Поўны збор твораў. Том 10. Кніга 2 Артыкулы, эсэ, прадмовы, выступленні, інтэрв’ю, гутаркі, калектыўныя творы (1981 -1990) Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 10. Кніга 2

Артыкулы, эсэ, прадмовы, выступленні, інтэрв’ю, гутаркі, калектыўныя творы (1981 -1990)
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 640с.
Мінск 2019
181.27 МБ
Але ж колькі можна? Чаму нас нічому не вучыць не толькі гісторыя, але і сённяшні самы надзённы і балючы вопыт, учарашнія падзеі, горкія і ганебныя?
Цяпер нярэдка пачуеш, што СП не адпавядае новаму часу, састарэла яго структура, патрабуе абнаўлення кіраўніцтва. Правільна: і састарэла, і не адпавядае. Але СП — найперш гэта мы самі; і кіраўніцтва наша такое, якога мы заслугоўваем. He болып і не менш. Калі палітычная свядомасць СП, нашы палітычныя ідэалы — на ўзроўні свядомасці гуртка рыбаловаў-
аматараў, дык чаго ж чакаць ад праўлення, прэзідыума, сакратарыята? I чаго чакаць ад народа, калі ягоную інтэлігенцыю, творцаў і майстроў прыгожага столькі гадоў імкнуліся ператварыць у нясмелую замуштраваную групку дзіцячага садка, да якой найбольшае патрабаванне, каб сядзелі ціха. I сядзелі ціха. Дзесяцігоддзямі сядзелі, бяскрыўдна дазваляючы папінаць сябе зграі ідэалагічных наглядчыкаў ад класнай дамы Сінельнікавай да ідэалагічнага Прышыбеева — Паўлава, які нават стаў нашым калегам. Усё ж ён чалавек «сціплы», бо мог бы стаць і класікам, і ўлезці ва ўсе хрэстаматыі, і атрымаць прэміі і званні. Хто б яму перашкодзіў? Тыя, хто цяпер выступае супроць ушанавання таленту Рыгора Барадуліна, аж распіналіся пра незвычайны талент Савелія Яфімавіча. А іншыя маўчалі. Як маўчалі, калі распраўляліся з А. Карпюком, калі ва ўпор не заўважалі У. Караткевіча. Калі ў Траецкім прадмесці, дзе цяпер збіраюцца паставіць помнік ахвярам афганскай авантуры, бравыя хлопцы з адпаведнай выпраўкай лупцавалі дзяўчатак з мастацкага вучылішча за іх «крамольную» спробу правесці гуканне вясны. Калі самадзейныя купальскія вогнішчы на працягу многіх гадоў залівалі з пажарных машын. Верхам знявагі і непрыкрытага тэрору ў адносінах да беларускага народа стала, канечне ж, векапомнае 30 кастрычніка, калі ўчыніўся здзек з народных веры, традыцыі, культуры, калі наваяўлены айчынны фашызм ва ўсёй красе паказваў сваё насарогава аблічча. На вялікі наш сорам, знайшліся і інтэлігенты, якія імкнуліся апраўдаць і адобрыць гэтае злачынства стагоддзя. Ну але што ж, хіба першы раз! Дзеля свае роднае партыі чаго не зробіш? Іншыя рабілі не тое — варта пачытаць сёння апублікаваныя стэнаграмы паказанняў некаторых з іх на славутых працэсах трыццатых гадоў. Можна звар’яцець, a мы перасталі і здзіўляцца.
Людзі могуць быць розныя — беспрынцыпныя і бяспамятныя, гісторыя ж жыве па сваіх законах і рупна робіць свой беспрыстрасны рэестр. Ад яе пільнага вока не засцеражэцца ніхто. I тут нельга адкараскацца ад думкі, што мы, беларусы, нясём на сабе нейкую каінаву пячаць за немаведама якія грахі ў мінулым ці будучым. Я ўжо не кажу пра Чарнобыль, гэты гіганцкі атамны генацыд, які, здаецца, усё ж даканае нацыю. Асабліва пры такой эканоміцы і такой палітыцы. I пры такім начальстве! Незабыўны наш Караткевіч некалі расказваў прытчу, як Бог, стварыўшы зямлю, размяркоўваў яе між народамі. Нехлямяжыя беларусы, вядома ж, спазніліся, усё ўжо было падзелена. Апроч аднаго райскага кутка з мяккім кліматам, ля-
самі-барамі, рыбнымі рэкамі, урадлівымі палямі. I гэты куток Бог аддаў беларусам. Але, каб тыя не заганарыліся, прыставіў да іх надта ж благое начальства. За шмат стагоддзяў, што мінулі з біблейскіх часоў, парадзелі лясы, спаскудзіліся рэкі, клімат змяніўся. Але якасць нашага начальства засталася нязменнай. Столькі гадоў нацыя без лідара! Ва ўмовах дэмакратыі, дык тое, можа, было б і няблага, але ж нам да дэмакратыі — як да таго гарызонту, які ўсё аддаляецца. Пакаленні пражылі без яе і, мусіць, будуць жыць новыя. Але як во пражыць без начальства?
Азіраючыся цяпер назад пры не надта і вялікім веку, бачыш, як няшмат было сярод іх людзей людскіх, у якіх за гады іхняй кар’еры не вытруцілася чалавечае ў душах. Бы слупы, яны стаяць у часе, аддзеленыя адзін ад аднаго кіламетрамі. А іншыя... Можа, упершыню за столькі гадоў у нас з’явіўся старшыня ўрада — спецыяліст і рэфарматар, і нацыя пазірае на яго з вялікай, ці не апошняй надзеяй. Хаця ў сучасных умовах усеагульнага развалу і ранейшага дыктату ЦК наўрад ці ён многа зможа...
Зрэшты, мы не максімалісты. Беларусь абышлася б і без выдатнага кіраўніцтва, але з такім, якое б не шкодзіла, не душыла, не цугляла нацыю на кожным кроку. A то па цуглянню наша рэспубліка, безумоўна, самая перадавая ў Саюзе. Нездарма Алесь Адамовіч гэтак трапна ахрысціў яе «Вандэяй перабудовы». Сапраўды, на што мы дзясяткі гадоў трацілі свой грамадзянскі імпэт, свой творчы запал? На змаганне за тое, што даўно ўжо дасягнута ў самых слабаразвітых краінах, што для якой-небудзь Верхняй Вольты пройдзены і забыты этап. Дзясяткі гадоў мы змагаліся за родную мову — некаторыя касцьмі клаліся ў тым змаганні (як Уладзімір Дамашэвіч, напрыклад), закідвалі пісьмамі-енкамі ЦК КПСС, Гарбачова. За што пасля па адным іх цягалі ў ЦК на допыты, па сутнасці на здзек, бо ўсе пункты скаргаў ЦК КПБ разам з падначаленымі яму міністэрствамі настойліва абвяргаў. Сёння, калі абставіны трохі змяніліся, аддамо належнае нашым братам, мастакам Беларусі, некаторым з навукоўцаў, настаўнікам, імёны якіх цяпер і не ўспамінаюцца. Гэта цяпер, калі стала можна, ТБМ раскашуе на ўсенародным, афіцыйным прызнанні, і дай яму бог раскашаваць і далей. Тое, што яно робіць, вядома, трэба рабіць. Але і не трэба заспакойвацца, па сутнасці, нічога яшчэ не дасягнута. Трэба зразумець, што доўгачаканы акт надання дзяржаўнасці беларускай мове — не больш чым чарговы бюракратычны манеўр, нацыянальны падман. Пры цяперашніх далёкіх ад дэмакратыі пазіцыях нашага кіраўніцтва праблема
нацыянальнае мовы застаецца нявырашанай. Для таго, каб беларуская мова стала сапраўды народнаю, дзяржаўнаю моваю, відаць, патрэбна змена ўсяго антынацыяналістычнага, сервілісцкага ладу на суверэнна-дэмакратычны, што нам пакуль і не свеціць. Мабыць, мы яшчэ не дараслі да таго. Да таго дарасла Балтыя, а не Беларусь, рукамі якой цяпер спрабуюць душыць яе боскую ініцыятыву да волі. Саюзны ВС прымае законы аб крымінальнай адказнасці за тэрытарыяльныя прэтэнзіі, a Прэзідыум нашага ВС выдае заявы аб такой прэтэнзіі да Літвы. Сорам гэтай ганебнай акцыі падае, вядома, і на нас, творчую інтэлігенцыю. Нам найболей адказваць за ганебныя акты, якія падпісваюцца тымі, хто, бы матылі, з’яўляюцца і знікаюць. Hi за што не адказваючы. Як яны ні ў нас, ні ў Маскве не адказвалі ні за Венгрыю 1956 года, ні за Чэхаславакію 1968-га, ні за Афганістан. Нам жа заставацца на гэтай зямлі і ў яе гісторыі і, значыць, несці гістарычную адказнасць.
Могуць сказаць: а што мы можам?
Сапраўды, што?
Мы самі — задушаныя, нямыя і бяспраўныя. Дзясяткі гадоў мы змагаліся за рэабілітацыю нашых няшчасных праведнікаў ад Гаруна да Гартнага і пяці дзясяткаў іншых дзеячаў культуры, на якіх ужо рыхтаваліся новыя абвінавачанні — так сказаць, пасмяротныя, па другім за ходзе. Год назад Прэзідыум Вярхоўнага Савета БССР праз Вярхоўны суд рэспублікі ўрэшце рэабілітаваў вялікую іх групу. Але без удзелу кіраўніцтва СП. Кіраўніцтва СП у той час вяло зацятую вайну з БНФ, даказваючы яму, сабе і найперш, вядома ж, начальству, згубу праграм БНФ, ягоных памкненняў да волі і незалежнасці. Чым скончылася гэтая барацьба, вядома — беспрэцэдэнтным для гісторыі нашай культуры ганебным «уотэргейтам» у нашым доме, самаўпраўствам міліцыі, знявагай годнасці ўсёй нацыянальнай інтэлігенцыі. I зноў без усялякага выніку — кіраўніцтва СП нават не пасварылася з начальствам. Як жа, а раптам начальства разгневаецца і адмовіць у свае панскае міласці? Факт гэтага ганебнага ўварвання ў «пошуках бомбы», вядома ж, ніхто не расследаваў, і не развеяны падазрэнні, што не каторыя з апаратчыкаў СП і навялі міліцыю на гэты начны ўзлом. Я ўстрымліваюся ад каментарыя гэтага факта, хай яго ацэніць наша шаноўная грамада.
I што ж, на тым усё сціхла? Бомбу не знайшлі, але дакументы забралі, і ўсё скончылася? Скончылася хіба ў аператыўных зводках карных органаў, але для гісторыі толькі пачынаецца. I ўсё тое, безумоўна, праявіцца ў жыцці наступных пакален-
няў, дзяцей тых дзяўчынак і хлопчыкаў, якіх лупцавалі веласіпеднымі ланцугамі каля Траецкага прадмесця, якіх труцілі газамі каля Маскоўскіх могілак, білі міліцэйскімі палкамі ля Курапат, дзе здаўна ляжаць у брацкіх магілах іхнія дзяды і прадзеды. Такое не забываецца, не знікае ў памяці народа і ягонай гісторыі, якія б высілкі для таго ні рабілі камуністычная партыя, КДБ, МУС, нашы псеўдавучоныя ад Абэцэдарскага да Залескага. Безумоўна, апроч гісторыкаў над тым парупяцца творцы: раманісты і мастакі, песняры і рэжысёры, якія цяпер змушаны змагацца, смешна мовіць — за прызнанне ў Беларусі яе нацыянальнай гістарычнай сімволікі. Пра тое нават нельга сказаць у далёкім ці блізкім замежжы — ніхто цябе не зразумее: чаму так? Які ў гэтым сэнс ці хоць бы якая логіка? Я не ўпэўнены, што тое разумеюць нават тыя, што забараняюць гэтую няшчасную сімволіку. Бел-чырвона-белы сцяг ім, бачыце, ненавісны за тое, што яго насілі паліцаі. Дык паліцаі ж насілі і штаны, што ж тады вынікае з вашых вучоных высноў, шаноўныя панове? Няма сумнення, усё гэта будзе смешна і недарэчна нават праз вельмі кароткі час. Але цяпер не смешна. Цяпер балюча і крыўдна, бо тупы жандарскі бот па-ранейшаму папірае і фізічнае існаванне нацыі, і яе стогадовыя духоўныя набыткі. Якія яна па крошцы выпрацоўвала ўласнымі высілкамі, высілкамі сваіх найлепшых людзей, збірала і зберагала — праз войны, голад, галечу, іншаземнае панаванне.
Народ — сірата без лідара, гэта элементарна. Але яго будучыня не безнадзейная, калі ён мае ўласную інтэлігенцыю, якая генерыруе ідэі і з’яўляецца жыватворным ферментам палітычных працэсаў у грамадстве. Антынародныя, антынацыянальныя сілы гэта разумеюць выдатна, і таму такое шалёнае супраціўленне ў Беларусі сустракае яе Народны фронт. Усе сродкі кінуты на барацьбу з ім, з поўнаю пагардаю да элементарнай цярпімасці, этыкі і маралі. Але і непрызнаны Беларускі народны фронт жыве, дзейнічае з апірышчам галоўным чынам на нацыянальна-дэмакратычную інтэлігенцыю пры падтрымцы найболыв свядомых слаёў народа. I гэта дае надзею. У гэтым сэнсе нам трэба сёння азірнуцца на саміх сябе, паглядзець, якія мы інтэлігенты і як выконваем свае абавязкі перад народам. Вядома, у мастацтве найперш талент, але, апроч таленту, яшчэ так неабходнае сумленне. I калі талент — ад бога, дык сумленне — хоць і не цалкам, усё ж у значнай меры — ад нашае чалавечае волі. I калі мець на ўвазе наш дужа нават няпросты час і наша мастацтва, дык у іх, мабыць, болей за ўсё і вырашае менавіта сумленне. Сумленне ва ўсім: у стаўленні да народа,