Поўны збор твораў. Том 10. Кніга 1 Артыкулы, эсэ, прадмовы, інтэрв’ю, гутаркі, аўтабіяграфіі, выступленні (1957-1980) Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 10. Кніга 1

Артыкулы, эсэ, прадмовы, інтэрв’ю, гутаркі, аўтабіяграфіі, выступленні (1957-1980)
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 544с.
Мінск 2014
140.81 МБ
Здавалася мне, што я выходзіў на нейкую прамую, але толькі здавалася. Наперадзе яшчэ былі выкруты лёсу, пякельныя рэцыдывы ўсё той жа ваеншчыны, якая ўпарта не хацела выпускаць мяне з сваіх жалезных абдымак.
А пакуль у рэдакцыі было спакойна, мне падабалася. Шмат часу адбіраў пераклад на беларускую мову расейскіх матэрыялаў, перададзеных па тэлетайпе агенцтвам БЕЛТА. Усе яны былі не малыя памерам розныя пастановы, прамовы, канешне, з адзнакай «тэрмінова ў нумар», і мне даводзілася іх дыктаваць Станіславе Фадзееўне ці не адзінай ў рэдакцыі машыністцы, што ведала беларускую мову. Часам пісаў штонебудзь з драбноты па раздзеле інфармацыі. Тады ж у выхадны накрэмзаў першае апавяданне «Цвілі акацыі» пра апошні дзень вайны. Намеснік рэдактара А. Салаўёў прачытаў і сказаў: очэнь значыцельна! Скупая яго пахвала дала веру ва ўласныя сілы і здольнасці. Але наступнае апавяданне напісаў не хутка. Прычынай таму з’явілася немалаважная акалічнасць.
У тыя гады, як заўжды на пачатку лета, пачыналіся вайсковыя зборы запаснікоў, і я атрымаў павестку. Пайшоў да намесніка рэдактара што рабіць? Той кажа: дамо паперку, ідзі да ваенкома, прасі, каб вызвалілі. Пайшоў да ваенкома, аддаў паперку. Той незадаволена бурчыць: усе прыходзяць, суюць паперкі асвабадзіць. А каго я пашлю? Мне 140 чалавек трэба набраць, што сам за вас пайду? I сядзіць з паперкай і ручкай, вагаецца, што напісаць? Я адчуваю, што вырашаецца мой лёс і кажу: калі не вызваліце, дык рэдактар сказаў, будзе званіць у абкам. (Вось гэтага не трэба было рабіць, але зробленага не вернеш.) Палкоўнік кідае ручку, паперку і крычыць: што у абкам? Пляваць мне на ваш абкам, у мяне во загад міністра абароны, я яго выконваю. Усё! Ідзі. Пойдзеш на зборы! Вось гэтыя некалькі секунд вызначылі сутнасць майго жыцця на некалькі год.
Назаўтра пайшоў на зборы палатачны лагер у лесе непадалёк ад вёскі Грандзічы, на беразе Нёмана. Тыя зборы адабралі ў мяне тры летнія месяцы. Звычайныя вайсковыя парадкі, заняткі па артылерыі: падрыхтоўка дадзеных, артстралковая... На пачатку восені экзамены, якія «шэнціла» мне здаць на пяцёркі. Прыйшоў у рэдакцыю, атрымаў водпуск. Аднойчы сустракаю на вуліцы знаёмага афіцэра, які камандаваў намі на зборах, той пытаецца: ну што, Быкаў, гуляеш? Гуляю, кажу. Павестку яшчэ не атрымаў? Якую павестку? Хутка атрымаеш, сказаў і пайшоў. I праўда, праз дзень выклікаюць у ваенкамат распішыцеся. Выпіска з загаду
міністра абароны аб зачысленні лейтэнанта Быкава В. У. у кадры СА. Праз тры дні яўка ў часць. Ну, што рабіць? Пайшоў да адказнага рэдактара, той моўчкі развёў рукамі. Давялося збіраць «кружку, ложку, котелок». На гэты раз паехаў далей у Слонім. Пачыналася шырокамаштабная халодная вайна з перспектывай перарасці ў гарачую, спатрэбілася болей войска. Слонімская брыгада разгортвалася ў дывізію, без лейтэнанта Быкава абысціся было немагчыма.
A. А.: Гэта быў сорак сёмы год?
В. Б.: He. Ужо сорак дзявяты. Зіму прабыў у Слонімскай дывізіі, жыў зноў у бабкі ў Альбярціне. Кожны дзень палявыя заняткі, у мароз, дождж і сцюжу, зіма выдалася сцюдзёная. Нарэшце чаканая вясна, прыгрэла сонца, і Быкаў атрымлівае новы загад: адправіцца на Далёкі Усход. На тым усходзе Курылах і Сахаліне змарнаваў яшчэ шэсць гадоў уласнага жыцця.
A. А.: Цяжкая была служба?
В. Б.: Ды ўжо ж не лёгкая. Як пачалася Карэйская вайна, наш полк вывелі на Ціхаакіянскае ўзбярэжжа, тэрмінова збудавалі земляныя ўмацаванні, дзе і сядзелі ў зямлі гады тры чакалі нападу амерыканцаў. Бы на фронце: тыя ж парадкі, тая ж строгасць і дысцыпліна. Ды яшчэ заняткі, каб сумна не было. Праўда, на год я з’ехаў на Сахалін на вучобу.
A.	A.: I ў якім званні быў?
В. Б.: Быў лейтэнантам, пасля старшага прысвоілі, капітана. На Сахаліне быў камандзірам батарэі 122 мм гаўбіц. Спецыялізаваўся па марскіх стрэльбах самых складаных ва ўсёй артылерыі. Артылерысты ведаюць...
A. A.: I калі вярнуўся?
В.	Б.: У пяцьдзесят пятым. У канцы года...
A. А.: Дык дзе ты вучыўся? Якая ў цябе адукацыя?
В. Б.: Адукацыя толькі вайсковая. Апроч вучылішча скончыў яшчэ артылерыйскую школу на Сахаліне, гэта спрэс матэматыка алгебра і трыганаметрыя. Філалагічнай адукацыі не маю.
A.	A.: Ну а пісаў там?
В. Б.: Спрабаваў урыўкамі. Памятаю, тры апавяданні паслаў у Мінск Міхасю Лынькову ён прыслаў мне падрабязны разбор. Але болей там не пісаў. Там шмат часу і сілы патраціў на тое, каб дэмабілізавацца і вырвацца ў Беларусь. Што, аднак, там не ўдалося. Ну, але гэта асобная старонка маёй біяграфіі (можа, самая цяжкая старонка, апроч хіба ваеннай), пра яе я, можа, калі напішу.
A. A.: Hy, a вярнуўшыся, куды ты паехаў?
В. Б.: Куды ж ехаць? Паехаў у Гродна. Зноў пайшоў у рэдакцыю, дзе мяне памяталі. Прынялі ў сакратарыят на тое ж месца, якое пакінуў шэсць год таму. Каб скончыць вайсковую тэму, як яна скончылася для мяне, патрэбна расказаць пра яшчэ адзін выпадак. Недзе напачатку 60-х гадоў мяне зноў выклікалі ў ваенкамат і змусілі запоўніць тры вялізныя, на некалькі столак, анкеты. Там было шмат чаго, што звычайна не трапляла ў ранейшыя вайсковыя анкеты. Навошта тое, мне не сказалі, але праз чуткі я дазнаўся, што зноў рыхтуюцца прызваць афіцэраў-рэзервістаў дзеля перападрыхтоўкі на ракетчыкаў. Тое мне зусім не падабалася, але што можна было зрабіць? Адзін наш журналіст быў знаёмы з афіцэрам ваенкамата, якога мы неяк пасля работы запрасілі ў рэстаран. Аматар выпіць яшчэ з часоў мінулай вайны, ён добразычліва паставіўся да мяне і, дазнаўшыся пра маю праблему, спытаўся, ці няма ў мяне каго за мяжой? За мяжой, на жаль, у мяне не было нікога. Тады ён папытаў: можа, хто з родзічаў прапаў у вайну без вестак? Такіх, вядома, знайшлося, і я прыпамятаў стрыечнага брата Міколу. I вось у адпаведнай графе той анкеты я напісаў, што мой брат Мікола жыве ў Заходняй Нямеччыне. Таго хапіла, ад мяне адчапіліся. (Хай мне даруе мой няшчасны Мікола, які ў 19 год склаў сваю галаву на вайне. Ён мёртвы уратаваў калі не маё жыццё, дык свабоду.)
A. A.: I ты пачаў пісаць сатыру?
В. Б.: Пачаў пісаць і друкавацца ў «Вожыку». Галоўны рэдактар Павел Кавалёў мяне добра прывеціў у канцы пяцідзясятых гадоў быў попыт на сатыру. Здаецца, у шасцідзясятым годзе ў бібліятэчцы гэтага часопіса выйшла кніжка сатырычных апавяданняў. У «Маладосці» друкаваўся на маладзёжныя тэмы. Таксама у «ЛіМе», дзе намеснікам галоўнага рэдактара быў Раман Сабаленка. Адно апавяданне пра каханне паслаў у «Чырвоную змену», яго раскрытыкаваў Іван Калеснік. А тыя, што друкаваліся ў «ЛіМе» (пра вайну), Сабаленка пахваліў. Такім чынам я атрымаў наглядны ўрок, як трэба і як не трэба пісаць. Для пачаткоўца гэта заўсёды важна. Пасля ўзяўся за аповесці, напісаў «Трэцюю ракету», якую некалі пахваліў і малады доктар Адамовіч. Так прыбывала вопыту, а з ім і майстэрства. Ці болей правільна рамяства.
A. A.: А калі ты сам адчуў, што трэба вось так пісаць, а не гэтак?
В. Б.: Ну, ведаеш, адчуванне гэтае вельмі адноснае. Яшчэ ёсць нейкае захапленне на стадыі задумы, калі твор бачыш
у агульных рысах. А калі да канца напішацца спрэс расчараванне. Нават здзіўленне ад таго, што атрымалася не так, як хацеў. I невядома чаму. Часам так і не зразумееш, чаму? Дзе недабраў ці скрывіў.
A. А.: Таму ты не чытаеш пры перавыданні карэктуру сваіх кніг?
В.	Б.: He чытаю.
A. А.: Якраз таму табе і здаецца, што ўсё не тое?
В. Б.: Можа быць. Нават тады, калі твор пахваляць. Праўда, гэтае пачуццё пакрысе асядае. Але ўсё роўна, калі я пасля пачытаю свой забыты тэкст, робіцца прыкра. Заўсёды здаецца (а можа, і сапраўды так), што гэта кепска.
A. A.: I ты стараешся апраўдацца новай аповесцю?
В. Б.: Ну, можа, не зусім апраўдацца... Але стараюся забыцца на тое, што напісаў. He ўвогуле, не ў сэнсе ідэі гэта якраз я памятаю і за гэта стаю...
A.	A.: А колькі разоў ты перапісваеш?
В.	Б.: Ведаеш, мабыць, перапісваю мала. Вядома, колькі перапісваў Талстой. Наш Аляксей Карпюк перапісваў свае аповесці дзясяткі разоў. Пішу звычайна ручкай на паперы. Пасля сам перадрукоўваю на чарнавік...
A.	А.: Вось гэтую частку?
В.	Б.: Так.
A. А.: Гэта колькі старонак?
В. Б.: Няшмат. Дзве-пяць старонак, не болей. Пасля грунтоўна праўлю машынапіс, і ўсё.
A. А.: Яшчэ не ведаючы канца?
В. Б.: Mae аповесці невялікія, і я звычайна ведаю, што будзе ў канцы.
A.	А.: Потым вяртаешся калі-небудзь назад?
В.	Б.: Ну, вяртаюся, натуральна. Калі ідзе якая пераробка або рыхтую ўвесь тэкст цалкам.
A. A.: А чаму ты не любіш свае рукапісы? Чаго ты знішчаеш іх?
В. Б.: Ну, ведаеш... Навошта іх любіць? Ці зберагаць для архіваў? Для таго трэба надта любіць сябе. Але ці варта? Ранейшыя неяк паводзілі сябе куды болей сціпла. Нават Мікеланджэла пісаў, як невысока ён сябе цэніць... А нам што ўжо сябе высока цаніць?
A. A.: А вось мастак эскізы не толькі захоўвае, але і развешвае...
В. Б.: Мабыць, у мастацтве тое разумна. Бо нярэдка эскізы, эцюды па выяўленчых якасцях цікавейшыя за карціну, для
якой робяцца. Мастакі гэта добра ведаюць. Зноў жа яны ведаюць, што калі не зараз, дык некалі іх можа напаткаць удача. Нават сусветная слава. Таму зберагаюць усё, што можа калісь спатрэбіцца. Я ж не маю такой спадзяванкі. I не меў ніколі. У вайну прывык разлічваць на жыццё да вечара, пра іншае не клапаціцца...
A. A.: I нічога лішняга не мець з сабой?
В. Б.: Ніколі не зарыўся на трафеі. Ну, гадзіннік які прыдбаў, зброю. Кулямёты ў нас звычайна былі трафейныя, бо нашыя цяжкое ламачча. Зноў жа пісталет пісталеты ў немцаў таксама былі выдатныя. А некаторыя ў нас, асабліва старэйшыя, ды напрыканцы вайны, валакуць, бывала, усё, што можа спатрэбіцца ў гаспадарцы. Яно зразумела беднякамі ж былі. Таму і цягнулі...
A. А.: У рэчмяшок свой.
В. Б.: Ды не пакарысталіся, я ўжо расказваў: усё паадбіралі. А яны клапаціліся пра будучыню. Я ж не клапаціўся, бо рана зразумеў, што марна тое. He ты жыццём камандуеш, а яно табой, і заўсёды зробіць так, як яму патрэбна. Усёмагутная сіла абставін! Яна, зрэшты, стварала на вайне і герояў, і трусаў, як калі і як каму выпадала. Генерал Уласаў здраднік, бо трапіў у пэўныя акалічнасці, а калі б трапіў у іншыя, быў бы герой і маршал. У маім жыцці, бадай, ніколі не атрымлівалася так, як мне хацелася. Я пасля вайны не хацеў служыць у войску ніводнага дня, а праслужыў каля 15 год. Толькі ў літаратуры я ўбачыў магчымасць стаць гаспадаром сваіх памкненняў, магчымасць ажыццявіць уласныя ідэі, уладарыць над сабой і над сваімі героямі персанажамі твора. Але па вялікім рахунку і тут аўтарскія магчымасці ў бальшыні сталіся ілюзіямі. Пытаешся прычыны? Пра першую я ўжо сказаў: неадпаведнасць ідэйнага і сапраўднага, практычнага. Але гэты разрыў суб’ектыўны, тут наракаць няма на каго. Другая ж прычына сацыяльна-палітычнага парадку, калі абагульнена, дык гэта славуты наш метад сацрэалізму, пра які навукоўцы ад філалогіі кажуць, што не ведаюць, што гэта такое. Затое вельмі добра ведаюць аўтары, а яшчэ лепш рэдактары і крытыкі. На мой дылетанцкі погляд, сутнасць таго метаду чыста паліцэйская гнаць і не пушчаць. Гнаць туды, куды літаратуры не трэба, і не пушчаць куды трэба. Куды яна хацела б памкнуцца.