Поўны збор твораў. Том 10. Кніга 1 Артыкулы, эсэ, прадмовы, інтэрв’ю, гутаркі, аўтабіяграфіі, выступленні (1957-1980) Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 10. Кніга 1

Артыкулы, эсэ, прадмовы, інтэрв’ю, гутаркі, аўтабіяграфіі, выступленні (1957-1980)
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 544с.
Мінск 2014
140.81 МБ
Як стала трошкі світаць, убачылі зводдаль тое, што чулі ў цемры. Ішоў суцэльны паток войска: аўтамабілі, танкі, пяхота. Зараз жа адкрылі агонь. Страляць было проста, бо блізка. Адразу там запалала некалькі аўтамабіляў, з танкаў па нашай ускраіне зрабілі некалькі непрыцэльных стрэлаў. А мой наводчык Расцалуеў меў вострае вока і трапна ўзяў іх на прыцэл. 3 другога стрэлу загарэўся танк. Калона амаль спынілася, заднія пачалі напіраць на пярэдніх, пярэднія гарэлі. Пяхота ў паніцы кінулася ў поле, і мы расстрэльвалі яе асколачнымі. Пасля, як усё скончылася, нешматлікія машыны ўцяклі, а пяхота разбеглася, мы пайшлі паглядзець, што нарабілі. Жудасна было тое бачыць... Такога разгрому я не бачыў з вясны сорак чацвёртага года, як на дарозе пад Уманню нашыя танкісты разграмілі нямецкую штабную калону. Гэта быў ці не апошні бой на венгерскай зямлі, за восень, зіму і вясну багата палітай нашай крывёю...
Да аўстрыйскай мяжы рухаліся ўвогуле ўдала, з нядоўгімі сутычкамі. А на мяжы ўсё спынілася, немцы сталі ў абарону. У перадгор’і Альпаў шырачэзная даліна, якую немцы перакрылі агнём і нас туды не пускаюць. Нямецкія танкі здаля б’юць па адзінай на схіле дарозе. Пяхота, артылерыя усё ў нас спынілася. Ды хутка з’явіўся нейкі генерал у камбінезоне, але з генеральскай фуражкай на галаве і якраз налез на нашую батарэю. А вы чаго тут тарчыце? Ану впярод! I пагнаў батарэю па адхоне ўніз, туды, дзе немцы. «Студэбекеры» з гарматамі неяк праскочылі, і мы хуценька за кусцікамі пачалі акопвацца. Іншых, што ехалі за намі, немцы не пусцілі, спалілі некалькі машын, і болей ніхто праз іх агонь не праскочыў. Пра тое, што мы адкрытыя для сваіх, мы не клапаціліся. А ведаеш, як на вайне бывае? Розных часцей зашмат, нашыя ў палку, скажам, ведаюць, дзе іхнія астатнія, а іншыя могуць і не ведаць. I нейкія мінамётчыкі, якіх спрытны генерал змусіў хутчэй адкрыць агонь, агонь і адкрылі. Па нас, канешне. Толькі я з салдатам выкапалі ровік па калена, як тыя пачалі смаліць. Міны кучна клаліся якраз абапал. I, відаць, накрылі б, калі б не найшла вясновая хмарка і не паліў дождж. (Зрэшты, у вайну, калі пачыналася арткалатнеча, заўсёды пачынаўся і дождж. Іншы раз ён і не спыняўся, бо не спынялася арткалатнеча.) Як толькі дождж хлынуў, я выскачыў з ровіка давайце за машынай і хутчэй адсюль. Але куды, наперадзе ж немцы? А хоць да чорта ў зубы... Трохі некуды ад’ехалі, за нейкія кусцікі, ад якіх было бліжэй да немцаў, чым да сваіх, і тым уратаваліся. Пад носам у немцаў стала спакайней.
Ну, а пасля падцягнулася болей войска, пачалося планамернае наступленне і баі. Баі за кожны пагорак і кожнае паселішча. Ды ўжо ў горнай мясцовасці. Адчувалася хуткае сканчэнне вайны, дух быў бадзёры. Помню, дзень біліся за нейкую вёску, не маглі ўзяць, тады аднекуль з іншага ўчастка перакінулі самаходны полк. Гэта 76-міліметровыя самаходкі, якіх на вайне таксама звалі «бывай, радзіма». Во яны праходзяць міма, у адной ззаду (зад у іх адкрыты) стаіць бравага выгляду камандзір, вусаты, у танкавым шлеме, і гойкае нам: упярод, пушкары, годзе пузам зямлю пахаць! Што ж, давай упярод, калі ты гэткі спрытны. Вёску ўзялі, пяхота прайшла на той бок, мы следам, і каля мастка, гляджу, стаіць абгарэлая самаходка і з яе звісае на гусеніцы абгарэлы чалавек. Па недагарэлых вусах мы пазналі таго аптыміста.
Помняцца і яшчэ прыкрыя, a то і камічныя выпадкі. Як я ўжо казаў, у Румыніі я першы раз захварэў на малярыю. Даволі паскудная хвароба, тым болей, што шпітальнага лячэння не
вымагае. Зімой была перадышка, а вясной пачаліся прыступы. 3 пэўнай рэгулярнасцю пад вечар або калі ўбачу ваду...
A. А.: Проста ўбачыш?
В. Б.: Убачу ставок, возера, рэчку.
A. А.: Здалёк убачыш?
В. Б.: Хоць здалёк, хоць зблізку. Раптоўна здрыгануўся, і пачынаецца ліхаманка на некалькі гадзін. Аднойчы мы займалі пазіцыю на прамой наводцы ў полі. Трошкі далей і збоч ад агнявой раслі дрэўцы, нейкія кусцікі. Агонь не вялі, але немцы былі блізка. Мяне раптам затрэсла, і я адышоўся да тых дрэўцаў. Было цёпла, ужо зялёная траўка прабівалася. Як лёг, салдат наваліў на мяне нейкіх трафейных коўдраў, нямецкіх шынялёў каб сагрэцца. Пасля, як крыху адпусціла, заснуў. А як прачнуўся, дык здзівіўся, што вакол дужа ціха. Высунуў галаву з-пад таго варахоб’я ужо сцямнела. Але дзе гармата? На агнявой няма маёй гарматы, Але стаяць нейкія людзі і пазіраюць чамусьці не туды, куды заўжды пазіраюць на фронце у бок праціўніка. Гэтыя пазіраюць назад. Я яшчэ прыгледзеўся і прыслухаўся то ж немцы.
A. А.: Колькі метраў ад цябе?
В. Б.: Метраў? Во правільна ты пытаешся, колькі метраў заўсёды, як кажуць, ключавое на вайне пытанне. Ну, тут, можа, метраў дваццаць.
A. А.: Ну, ты цікавы чалавек. Любы іншы аўтар даўно ўжо з такіх сваіх эмоцый пачаў бы пісаць.
В. Б.: Тут нічога дзіўнага. На фронце ў пяхоце ці там у супрацьтанкавай артылерыі такіх выпадкаў процьма. Але справа ў тым, што з пяхоты, апроч хіба В. Кандрацьева, у літаратуру ніхто не прыйшоў. Мабыць, не засталося. Усё лепшае, што напісана пра вайну з ліку яе ўдзельнікаў, канешне, належыць усё ж артылерыі. Мабыць, паводле традыцыі, распачатай артылерыстам Л. Талстым. А тут, пакуль я дрыжаў пад варахоб’ем, нашы драпанулі, гармату камбат загадаў адцягнуць ніжэй у сяло, а пра мяне забыліся. Таго салдата, што там мяне накрываў, паслалі па аўтамабіль, а іншыя не ўгледзелі... I я ўстаў...
A. А.: Як устаў? Яны ж глядзяць у твой бок.
В. Б.: He, яны глядзяць на сяло, дзе ўжо нашы. I цёмна. Я бачу іх толькі на фоне неба.
A. А.: Сілуэты?
В. Б.: Іхнія сілуэты. Адзін у касцы, а другі, помню, у казыркастай шапцы. Вось... I я паўзком, на кукішках даў адтуль дзёру. Знайшоў сваіх, камбат пытаецца: дзе быў? У немцаў, кажу, быў. Пасмяяліся...
Усё ж ішоў сорак пяты, да перамогі заставаўся апошні месяц. А здарылася б тое раней на год ці паўгода, было б не да смеху. Як з тым нашым камандзірам узвода кіравання, які паранены пабратаўся з немцам. У Венгрыі, у час бою за нейкае сяло, надта бамбілі нямецкія самалёты, і гэты лейтэнант, паранены ў нагу, сунуўся ў нейкі скляпок на двары сялянскага падворка. Якраз змяркалася, і ў той скляпок сунуўся і яшчэ нехта, таксама паранены. Тады скончылася бамбёжка і наогул скончыўся бой. I во яны сядзяць удвух, але ў цемры не бачаць адзін аднаго і не ведаюць, хто побач свой ці чужы. Для таго маўчаць. А галоўнае не ведаюць, хто заняў сяло нашы ці немцы. Ніхто першы не хоча адкрыцца, так мінула ноч. I толькі як пачало світаць, лейтэнант убачыў, што перад ім немец, обер-лейтэнант медыцынскай службы. I ніхто з іх за пісталет не схапіўся, бо зноў жа невядома, хто наверсе. Першы не стрываў немец, таксама паранены, неяк выбраўся, а лейтэнант сам выбрацца не можа. Сядзіць і чакае, калі прыйдуць немцы і возьмуць яго ў палон. Або прыстрэляць у яме. Немцы і прыйшлі. Але на ламанай рускай мове растлумачылі, што страляць не будуць, будуць рабіць арцліхер беістанд (медыцынскую дапамогу). I выцягнулі лейтэнанта, занеслі яго ў медпункт, дзе той жа ягоны начлежнік перавязаў яго нагу і папытаўся, што ён хоча: да сваіх ці ў палон? Канешне, лейтэнант захацеў да сваіх, тады яго ўначы два немцы паклалі на палатку і падцягнулі да нашых акопаў на краі сяла. Праз паўгадзіны ён туды і зваліўся. Ну, адвезлі ў санбат, ляжыць там лейтэнант, яго перавязваюць, але ж дужа яму цікава з сваіх прыгодаў. I ноччу ціхенька ён расказаў пра тое суседу што з ім тры дні таму здарылася. Падзівіліся трохі абодва. А яшчэ праз дзень прыйшоў незнаёмы афіцэр і сказаў, каб гэтага лейтэнанта тэрмінова падрыхтавалі да эвакуацыі. Аднаго. Болей яго ніхто ў палку не бачыў. I чутак нават ніякіх не дайшло.
ІІасля той выпадак нейкім чынам паслужыў мне, калі я пісаў «Адну ноч». Хаця там іншы фон ды інакшы час. Але грамадства, а найперш нашая рэдактура не былі гатовыя прыняць падобныя тэмы, ад якіх патыхала непрымальным для іх пацыфізмам. Тагачасны рэдактар «Полымя» Максім Танк адмовіў аўтару ў публікацыі таго апавядання з прычыны «невыразнасці», як ён напісаў, ідэі. Думаецца, ідэя была выразная, як надта выразнымі былі і партыйныя адносіны да яе.
Во ўжо гэтыя партыйна-кадэбоўскія адносіны!
Аднойчы дайшлі мы да нейкага невялічкага гарадка і сталі. Ноч мінулася спакойна, спакойны быў ранак. Гарадок заняла
пяхота. Мы за ёй. А блізенька за раўком манастыр. Я троху падрамаў ноччу, а на золаку прачнуўся і пайшоў праз браму ў манастырскія будынкі цікава было паглядзець, у нас жа манастыроў даўно не было. Манастыр быў пакінуты, па ягоных калідорах блукалі ўжо нейкія салдаты. Усюды валяліся богаслужбовыя кнігі, нейкае майно...
I тут раптам пачалося танкі выйшлі на ўскраіну гарадка і турнулі нашу пяхоту. Калі мы усе, хто быў у манастыры, выскачылі адтуль, пабачылі, як тая бяжыць, рассыпаўшыся па ўсім полі, аднекуль, з-за сценаў і платоў гарадскіх будынін страляюць танкі. Мы з нашых пазіцый страляць па іх не маглі, перашкаджалі прыдарожныя пасадкі, дый той участак быў не наш. I, каб уратавацца без прыкрыцця пяхоты, мае хлопцы прычапілі гарматы да «студэбекераў» і рванулі да дарогі. Можа, тое тады было і правільна, але чаму пабегла пяхота? I дзе ўрэшце пяхотныя камандзіры? I дзе нашы слаўныя палітработнікі, якія натхняюць байцоў на перамогу над злейшым ворагам? Няўжо таксама разбрыліся па цікавых месцах?
Прыкладна пра ўсё тое я і крычаў, бегучы пад кулямі па голым полі. А слухаў мяне адзін капітан, які таксама апынуўся ў гэткім жа становішчы пакінутага пад агнём. Капітан гэты быў упаўнаважаны контрразведкі СМЕРШ, і ён адно маўчаў. Крычаў я са злосці, бо нашыя шансы адолець шырокае, забаранаванае поле пад ураганным агнём з танкаў былі невялікія. А дужа крыўдна было праз нейчую дурноту гінуць перад канцом вайны. А можа, і праз сваю дурасць таксама.
Але і добра, што я адышоўся з перадавой (бо наўрад ці я адважыўся б у гэткай сітуацыі з’язджаць з поля бою), без мяне хлопцы ўратавалі гарматы, а галоўнае уратаваліся самі. Неяк і нам пашэнціла жывымі дабегчыся да ўкрыцця, а танкі далей не пайшлі. Пасля неяк разабраліся. Але я доўга прыглядаўся, калі бачыў, што нехта старонні ідзе на агнявую: ці не той капітан. Ён не прыйшоў. Здаецца, у нейкім сэнсе ён быў неблагі смершнік, пра што сведчыў той ранейшы выпадак з гарматамі лейтэнанта Беражнога. Я ўжо гатовы быў у тым упэўніцца.