Поўны збор твораў. Том 10. Кніга 1 Артыкулы, эсэ, прадмовы, інтэрв’ю, гутаркі, аўтабіяграфіі, выступленні (1957-1980) Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 10. Кніга 1

Артыкулы, эсэ, прадмовы, інтэрв’ю, гутаркі, аўтабіяграфіі, выступленні (1957-1980)
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 544с.
Мінск 2014
140.81 МБ
A. А.: Сапраўды, не на карысць пайшоў шынелак. Ну, а наконт сяброўства? Былі ж у цябе сябры?
В. Б.: Сябраваў з многімі, былі адпаведныя майму статусу кампаніі. Займеў у іх пэўную рэпутацыю, асабліва пасля здарэння з камсамольскімі ўзносамі. Гэта начальства за тое на мяне ўз’елася, а сябры зусім не. Неяк зблізіўся з лейтэнантам Дзібнерам, які служыў у штабе. Той быў родам з Ленінграда, у якім жыве і дагэтуль. (Мы зрэдку перапісваемся, перазвоньваемся. Ён цяпер доктар геалагічных навук, спецыяліст па геалогіі Арктыкі.) Тады мы зрэдчасу хадзілі разам у горад, Віталь любіў выпіць шклянку віна, а галоўнае шмат расказваў пра свой Ленінград, які я ніколі не бачыў. Ён быў старэйшы за мяне, да вайны скончыў універсітэт і быў дужа адукаваны, што мне вельмі імпанавала. А другі мой сябра быў хлопец іншага складу. He буду называць яго прозвішча, але гэта таксама быў наш узводны, старшы лейтэнант, якога я клікаў Валодзя. Родам ён быў з Уладзівастока, хаця не надта распавядаў пра свой горад. Ён быў захоплены іншым горадам Соф’яй, як яго называлі балгары. I аднойчы захапіўся дзяўчынай, балгаркай. Канешне, на сваю бяду... Чаму на бяду? Справа ў тым, што тады ўсе і ўсялякія нашы кантакты з іншаземцамі не толькі не дазваляліся, а жорстка спыняліся. Нельга было і небяспечна пасябраваць з балгарынам, калі выпіць з ім ці нават некалькі разоў запар сустрэцца. Каб тое
не рабілася вядомым нашаму міламу СМЕРШу, які за мяжой шчыраваў з падвоеным імпэтам. Валодзя не толькі пасябраваў, ён закахаўся ў студэнтачку Веру, дачку нейкага высокага балгарскага ўрадоўца, члена ЦК балгарскай кампартыі. Валодзя меркаваў, што тая акалічнасць членства яе бацькі ў ЦК яму штосьці дазволіць. Аказалася, нічога не дазволіла.
Амаль увесь вольны час, якога, зрэшты, было няшмат, мы бавілі ў горадзе, мілай нашай Сафіі. Там былі мастацкія музеі, дзе я з цікавасцю разглядаў некаторыя творы буржуазнага «салоннага» жывапісу, першы раз пабываў у оперы, вядома ж, на расейскіх спектаклях («Яўгеній Анегін», «Князь Ігар»). Балгары тады і пасля ставілі найболей расійскія творы. Неяк у вулічным натоўпе з цікавасцю назіраў, як адмыслова прывезеныя для таго з Расеі экскаватары і бульдозеры бурылі каменную агароджу царскага палаца ў цэнтры Сафіі. Які энтузіязм панаваў тады сярод люду прагналі царакрывапіўцу! (Каб праз паўстагоддзя з не меншым энтузіязмам вітаць ягонае вяртанне.) Палітычны клімат у краіне ўсё болей вызначалі камуністы мясцовыя з падтрымкай і пад кіраўніцтвам прыезджых дарадцаў. Неўзабаве пачалі выкрываць ворагаў балгарскага народа, здраднікаў кшталтам Васіла Каларава, якіх патрабавалі расстраляць. Што і было зроблена. (Як не зрабіць, калі народ просіць.) На такім палітычным фоне пачалося і доўжылася Валодзева каханне: бацька ягонай каханкі, здаецца, трапіў у апалу. Валодзя пачаў таіцца, усяляк хаваць свае сустрэчы з Верай. На вуліцы тое было складана, на кватэры ў яе бацькоў немагчыма. У гарнізоне за ім, вядома ж, было наладжана сачэнне, СМЕРШ сачыў за яго кожным крокам. Некалькі разоў яго выклікалі і папярэджвалі. У парткаме пагражалі выключыць з партыі. Валодзя не хацеў быць выключаным, бо тады б яго адразу выслалі на радзіму, ён хацеў быць з Верай. У такі час ён даверыўся мне і прасіў памагчы. Гэта мы з ім хадзілі ў той выхадны на Віташу дзе ён астаўся начаваць. Чамусьці той факт яму трэба было ўтаіць, і ён папярэдзіў мяне, каб я сказаў (калі паклічуць), што мы ўвечары разам вярнуліся ў горад, і я ўвесь час быў з імі. Розныя запіскі Веры, яе фотаздымкі ён хаваў спярша пад верхняй дошкай нашага стала ў інтэрнаце, пасля, як згледзеў, што іх там хтось апароў, перадаў мне. Я насіў іх у сваёй палявой сумцы на заняткі, у поле, артпарк. Але аднойчы не знайшоў іх там скралі, калі я абедаў у сталоўцы. Мяне паклікалі ў аддзел контрразведкі і пыталіся пра Валодзю. I пра тое, што было ў яго тых паперах. Я сказаў, што чужых папер не чытаю.
А калі б там былі шпіёнскія звесткі? спыталіся ў мяне, і вас залічылі ў шпіёнскія сувязнікі? Што я мог ім сказаць? Там былі лісты пра каханне, я ведаў гэта, хоць і не чытаў іх.
Валодзю арыштавалі, паклікаўшы ў палітаддзел. Ідучы туды, ён прадчуваў, мабыць, і толькі шапнуў мне: у шэсць нуль-нуль схадзіць на Арлоў мост і перадаць Веры, каб не чакала яго. Што я і зрабіў. Пра лёс Веры нічога не дазнаўся, бо хутка расфарміравалі брыгаду, і нас раскідалі па розных месцах Балгарыі. Адрасу яе я не ведаў. (Вось яшчэ адзін нерэалізаваны «негатыўны» сюжэт з маёй літаратурнай біяграфіі.)
Нядоўгі час пасля я правёў у стралковай дывізіі пад Бургасам, але і тую расфарміравалі, вывеўшы на станцыю Кодыма Адэскай вобласці. Са станцыі Унгены мы ішлі пешым маршам якраз па тых месцах, дзе два гады таму ваявалі. У тое лета на Поўдні панавала страшэнная засуха і яе звыклы спадарожнік голад. Малдаўскія сёлы стаялі паніклыя, без людзей, людзі сышлі на поўнач Украіну, Чарніўцы. Забег я ў сяльцо пад вышынёй, куды хадзілі ўначы і дзе нас ледзьве не захапілі ў палон. У тым сяльцы я не сустрэў ніводнага чалавека, яно зусім абязлюдзела. He было і гаспадара, які частаваў нас курацінай. Адна лебяда ў дварах, поле чорнае, выпаленае спякотай. У вайну не было гэткага...
Улетку я быў ужо ў Нікалаеве, у тамашняй стралковай дывізіі. Дывізія стаяла ў летніх лагерах пад Цярноўкай за Бугам. Упершыню тады давялося напоўніцу зведаць усе пяшчоты стэпавага поўдня. Найперш даўся ў знакі вецер, пыл і пясок. Страшэнная спёка, і нідзе ніводнага дрэўца. Усё ў пыле пасцелі ў палатках, пыл на сталах у летняй сталоўцы, на посудзе, на апратцы людзей. Неаднойчы тады ўспамінаў я нашы мілыя лясы-пералескі, клёны і дубы прысадаў, іх паласатыя цені цераз вуліцу. Прыгажуны лясныя азёры... Праўда, тут блізка была рака, але ля ракі патрулі пільнуюць, каб ніхто не падышоў і блізка. Такі ўжо спрадвечны прынцып у войску: куды трэба, туды не пускаць. I гнаць, куды нікому не трэба. Усе заняткі на голай, без травы стэпавай роўнядзі, усё назіраецца са штабнога пагорка. Як заўсёды ў мірны (ды і ваенны) час, заняткі, страявая і палітпадрыхтоўка. Усё на спёцы, з ранку да вечара.
Там мяне ўпершыню пасадзілі на гаўптвахту утапіўся салдат. Пасля заняткаў пайшоў самавольна на Буг, бухнуўся ў ваду і не вынырнуў. Можа, знарок, а можа, і не. Але хто вінават? Вядома ж, камандзір узвода. Хоць камандзір у
той момант быў на інструктажы па палітзанятках. Ды ўсё роўна пасадзілі. На гаўптвахце парадкі катаржныя ні сядзець, ні ляжаць. У пяць пад’ём, лежакі выносяць. Каб не садзіліся, а стаялі, на цэментную падлогу выліваюць пару вёдзер вады. Камендант звер. Мала банальных здзекаў, яшчэ ўносіць асабісты элемент увесь дзень люта лаецца, абражае апошнімі словамі, бы уласных заклятых ворагаў. Пад восень я захварэў, паклалі ў шпіталь. На гэты раз у самы здатны для таго час перад інспектарскай праверкай. Шпіталь вокнамі выходзіў на пляц фізгарадка. Інспекцыю прыехаў прымаць сам камандуючы Адэскай вайсковай акругай маршал Савецкага Саюза Г. К. Жукаў. Мы назіраем з другога паверха шпіталя, як ён тое робіць. Усіх афіцэраў маладых і старых пастроілі ў шэраг ля фізкультурнага снарада «кабылы». Камандзір палка камандуе: упярод! Да кабылы валюхаста бяжыць які-небудзь лысы, таўставаты, гадоў пад 50 маёр, камандзір батальёна, робіць спробу пераскочыць, ды дзе там, саступае ўбок. Наступны тое ж самае. Ну, маладзейшыя, узводныя пераскокваюць і то не ўсе. Хто не пераскочыў у асобны шэраг. Такіх апынулася бальшыня. I маршал пачынае мацюгацца: зажраліся, распанелі, не хочаце сумленна служыць савецкай радзіме, вялікаму таварышу Сталіну... Во як трэба вучыцеся! Падтыкае полы шыняля пад дзягу, кароткая разбежка і гоп! Пераскочыў. I загадвае камандзіру палка: трэніраваць! Як натрэніруюцца, далажыць. Сеў у свой «віліс» і паехаў. «Дурак, хоць і Жукаў», кажа яму ўслед сівы начфін артпалка.
Увечары адзін хворы, капітан артылерыст, які ў вайну служыў на Першым Украінскім фронце, распавёў, як камандуючы фронту Жукаў ліквідоўваў увосень 43-га года нямецкі прарыў пад Жытомірам. Ездзіў, як заўсёды, на «вілісе» з бронетранспарцёрам галаварэзаў-аўтаматчыкаў і бартавым аўтамабілем ваеннага трыбунала. Дзе якая няўстойка, хапаў першых жа, хто трапляў пад руку салдат ці афіцэраў загадваў аўтаматчыкам расстраляць. 3 кішэняў яшчэ не астылых трупаў трыбунальшчыкі даставалі дакументы і афармлялі прысуд. Маршал сам не забіваў і нічога не падпісваў, усё рабілі іншыя па ўсіх правілах вайсковай юрыспрудэнцыі.
Позняй восенню перайшлі на зімовыя кватэры. Салдаты у старыя .мікалаеўскага часу казармы, афіцэры хто куды, на прыватныя кватэры. Перад тым я спаткаў майго сябра Вальку Бахцігозіна, з якім разлучыўся ў Сафіі. Валька ўсё малодшы лейтэнант, але служыць у артпалку, дзе, канешне, болей прэстыжна і спакойна, чым у стралковым. Валя ўзяў мяне да
сябе на кватэру, якую нядаўна наняў у старой адзінокай бабулі. Бабуля пусціла нас з умовай, што на зіму мы дастанем ёй дроў. Мы абяцалі, хаця дзе іх дастаць, не ведалі самі. Зрэшты, так і не дасталі і перажылі зіму ў няпаленай хаце, амаль не распранаючыся нанач. Харчаваліся ў сталоўцы, разам з салдатамі: суп вермішэлевы, каша пярловая, чай, часам кампот. I то добра. Гараджане і таго не мелі, жылі голадна, прадукты па картках. У горадзе можна было купіць шклянку віна сухога ці паўсухога. Звычайна вырашалі, колькі градусаў, што будзе мацней? Што мацней, тое і пілі. Але, як вядома, напой з віна слабы...
Вайна ў гэтым паўдзённым горадзе нібы і не спынялася. Стралялі на вуліцах, асабліва ўначы. Былі выпадкі нападу на нашыя каравулы, што ахоўвалі прадуктовыя склады. Нападалі на афіцэраў, рабавалі ўначы. Адзін камандзір роты, позна ідучы з казармы дадому (жыў далекавата, за паркам Пятроўскага), прыхапіў з сабой пісталет, што ўвогуле не дазвалялася. Якраз ля парку яго спаткалі двое: знімай шынель, давай сапагі... Ротны дастаў пісталет і стрэліў, забіў аднаго. Другі ўцёк. I во суд ваеннага трыбунала: за забойства грамадзяніна такога грамадзянін такі (наш капітан) прыгаворваецца да шасці гадоў лагераў. Пасля суда капітан кажа: які ж я дурань! Хай бы яны мяне да кальсонаў распранулі, голы б дабег дамоў. А так... Суддзі яму спачувалі, але закон!