Поўны збор твораў. Том 10. Кніга 1 Артыкулы, эсэ, прадмовы, інтэрв’ю, гутаркі, аўтабіяграфіі, выступленні (1957-1980) Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 10. Кніга 1

Артыкулы, эсэ, прадмовы, інтэрв’ю, гутаркі, аўтабіяграфіі, выступленні (1957-1980)
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 544с.
Мінск 2014
140.81 МБ
Тады ж у нейкім аўстрыйскім гарадку я спаткаў правобраз сваёй будучай Джуліі. У гарадку тым, як, зрэшты, і ў шмат якіх аўстрыйскіх гарадках, было шмат прыгнаных з усходу (ды і з захаду таксама) рабочых, што працавалі на аўстрыйскіх вайсковых заводах. Жылі яны ў вялізных даўгіх бараках, а як горад займала Чырвоная Армія, разбрыдаліся хто куды. Вядома ж, кіруючы найперш на радзіму, калі тое было магчыма. Неяк
мы сталі калонай машын з гарматамі на гарадской вуліцы, чакалі, пакуль начальства наперадзе штось вырашыць. I тады ля машын паявілася спрытненькая чорнавалосая дзяўчынка ў паласатым убранні, якая нешта пыталася ў салдат, што сядзелі ў кузавах. Аказваецца, пыталася нейкага Івана. Канешне, амаль з кожнага кузава ёй адгукаўся які-небудзь Іван, але дзяўчына ківала галавой не. Так яна абышла калону, не знайшоўшы таго, хто быў ёй патрэбны. Тады я падышоў да яе і папытаўся, каго яна шукае. На кангламераце немецка-руска-італьянскіх слоў яна распавяла, што яе імя Джулія, яна італьянка і шукае рускага палоннага Івана, з якім летась разам уцякала з канцлагера. У гарах іх схапіла паліцыя, яе зноў кінулі ў канцлагер, а што сталася з Іванам, яна не ведае. Цяпер яна мае надзею знайсці яго сярод чырвонаармейцаў. Канешне, то была марная надзея. Але невялічкая тая гісторыя запомнілася мне, каб гадоў пра 20 зрабіцца «Альпійскай баладай».
А ў другім месцы, заняўшы агнявыя пазіцыі на гарадской ускраіне, мы пастукаліся ў дзверы бліжняга катэджа. Нам адчынілі адразу, на парозе стаяла маладая дзяўчына ў белым фартушку, якая спытала па-руску, што нам трэба? Тое нас дужа здзівіла, і мы ў сваю чаргу спыталі яе, ці яна руская? Так, быў адказ, яна руская. Але тут жыве гаспадзін прафесар, ён стары і просіць яго не турбаваць. Але хто такая яна і чаму тут? А яна з Днепрапятроўска і служыць ў гаспадзіна прафесара, які зусім цывільны чалавек і вельмі добра адносіцца да яе. Тое нас здзівіла яшчэ болей: гэтая зямлячка абараняе немца? I падобна, не збіраецца пускаць нас у гэты заможны катэдж. Тое ўжо абурала. Нехта з нас падвысіў голас, нехта схапіўся за пісталет. Тады мой сябра, таксама ўзводны Валька Бахцігозін рашуча мовіў: стойце, адставіць! Пайшлі назад... Мы пайшлі адтуль, знайшлі іншае прыстанішча, дзе нас ніхто не спыняў. He запрашаў, але і не спыняў. Пасля я папытаўся ў Валькі, чаму ён стаў у абарону тае землячкі, і Валька сказаў, што ў Еўропе трэба паводзіць сябе цывілізаванымі людзьмі, а не хцівымі азіятамі. Тое мне запомнілася. Як і сам Валька, самы малады з нашых узводных, далёкі нашчадак польскіх ссыльных у Сібіры, родам з горада Ачынска, адзіны сын у матулі, якая ці не кожны дзень слала яму на фронт пранумараваныя лісты і прасіла яго рабіць таксама яна працавала бухгалтаркай. Валя так не рабіў, хоць меў добрую натуру і любіў сваю маму. Начальства не любіла надта маладога і нейкага не характэрнага для ўзводных хлопца. А я любіў Валю. Пасля вайны з усіх нашых ветэранаў я найбольш хацеў адшукаць Валю Бахцігозіна, ды марна: малодшы лейтэнант Бахцігозін прапаў без следу.
Быў ужо май, цвіў бэз. Стаялі каля невялічкага горнага гарадка ці, можа, пасёлачка, праз які праходзіла асфальтаваная шаша. Пазіцыі займалі за лесапільняй, месца было зацішнае. Немцы з-за пасёлка зрэдчасу пастрэльвалі з мінамётаў, разбіваючы апошнія ўцалелыя дамоўкі. Я на лесапільні раздабыў веласіпед і вучыўся ездзіць на ім у дзяцінстве ж не давялося. Аднойчы разагнаўся з горкі і на павароце нечакана збіў нашага смершаўца. Абодва паляцелі на асфальт, я разадраў капітану штаны. Падняўшыся, ён пачаў бэсціць мяне і напомніў пра мае размовы пад агнём на полі, якія ён не забыўся. Я тады нават струхнуў, бо думаў, што капітан усё ж забыўся на іх. Але неяк абышлося. Капітана хутка перавялі некуды, на яго месца прыехаў іншы на гэты раз з танкавых войск. Хаця эмблемы яны насілі на выбар. Якія ім падабаліся.
Так настала сёмае мая. Мы ўсё ў тым пасёлку, пяхота таксама на ягонай заходняй ускраіне. Амерыканцы яшчэ далёка. I вось уначы нашыя радысты дачуліся, што заўтра падпісанне капітуляцыі Германіі. А мы атрымліваем загад: у 19.00 атака на нямецкія пазіцыі. Падрыхтавацца да атакі. Загадана ставіць гарматы на прамую наводку, суправаджаць пяхоту агнём і коламі. Ну, мы найперш напісалі лісты дадому, маўляў ідзём у апошні бой. Калі што, дык...
A.	А.: Ну, і які стан у гэты момант?
В.	Б.: Болей чым паршывы.
A. А.: Мабыць, думаеце: ну, на храна гэтая атака?
В. Б.: Бо ўжо пераналадзіліся на мір, ужо паявілася надзея, што выжылі. А тут... Праўда, яшчэ прамарудзілі з гадзіну, a тады пасля кароткага артналёту паднялася пяхота. Але немцы не страляюць, во дзіва! Калі яна дабрыла да варожых траншэй, тыя аказаліся пустыя. Немцы змыліся. I нам загадалі чапляць за машыны гарматы і даганяць немцаў. Але без пяхоты. Калі што, самім быць за пяхоту. I за артылерыю таксама. Што ж, мы паехалі. Ехалі ўсю ноч і ранак. Немцаў дагналі. Далей усе дарогі былі запруджаны нямецкімі калонамі...
A.	А.: Якімі? Палоннымі ўжо?
В.	Б.: Ды не палоннымі нямецкімі часцямі. Пяхота, артылерыя усе кіруюць на захад, здавацца амерыканцам. Нам яны здавацца не хочуць. А мы і не бярэм. Мы атрымалі новую задачу як мага хутчэй злучыцца з саюзнікамі. А гэтых мы проста мінаем.
A.	А.: Дарогу саступаюць вам?
В.	Б.: Пяхота саступае, ідзе па ўзбочынах. А танкі дзенебудзь спыняюцца і з засады робяць колькі апошніх стрэлаў.
A. A.: A пяхота саступае i вы не чапаеце яе? I яна вітае вас?
В. Б.: Некаторыя мовяць: Гітлер капут, і ўскідваюць рукі. У каторых на руках гадзіннікі, нашыя іх знімаюць. Гадзіннікі самы папулярны трафей. Некаторых раззбройваем. Я там разжыўся новенькім пісталетам і афіцэрскім плашчом...
A. А.: Так. Ну, а якая сустрэча была з амерыканцамі?
В. Б.: Дамчалі да ракі Энс, у цэнтральнай Аўстрыі. Гэта быў мой апошні рубеж той вайны. За ракой амерыканцы. Пакідалі на лужку абы-як пастаўленыя машыны, пачалі «сустрэчу». Нас на той бок не пускалі, затое амерыканцы свабодна прыйшлі на гэты бок. Некаторыя з амерыканцаў мелі славянскае паходжанне (пераважна з палякаў), а ў нас былі хлопцы з Заходняй Беларусі, якія разумелі па-польску, такім чынам устанавіліся зносіны. Яны нам дарылі свае гадзіннікі, запальнічкі, розную драбязу на памяць. Мы ім што маглі падарыць зорку з пілоткі. Але знайшлося віно, і мы добра ўпіліся разам пераможцы розных армій і нацыянальнасцяў. I ўсе паснулі проста ў кузавах нашых «студэбекераў». Начальства некуды знікла, можа, да іншага начальства, у кожнага знайшлася свая кампанія. Уначы я прачнуўся і пабрыў у горад. Маленькі такі гарадок, але спрытны, як і ўсе іхнія гарады. I не разбураны, цэлы.
Бачу ў адным месцы святло з фараў, і нашыя хлопцы штось робяць. Аказваецца, тут харчовы склад гэтага горада. Хлопцы, прынеслі супрацьтанкавую гранату і бабахнулі ёй па замку, дзверы і праваліліся. А там процьма скрынак, мяхоў спіртное, кансервы, мука, шакалад... Пачалі выгрузку. Я таксама збегаў да сваіх, прыгнаў «студэбекер». I мы нагрузіліся. Але не абдзялялі і аўстрыйцаў, якія прыйшлі да пераможцаў.
A. А.: Жыхары?
В. Б.: Так. Аўстрыякі жылі галаднавата, харч быў па картках. Падышоў адзін дзядуля з місачкай, просіць дазволу набраць мукі. Кажу, што табе місачка бяры мех. Кажа цяжка. Але падстаўляе згорбленую спіну, салдаты навальваюць яму мех мукі, пайшоў дзед, хістаючыся. Мы былі добрыя. Чужога дабра не шкадавалі... Можа, і добра рабілі, то была наша ноч, ноч пераможцаў. Наступны за ёй дзень ужо належаў не нам.
Удзень з’явілася вялікае начальства, усіх чужынцаў выгналі з гэтага берага на той, на мосце паставілі трайную варту. Нікога ні туды, ні адтуль. А мы толькі марылі пачаставаць нарабаваным нашых саюзнікаў. He ўдалося. Полк хутка адвялі ў тыл, пад горад Леабэн, дзе ў лесе найперш загадалі здаць усё здабытае тою ноччу. Калі не дачакаліся добраахвотнай здачы,
начальства пайшло само і выгрузіла з аўтамабіляў нашыя запасы бутэлькі, сыр, шакалад. Сказалі, будзеце атрымліваць у парадку харчавання. Нічога не атрымалі. Тыя скрынкі паехалі ў тыл. А нас праз пару дзён пастроілі на лужку з нагоды Перамогі. Палічылі, хто самы старэйшы (не па ўзросту, а па часу прабывання ў палку), хто найболей заслужаны (лічы узнагароджаны). Даўжэй за ўсіх праслужыў у палку начфін, а самы ўзнагароджаны камандзір маёй гарматы старшына Лук’янчанка. Але заслужана ўзнагароджаны гэты немалады ўжо сялянскі сын аднекуль з Кубані. Камандзіры батарэй узнагароджаны не надта, узводныя яшчэ меней. Ордэн Чырвонай Зоркі звычайная наша ўзнагарода за вайну. У мяне таксама. А Вальку Бахцігозіна так і не узнагародзілі нічым. Раней усё казалі малады, паспее яшчэ. А тут і вайна скончылася.
Праз дзень-другі новы загад: падрыхтавацца да маршу. Куды? Кажуць, быццам аж у Сафію. Праз Венгрыю, ІОгаславію, Румынію. Па слядах нядаўніх баёў. Выцягнулі на дарозе калону, але перад тым, як рушыць, начальства пайшло трэсці машыны. Камбрыг сказаў: я вас, барахольшчыкаў, цераз Еўропу не павязу. Зноў загад: здаць усё майно, прадукты, нічога, апроч боепрыпасаў, у кузавах не павінна быць. Пачалі адбіраць. Пажылыя ветэраны, што праваявалі ўсю вайну у каго панішчана ўсё на радзіме, голыя дзеці і галодныя жонкі, ледзьве не плачучы, прасілі: ну, дазвольце хоць гэтыя гамашы адвесці. Ну, хоць гэтыя падэшвы на боты. Нічога не дазвалялася. Тады з машын пачалі кідаць усё у раку, што цякла побач з дарогай, і на яе хвалях паплылі ўсялякія шмоткі, акардэоны, гітары, скрынкі з правізіяй, a то і бутэлькі. Хай прападзе, але не здамо. Хаця хапіла і здадзенага. Толькі начальнік палітаддзела ўжо з Балгарыі адправіў тры «студэбекеры» ў Адэсу, дзе жыла яго сям’я. He адсталі ад яго і іншыя начальнікі, у тым ліку і новы началыіік аддзела контрразведкі СМЕРШ.
Па наплаўным мосце цераз прыгажун Дунай пераехалі ў сонечную Балгарыю, дзе нам суджана было пражыць год. Балгары спатыкалі нас, бы родных, бы вызваліцеляў, якіх вечна любілі. Варта было сысці з машыны, як цябе тут жа абкружалі сяляне: братушкі, братушкі, добра дошлі! Тут жа паяўлялася чарка або кварта, пілі за Расею, за Балгарыю, за вечную дружбу. Здавалася, той дружбе не скончыцца век. (Як я праз 20 год зноў прыехаў у Сафію, пачуў ад балгараў такі анекдот: да дзеда Тодара ў вінаграднік прыбягаюць дзеці, радасна кажуць: дзед Тодар, дзед Тодар, рускія на месяц паляцелі! Дзед выпрастаўся.