Поўны збор твораў. Том 10. Кніга 1 Артыкулы, эсэ, прадмовы, інтэрв’ю, гутаркі, аўтабіяграфіі, выступленні (1957-1980) Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 10. Кніга 1

Артыкулы, эсэ, прадмовы, інтэрв’ю, гутаркі, аўтабіяграфіі, выступленні (1957-1980)
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 544с.
Мінск 2014
140.81 МБ
В. Б.: Паэты, чаму ж не... Якіх ты маеш на ўвазе паэтаў?
A. А.: Наогул паэзія. Я, скажам, ведаю, што такое для цябе тэатр. Ну, а паэзія?
В. Б.: Паэзія, канешне, выдатны літаратурны жанр. Але, як пісаў разумны Артэга-і-Гасэт, я аддаю перавагу прозе, якая ёсць стадыя сталасці, што чалавецтва дасягае пасля доўгіх паэтычных гульняў. Зноў жа памятаю, як вызначаў пісанне вершаў Талстой як танцы за бараной у полі. Канешне, гэта іранічная метафара, я паважаю паэзію. Нават некаторых паэтаў... Напрыклад, маіх сяброў і выдатных маэстра слова Акуджаву, Еўтушэнку, з беларускіх Барадуліна, Бураўкіна, Гілевіча... He кажучы ўжо пра класікаў.
A. А.: Вось мы і да нашага часу дайшлі. У цябе колькі аповесцяў?
В. Б.: Пятнаццаць, напэўна.
A. А.: Ты пішаш і будзеш яшчэ пісаць, і дай табе Бог і нам дай Бог. Значыць, у цябе такое адчуванне, што ты яшчэ з нейкага боку чалавеку чалавека не здолеў паказаць, не паспеў?
В. Б.: Мабыць, так.
A. A.: А з якога боку табе хацелася б паказаць чалавека?
В. Б.: Я збольшага браў экстрэмальную сітуацыю чалавек на вайне. He таму, што гэта самае цікавае, а можа, таму, што тут я што-нішто ведаў. Бо тут мой жыццёвы вопыт. А яшчэ немалаважна у нас тады пра гэта можна было надрукаваць. Пра іншае нельга, а пра вайну трохі можна. Тады цэнзурную ўдаўку трохі адпусцілі. I не ў апошнюю чаргу з прычыны гераічных паводзінаў савецкага чалавека на той вайне, як пісалася ва ўсіх газетах. Тут наша ўлада, калі можна так сказаць, зрабілася ахвярай уласнай прапаганды. Але ж ёсць яшчэ мірнае жыццё.
A.	A.: А ты думаеш у гэтым накірунку?
В.	Б.: Ведаеш, яшчэ мала...
A.	A.: А ў спалучэнні такім, як «Знак бяды»?
В.	Б.: У такім можа быць. Часткова ёсць трошкі ў маёй новай аповесці, нейкія моманты, фон. Вядома, я надта заглыбіўся на вайне, але і дасюль бачу там шмат магчымасцяў, не распрацаваных літаратурай момантаў. Мабыць, на маё жыццё хопіць і яшчэ застанецца іншым. Вольныя ад нашага крывавага вопыту, яны, можа, напішуць лепш. Бо вопыт не заўсёды на карысць, ён, можа, і скоўваць, і прызямляць.
A. A.: А вось калі б трэба было запоўніць анкету, і там... Да пачатку вайны засталося... Што б ты сказаў? Я ведаю, як усе адказвалі. Я сам сабе таксама задаю пытанне. Мы ўсе, збоку гледзячы, усё разумеем. Як людзі павінны жыць. Шэсць тысяч гадоў гісторыі. Рэлігія сябе выпрабоўвала, мастацтва выпрабоўвала, палітыка выпрабоўвала. Чалавек выпрабоўваў сябе ў гэтых галінах і з іх дапамогаю хацеў жыццё сваё ўладкаваць. I так далей. А нейкі канцэнтрат ад усяго гэтага ёсць? Канцэнтрат з гэтых ісцін, разуменняў, адносін, нешта галоўнае з усяго. Якія ісціны ў сусветнай гісторыі здаюцца табе абсалютнымі?
В. Б.: Некаторыя з маральных ісцін. Ну, напрыклад, адкрыты не ім, але ім дакладна сфармуляваны катэгарычны імператыў Канта (ён жа і хрысціянскі пастулат): адносіцца да іншых так, як бы ты хацеў, каб іншыя адносіліся да цябе. Проста і сапраўды імператыўна. Універсалізм гэтага пастулата распаўсюджваецца на адносіны паміж асобамі, грамадствамі, дзяржавамі і кантынентамі. Хіба кепска?
A.	А.: Усё ўкладваецца ў гэтую формулу?
В.	Б.: Усё. Побытавая наша мараль склалася даўно і дзякуючы рэлігіі шырока вядома. Дзесяць запаведзяў Майсея прайшлі праз хрысціянства і, як ні дзіўна, нават трапілі ў Кодэкс камунізму, хіба ж гэта не сведчыць пра іх універсалізм?
А вось y адносінах паміж грамадствамі або дзяржавамі чалавецтва яшчэ стаіць на ўзроўні дамайсеевага часу. Чалавеку здавён вядома, што нельга забіваць бліжняга, а вынішчаць іншы народ цалкам магчыма, калі гэта палітычна апраўдана. Дык што ж гэта за пачвара такая палітыка? Ці яна вышэй за мараль?
A.	А.: Дарэчы, у Маркса ёсць выказванне, што прынцыпы адносін паміж прыватнымі людзьмі трэба было б перанесці на адносіны паміж грамадствамі і дзяржавамі.
В.	Б.: Слушная думка для Маркса. I ў філосафаў-кніжнікаў ёсць слушныя думкі, нават і ў негуманістаў. Але бяда ў тым, што іхнія паслядоўнікі выбіраюць з творчасці куміраў не самае лепшае. А нібы з меню ў рэстаране самае смачнае для іх крыважэрных апетытаў. Як той Гітлер з Ніцшэ.
A. А.: Ну вось ты, ваенны пісьменнік, чалавек вайны і так далей. Як для цябе сёння гучыць гэтая запаведзь «Не забі!»?
В. Б.: Цудоўная запаведзь, як і шмат якія запаведзі хрысціянства. Шкада толькі, што ў наш час яны гучаць пустым гукам. Забіваюць і будуць забіваць, бо ўрэшце чалавечыя і грамадскія паводзіны вызначаюць не запаведзі, а палітычная ды матэрыяльная мэтазгоднасць. Апроч рэлігіі, хіба што мастацтва з літаратурай у наш час сталі апалагетамі тых запаведзяў, аб якіх забывае нават царква. Цудоўная запаведзь.
A.	А.: Як ідэал яна павінна быць?
В.	Б.: Безумоўна.
A. А.: Каб хоць абмежаваць нястрымнае забойства, хоць бы ў чымсь абмежаваць.
В. Б.: Мабыць, справа ў тым, ці даспела чалавецтва да высокіх запаведзяў. Калі не, дык і няма надзей на іх выкананне. Вось хоць бы старая праблема сучаснага права смяротнае пакаранне. На першы погляд чалавек, які забіў другога чалавека, безумоўна заслугоўвае, каб і яго пакаралі смерцю...
A. A.: А той, хто задумвае забойства, хто ў думках забівае чалавека, заслугоўвае таго?
В. Б.: Думаю, што не. А хто забіў, мабыць, так. Калі гэтага не рабіць, дык забойствы нічым не спыніць.
A. A.: А ты думаеш, што забойства забойцаў калі-небудзь абмяжоўвала ці дапамагала пераадолець гэтае зло? Гісторыя ўся даказвае, што і гэта не ратуе.
В. Б.: Ну, добра. Але што ж тады? Што абмяжуе забойствы?
A. А.: Разумееш, вось у індусаў, у іхняй рэлігіі з іхнімі паглядамі, мараллю існуе велізарнае перадполле перад забойствам чалавека. Скажам не забі камара, не забі кошку, не забі карову, не забі ваўка. Усіх не забі. Тады ўжо забіць
чалавека наогул немагчыма. Глыбока эшаланаваная мараль антызабойства.
В. Б.: Мудрая мараль...
A. А.: Так, гарантаваць ад забойства чалавека. У маралі астатняга свету, у большасці народаў, рэлігій, ідэалогій гэтага перадполля няма. Там пытанне стаіць так: забіць чалавека ці не забіць? Таму і пытанне пра смяротнае пакаранне забойцаў ужо стаіць, як ты яго ставіш.
В. Б.: Значыць, трэба ствараць гэтае перадполле.
A. А.: У індусаў яно тысячагоддзямі стваралася.
В. Б.: Але якімі сродкамі? У скандынаўскіх краінах, напрыклад, няма крадзяжу. Злодзеяў вынішчалі драконаўскімі метадамі.
A. А.: Баюся, што не драконаўскімі. У Скандынавіі нейкіх асабліва драконаўскіх метадаў не было. Крадзеж выкараняўся пурытанскім працалюбівым жыццём. Жыццём на вачах у суседзяў.
В. Б.: Працай на сябе, пратэстанцкай этыкай, гэта вядома. Але мы далёка адышлі ад нашых бараноў, Саша. Мо трэба заканчваць?
A. А.: Давай чокнемся напаследак, хай наша праца завершыцца чаркай. Вось... Хачу яшчэ сказаць, што вынік у тых, хто не мае вышэйшай літаратурнай адукацыі, аказваецца не горшы, а нават лепшы, чым у тых, хто яе мае.
В. Б.: У нечым гэта зразумела, хоць і даволі складана. Я вось па сабе бачу. Шмат якія рэчы мне трэба было спасцігаць з уласнага вопыту, а не атрымліваць у гатовым выглядзе. Бо ў гатовым выглядзе вядома, што нам давалі, тое, што так ці інакш ішло на карысць дзяржаве, пэўнай ідэалогіі. Што ў літаратуры працавала на сацрэалізм. Мне гэта было непатрэбна. Кепска тое, што я не мог дапяцца да сапраўдных ведаў, тым болей да некаторых ізмаў, за якія дужа балюча білі. I не толькі па пальцах. Ты ж сам колькі цярпеў хоць бы за свой сапраўдны ці ўяўны пацыфізм... Таму ў пэўнай сітуацыі «няведанне» бывае болей пазітыўна за пэўнае «веданне», асабліва калі апошняе фальшывае і служыць сродкам не асветы, а ачмурэння. Я пісаў і «Праклятую вышыню» і «Мёртвым не баліць» без жаднай надзеі іх надрукаваць. Калі б я ведаў, што будзе пасля, можа, і не пісаў бы. Але па наіўнасці не ведаў.
A. А.: Але ж гэта быў які год? Шасцідзясяты?
В. Б.: У шасцідзясятым было лягчэй, яшчэ ліпела адліга, друкавалі Салжаніцына. Пасля стала горш, рэанімавалі сталіншчыну. Але быў «Новый мнр», быў Твардоўскі вялікі маральны аўтарытэт часу. Хоць і яго аўтарытэту было замала,
каб абараніцца і абараніць нас ад сеўрукаў, што і згубіла яго. А наконт мяне тады вырашалі што рабіць? Пасадзіць ці пачакаць? Выключыць не было адкуль беспартыйны. (Карпюка дык адразу выключылі і знялі з работы ды яшчэ збіраліся аддаць пад суд.) Тады вырашылі пакараць ласкай. To была, як цяпер паглядзець, самая дзейсная мера. Пляма на жыццё. Некаторыя нават з маіх сяброў, наракалі: Твардоўскі падставіў, не трэба было друкаваць, ніхто б цябе не чапаў. A я так лічу, што Твардоўскі для нас з табой, Саша, быў як паратунак. Але паратунак у іншым маральным сэнсе. Мы выканалі стары запавет: не забі! He забілі ў сабе сумленне і засталіся вернымі праўдзе. Хоць і маленькай, прыватнай праўдзе пра наша страшнае крывавае мінулае.
Гэта таксама штосьці ды значыць...
[Сакавік 1985, жнівень 2001]
1957
«ЮНАЦТВА Ў ДАРОЗЕ»
Вядомы беларускі паэт Раман Сабаленка напісаў першы свой празаічны твор аповесць «Юнацтва ў дарозе». Невялічкая гэтая аповесць займае крыху болей за 50 старонак, але яе вартасць як літаратурнай з’явы намнога пераўзыходзіць яе памер.
Дзея твора адбываецца ў далёкія ўжо часы імперыялістычнай вайны, Кастрычніцкай рэвалюцыі і першых год Савецкай улады. Вялікі Кастрычнік ускалыхнуў народы былой царскай Расіі, даў ім перамогу над спрадвечнымі сіламі эксплуатацыі і заняволення і павёў да новага жыцця. Разам з іншымі народамі Савецкага Саюза на барацьбу за сваё шчасце ўзняліся і людзі глухіх закуткаў Беларусі, яе самыя занядбаныя грамадзяне гаротныя палешукі.
Глухая палеская вёска Рагазін таксама зазнала вялікую пераўтваральную сілу рэвалюцыі. Па-рознаму аднесліся да яе беднякі і вясковыя кулакі, класавыя супярэчнасці абвастрыліся ў незмірымай барацьбе, але новыя, абуджаныя рэвалюцыяй сілы рашуча бралі верх.
Знешні свет, яго поўныя глыбокага сэнсу з'явы, бурныя рэвалюцыйныя змены спрадвечнага сельскага ўкладу паказвае аўтар праз адчуванні вясковага хлопчыка Макаркі Шыянка.
3 ранняга дзяцінства не песціла жыццё Макарку. Ужо змалку ён быў і за гаспадыню ў хаце, і за няньку, пасвіў кароў і вазіў соль гандляру, часта перападала яму і «мочаных лейцаў» ад бацькі. Свежыя дзіцячыя ўражанні зыходзяць ад дарослых людзей, іх спраў і ўзаемаадносін. Тут і селянін-бядняк, бацька Макаркі, ласкавая маці, а затым злосная нялюбая мачыха, дзед Яўстрат, што зімой і ўлетку ляжыць на печы і павучае хлопца гаспадарыць, сквапны крамнік Зусь, дзед Трыфан і Лукаш вясковыя кулакі-міраеды і нарэшце дзядзька Пракоп, калека вайны, які страціў на фронце нагу і першым чалавекам у вёсцы пазнаёміўся з вялікай праўдай ленінскіх ідэй. Гэты дзядзька Пракоп ідзе побач з Макаркам амаль праз усю аповесць, і шмат яе старонак з незвычайнай цеплынёй апавядаюць аб