Поўны збор твораў. Том 10. Кніга 1 Артыкулы, эсэ, прадмовы, інтэрв’ю, гутаркі, аўтабіяграфіі, выступленні (1957-1980) Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 10. Кніга 1

Артыкулы, эсэ, прадмовы, інтэрв’ю, гутаркі, аўтабіяграфіі, выступленні (1957-1980)
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 544с.
Мінск 2014
140.81 МБ
іх адносінах. Гэтыя адносіны пажылога чалавека і вясковага падлетка самая, бадай, паэтычная лінія твора, з якой па сваёй глыбіні і прыгажосці не можа зраўняцца нават нявыспелае яшчэ юнацкае каханне Макаркі да Марылькі.
Аповесць ахоплівае даволі вялікі адрэзак часу, але развіццё чалавечых характараў аўтар здолеў паказаць лагічна і паслядоўна. На вачах чытача ў сялянскай працы, сірочым смутку і рэдкіх вясковых радасцях вырастае Макарка з «бэйбуса» і «вісуса» ў сельскага камсамольца змагара з кулаччом за лепшае жыццё. Жыццёвы шлях перадавога сялянскага хлопца таго часу непазбежна і лагічна вядзе ў навуку, і на апошніх старонках аповесці мы бачым Макарку ў рабфаку.
Нялёгкі гэты шлях тоіць у сабе шмат гора і перажыванняў, але пад уплывам пераўтваральных сіл рэвалюцыі ўзбуджаюцца ў вясковым хлопцу новыя сацыяльныя якасці. Макарка падрастае, мяняюцца, сталеюць яго чалавечыя вартасці, гартуецца характар. Увесь гэты працэс станаўлення Макаркі, як перадавога чалавека таго часу, нясе на сабе паўсядзённы ўплыў камуніста Пракопа. Гэта тыповы тагачасны сялянскі барацьбіт за новае жыццё. У час Грамадзянскай вайны і белапольскай акупацыі дзядзька Пракоп, хоць і калека, але ідзе ў лес да партызан, змагаецца з ворагам. Тады другі раз варожая куля прастрэліла яго, праўда, ужо драўляную нагу. Потым дзядзька Пракоп змагаецца з кулакамі, арганізоўвае таварыства на супольнай апрацоўцы зямлі. Ён, як і Макарка, паказаны ва ўсёй няспыннай дыялектыцы развіцця, але яго светапогляд сфармаваўся за межамі аповесці, недзе ў акопах Першай сусветнай вайны. Калі іншыя героі твора толькі яшчэ прыглядаюцца да падзей ды вагаюцца у сваіх адносінах да іх, то Пракоп ужо цвёрда ведае, што трэба рабіць. Пасля выгнання паноў і белапалякаў, сяляне ўзрадаваліся, вядома, але ў іх яшчэ панавала нерашучасць і боязь звароту старых гаспадароў ці якой іншай навалы. А дзядзька Пракоп не збаяўся нічога. Ён змайстраваў сажань і, гукнуўшы сялян, пайшоў дзяліць Кербічаву зямлю. 3 вялікім веданнем справы і гістарычнай праўдзівасцю паказвае пісьменнік падзеі тых дзён.
А як трапна і праўдзіва намалявана сцэна сялянскай радасці, калі дзядзька Пракоп прызначае Васілёвай сям’і адбітую ў белапалякаў карову!
«У нашай хаце было весела. Бацька непрыкметна міргнуў вачыма мачысе, і яна на момант знікла, але хутка вярнулася, штосьці прынёсшы пад фартухом. У момант на лучыне перад
цялеснікамі была падсмажана яешня. Пачалася рэдкая ў нашай хаце гутарка. Дзядзька Пракоп кульнуў чарак са тры і перавярнуў дагары дном пасудзіну.
-	Я ж не піток, як ты ведаеш... Дык і не прыганяй ты мяне. Усё адно не вазьму больш, казаў ён бацьку, калі той да яго прыставаў:
-	Ды выпі бо, Пракопка... Яна ж як свянцоная вадзіца.
Нават дзеду Яўстрату паднеслі на печ невялікую чарку. Ен крактануў, разгладзіў белую ўжо ад сівізны, радкаватую бараду і каўтануў, аж вочы заплюшчыў»...
Наогул у аповесці безліч цудоўных мясцін, паэтычных малюнкаў сялянскага побыту, змястоўных праяў чалавечых характараў. Так, поўная трапнай назіральнасці і душэўнага гумару сцэна, калі дзядзька Пракоп прапануе Васілю, Макаркаваму бацьку, «пашукаць ужо якое жанчыны», каб узяць сабе ў жонкі, іх сватаўство і жаніцьба, сцэна Макаркавай помсты настаўніку-дзячку ці першыя крокі Макаркі ў горадзе. Нават апісанне хаты Шыянкоў зроблена з надзвычайным паэтычным майстэрствам. Такое вельмі трапнае і дарэчнае ўжыванне мастацкай дэталі і майстэрства ў паказе вясковага побыту можна знайсці хіба толькі ў лепшых творах Я. Коласа. Вельмі многа кранаючай душу цеплыні і глыбокага сэнсу ў Макаркавым паведамленні сям’і аб сваім ад’ездзе на рабфак.
«Я бачыў, як павесялела мачыха, бачыў, як засмуцілася Насцечка, як разгубіўся бацька, нібы яму трэба было от зараз жа адсекчы свой палец і выкінуць. Бацька пачаў распытваць, як і што.
-	Толькі ж от у мяне няма ў чым ехаць, выказаў я сваю крыўду. He паеду ж я ў гэтым шарачку ды ў лапцях у горад.
Бацька задумаўся на момант, а потым, як бы прыняўшы рашэнне, сказаў:
-	Там у куфры ляжаць чаравікі тваёй нябожчыцы-маці. Яны табе цяпер будуць якраз па назе. Ды бурнос матчын перашыем»...
Вялікая канцэнтрацыя жыццёвага матэрыялу і скупая трапная мова робяць вельмі змястоўным кожны радок «Юнацтва ў дарозе». Рэдка, бадай, можна напаткаць у беларускай літаратуры твор з такім багатым падтэкстам, як у гэтай аповесці. Тут кожная фраза нясе вялікую сэнсавую нагрузку, поўная глыбокай думкі і вобразнасці. Надзвычай
сакавітая мова лёгка і выразна даносіць да чытача падзеі і вобразы твора.
Але, на нашу думку, аўтар некалькі не прытрымаўся меры ў выкарыстанні мясцовых слоў і правінцыялізмаў. У беларускай мове склаліся і існуюць шмат год агульнабеларускія і агульнаўжывальныя словы, замяняць якія мясцовымі, хоць можа гучнейшымі і «лепшымі», няма патрэбы. Усе ж нягледзячы на некаторую гэтую празмернасць мова аповесці добрая і паэтычная. Трэба асобна адзначыць сінтаксіс гэтай мовы, які пад пяром аўтара аповесці набыў асаблівую нацыянальную выразнасць і чысціню. Нам здаецца, што ў гэтай справе Раман Сабаленка намнога больш за іншых беларускіх аўтараў наблізіўся да мовы К. Чорнага.
Добрую, вельмі цікавую і карысную аповесць напісаў Раман Сабаленка. Беларускі чытач з асаблівай прыемнасцю прачытае яе яшчэ, калі гэты твор выйдзе асобным выданнем.
[1957]
1958
КНІГА
АБ БЕССМЯРОТНЫМ ПОДЗВІГУ
Аб гераічным подзвігу савецкага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны напісана многа добрых кніг. Кожная з іх у меру сваіх літаратурных вартасцей, у сілу таленту аўтара парознаму займае чытача, уваскрашае ў памяці нялёгкія справы мінулых дзён.
Іэтая ж кніга асаблівая'. У ёй няма літаратурнага прыгоства, адсутнічае ўсякая знарочыстасць сюжэта яна натуральная, як само жыццё. I ў той жа час ні адна, бадай, кніга аб мінулай вайне не здольна так усхваляваць чытача, так захапіць яго ўвагу і выклікаць столькі думак і пачуццяў, як гэты тонкі зборнік апавяданняў аб ашаламляльных падзеях мінулага.
Доўгі час аб удзельніках гераічнай абароны Брэсцкай крэпасці мала што ведалі людзі. Вельмі ўжо нямнога засталося герояў, сотні іх загінулі пад руінамі фартоў і равелінаў, у фашысцкім палоне, куды яны, параненыя і знясіленыя, былі захоплены ворагам.
Так ішлі гады, зарасталі травой і кустамі руіны крапасных збудаванняў. Народ ведаў толькі, што там у першыя тыдні вайны ішлі жорсткія баі. Пасля вядомы сталі нямногія імёны загінуўшых абаронцаў, аб жывых невядома было нічога.
Але вось пісьменнік, Сяргей Сяргеевіч Смірноў, які напісаў шэраг кніг аб памятных баях Савецкай Арміі, зацікавіўся гэтай малавядомай старонкай гісторыі Айчыннай вайны. Глыбока разумеючы свой пісьменніцкі і грамадзянскі абавязак, ён не стаў карыстацца лёгкім спосабам вывучэння брэсцкай абароны па газетна-часопісных крыніцах, а пачаў упарта шукаць відавочцаў і ўдзельнікаў баёў. Пісьменнік шукаў фактычны матэрыял падзей, а знайшоў, перш за ўсе, герояў. Лёс і справы іх не маглі не хваляваць аўтара, і Сяргей Смірноў паведаміў аб іх людзям. Так, упершыню з радыёапавяданняў пісьменніка стала вядома пра храбрага нампалітрука Самвела Матэвасяна,
1	Смнрнов С. Понскн героев Брестской крепостн. М., 1957.
які узначаліу першую контратаку асаджаных, пра хлопчыка Пецю Клыпу, які здзівіў ўдзельнікаў абароны сваім недзіцячым гераізмам, аб подзвігу камандзіра 44-га асаджанага ў крэпасці палка маёра Гаўрылава, аб мужнасці расстралянага немцамі палкавога камісара Фаміна.
Гэта была цяжкая, смяротная барацьба, але абаранялі крэпасць савецкія людзі, якія стаялі насмерць. «У самую суровую, цяжкую для Радзімы гадзіну, расказвае С. Смірноў, калі сэрца кожнага савецкага чалавека было поўна глухой трывогі за лёс усяго народа, за лёс сваіх родных і блізкіх, у гэты самы час крэпасць аказалася наглуха адрэзана, як сцяной, адгароджана ад знешняга свету... Ім не скідвалі з самалётаў боепрыпасаў і харчоў. Аб іх не пісалі ў газетах, не гаварылі па радыё. Радзіма нават не ведала аб тым, што яны вядуць сваю гераічную барацьбу... Так невядомымі героямі, “не дзеля славы, дзеля жыцця на зямлі”, гінулі абаронцы Брэсцкай крэпасці. Іменна так, не захаваўшы для нас ні сваіх подзвігаў, ні нават сваіх імёнаў, безыменнымі радавымі байцамі Радзімы амаль усе яны палеглі на крапасных каменнях»...
Без глыбокага хвалявання немагчыма чытаць многія раздзелы гэтай выдатнай кнігі. Гартаецца старонка за старонкай, і чытач разам з аўтарам становіцца сведкам гераічных подзвігаў абаронцаў крэпасці байцоў і камандзіраў, пехацінцаў, артылерыстаў, пагранічнікаў. He менш хвалюючыя і сцэны сустрэч герояў абароны, якія адбыліся ў гонар 15-годдзя баёў у крэпасці. Радзіма, увесь савецкі народ шырока адзначалі слаўную гадавіну. Міністэрства абароны Саюза ССР арганізавала ў Маскве сход грамадскасці сталіцы з удзелам прыбыўшых туды герояў Брэста. Сустрэчы з імі таксама адбыліся ў Мінску і Брэсце. Былыя абаронцы крэпасці наведалі памятныя руіны і раскідалі кветкі на месцах, дзе змагаліся самі і дзе загінулі іх баявыя таварышы. Подзвіг герояў быў высока ацэнены Савецкім урадам. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР маёру запасу Гаўрылаву ў 1957 г. было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Ордэны і медалі атрымалі і многія іншыя ўдзельнікі баёў за крэпасць.
Пісьменнік С. С. Смірноў напісаў выдатную кнігу. Аднак заслуга аўтара не вычэрпваецца стварэннем гэтай кнігі і выяўленнем герояў Брэсцкай крэпасці. Чытачы, радыёслухачы і ўсе савецкія людзі разам з героямі славутай абароны ўдзячныя пісьменніку за тыя яго сапраўды самаадданыя клопаты, якія ён праявіў да лёсу несправядліва зняслаўленых людзей. Намаганнямі аўтара кнігі быў рэабілітаваны і вернуты з далёкай Якуціі ўдзельнік баёў у крэпасці A. I. Філь,
датэрмінова вызвалены са зняволення Пётр Клыпа, адноўлены ў радах КПСС Самвел Матэвасян і маёр Гаўрылаў. Гэта была нялёгкая і клапатлівая справа. Пісьменніку давялося вывучыць многія архіўныя матэрыялы, сабраць дзясяткі паказанняў сведак, пісаць, хадайнічаць, выязджаць у розныя раёны краіны. Але, будучы да канца верным справе пісьменнікакамуніста, С. С. Смірноў не шкадаваў сіл і часу, патрачаных на рэабілітацыю людзей, якія не шкадавалі жыцця ў баях за Радзіму.