Поўны збор твораў. Том 10. Кніга 2 Артыкулы, эсэ, прадмовы, выступленні, інтэрв’ю, гутаркі, калектыўныя творы (1981 -1990) Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 10. Кніга 2

Артыкулы, эсэ, прадмовы, выступленні, інтэрв’ю, гутаркі, калектыўныя творы (1981 -1990)
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 640с.
Мінск 2019
181.27 МБ
Мабыць, для таго, каб дакументы такога роду адпавядалі свайму наміналу, патрэбны адпаведны палітычны ўзровень народнай свядомасці, выразна дэмакратычная воля яго кіраўніцтва. А тут якая воля, калі ў зале Вярхоўнага Савета, які прымаў Дэкларацыю, панаваў амаль хаўтурны настрой, бо ўсё гэта рабілася супроць волі большасці, пры крайняй раздражнёнасці некаторых дэпутатаў з партгрупы. Адны дэпутаты самааддана змагаліся за кожнае слова пры відавочнай пасіўнасці іншых, якія, аднак, адчувалі сваю сілу ў іншым — у галасавальнай працэдуры. Яна ўсё і вырашала. Можна было зразумець тых, хто пакінуў залу, калі сесія падышла да перадапошняга артыкула, які, па сутнасці, зрабіў малаэфектыўнымі (калі не зусім бескарыснымі) усе астатнія, нават самыя ўзнёслыя і рамантычныя, але пазбаўленыя сэнсу.
Напрыклад, што практычна азначае заключная частка артыкула 10 аб бяз’ядзернай зоне? Ці можа цяперашняе кіраўніцтва рэспублікі дамагчыся таго, каб не толькі ліквідаваць, а хоць бы зменшыць колькасць ракетных баз — на адну-дзве адзінкі? Хоць бы на тую, паблізу Мінска, якая кожнага дня пагражае сталіцы не меншымі вынікамі, чым Чарнобыль. Як цяпер, так і пасля заключэння саюзнага дагавору, гэтае пытанне будзе цалкам у кампетэнцыі Міністэрства абароны СССР, а не Вярхоўнага Савета БССР. Які ж тады практычны сэнс тае фразы, апроч як чыста прапагандысцкі? Нават калі і было
б інакш, калі б тое вырашаў ВС БССР, дык пры цяперашнім раскладзе палітычных сіл у ім, партгрупа, дэпутаты ад ветэранаў і інвалідаў будуць біцца да смерці, каб захаваць тыя базы, бо без іх яны не ўпэўнены ў сваёй бяспецы, пагрозу якой са сталінскіх часоў бачаць у англа-амерыканскім імперыялізме. Ужо так выхаваны і на тым стаяць. Хіба што можа змяніцца на наступных выбарах, і то ў тым толькі выпадку, калі беларускія выбаршчыкі настолькі «прозреют», што перастануць давяраць вызначэнне нацыянальнай стратэгіі прадстаўнікам «грамадскіх» арганізацый.
Так што рэальнага напаўнення гэтай звонкагалосай дэкларацыі няма ніякага і цяжка меркаваць, каб з такім выразным, мякка кажучы, кансерватызмам КПБ і Саветаў яго магчыма было дасягнуць у бліжэйшым будучым. (Гэты кансерватызм з красамоўнай выразнасцю характарызуецца хоць бы тым фактам, што на XXVIII з’ездзе КПСС менавіта беларускай дэлегацыяй на пасаду намесніка Генеральнага сакратара была вылучана кандыдатура крайне непапулярнага Я. Лігачова.)
Відаць, ажыццяўляць суверэннасць магчыма толькі ва ўмовах суверэнітэту, вось у чым парадокс часу.
— Васіль Уладзіміравіч, як народны дэпутат СССР вы маглі б удзельнічаць і ў рабоце сесіі беларускага парламента. Дарэчы, аднойчы ў залу наведаўся Алесь Адамовіч — пасядзеў з гадзіну і пайшоў... Што ж, напэўна, многае ў дзейнасці нашага парламента выклікае пачуццё незадаволенасці. Здаецца, дэпутацкая большасць атрымлівала ці не сапраўдную асалоду, калі на выбарах старшынь пастаянных камісій «падсякала» Канаплю, Баршчэўскага, Вярцінскага і іншых асоб прагрэсіўнага складу — тых, хто быў гатовы ахвяраваць уласнымі інтарэсамі дзеля справы і быў здатны тую справу рабіць. Апаратчыкі нібыта бралі рэванш: і за выбары, і за мітынгі, і за «ачарніцельства». Маўляў, як мы вас, а?.. Наколькі падобныя сітуацыі знаёмыя вам па маскоўскіх з’ездах, у якіх вы ўдзельнічалі?
— Вядома, і на маскоўскіх з’ездах было шмат падобнага. Справа ў тым, што наша грамадства надта выразна і раптоўна палярызавалася. Семдзесят гадоў уладання адной партыі падзялілі яго на непрымірымыя слаі і праслойкі.
Цяпер у нас назіраецца нешта падобнае таму, што было ў Расіі пасля лютаўскай рэвалюцыі. Нават дэмакратычна абраны Устаноўчы сход рассыпаўся ў непрымірымай варожасці, эмоцыях, назапашаных за доўгія гады самадзяржаўя, ішла бязлітасная барацьба на ўсіх узроўнях. I яна не магла не ісці — надта многа назбіралася крыўды і хлусні, рознанакіраваных палітычных па-
мкненняў. Toe ж і ў нас зараз. Адны слаі грамадства імкнуцца да волі і самастойнасці, другія заклапочаны тым, каб захаваць уладу, вынаходзячы для таго дзясяткі хітраванскіх спосабаў (як, напрыклад, славуты метад перадачы ўлады Саветам шляхам сумяшчэння пасад першых сакратароў і старшынь). I тыя, і іншыя заклікаюць адзін аднаго да кансалідацыі, якая, аднак, на практыцы можа быць ажыццёўлена толькі коштам капітуляцыі адной з процідзеючых палітычных сіл. Як мы бачым, КПБ капітуляваць не збіраецца, наадварот, яна накоплівае сілы для рэваншу за сваё нечаканае паражэнне ў ідэалогіі, эканоміцы і культуры. I гэты рэванш будзе дасягнуты толькі тады, калі будуць падаўлены ўсе іншыя палітычныя сілы.
Партыйны плюралізм, на мой погляд, — спосаб сугуба часовы, накшталт славутага кітайскага «пусть расцветет сто цветов». Прырода гэтае партыі ўжо такая, што яна не церпіць ніякага саперніцтва, ніякага іншадумства. Таталітарызм — гэта яе ўлюбёная атмасфера, у якой яна адчувае сябе, як птушка ў палёце. Аднак чалавецтва добра ўжо пазнала на ўласным вопыце, якім драпежна-крывавым бывае гэты сакаліны палёт.
КПСС сапраўды цяпер перажывае нялёгкі перыяд. За гады манапольнага панавання ў атмасферы ўсеагульнага самазахаплення яна накапіла безліч памылак. Недаравальны цяжар гэтых памылак гняце яе не толькі ў маральным сэнсе. Яе кіруючы апарат заняў абарончую пазіцыю («уся партыя не вінавата!»), але абараніцца не проста, праўда не на яе баку. Тут не можа дапамагчы і даўно выпрабаваны спосаб, калі былыя віноўнікі-кіраўнікі не адказваюць, бо ўжо не кіруюць (памерлі ці на пенсіі), а новыя не вінаватыя, бо кіруюць нядаўна. Такім чынам, крызіс у наяўнасці, а вінаватых няма. Поўнае алібі.
— Прадстаўнік дэпутацкай партыйнай групы выхад з залы часткі парламентарыяў падчас галасавання дэкларацыі ацаніў як «спробу сарваць распачаты канструктыўны дыялог у інтарэсах беларускага народа», «непрыманне ідэі новага саюзнага дагавору, які адкрывае перад намі рэальную магчымасць палітычнага і эканамічнага напаўнення суверэнітэту БССР». 3 іншага боку, апазіцыя ў нашым Вярхоўным Савеце ўзнікла ў выніку немагчымасці для фракцыі БНФ, паводле слоў Зянона Пазьняка, падзяляць адказнасць за палітыку стагнацыі. Што параілі б вы, Васіль Уладзіміравіч, дэмакратычна настроеным дэпутатсш — «умываць рукі» ці ўсё ж весці «канструктыўны дыялог»?
— За шмат гадоў у краіне выхаваліся выдатныя майстры звонкай, дэмагагічнай па сутнасці фразы. Ніводная палітыч-
ная кампанія мінулага не абыходзілася без такіх фраз, за якімі не значылася ніякага сэнсу, а быў адзін пусты звон. Варта ўспомніць «смычку города с деревней», «ум, честь н совесть нашей эпохн», «экономнка должна быть экономной» і безліч іншых. Цяпер, у новых умовах таксама на палітычнай арэне жангліруюць усё па той жа методзе, хіба што шарыкі трохі новыя і сярод іх — «конструктнвный дналог», «деструктнвные снлы», «консенсус». Дзе той канструктыўны дыялог, дзе кансэнсус? I хто да іх імкнецца? Калі выхад з залы пасяджэнняў групы дэпутатаў БНФ нельга палічыць канструктыўным, як і наступная «заява групы дэпутатаў-камуністаў» таксама канструктыўнасці не служыць. Нарэшце, што такое «обновленный Союз», азначэнне якому не мог даць ніхто на апошняй сесіі ВС Беларусі? I натуральна, бо ўсё гэта тое, што хоць і гучыць на дыскусіях, але не існуе ў палітычнай прыродзе краіны.
Наш беларускі парламент працуе не ў лепшы час, нічога лёгкага не чакае яго наперадзе, таксама як і ўсю рэспубліку. Мусіць, кожнае грамадства павінна прайсці наканаваны яму лёсам шлях да дэмакратыі, пераскочыць цераз які нікому не дадзена. Калі падыходзіць да нашага парламента дыялектычна, дык ужо цяпер можна сказаць, што лёс перабудовы вырашае ў ім створаная нядаўна партгрупа, не безумоўна кансерватыўная парламенцкая большасць, а яго апазіцыя.
Ад адзінства і згуртаванасці новых сіл у большай меры залежыць будучыня рэспублікі. У тым ліку і яе рэальны суверэнітэт. Прэзідэнт М. С. Гарбачоў на нядаўняй нарадзе з эканамістамі краіны выказаў заклапочанасць тым, наколькі захаваецца адзінства менавіта левага цэнтра як гаранта перабудовы. Бо правыя — не гарант, правыя — яе магілыпчыкі, што даўно ўсім вядома.
— Нядаўна вы прымалі ўдзел у канферэнцыі БНФ «Адраджэнне», якая ўзяла курс на незалежнасць Беларусг, выказала адносіны да КПБ і Вярхоўнага Савета рэспублікі. Ужо сам па сабе Ваш удзел у канферэнцыі — сведчанне палітычных і чалавечых прыхільнасцей Васіля Быкава. Між тым, сёння лідары БНФ досыць самакрытычна ацэньваюць дзейнасць руху. Што, на вашу думку, трэба, каб ён шырыўся, набываў новых прыхільнікаў?
— Я лічу, што ў сучасных умовах у Беларусі манапольнасць КПБ застаецца рэальнасцю, якую яна (КПБ) не збіраецца ўсур’ёз парушаць. Наадварот, як сказаў у сваім інтэрв’ю газеце «Правда» Я. Я. Сакалоў, партыя «нзбрала свой путь н ндет по нему, не сворачнвая». Які гэта «путь», мы добра ведаем, і
куды ён прывёў, адчуваем на сабе штодня. Дык што ж можа падправіць гэтую яе хаду «не сворачнвая»? Як сказаў той жа Сакалоў у тэлеінтэрв’ю, у нас зараз няма іншай палітычнай сілы, якая б магла замяніць КПБ.
Увогуле гэтае сцверджанне недалёка ад ісціны, бо менавіта КПСС за гады свайго панавання мэтанакіравана і няўхільна вытручвала ў грамадстве ўсё палітычна жывое, колькі-небудзь нацыянальна-свядомае, пакідаючы ззаду і наўкола ідэйную пустэчу, тлен і магілы. He дзіва, што цяпер і не будзе каму з ёй параўнацца. Але ганарыцца тут няма чым. У той таталітарнай нецярпімасці і яе выніках — не заслуга, а вялікая бяда і самой партыі. Вельмі можа так стацца, што, канчаткова абанкруціўшыся, яна сама выпусціць з рук уладу, якой ужо не ў стане будзе карыстацца, але, на бяду нацыі, тую ўладу не знойдзецца вартага ўзяць. На чарнобыльскім могільніку можа не аказацца ніякай палітычнай сілы. Тыя новыя партыі, якія цяпер «для прыліку» ствараюцца са згоды КПБ, будуць залежныя ад яе ласкі і не прычыняць ёй вялікага клопату. А вось БНФ з першага дня свайго існавання чыніць ёй немалы клопат. I яна адказвае яму адпаведна. Па-першае, валадарачы ў саветах, яна Фронт не прызнае дэ-юрэ. Па розных прычэпках — важных, дробязных, смешных — вопыт такога роду кручкатворства ў яе самы багаты. Але і не прызнаючы, пераследуючы па суду яго кіраўнікоў, учыняючы гвалт і беззаконне над яго актывістамі, партыя не можа цалкам ігнараваць ягоныя «крамольныя» ідэі, бо гэта сапраўды народныя ідэі, што ідуць з глыбіні свядомасці нацыі.