Поўны збор твораў. Том 10. Кніга 1 Артыкулы, эсэ, прадмовы, інтэрв’ю, гутаркі, аўтабіяграфіі, выступленні (1957-1980) Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 10. Кніга 1

Артыкулы, эсэ, прадмовы, інтэрв’ю, гутаркі, аўтабіяграфіі, выступленні (1957-1980)
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 544с.
Мінск 2014
140.81 МБ
першы снарад з танка. I мне якраз у руку асколак. Такі вузкі і востры, засеў між фалангамі пальцаў, з рукі палілася кроў. (Пасля ў санчасці доктар спрабаваў выдзерці яго, ды тое не ўдалося, выдзіралі ў шпіталі.) Я ўзяўся перавязваць сябе і трохі страціў увагу да танкаў, якія, аднак, патроху рухаліся, куды хацелі. Стала патрэбным давярнуць гармату на танк, які нас абстраляў, і калі наводчык зрабіў тое, аказалася, што замінае недалёкі куст... Трэба было камусь яго ссекчы. А тое ўжо пад агнём і зусім без прыкрыцця. Каго паслаць? Наводчык крычыць, трэба прыняць рашэнне. I я прыняў... Тое, можа, дасюль на маім сумленні, але я паслаў таго, з кім у мяне нядаўна здарыўся канфлікт, прыкрая сутычка, калі я хацеў нават застрэліць яго. Бо на вуліцы, дзе ішлі немцы, ён дэмаскіраваў нашу гармату, стрэльнуў у немца. На шчасце, тады неяк абышлося, і цяпер я скамандаваў: Лазук (прозвішча зменена), ссячы куст! Хутка! Ён не адразу і не хутка пайшоў з сякерай і толькі ўзяўся лежачы секчы, як зноў выбухнула на гэты раз ля таго куста, наперадзе нашай гарматы. Салдат там і застаўся. Наступны снарад яны ўсадзілі пад самы ствол... Я дагэтуль блытаю, разумееш... Іх было двое, маладзенькіх, дужа падобных адзін на аднаго Сінцоў і Пронін, абодва малодшыя сяржанты, дык цяпер я блытаю хто з іх быў камандзірам гарматы, а хто наводчыкам. Наводчыка там жа забіла, а камандзіра параніла ў плячо і яшчэ некуды. Яшчэ зараджаючы ацалеў. Гармата перакулілася, завалілася ў варонку, а мы, усе параненыя, па канаве, за кусцікамі падаліся да нашага перадка, на якім ірванулі ў тыл, у санчасць. Там, помніцца, пераначавалі, а назаўтра на аўтамабілі нас адвезлі ў тылавы шпіталь у Сексардзе. Гарадок такі кіламетраў за 60 ад перадавой. Яго мы бралі месяц таму.
Шпіталь месціўся ў тутэйшым гатэлі ў цэнтры гарадка. Здаецца, двухці трохпавярховы будынак. Нумары, як і ўсюды ў гатэлях, маленькія, цесненькія. I набіта ў іх так, што ляжалі па два і па тры чалавекі на ложку. I ў салдацкіх, і ў афіцэрскіх палатах. На гэты раз маім напарнікам аказаўся камандзір стралковай роты, паранены ў твар. Пазіраў на свет ён толькі адным вокам, кармілі яго чайнай лыжачкай, не разнімаючы ягонага рота. Канешне, ужо тут было іншае шпітальнае жыццё, чым ва Украіне. Галоўнае, у мяне былі ногі, і я часта выходзіў у горад. А ў горадзе ішло цікавае жыццё. Увечары працаваў рэстаранчык, дзе вяртлявыя цыганскага выгляду гарсоны налівалі віно за грошы і так, пад абяцанне заплаціць заўтра. Усюды былі развешаны ружовыя абвесткі з
прапановай запісвацца ў Венгерскую кампартыю. За гарадской ускраінай у вінаградніках былі вінныя скляпы, каторыя, канешне ж, разрабавалі нашыя вызваліцелі, і адтуль у горад некалькі дзён цякло па канавах віно. Бы кроў. Мы хадзілі туды з бутлямі і каністрамі і прыносілі ў шпіталь пачастунак. Але на ўваходзе стаяў нампаліт, які адбіраў увесь унёсак, скіроўваў яго ў сталоўку. У сталоўцы выдавалі па шклянцы за абедам. Такая была смешная норма, якую мы ўсё ж мелі магчымасць перакрыць у шматкроць.
Добрае было жыццё ў шпіталі, але, як і ўсё добрае, хутка скончылася. Якраз пад новы год немцы прарвалі наш фронт, і іх танкавы авангард апынуўся на ўскраінах горада. Ноччу ўсіх нас паднялі, і хто мог хадзіць пехатой, за паўсотню кіламетраў на пераправу ў Баю.
A.	А.: Гэта студзень сорак пятага?
В. Б.: Так. Была завея, валіў снег. Я, яшчэ два лейтэнанты і шпітальная сястрычка Галя адмахалі за ноч тыя кіламетры, выйшлі на бераг Дуная, дзе месціўся гарадок Бая. Там была пераправа. Але на пераправу нас не пусцілі, заградатрад хацеў усіх заарыштаваць найперш за тое, што мы былі без зброі. Як дэзерціры ці тыя, што хочуць здацца ў палон. Але свой штатны «ТТ» пасля ранення я змушаны быў здаць у полк, a «вальтэр» у мяне адабралі ў шпіталі з аружыем не паложана. Ад заградатрада выбавіла нас Галя, мы пайшлі ніжэй па Дунаю і пераправіліся цераз яго па лёдзе, між шугі і палонак.
A. А.: Гэта не тая Галя, пра якую ты ў «Літаратурцы» пісаў? Як Новы год сустракалі?
В. Б.: He, гэтая не тая. Тая была параненая, медычка з фронту. А гэта шпітальная сястра, забыўся яе прозвішча. Перайшлі Дунай, пераначавалі ў нейкай хаце усе ўтраіх на адным ложку. Назаўтра дабрылі да новага шпіталя. Рана мая была лёгкая, там мне выцягнулі асколак, застаўся толькі невялічкі абломак, які ў мяне дагэтуль. Нашу ў руцэ як памяць.
A. А.: Ты чуеш яго?
В.	Б.: Закрануты нерв. Дагэтуль не магу гэтай рукой ні ўзяць што мацней, ні сціснуць.
A.	А.: Гэта правая рука?
В.	Б.: Так.
A.	A.: He можаш сціснуць нічога?
В.	Б.: Калі што не цвярдое магу. А ўжо тронак рыдлёўкі, якую жалязяку сціснуць мне трудна. У тым тылавым шпіталі ў Сегедзе я быў нядоўга, пад канец месяца выпісаўся. На спадарожных машынах скіраваў у аддзел
кадраў арміі, дзе атрымаў накіраванне на гэты раз вышэй, у армейскую супрацьтанкавую брыгаду (ІПТАБР). Там былі 76-міліметровыя гарматы, што мне здаваліся асілкамі пасля мае саракапяткі. Помню, ішлі ў Дунапатай, дзе фарміравалася брыгада, з двума лейтэнантамі Івановым і Рыжковым. Гэтыя па вайсковай адукацыі (яшчэ даваеннай) належалі да карпусной артылерыі і дужа бедавалі, што іх заслалі цяпер у супрацьтанкавую, дзе ствол доўгі, а жыццё кароткае. Але іх заслалі туды пасля штурмбата, дзе яны адбылі свой тэрмін, бо з’яўляліся акружэнцамі і праседзелі да вызвалення ў Адэсе. Яны, апанураныя, бедавалі, а я радаваўся, бо для мяне тое было падвышэннем. Я вырываўся з пакутніцы-пяхоты.
У лютым полк наш (ІПТАП) сваім ходам выехаў на фронт і заняў пазіцыі ззаду за пяхотай. To быў супрацьтанкавы абарончы раён (ПТОР) на напрамку верагоднага прарыву нямецкіх танкаў. Тут гэты полк дашчэнту разграмілі за адзін ранак. Амаль нічога не засталося, ні гармат, ні нашых цягачоў «студэбекераў».
A. А.: Зноў танкі? Адкуль у іх столькі танкаў?
В. Б.: А вось трэба пачытаць успаміны рэйхсміністра па ўзбраенні, былога галоўнага нямецкага архітэктара Альберта Шпеера. Ён там распавядае, як перабудаваў нямецкую вытворчасць на вайсковы лад. У тым ліку і на выпуск танкаў. I танкаў, і самалётаў, і ўсяго іншага ў іх хапала да канца вайны. Што ж да Венгрыі, дык немцы ўсю зіму грамілі там два ўкраінскія франты Маліноўскага і Талбухіна. Калатнеча была страшэнная, але яна засталася амаль невядомай для шырокай публікі. Толькі цяпер апублікаваныя мемуары нашых маршалаў, і вось нядаўна я прачытаў у Маліноўскага, што абстаноўка ў Венгрыі склалася тады катастрафічная. Немцы разграмілі некалькі нашых армій (асабліва дасталося 3-му Украінскаму фронту Талбухіна), выйшлі да Дуная.
Мяркуючы па ўсім, і Сталін не ведаў, як ратаваць фронт, і даў права Маліноўскаму і Талбухіну вырашыць, пакідаць фронт на правым беразе ці эвакуіраваць яго на левы бераг. А ведаеш, што такое эвакуіраваць фронт? Гэта ж маса войска, тэхнікі, зноў жа тылы. А пераправы былі ўсяго дзве пантонныя цераз Дунай. I Маліноўскі піша, што мы прынялі рашэнне эвакуіраваць, каб выратаваць фронт. Але ў тыя дні якраз пайшоў лёд па Дунаі, шуга, якія і знеслі абедзве наплаўныя пераправы. Такім чынам фронт павінны быў ратаваць сябе сам. Там шмат загінула, а мы ўратаваліся. 3 ранейшай маёй дывізіі мала каго засталося. Зараз наладжваюць сустрэчы
франтавікоў, і я кожны раз пытаюся, хто ёсць з 924-га палка? Некалькі тылавікоў, доктар з санчасці ды тыя, хто, як я, выбыў па раненні ў снежні.
I вось я ваюю ў артылерыйскім, супрацьтанкавым палку. Але тут аказваецца, што нашыя 76-міліметровыя гарматы супраць танкаў малаэфектыўныя.
A.	А.: Супраць «тыграў» ці звычайных?
В. Б.: He толькі супраць «тыграў». Увогуле тая гармата не супрацьтанкавая, проста яе выкарыстоўваюць у гэтай якасці. Бо іншых няма. Адлегласць прамога стрэлу ў яе малая, прабойная сіла снарада таксама. Прыцэльныя магчымасці кепскія горшыя, чым у саракапяткі. Наогул якасць зброі заўсёды наша самае злабадзённае пытанне. У шпіталі ці дзе ў зацішку мы болей за ўсё пра тое гаворым, якая гэта дрэнь нашы аўтаматы, кулямёты, гарматы ды і танкі. Але на палітзанятках пра гэта сказаць немагчыма, бо ва ўсіх газетах напісана, што наша зброя лепшая за нямецкую, што ў немцаў усё дрэнь ды эрзацы. I хлеб, і мыла, і кава. Ды яшчэ смярдзючы дуст, якім яны перасыпаюць усё ў бліндажах. Куды лепей, як мы, вошы смажыць у бочках. Часам нам чытаюць загады пра выпадкі, калі некаторыя афіцэры асуджаны вайсковым трыбуналам за пахвалу нямецкай зброі. Тым болей нямецкай тактыкі. Нашая тактыка таксама лепшая за нямецкую, чуем мы, і толькі некаторыя з нас прытым крыва ўсміхаюцца. Але маўчаць.
Тады мы займалі ПТОР (супрацьтанкавы абарончы раён). Гэта значыць, размяшчаемся на танканебяспечным напрамку, на прамой наводцы. Да пярэдняга краю, можа, кіла*метры два. Стаім, відаць, з тыдзень. Увогуле спакойна, хіба толькі даймае нямецкая авіяцыя. Але дзе яна не даймае? Цераз дарогу ад маіх гармат размяшчаюцца агнявыя пазіцыі майго сябра лейтэнанта Беражнога, які дужа любіць кніжкі, заўсёды нешта чытае. Я таксама люблю пачытаць. Неяк я ўзяў у яго «Сястру Керы» Драйзера, але прачытаць не паспеў, і ўвечары ён прыйшоў да мяне па кніжку. Я папрасіў адтэрміноўкі, і Беражны пайшоў на свае пазіцыі.
А ранкам я прачынаюся ў зямлянцы. Зямляначкі ў нас былі саплівенькія такія... Прачынаюся ад прадчування таго, што нешта здарылася. Спярша не магу зразумець, што? Роў стаіць, дым і агонь. Выскокваю з зямлянкі і зноў не магу зразумець нічога. Нічога не відаць, дым есць вочы. Зверху нешта абрушваецца, падае, вые. Быццам сірэны. Аказваецца, пікіруюць «месершміты». А ў нас на агнявой была скрынка ракет звычайных для ракетніц, на выпадак начной стральбы.
A. A.: I яны падпалілі?
B.	Б.: Самалёты абстралялі i падпалілі ракеты. Тыя гараць і ўзрываюцца. Асколкаў няма, але... Ракеты там асвятляльныя, каляровыя, букетныя, усё гэта гарыць, пыхае, ірвецца, і роў гэты абрынаецца зверху. Адзін самалёт адыдзе, за ім другі, і з кулямётаў лупяць. Я ўжо не памятаю, ці яны адляцелі, ці пікіравалі, але мы пачалі тушыць пажар. I вось тады да нашага слыху данеслася, што насоўваецца і горшае. Зямля хадуном захадзіла, дрыжыць і, канешне, знаёмы гул. Калі ветрам трохі аднесла дым ад гарэлых ракет, зірнуў я на дарогу, што была збоч. А трэба сказаць: полк размяшчаўся так: дзве батарэі з гэтага боку, тры з таго. Тое называецца асядлаць дарогу. Дык вось па той бок дарогі за пасадкай прэ натоўп танкаў.