Поўны збор твораў. Том 10. Кніга 2 Артыкулы, эсэ, прадмовы, выступленні, інтэрв’ю, гутаркі, калектыўныя творы (1981 -1990) Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 10. Кніга 2

Артыкулы, эсэ, прадмовы, выступленні, інтэрв’ю, гутаркі, калектыўныя творы (1981 -1990)
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 640с.
Мінск 2019
181.27 МБ
Замшэлы сталінізм, таталітарная нецярпімасць стаяць на шляху здзяйснення нацыянальнай справядлівасці, ад чаго ў аднолькавай ступені церпяць вялікія і малыя нацыі. Прытым, як паказвае вопыт, і тыя і другія не могуць быць задаволены сваім становішчам. Толькі ва ўмовах дэмакратычнага існавання магчыма павага да інтарэсаў і правоў усіх нацый. Нават самая
малая з іх, якая налічвае дзясятак або сотню сваіх аднапляменнікаў, павінна мець усе тыя правы і магчымасці, што і вялікая шматмільённая нацыя. Таму інтарэсы нацыянальных меншасцей, што пражываюць у нашай рэспубліцы, павінны гэтак жа шанавацца, як і інтарэсы карэннай нацыянальнасці. Знявага або пагарда ў вялікім ці малым абражае не толькі таго, на каго яна скіравана, але і не менш тых, ад каго вынікае. Каб быць паважаным самому, трэба з павагай адносіцца да бліжняга, нават самага малога або слабога — такі спрадвечны закон прыроды, які, на вялікі жаль, пакуль не стаў грамадскім законам. Нядаўна я атрымаў пісьмо з Гродна аб адсутнасці там польскіх школ, і я згодны з яго аўтарам — трэба і польскія школы, і рускія, і, мабыць, яўрэйскія таксама. Калі будзе створана такая атмасфера нацыянальнай цярпімасці, тады знікне і вострая праблема беларускіх школ. Так, да вайны, нават у 1930-я гады, у Беларусі былі і польскія, і яўрэйскія школы, але іх ліквідавалі быццам бы на карысць беларускіх школ, што прывяло і да ліквідацыі апошніх. Горкі плён тае нецярпімасці мы цяпер пажынаем. А што яшчэ пажнуць нашы ўнукі?
Насуперак думцы многіх, я зусім не з’яўляюся бяздумным апалагетам мастацкай манеры Марка Шагала і хачу тут сказаць, што ў той атмасферы, якая ўзнікла вакол гэтага славутага мастака, справа зусім не ў Шагале. Справа ў адносінах да нашай нацыянальнай культуры. I яшчэ — у ступені нашай талерантнасці да іншародства. Малаважна, хто гэта будуць — татары, палякі, рускія, іншыя вялікія ці малыя народы. Але для нас, беларусаў, можа, болей за іншых характэрны і важны адносіны да яўрэйскага насельніцтва, існаванне побач з якім стала ўжо нашым гістарычным лёсам. Таму сёння, у перыяд перабудовы, нельга перабольшваць значэнне таго, як мы аднясёмся да гістарычнай спадчыны, шмат чаго з мінуўшчыны нашай культуры, якая, як вядома, стваралася далёка не ў стэрыльных умовах нацыянальнай герметызацыі. Так яно, дарэчы, і павінна быць. Толькі ва ўмовах узаемадзеяння і ўзаемаўзбагачэння ўзнікае нешта каштоўнае. I наадварот: усякая рэгламентацыя, нацыянальная ці іншая нецярпімасць, ідэйная абмежаванасць у культуры заўжды даюць непажаданыя, калі не цалкам негатыўныя, вынікі.
Самае жахлівае, мабыць, са шматлікіх людскіх заблужджэнняў — лічыць, што ворагі — усе, хто не такі, як мы, хто нечым адрозніваецца ад нас. Чым — заўжды знойдзецца: класавай ці расавай прыналежнасцю, рознасцю веравызнанняў ці светапогляду, ці нават мастацкай манерай. Хіба мала мы перажылі
ўрокаў на гэты конт, ці мала яшчэ шкоды прынесла нашай культуры (а таксама навуцы, тэхніцы, эканоміцы) наша шматгадовая адасобленасць ад заходняй навукі, культуры, тэхналогіі — толькі на той падставе, што яны буржуазныя і, значыцца, непрымальныя для нас. Цяпер спатрэбяцца намаганні не аднаго пакалення, ломка свядомасці і шмат якіх уяўленняў, каб пераадолець гэта.
Таму — толькі шырокі плюралізм і дэмакратызацыя, безумоўная, на ўсю глыбіню грамадскага жыцця, на самым шырокім фронце. Дэмакратыя не існуе на чвэрць або напалову, з прагматычным выбарам прыдатнага для кожнага гістарычнага моманту. Яна можа існаваць і функцыяніраваць у грамадстве толькі тады, калі ахоплівае ўсё грамадскае жыццё. Ва ўсіх іншых выпадках яна памірае ад малакроўя, калі толькі не бывае задушана ў калысцы. Душыцеляў дэмакратыі заўжды хапае.
Там, дзе іншыя спяць, сумленныя людзі назіраюць, думаюць, падымаюць трывогу. Бяда ў тым, што іх не заўсёды слухаюць, часам за іхнюю пільнасць іх жа караюць, як некалі ссылалі, саджалі за краты. Напрыклад, у нас, у Беларусі, ахвотней слухаюць тых, хто падтаквае, пляскае ў ладкі, сваім мілагучным талентам падмацоўвае і аздабляе ўсё тое, што ідзе ад начальства. Менавіта ў такой атмасферы канфармізму нарадзіліся і шчасліва квітнеюць пакаленні майстроў прыгожага пісьменства, якія дзясяткі гадоў няблага ўладкоўваліся самі, не забываючы таксама на сваіх дзяцей, затым унукаў і праўнукаў. Такім не трэба ні перабудова, ні галоснасць, ні дэмакратызацыя, ім прыдасца любы культ ці любы застой, абы была ласка начальства, ад якой залежыць уласны іх дабрабыт. I хай не ліцамераць тыя паборнікі «высокай мастацкасці», якія быццам бы недабіраюць яе ў «Дзецях Арбата» ці «Белых адзёжах» і іншых творах.
У краіне адбываюцца грандыёзныя па сваёй рэвалюцыйнасці падзеі, асабліва ўражваюць свет вынікі ў галіне нашай галоснасці. Цэнтральны друк поўніцца матэрыяламі аб устанаўленні сацыялістычнай справядлівасці, якая немагчыма без рэабілітацыі ахвяр сталінізму. Народу і партыі вернуты дзясяткі імён вядомых дзеячаў культуры, навукі, дзяржаўных і вайсковых дзеячаў. Гэта ўражвае. I заахвочвае масы, якія менавіта на гэтым прыкладзе бачаць, што перабудова — не чарговая кампанія гаварыльні, якіх ужо былі сотні, а сапраўды важная і дзейсная справа. Гэта вельмі значны працэс дэмакратызацыі, фактар прагрэсу і адзінае выйсце з таго застою, у якім апынулася эканоміка і наша грамадскае жыццё. Але гэта ў Саюзе. А што
ж у нас, у Беларусі? Што робіцца ў нас у гэтай найважнейшай справе перабудовы, дэмакратызацыі і выпрацоўкі новай грамадскай свядомасці? Ці, можа, у нас няма каго рэабілітаваць? Ці ў нас у свой час мала было расстраляна, закатавана ў турмах, выслана на Салаўкі, у Комі і Казахстан — за 1001 км ад Беларусі (між іншым, з Масквы высылалі толькі за 101 км). Вядома, нешта зрушылася і ў нас: урэшце ўвялі ў літаратуру спрадвечнага бедака, выдатнага паэта Алеся Гаруна, у рэспубліканскім друку паявілася публікацыя пра былога старшыню СНК БССР Кавалёва (дарэчы, рэабілітаванага яшчэ з ласкі Берыі ў 1946 годзе), добрыя ўвогуле матэрыялы пра акадэміка Жабрака і Шаранговіча. Што яшчэ? I не прыпамятаць зараз. Затое на памяці ва ўсіх — серыя буйнаблочных артыкулаў у «Советской Белорусснн», «Полнтнческом собеседнлке», «Вячэрнім Мінску» — артыкулы, якіх інакш як адкрыта антыперабудовачнымі не назавеш, столькі ў іх памкненняў ахоўна-рэстаўрацыйнага характару, жадання апраўдаць рэпрэсіі 1930-х гадоў і тых, хто іх ажыццяўляў, абмазаць гразёй лепшых сучасных пісьменнікаў, актывістаў перабудовы. I што ўжо зусім неверагодна для нашага часу — паўторна ўзводзяцца старыя яжоўска-берыеўскія паклёпы на рад беларускіх дзеячаў культуры, знішчаных у 1930-я гады і цалкам рэабілітаваных пасля XXII партыйнага з’езда. Прытым сам факт рэабілітацыі дагэтуль трымаецца ў сакрэце — на ўсякі выпадак, ці што? Ці на пэўны выпадак, гэтак выразна падказаны адыёзным артыкулам ленінградскай хімічкі, які, дарэчы, з такім энтузіязмам быў сустрэты бюракратыяй Мінска. Можна быць удзячнымі самаахвярнай прынцыповасці рэдакцыйнага калектыву газеты «Знамя юностл», які не дапусціў перадрукавання гэтага маніфесту антыперабудоўшчыкаў на сваіх старонках. Але я часам думаю: а можа, і дарма не дапусціў? Хай бы перадрукавалі! Прынамсі, тады б выплылі на паверхню некаторыя кабінетныя таямніцы і мы даведаліся б пра сапраўдных рэжысёраў антыперабудовы. А так яны і цяпер у каторы раз засталіся ў ценю і прадаўжаюць дзейнічаць бясследным метадам тэлефонных званкоў і намёкаў, каб пусціць справу перабудовы на злом яе галавы.
He інакш, як падрывам дэмакратычных асноў, ударам па прынцыпах перабудовы можна расцаніць публіцыстычны залп «Вячэрняга Мінска» супраць «Талакі» за мітынг, арганізаваны апошняй у абарону Верхняга горада ў Мінску. Я зусім не дасведчаны ў мэтах і арганізацыі гэтага нефармальнага аб’яднання і не знаёмы ні з кім з яго членаў. Затое я ведаю, што пагра-
жае Верхняму гораду, запаведнаму кутку нашай сталіцы, і трохі ўяўляю, як там гаспадараць славутае ГалоўАПУ, так званыя рэстаўратары і метрабудаўцы (хто яшчэ не пераканаўся ў іх метадах, хай зірне на плошчу Перамогі). I я не разумею, як у такім выпадку не падзяліць трывогі маладзёжнай «Талакі», якой, зрэшты, жыць у нашай сталіцы, калі ўжо не будзе нікога ні з ГалоўАПУ, ні з цяперашніх кіраўнікоў горада, калі за іхняе гаспадаранне слана ў пасуднай лаўцы спагнаць не будзе з каго. I вось «Талака» арганізавала мітынг у абарону таго, што яшчэ ў нас засталося — ад войнаў, пажараў, бамбёжак, ад гаспадарання самай страшнай навалы стагоддзя — бяздумнай і бяздушнай бюракратыі. I бюракратыя не замарудзіла азвацца: рукамі не надта пераборлівых журналістаў, віртуозаў славутага метаду «чего нзволнте» быў арганізаваны тыповы паліцэйскі сыск на кіраўнікоў «Талакі», капанне ў іх біяграфіях, экспертыза здымкаў — хто, калі і з кім сфатаграфаваны. Але хіба для мяне, чытача, важна, калі і хто з членаў гэтага аб’яднання ўступіў у камсамол, а калі з яго выбыў? Мне важна, што нясе ён на плошчу на сваім плакаце, пра што гавораць на мітынгу. I я бачу, што ягоная барацьба за нашу гістарычную спадчыну справядлівая і своечасовая, бо сабор XVII стагоддзя ўсё ж такі бурыцца. Што менавіта пад ім правялі лінію метро, каб не стварыць пагрозы «надта каштоўнаму» адміністрацыйнаму будынку побач, як растлумачыў той жа «Вячэрні Мінск». Сабор жа можна і парушыць — ці мала іх пабурылі на нашай зямлі.
Так, шмат што ў нашым жыцці выклікае непакой, і, можа, найбольшы непакой для нас, пісьменнікаў, — усё ж стан нашай мовы. Важна, што пра яе катастрафічны стан гаварылі з гэтай трыбуны і 10, і 15, і нават 20 гадоў назад, непакоіліся, папярэджвалі. Мы памятаем палымяныя прамовы заўсёды ўраўнаважанага У. Дамашэвіча і ведаем, чаго гэта яму каштавала. Дагэтуль грамадства рэспублікі ганебна-моўчкі перажывае драматычную гісторыю з кнігай Алега Бембеля. Грунтоўная сацыялагічная праца гэтага вучонага, якую горача ўхваліў прадмовай незабыўны і сумленны Ул. Караткевіч, стала прычынай звальнення аўтара з пасады, выключэння з партыі. Гісторыя, скажу вам, цалкам вартая незабыўных берыеўска-сталінскіх часоў, сутнасць якіх сучасная моладзь не можа спасцігнуць нармальным розумам. А здарылася яна ў наш час дэмакратызацыі і перабудовы...