.: Сонны?
В. Б.: Ішлі, ішлі, і я выключыўся.
A. А.: Я ведаю. Хадзіў таксама.
В.	Б.: Дарога замеценая, але снег не глыбокі. I вось бачу вакол сябе лета, нейкія дрэвы, быццам алея. А наперадзе сцяна, бы замак, і ў ёй вароты чорныя. Трохі трывожна, але я туды іду, у гэтыя вароты. I раптам чую: Куды прэш? Лажысь! Я прачынаюся. Побач ля дарогі ляжаць нашыя разведчыкі, a наперадзе пасадка, тонкія дрэўцы. Аказваецца, там немцы, і яны ўжо пачалі джгаць трасіруючымі ў наш бок. А я...
A.	A.: А ты ідзеш і не чуеш?
В.	Б.: Я выйшаў з калоны і іду сабе па дарозе. Калі б не гэтыя разведчыкі, дык і зайшоў бы ў іхнія рукі. А тады сказалі б: перайшоў да немцаў.
A. A.: A колькі ты, сонны, адышоў ад сваіх?
В. Б.: Ну, адышоў недалёка. Можа, метраў дзвесце.
A.	A.: I так тупаў гэтыя дзвесце метраў?
В.	Б.: Звычайна наперадзе камандзіры і разведчыкі. Гэтым разам яны, відаць, згледзелі небяспеку і пачалі разгортванне.
A. A.: А ты па дарозе шпарыш?
В. Б.: А я пайшоў, як ішоў па дарозе.
Потым зноў ішлі паначы, помню шэрань, мароз. Зноў розныя прыгоды былі. Начальнік штаба палка завёў нас не туды, спыніліся Пачалі арыентавацца. А паспрабуй ноччу ў стэпе зарыентавацца па карце. Вакол паўзмрок, ніводнага арыенціра, толькі няўбраная кукуруза ды сланечнік піархацяць на ветры. Стаялі, стаялі, раптам на «вілісе» даганяе генерал, не ведаю, можа, камандзір дывізіі, сарваў з капітана пагоны, давай біць яго. Але пакуль тое адбывалася, мы хоць трохі драманулі на снезе. Пасля зноў пайшлі. Пад ранак выйшлі да сяла пад гарой, аказалася то Вялікая Севярынка сяло, якое стала брутальным знакам у маім лёсе. Там каля крайніх хат нейкія ямы, з якіх, відаць улетку бралі пясок, і мой узвод адразу ў іх зашыўся. Як развіднела, здаля ўбачылі будынкі ды трубы вялікага горада Кіраваграда. Але, пэўна, згледзелі нас і немцы. Нам весці агонь было далёка, а немцы з цяжкіх мінамётаў пачалі шпурляць па сяле, не давалі нікому высунуцца ў поле. У нас страт не было, а там, ззаду, некаторых пабіла, у тым ліку і афіцэраў з нашага палка. Увечары, як пацямнела, мінамётны агонь спыніўся, і камандзір батальёна капітан Смірноў загадаў выстройвацца ў паходную калону, павёў яе кудысьці ў стэп. Пасля агнявога напружання трохі адпусціла, стала на душы спакайней. I вось мы ідзём, у стэпе даволі светла, хоць месяца не было. Нейкая дарожка палявая, трошкі наезджаная. Я іду побач з нашым другім узводным, які нядаўна прыбыў у роту. Ён старшы лейтэнант, артылерыст, але з акружэнцаў і таму яго паслалі ў пяхоту на перавыхаванне. Наперадзе ідуць камандзір батальёна, далей разведка, а мы ў сярэдзіне калоны. Можна расслабіцца. Бой грыміць, але дзесь зводдаль і збоку, a тут быццам ціха. Раптам гляджу побач у зарасніку кукурузы нейкія людзі. Толькі я іх згледзеў і нават не паспеў яшчэ што падумаць, як адтуль густа паласнулі чэргі трасіруючымі па ўсёй калоне. Чорт ведае, што вакол пачалося, такі ўраганны кінжальны агонь. А паводле загаду камбата ў выпадку нападу нашая рота разгортваецца злева ад дарогі, іншыя справа.
A. A.: I тут давялося ісці насустрач стральбе?
В. Б.: Насустрач не насустрач, а з дарогі давялося збегчы. Можа, крокаў дзесяць прабег і ўпаў на снег. У мяне быў
аўтамат, але пры ім толькі адзін магазін. Раскажу, чаму адзін. Перад наступленнем кінулі нам невялікае папаўненне з тылавых падраздзяленняў. У нашу роту далі адзін ручны кулямёт і прыслалі батальённага пісара. У пісара быў аўтамат, але без патронаў...
A А.: Падзяліўся патронамі?
В. Б.:Трошкі не так. Спярша пра кулямёт. Вось пачынаюць ужо выцягваць калону, а ў мяне ніхто не хоча браць кулямёт. Шмат людзей з Сярэдняй Азіі мая ні бельмеса, мая ні бельмеса. I астатнія адмаўляюцца: я не служыў, не ведаю, як з яго страляць. Каб не кідаць кулямёт, аддаў я яго нейкаму дужаму дзядзьку, каб ён хоць нёс. Нельга ж губляць кулямёт... А тут стаіць пісар без патронаў, мармыча: што мне рабіць, толькі блытацца пад нагамі? Хітраван, мабыць, хацеў, каб яго адправілі з роты. Тады камандзір роты лейтэнант Міргарад, яшчэ даваенны афіцэр, але таксама акружэнец, кажа: Быкаў, аддай ты яму дыск, каб ён не ныў. Ну, я і аддаў, бо болей аўтаматаў ва ўзводзе не было, усе толькі з вінтоўкамі. А сам застаўся з апошнім, што пры аўтамаце. Тое было, канешне, памылкай. A можа, і паратункам, як пасля выявілася.
А тут, упаўшы, бачу, што справы нашыя швах. Па-першае, з кукурузы ідуць танкі. Колькі іх там, не зразумець, можа, чатыры ці пяць. Ці яшчэ болей. Узраўлі рухавікі, і яны рушылі, загрукацелі іх кулямёты. А між танкамі аўтаматчыкі і крычаць: рус, здавайся! Так яны заўсёды крычалі, калі спадзяваліся на сваю перамогу. Ну, я пачаў біць з аўтамата, здалося, задаў ім агню. Але во аўтамат змоўк, значыць патроны ўсе. Азірнуўся назад, а нашы далёка ўжо бягуць у полі. Тут засталіся толькі тыя, што ўжо не кратаюцца. I я ліхаманкава рашаю для сябе праблему: ляжаць ці ўскокваць? Калі праляжу яшчэ хвіліну дык яны мяне возьмуць. Калі ўскочу, дык буду расшкуматаны кулямётнай чаргой. Што лепей?
Але немцы ў той час перанеслі агонь па тых, што адбегліся далей, мусіць, блізка ля сябе яны цэляў не бачылі. Агняны напор нібы павальнеў. Я ўскочыў і кінуўся перабежкамі. Нават не перабежкамі, а рыўкамі. Ускокваю, а праз тры-пяць крокаў зноў падаю. Затым зноў ускокваю і зноў падаю. I так трошкі адарваўся ад немцаў. Прытым я навучыўся пазнаваць, калі яны страляюць па мне. Як чэргі пачынаюць мільгаць вакол, падаю. А як перамяшчаюцца па іншых, ускокваю. I ў такі момант, як бег, па лытцы моцна ўдарыла, бы палкай. I я ўпаў. У боце адразу стала горача, гэта палілася кроў. Я думаю: відаць, перабіла нагу. Калі так, дык усё, скончыўся Быкаў...
Але ўсё ж праз колькі секунд ускочыў, чакаю, падломіцца нага ці не? He, быццам не падломваецца. Толькі баліць і ў боце ўжо хлюпае. Аўтамат тады я кінуў, без патронаў нашто ён мне. У мяне і так навешана: палявая сумка, дзве гранаты, адна супрацьтанкавая, кумулятыўная. Ці ведаеш ты, Саша, што такое кумулятыўная, у партызан жа, мабыць, такіх не было? A гэта даволі несуразная штуковіна. Па-першае, даволі цяжкая, па-другое, трэба каб яна ўдарыла аб браню сваім донцам, з якога толькі і можа тую браню праламіць. А каб граната так ударыла, у яе рукаятцы зроблены стабілізатар проста такая стужка мацерчатая.
A. А.: Яна выцягваецца?
В. Б.: Рукаятка аддзяляецца і стужка выцягваецца. Увогуле кідаць яе вельмі нязручна. 1 тармозіць яна сама сябе, ды яшчэ гэты палёт... Кідануў я гэтую гранату няўдала. Відаць, не дакінуў, і яна не ўзарвалася. Або я не трапіў, і цяпер не разумею, што атрымалася.
A. А.: Яна не ўзарвалася, калі не ўдарылася?
В. Б.: Магчыма. Але з танка мяне заўважылі, і ён рашуча павярнуў на мяне... Ну тое расказваць доўга, а так гэта секунды... I вось я закруціўся, бы вуж, на снезе і ледзьве паспеў выхапіць з-пад танка свае ногі, як той гусеніцай па полах майго шыняля і пайшоў далей. Здалося, я ўжо развітаўся з жыццём. Але гляджу, там, дзе танк, хтось ускоквае і шырока размахваецца гранатай, аж адлятае ўбок палявая сумка. 3 палявой сумкай у нас быў толькі ротны, лейтэнант Міргарад. Выбух, танк засмылеў і неўзабаве запалыхаў на снезе. Там усчалася страляніна, але гэта ўжо нашы забахалі, мабыць, па танкістах. А я з гэтага месца ўсяляк то бокам, то на каленях пачаў пад дымам прабірацца далей. I тут якраз побач надарыўся мне санінструктар нашае роты, аказваецца, ён бачыў, як мяне параніла.
Санінструктар і кажа: не трэба нам туды, за ўсімі, немцы якраз туды і цаляюць. Давай ў гэты бок, дзе кукуруза, там быццам лагчынка. I праўда, мы ўзялі ўбок, дзе тырчэла нейкае бадыллё, і выйшлі з-пад удару, які кіраваў на сцірту. Пасля патрапілі на нейкую дарожку. Там ён сцягнуў мой бот, перавязаў нагу. Рана была скразная, прабіла галёнку, як пасля аказалася, адшчапіла частку косці. Нага ад таго не падламілася, але боль быў страшэнны, я потым праваляўся ў шпіталі, значыцца, студзень, люты, сакавік амаль тры месяцы. Усё не зажывала...