Поўны збор твораў. Том 10. Кніга 2 Артыкулы, эсэ, прадмовы, выступленні, інтэрв’ю, гутаркі, калектыўныя творы (1981 -1990) Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 10. Кніга 2

Артыкулы, эсэ, прадмовы, выступленні, інтэрв’ю, гутаркі, калектыўныя творы (1981 -1990)
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 640с.
Мінск 2019
181.27 МБ
Мабыць, з улікам сказанага няцяжка зразумець, што такія адносіны да мінулага ствараюць у рэспубліцы пэўную напружанасць і нярэдка прыводзяць да непажаданых вынікаў.
Ваяўнічыя праявы нацыянальнага нігілізму, таксама як і рэцыдывы вульгарнага «мясцовага патрыятызму» час ад часу з’яўляюцца ў выступленнях органаў друку, творчых саюзаў, хоць і носяць пакуль што прыватны ці лакальны характар. Часцей за ўсё яны характэрны ў адносінах да пэўных асоб, якія чым-небудзь не дагадзілі гіпертрафіраванаму нацыянальнаму ці інтэрнацыянальнаму пачуццям, як гэта здарылася нядаўна вакол памяці К. Сіманава і выклікала не надта прыстойную палеміку ў творчых колах. Гэтая нестабільнасць час ад часу падаграваецца вуснымі ці пісьмовымі выпадамі супроць аўтарытэтных дзеячаў нацыянальнай культуры з боку ўсемагутных экстрэмісцкіх элементаў — ад непрыкрытых антысемітаў тыпу скандальна вядомага У. Бегуна да актывістаў не меней вядомай «Памяці», якія даўно ўжо вядуць сваю падрыўную
работу ў сталіцы рэспублікі. Менавіта іхнімі рукамі ў мінулым годзе было выліта столькі памыяў на сусветна вядомага мастака, нашага земляка Марка Шагала, стала магчымай газетна-часопісная вайна з А. Адамовічам, падвергнуты зняважлівым нападкам літаратуразнаўца В. Каваленка, пісьменніца С. Алексіевіч.
Беспадстаўныя наскокі на дзеячаў культуры мінулага нярэдка носяць адбітак дрымуча-помслівага пачуцця: калі, маўляў, няма музея ў «нашага» Каліноўскага, дык хай не будзе яго ў «іхняга» Шагала. Што і казаць, цяжка знайсці колькі-небудзь разумнае тлумачэнне таму, што рэспубліка за семдзесят гадоў свайго існавання не заслужыла права на музей-помнік аднаму з самых лепшых яе сыноў, але ці тое падстава, каб не прыняць яе другога славутага сына? Ці ёсць патрэба даказваць, наколькі ўсё гэта не толькі не дэмакратычна для нашага часу, але і непрыкрыта рэакцыйна. Наяўнасць такіх канфліктаў у грамадстве не можа не прычыніць пэўнай шкоды нацыянальнай культуры, таксама як і фарміраванню інтэрнацыянальнай свядомасці беларусаў, што, як вядома, немалы час адбывалася ў антаганістычнай атмасферы класавай, нацыянальнай, рэлігійнай рознасці. Замест таго, каб актыўна дзейнічаць у духу гэтак актуальнай цяпер дэмакратызацыі, мы нярэдка песцім у сабе старыя, даўно скампраметаваныя, сапраўды «д’ябальскія» страсці. Вобраз пачвары-ворага і абавязкова звязанае з ім пачуццё страху глыбока заселі ў нашай свядомасці; шмат гадоў мы шукалі ворагаў там, дзе толькі было можна, а яшчэ болей ахвотна там, дзе знайсці іх было немагчыма. У нас і цяпер нястомна працуе група вучоных і публіцыстаў, якія сваёй не надта разборлівай, з’едліва-фельетоннай барацьбой з сапраўдным, a часцей уяўным нацыяналізмам шмат чаго дамагліся ў справе выхавання нацыянальнага нігілізму, што мае прамым вынікам той стан, у якім апынулася і беларуская мова. Але час змяніўся. I, мабыць, сапраўды самы небяспечны вораг цяпер той, які, будучы народжаны нашым мінулым, засеў у нас саміх. I тут нельга не пагадзіцца з дасціпнай сентэнцыяй Ігара Дзядкова, які трапна заўважыў, што «там, дзе займаюцца пошукамі масонаў ды іншародцаў, культура стаіць у куце, адвярнуўшыся да сцяны». Ці не занадта доўга ў мінулым стаяла тварам да сцяны наша пакутніца-культура, каб і цяпер усё на той жа спарахнелай падставе не даваць ёй павярнуцца да народа і яго жывога жыцця? Ці не пара прызнаць відавочную негрунтоўнасць вядомага лозунга, антытэзай да якога час бярэ іншы, болей выпрабаваны і чалавечны: той з намі, хто не супроць нас.
Даўно заўважана, што ў сферы міжнацыянальных адносін першаступеннае значэнне мае этыка, тая няўлоўная далікатнасць выказванняў і паводзін, наяўнасць якой нічога не варта, а адсутнасць нязменна аплачваецца вельмі дорага. Кожнае сумленнае нацыянальнае пачуццё варта павагі; асабліва гэта важна ў адносінах да малых народаў, якія доўгі час у мінулым неслі на сабе адбітак непавагі і дыскрымінацыі. У гэтым сэнсе нельга не прызнаць, што далёка не ўсе людзі іншай нацыянальнасці, жывучы сярод карэнных жыхароў рэспублікі, паводзяць сябе незалежным чынам: нярэдка бравіруюць гтагардай да нацыянальнай мовы, нарадзіўшыся на тутэйшай зямлі, не дадуць сабе працы за гады жыцця хоць у малой ступені зразумець яе традыцыі і звычаі. У нас даўно ўжо сталі звыклаю з’явай негатыўныя адносіны не толькі да рэлігійнахрысціянскіх святаў, але і да бяскрыўдных дахрысціянскіх абрадаў, якія толькі дзякуючы народнай прыхільнасці дажылі да нашых дзён. Некалькі гадоў назад у Мінску было сілай разагнана этнаграфічнае маладзёжнае мерапрыемства «Гуканне вясны» (арганізаванае, між іншым, пры ўдзеле Саюза мастакоў БССР), што выклікала законнае абурэнне грамадскасці, але не атрымала ніякага тлумачэння ад улад. Шмат гадоў спарадычна робяцца маўклівыя перашкоды правядзенню народнага святкавання Купалля, як гэта адбылося летась у Заслаўі. А вось традыцыйны дзень памяці продкаў Дзяды шматслоўна ганьбуецца ў друку як рэлігійнае мерапрыемства, хоць даўно такім не з’яўляецца.
Напэўна, прачытаўшы тое, знойдуцца людзі, якія скажуць: але ж усё гэта — вашы ўнутраныя справы. Гэтыя рагаткі на шляхах развіцця нацыянальнай культуры — справа рук вашай жа нацыянальнай бюракратыі, без якога-небудзь умяшання з інпіага боку. I ўвогуле яны будуць мець рацыю. Але ўся справа ў тым, што ў аснове гэтых невясёлых з’яў ляжыць усё тое ж шматгадовае імкненне да перастрахоўкі, даўні страх, боязь, як бы чаго не выйшла — пачуццё, увабранае бюракратамі ад нараджэння, набытае ў працэсе выхавання, навучання або проста існавання ў пэўных грамадскіх умовах. Страх перад рэальным, а часцей штучна створаным нацыяналістычным пудзілам глыбока пранік у іхнюю свядомасць, стаў амаль генным.
He так даўно на семінары бібліятэчных работнікаў мілая спецыялістка з універсітэцкай адукацыяй пытаецца: «Ці можна лічыць нацыяналістам чалавека, які заўжды размаўляе па-беларуску?» I на сямідзясятым годзе савецкай улады даводзіцца тлумачыць розніцу паміж патрыятызмам і нацы-
яналізмам, якія ў нечай затарможанай свядомасці аднойчы зліліся ў непарыўнае крамольнае цэлае. I прыходзяць пісьмы з сельскіх школ усё ад тых жа настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры са скаргамі на дыскрымінацыю ў выкладанні іхняга прадмета, аплаце настаўніцкай працы, ушчамлення ў пытаннях жылля і інш. Вядома, ушчамленне можа здарыцца ў адносінах да кожнага выкладчыка, але на баку настаўніка рускай мовы — несумненны клопат дзяржавы, які ўвасобіўся хоць бы ў нядаўняй пастанове аб павышэнні зарплаты. А якія сведчанні падобнага клопату ёсць у беларускага выкладчыка? Рэгулярная на працягу дзесяцігоддзяў пагарда да яго працы, скарачэнне вучэбных гадзін у сувязі са скарачэннем колькасці вучняў, змяншэнне яго зарплаты...
Вяртаючыся, аднак, да мовы, нялішне заўважыць, што адна з яе шматлікіх праблем заключаецца таксама ў несумненным дысбалансе яе чыста структурных страт і набыткаў. Будучы народжанай на сельскіх прасторах, цудоўна прыстасаваная да прыроды, сялянскага побыту, яна ўсё ж апынулася ў нейкай меры чужаніцай сярод каменных гмахаў горада, у бензінавым чадзе урбанізаванага грамадства. Тут яна страчвае як непатрэбную значную частку сваёй лексікі, гармонію моўнага ладу. А што набывае? Набыткі яе не толькі сумніцельныя, але і, безумоўна, антыэстэтычныя. Шырокая моўная палітызацыя, што ідзе ад сродкаў масавай інфармацыі, выцясняе з яе ўсё не патрэбнае часу, спараджае не ўласцівыя для гэтай мовы словы і словазвароты. Па сутнасці, фарміруецца новая мова. Дзе ўсё меней застаецца ад традыцыйнай, уласна беларускай мовы. Але ўся бяда ў тым, што гэтая «новая» мова ў вялікай меры з’яўляецца не чым іншым, як тыповай бюракратычнай прадукцыяй, нагрувашчаннем разнастайных наватвораў і канцылярызмаў. Яны і на мове, што іх нарадзіла, сталі не меншай бядой, а ўжо будучы скалькаванымі на іншы моўны лад, ствараюць ненатуральнае, амаль пачварнае з'явішча. Шматлікія варыяцыі на тэмы «рашэння пытанняў», «выканання пастаўленых задач», «вядзення работы», «сацспаборніцтва, якое шырыцца і шырыцца» і г. д., пазбаўленыя канкрэтнага сэнсу траскотныя словазлучэнні з даўняга часу зрабіліся звыклаю з’яваю нашай усесаюзнай прэсы, радыё і тэлебачання, дзелавых папер і заканадаўчых актаў і выклікаюць інстынктыўнае непрыняцце ў кожнага пісьменнага чалавека, не пазбаўленага элементарнага густу да мовы. Можна сабе ўявіць, як яны рэжуць не разбэшчаны ў гэтых адносінах слых эстонца, літоўца ці беларуса таксама. Я далёкі ад моўнага снабізму, сам у пэў-
най ступені не вольны ад шмат якіх моўных хібаў, але ніяк не магу пагадзіцца з многімі моўнымі парадоксамі тыпу знакамітых «жыгулёў», якія, не маючы адзіночнага ліку, прывялі да вымушанага ўтварэння слова-калекі «жыгуль». А вось яшчэ не меней парадаксальны, хоць і звыклы ўжо наватвор: трактар «Беларусь», дзе імя агульнае і імя ўласнае адносяцца да розных родаў. Узнікае пытанне: чыя гэта мова?
Я думаю, не руская і не якая іншая з усіх 78 сучасных моў народаў СССР, вядома ж, гэта — тыповае нараджэнне нашай бюракратыі. Сумна, але факт: вялікая і магутная мова, што так чаравала чалавецтва ў мінулым, таксама бяднее ўвачавідкі, яшчэ неяк захоўваючыся ў пэўнай частцы рускай мастацкай літаратуры. Сфера яе ўжытку таксама звужаецца пад уздзеяннем усё таго ж магутнага, нахрапістага бюракратычнага сурагату.
Моўная праблема — частка ўсеагульных праблем, што паўстаюць перад грамадствам у перыяд перабудовы. Яна — надзённы клопат усіх моў (старых і маладзейшых), моў ускраін і не ў меншай меры мовы «міжнацыянальных зносін». Некаторыя бачаць выйсце ў двухмоўі. Але, мне здаецца, тое рашэнне не раўназначна для розных рэгіёнаў краіны: калі для Кіргізіі яно — у нейкай ступені дабро, дык для Эстоніі, мабыць, дабро сумніцельнае, бо, як сцвярджаюць эстонцы, прадугледжвае авалоданне рускай мовай не без шкоды для нармальнага функцыянавання мовы нацыянальнай. I мы за такое рашэнне, калі нацыянальнай мове вяртаюцца яе спрадвечныя правы ў рэспубліцы. Аднак вяртанне гэтых правоў толькі ў заканадаўчым парадку — безумоўна частковая мера, яўна паліятыў. Вядома, што заканадаўчае рэгламентаванне ўвогуле справа добрая, хоць яно і мала што вырашае на практыцы, дасягаючы належнага эфекту тады, калі забяспечана рэальнымі стымуламі, што толькі рэгулююцца законам. У нас прымаецца нямала вартых законаў, якія імкнуцца літаральна ўсё ахапіць і рэгламентаваць. Але, калі нават колькасць іх памножыць у дзесяць разоў, яны не здолеюць рэгламентаваць усю разнастайнасць жыццёвых праблем. Несумненна, гэтыя праблемы будуць расці прапарцыянальна спробам іх рэгулявання. Самарэгулюючыя сістэмы эканомікі, культуры — вось ідэал грамадства, але, мабыць, да гэтага нам далёка.