Поўны збор твораў. Том 10. Кніга 1 Артыкулы, эсэ, прадмовы, інтэрв’ю, гутаркі, аўтабіяграфіі, выступленні (1957-1980) Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 10. Кніга 1

Артыкулы, эсэ, прадмовы, інтэрв’ю, гутаркі, аўтабіяграфіі, выступленні (1957-1980)
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 544с.
Мінск 2014
140.81 МБ
Што усе? Слава табе, Гасподзь!) Дваццаці гадоў хапіла, каб ад векавой дружбы нічога не засталося. Апроч хіба абдымкаў Брэжнева з Жыўкавым.
Пачалося нуднае, рэгулярнае гарнізоннае жыццё ў вайсковым гарадку на Плоўдзіўскай шашы ў Сафіі. Як звычайна пад’ём, зарадка, развод на заняткі, гарнізонная служба, нарады. У горад да восені нікога не пускалі, усе салдаты і афіцэры, маладыя і старыя таміліся на спякоце за калючым дротам вайсковага гарадка. Бальшыня афіцэраў, асабліва маладых, пасля вайны служыць не хацела, хацела дадому, дзе заставаліся родныя, якіх не бачылі ўсю вайну. Уся наша радасць было купіць пару бутэлек вермуту, што з таго боку прыносілі да дроту і выпіць. Таму пілі і афіцэры, і салдаты. Да восені нікога не дэмабілізоўвалі, таму ўсе разам маладыя, 18-гадовыя і старыя да 50 год вучылі вайсковыя статуты, будову матчасці і палітыку на рэгулярных палітзанятках. Спярша нашыя адносіны да англа-амерыканскіх саюзнікаў былі лаяльныя, усё ж мы памяталі, хто нам памагаў у вайну, чыю мы елі тушонку, на чыіх аўтамабілях ездзілі. Але затым раптам, бы па камандзе (канешне, па камандзе, як у нас усё робіцца), тыя адносіны змяніліся, і мы пачулі ад нашых палітрукоў-выхавацеляў, што найпершыя цяпер нашыя ворагі гэта Амерыка з Англіяй. Таму трэба пільнасць і пільнасць! He паддавацца на правакацыі і захоўваць боегатоўнасць.
Увосень салдат некалькіх ўзростаў (да 1924 года нараджэння ўключна) дэмабілізавалі, афіцэраў пакінулі. Я напісаў некалькі рапартаў аб дэмабілізацыі, ніводнаму з іх не далі хады. Служы, прафесія афіцэра ў нас прэстыжная, быў адказ. Я не хацеў служыць нават у благаславеннай краіне Балгарыі, я хацеў дамоў, у бедную маю Беларусь, хацеў вучыцца. У партыю на фронце я не ўступіў, хапіла з мяне камсамола, які мне нямала дапёк. Ці не заўсёды я быў камсоргам батарэі, дзе клопату было не шмат, але цеганіна даволі апрыкрая. Найперш сходы, паперы, баявыя лісткі... А галоўнае на кожны тыдзень, месяц, квартал планы мерапрыемстваў, дзеля блізіру, бо ніхто іх выконваць і не збіраўся. Але за тым сачыў камсорг палка, у якога іншых абавязкаў і не было. Надакучыў мне камсамол. Але неяк паклікаў нампаліт камандзіра палка, кажа: Быкаў, a калі мы выберам цябе камсоргам палка? Пасада вызваленая, пойдзеш на самастойную работу, на заняткі хадзіць не трэба. Ты афіцэр граматны, вучылішча скончыў, думаю, справішся... Камсамол мне абрыдзеў, але і заняткі штодзень у спёку і непагадзь таксама не мёд, і я пагадзіўся. На чарговым сходзе
быў аднагалосна абраны камсоргам. Яшчэ праз нейкі час той жа на.мпаліт кажа: камсорг палка павінны быць членам партыі, таму трэба табе ўступіць. Я дам рэкамендацыю. Тое ўжо было горш, я ведаў, што членства ў партыі гэта рабства душы, што я ўжо перастану належаць сабе, а галоўнае тады бывай дэмабілізацыя і ўсе мае мары. Але жыццё ці лёс распарадзіліся інакш. He паводле нампаліта маёра Цквітарыя, ні паводле майго жадання.
Увосень нас пачалі пускаць у горад у вольны ад службы час афіцэры, бы застаялыя ў загарадках коні, рынуліся на гарадскую волю. У слаўную, стаўшую ўжо мілай нашаму сэрцу Сафію. На плошчы Народнага сходу, якраз насупроць помніка цару вызваліцелю ўлады, зрабілі Дом афіцэраў, вядома ж, з рэстаранам, у якім можна было найперш выпіць і закусіць. Канешне, такі выпадак грэх было ўпусціць, і мы яго не ўпускалі. Абы былі грошы. 3 грашыма часам здаралася напруга. Заробак ўзводнага быў невялікі, да таго ж шмат у каго былі адасланыя грашовыя атэстаты родным і блізкім. Я таксама паслаў атэстат сваім на 600 рублёў, прыкладна столькі ж атрымліваў на рукі. Аднойчы, памятаю, у суботу добра выпілі ў рэстаране (кампанія чалавек шэсць), але не хапіла. I віна, і грошай. Тады Лёшка Рыжкоў і кажа: Быкаў, ты ж, здаецца, збіраў камсамольскія ўзносы, дзе яны? У сейфе, кажу. Дык што ж яны ляжаць у сейфе, марнуюцца. Грошы павінны працаваць. Давай, а ў панядзелак палучка, усё вернем. Эх, Лёшка, які ты разумны, мабыць, падумаў тады не адзін я. Паехаў, забраў з сейфа, што там было, і слаўна мы дагулялі той дзень у рэстаране насупроць цара-вызваліцеля.
Здарылася, аднак, што ў панядзелак палучка не адбылася начфіну не далі грошы. Тое было горш, але я маўчаў. Трошкі здзівіўся, праўда, калі пасля заняткаў мяне паклікаў і не абыхто, а сам начальнік палітаддзела брыгады, які наўрад ці калі мяне і бачыў. Зрэшты, як і я яго. Размова пачалася ветліва: ну, як працуецца, якія планы? А пасля, нібы між іншым узносы сабраў? Сабраў, кажу. I што здаў іх у фінаддзел? He, яшчэ не, сказаў я, і ўнутры ў мяне нешта апала. А дзе яны, грошы? пытаецца палкоўнік. У сейфе, кажу. Ану прынясіце... Я ўстаў і сеў. Усё было зразумела. Хтось стукнуў, і я прапаў. Ну, не зусім, але халяўская мая паліткар’ера ляснулася ў самым пачатку. Праз два дні вярнуўся на батарэю, і мой франтавы камбат Ахрын пакпіў: ну што, не выйшаў з цябе палітрук! Я ж гаварыў... А мой нампаліт маёр Цквітарыя сказаў, што пасля такога ўчынку мне не месца не толькі ў партыі, але і
ў камсамоле. Я са злосці напіўся і, вярнуўшыся з рэстарана, кінуў ў грубку свой камсамольскі білет. (3 таго часу і на ўсё жыццё беспартыйны.) А назаўтра раніцай напісаў новы рапарт аб дэмабілізацыі.
A. А.: Слухай, вось я не вельмі ўяўляю цябе лейтэнантам. Ты ж, відаць, не быў замухрышкам напэўна, такім порсткім хлопцам.
В. Б.: Ну, якім порсткім...
A. А.: Ну, трохі фарсіў сваім шынялём?
В. Б.: А, ты пра той мой шынелак? Мабыць, чуў ад каго, я расказваў?.. Увогуле шынель быў салдацкі, без гузікаў, на апліках.
A. А.: Салдацкі... Ну а партупея?
В. Б.: Партупею недзе дастаў. На вайне ж не давалі.
A. А.: Два пісталеты, абодва пры боку?
В. Б.: На перадавой, канешне. ТТ справа ззаду, як і належала, а «вальтэр» спераду злева, як у немцаў.
A. A.: А ці страляў ты з тых пісталетаў?
В. Б.: He, не было выпадку. Гэта калі я быў камандзір узвода аўтаматчыкаў, тады з аўтамата ППШ страляў шмат, канешне. Неяк адбіваліся ў траншэі ад немцаў, дык расстраляў усе дыскі і яшчэ з нямецкага аўтамата страляў. Гэтак прыпякло.
A. A.: А боты ў цябе якія былі?
В. Б.: Кірзовыя, звычайныя.
A. А.: Так што ты быў замухрышка такі?
В.Б.: Тыповы камандзір узвода. Дужа малады. Дваццацігадовы. Але ж і салдаты былі маладыя. У арміі наогул ваявала моладзь. Тыя, каторыя вярнуліся з вайны, тры працэнты. Астатнія у зямлі.
A. А.: Дык што ты той шынель і насіў увесь час?
В. Б.: Шынель у арміі даваўся, здаецца, на два гады. Калі ты яго згубіш, ніхто табе новы не дасць. У мяне пад канец вайны сапрэла гімнасцёрка, неяк пачаў здзяваць і адарваўся каўнер.
A. А.: Гімнасцёрка суконная?
В. Б.: He, звычайная, хабэ. Выдалі з падменнага фонду, чыстая, памытая, але не новая. А галоўнае з лапіклам ззаду на левай лапатцы...
A. А.: Прастрэленая?
В. Б.: Ну пэўне ж, знятая з забітага. А шарсцяное... Пад канец вайны атрымаў амерыканскае шарсцяное абмундзіраванне і, канешне, бярог яго хутка ж канец вайны. Ляжала ў мяне ў рэчмяшку на «студэбекеры». А як прарываліся ў Венгрыі, той «студар» (гэта на салдацкім слэнгу) згарэў, салдаты паспелі
выхапіць толькі мой падгарэлы шынелак. А ў рэчмяшку разам згарэлі і мае малюнкі ў альбоме. Маляваў жа... I во ў такім шынялі з падпалінамі прыехаў у Сафію. Улетку нічога, але ж пачалася восень, насталі халады. Ведаеш, мабыць, Арлоў мост у Сафіі? Неяк стаю на ім у сваёй гімнасцёрцы, чакаю аўтобус на Плоўдзіўскую шашу. А ўжо зімна, падае рэдкі сняжок. Побач ідуць балгары, чую, гамоняць: братушка сібірак, сібірак... Я ўвесь азяблы, а яны думаюць, што загартаваны, мне цёпла, бо сібірак. Пасля купіў шынель у аднаго балгарскага генерала. Балгарскую ж армію разагналі, афіцэраў звольнілі. А форма ў іх была такая, як у Расеі царская, толькі з шасцю гузікамі падобная на нашу. Шынелак быў харошы, хіба з адным немалым недахопам чырвонай падкладкай.
A. А.: Ты насіў яго?
В. Б.: He давялося. Відаць, нешчаслівы лёс меў.
A. А.: Хто ты ці шынелак?
В. Б.: Мабыць, абодва...
A. А.: Гэта чаму?
В. Б.: Першы раз надзеў я той шынелак у выхадны, калі мы з сябрам і ягонай сяброўкай зрабілі паход на Віташу. Усё лета пазіралі на гэты цудоўную гару паблізу Сафіі, а ўзлезці на яе не даводзілася. Толькі дабраліся да яе зімой, па снезе. А там, добра стаміўшыся, заначавалі ў паляўнічай хіжыне. Мой сябра старшы лейтэнант Валодзя з сяброўкай засталіся, а я павінны быў паспець на развод. Таму на світанні мусіў рушыць з гары. На шашы спяшаюся, але адчуваю, што спазнюся, і тут якраз «віліс» і ў ім камандзір брыгады. Ну спыніўся садзіцеся! Сеў, едзем. Пад’ехалі да прахадной, я хацеў неяк сашмыгнуць, каб паспець у свой строй, бо на плацы ўжо пастроена брыгада, чакаюць камбрыга. Але той мне пастойце! I вядзе мяне на плац. Ну а там, як звычайна, дзяжурны камандуе строю смірна, аддае камбрыгу рапарт. А я стаю побач і ўжо адчуваю, што зараз будзе штосьці дурное. Так і здарылася. Падаўшы каманду вольна, камбрыг гучна так гаворыць дзяжурнаму: ну, а цяпер адрапартуйце во гэтаму гаспадзіну генералу! Яму, ці бачыце, не да спадобы савецкая форма, дык ён абрадзіўся ў балгарскую. J паднімае маю палу на чырвонай падкладцы. Во палюбуйцеся, «как попугай»!..
A. A.: А строй як? Рагатаў?
В. Б.: Пасміхаўся, канешне. Але не надта. Камбрыг быў у нас чалавек новы, прыехаў з акадэміі і дужа энергічна змагаўся за «парадак», ад якога мы за вайну адвыклі. Ну вось я і падвярнуўся яму пад руку. А камандзір палка палкоўнік
Парамонаў тады мне сказаў: каб я цябе болей у гэтым шынялі не бачыў. Ну што мне было рабіць? Прадаў я гэты шынелак нашаму ўзводнаму лейтэнанту Крывавязу, які з яго пашыў сабе кіцель і брыджы.
A. A.: Ну а ты так і застаўся без шыняля?
В. Б.: Мне выдалі зноў нейкі падменны, англійскі добры шынелак, але кароткі. Давялося падшываць унізе... Але з тым і Крывавязу не пашэнціла. Увогуле ён быў хлопец задзірысты і аднойчы, выпіўшы, пабіўся з маёрам, начальнікам сяржанцкай школы, які быў таксама на добрым падпітку. Лейтэнант быў маладзейшы і, мабыць, перамог у бойцы. Маёру стала крыўдна. I ўжо ноччу ён пайшоў у інтэрнат, дзе жыў Крывавяз, каб прадоўжыць бойку. Але той спаў, маёр яго не дабудзіўся. Затое тут жа на тумбачцы было складзена ягоная абмундзіроўка з таго шыняля. Тады маёр узяў са стала чарніліцу і добра паліў чарнілам і кіцель, і брыджы. Гэта цяпер проста здаў у хімчыстку і вычысцяць, а тады... Чым толькі не цёр яе Крывавяз і мылам, і бензінам нічога не памагло. Так і прапала абмундзіроўка з шыкоўнага генеральскага шыняля.