Поўны збор твораў. Том 10. Кніга 2 Артыкулы, эсэ, прадмовы, выступленні, інтэрв’ю, гутаркі, калектыўныя творы (1981 -1990) Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 10. Кніга 2

Артыкулы, эсэ, прадмовы, выступленні, інтэрв’ю, гутаркі, калектыўныя творы (1981 -1990)
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 640с.
Мінск 2019
181.27 МБ
У тым, што сказана вышэй, зразумела, не адзіная прычына становішча, у якім апынулася беларуская мова, але адна з многіх. Будучыня нацыянальнай культуры ў значнай меры заснавана на роднай мове і залежыць ад яе. Толькі людзям недалёкім або недасведчаным можа здацца, быццам мастацкая
культура, выяўленчае мастацтва, мастацкая самадзейнасць, нават танцы не звязаны з мовай і не залежаць ад яе стану, могуць развівацца самастойна. На самай справе, з мовы пачынаецца ўсё астатняе — праз літаратуру, сродкі масавай інфармацыі культура набывае свой змест і ўжо безумоўна — непаўторнае нацыянальнае аблічча, форму, без якой яна не існуе. Даводзіцца толькі шкадаваць, што ёсць неабходнасць гаварыць пра такія элементарныя ісціны. Але наш даволі драматычны вопыт, мабыць, мала чаму нас навучыў. Сапраўды, гісторыя нічому не вучыць. Затое яна спаганяе, як сцвярджаў В. Ключэўскі, часам надта сурова. У тым мы цяпер пераконваемся.
У заключэнне хочацца задаць сакраментальнае пытанне: што ёсць мова? Вядома, у навуковых вызначэннях гэтае з’явы недахопу няма, але ўсё ж? Калі чыста прагматычна, дык усё зразумела: мова — сродак зносін паміж народамі, класамі, індывідуумамі. У арганізаваным грамадстве чым вышэй ступень валодання ёю, тым, мабыць, лепш. Высокаарганізаваная вытворчасць, палітызаваныя грамадскія фарміраванні, армія патрабуюць дакладных і даступных каманд у мэтах іх дакладнага і своечасовага выканання. Але ці толькі дзеля гэтага служыць чалавецтву мова? I ці толькі для зносін? А для таго, каб думаць і адчуваць? Найбольш поўна і шчыра?.. Калі даўным-даўно ўвечары вярталася з поля жняя, яна спявала зусім не дзеля зносін з іншымі — для сябе і свае душы. Але якой павінна быць мова, што выказвала б душу? Мова як прадукт душы і душа — у пэўным сэнсе — як прадукт роднай мовы?
Мабыць, варта задумацца...
[1988]
МОВА ДУША НАРОДА
— Васіль Уладзіміравіч, ёсць пісьмы надта сярдзітыя. Чым, на вашу думку, растлумачыць такую бурную рэакцыю на так званыя «старыя падыходы і погляды»?
— На маю думку, у наш час адносіны да культуры другой нацыі з’яўляюцца адным з асноўных паказчыкаў духоўнай спеласці грамадства. Нельга будаваць гуманнае грамадства, тым больш грамадства многанацыянальнае, без паважлівых адносін да моў усіх, нават самых малалікіх нацый. Нягледзячы на вядомыя поспехі футуралогіі, будучае ўсё-такі схавана за
заслонай невядомага, і можа нават быць, што самая нязначная культура разаўецца і здолее абагаціць вялікую чалавечую культуру. He ўсім нацыям шанцавала ў гісторыі. Некаторыя знікалі, амаль не пакінуўшы следу, і кожны раз для чалавецтва гэта было незаменнай стратай. Выдатны вучоны і грамадзянін нашага часу акадэмік Д. С. Ліхачоў з поўнай падставай выступае за захоўванне рэшткаў культур, што зніклі, заклікае ўсімі сіламі берагчы культуры, якія адыходзяць. Дык ці не ў тым задача тых, што сёння жывуць, каб XXI век стаў векам гуманістычным?
Праблема нацыянальных моў у тым выглядзе, як яна прадстае сёння, зусім не лінгвістычная праблема, як гэта іншым здаецца, а гуманістычная і ці не самая надзённая для нашай дэмакратызацыі. Калі б не было таго, што мы перажылі ў сталінскія і «застойныя» часы і наша культура развівалася ў нармальных дэмакратычных умовах, не паўстала б і гэтая, у многіх адносінах нечаканая праблема. Нацыі змаглі б бязбольна, натуральным шляхам вырашыць яе ў працэсе дэмакратычнага самаразвіцця. На жаль, натуральнага развіцця не было, і мы ўпёрліся ў яе, нібыта ў бетонную сцяну.
Вострыя, поўныя шчырага болю і глыбокага хвалявання пісьмы чытачоў «Нзвестнй» — яшчэ адно таму пацвярджэнне.
Мова — гэта самае каштоўнае багацце нацыі.
Хоць здаўна ў жыцці існуюць, я б сказаў, два палярныя погляды на мову. Адны бачаць у ёй толькі сродак зносін, другія — душу народа, выяўленне яго характару, самабытнасці. Можна нават сказаць, што гэта своеасаблівы генафонд нацыянальнай культуры. Так, напрыклад, вядома, што беларусы на працягу стагоддзяў былі пазбаўлены дзяржаўнасці, існавалі ва ўмовах жорсткага сацыяльнага прыгнёту. Мы былі пазбаўлены многага. Але з намі заўжды заставалася родная мова, існаваў фальклор, і гэта давала надзею на адраджэнне нацыянальнай самасвядомасці, культуры і дзяржаўнасці. Пазбавіўшыся мовы, мы б зніклі з твару зямлі, як зніклі некалі летапісныя яцвягі, што насялялі паўночна-заходнюю Беларусь.
Ёсць нацыянальная мова — значыць, ёсць і нацыянальнасць.
Праблема нацыянальнай мовы працягвае існаваць у атмасферы непадрыхтаванасці нашай свядомасці да яе радыкальнага вырашэння, хоць гэта апошняе — такое простае і натуральнае ва ўмовах дэмакратызацыі. I гэта вырашэнне мне бачыцца зусім не за кошт мовы міжнацыянальных зносін або якой-небудзь іншай. Міжнацыянальныя супярэчнасці толькі
тады болын-менш паспяхова вырашаюцца, калі гэта не ўшчамляе інтарэсаў другіх нацый.
У выпадку ж з моваю ўзнікае недаўменне: каго можа ўшчаміць веданне мовы? Або зносіны на аснове гэтага ведання? У жыцці павінны мірна суіснаваць многія мовы народаў СССР, безумоўна, калі ёсць агульная для ўсіх мова міжнацыянальных зносін, і такой агульнапрызнанай мовай з’яўляецца руская. Якой быць галоўнай? Я думаю, што гэтае пытанне ў дадзеным выпадку не правамернае: родная — гэта родная (як маці, бацька, Радзіма), а набытая — для справы, для жыцця, для зносін з людзьмі іншых нацыянальнасцей.
Аднак трэба прызнаць, што такая схема прывабная толькі ў ідэале. На практыцы атрымліваецца інакш. Наша школа ў нацыянальных рэспубліках даўно і ўпэўнена вылучыла рускую мову ў якасці альтэрнатыўнай да роднай, і мільёны навучэнцаў грэбуюць мовай продкаў. Але губляючы тую аснову, якой з’яўляецца родная мова, яны асуджаюць сябе на моўную бязграматнасць.
— Праблема двухмоўя лягчэй вырашальная, скажам, у Латвіі або Арменіі, а як быць удгуру або дунганіну ў Кіргізіі? Абавязкова вывучаць і рускую, і кіргізскую, і родную мовы?
— Моўная праблема ў розных рэгіёнах краіны неаднолькавая. Калі для эстонцаў галоўная яе цяжкасць — далучэнне да рускай моўнай стыхіі, то для беларусаў — вяртанне да карэннай мовы, амаль што цалкам выведзенай з ужытку. Цяпер немагчыма абысціся без ведання рускай мовы ні ў адной з рэспублік, ні ў адной сферы чалавечай дзейнасці. Але і зняважліва адносіцца да нацыянальнай мовы ў нацыянальнай рэспубліцы — такі ж самы жыццёвы алагізм.
Этнічнае шматмоўе, пра якое піша дацэнт У. Шэліке, — зусім не апраўданне для моўнай уніфікацыі.
У Кіргізіі жыве каля 80 народнасцей, кожная са сваёй мовай, а на Украіне 80 працэнтаў насельніцтва складаюць украінцы, але нараканняў не менш, пра што справядліва піша М. Лешчанка з Днепрапятроўскай вобласці. У дваццатых і часткова ў трыццатых гадах у Беларусі акрамя беларускіх існавалі таксама руска-польска-яўрэйскамоўныя школы, якія часам ліквідавалі нібыта для ўмацавання беларускіх школ. Але такая нецярпімасць да іншамоўных школ прывяла ў выніку да ліквідацыі і беларускіх школ таксама. Колькасныя суадносіны этнасаў мала што праясняюць у нашай праблеме, вырашыць якую магчыма толькі на сапраўды ленінскіх прынцыпах, якія ў час былі беспардонна скажоныя сталінскім кіраўніцтвам.
Зневажальнае і недапусцімае ў наш час пачуццё нацыянальнай ушчэмленасці, якое ўзнікае, калі людзі карэннай нацыянальнасці саромеюцца на людзях гаварыць на мове продкаў. У канчатковым выніку менавіта гэта ў першую чаргу і прыводзіць да нацыянальнага нігілізму, да адмаўлення ад нацыянальных каранёў. А з другога боку, нараджае экстрэмісцкія выпады нецярпліўцаў, падагрэтыя абражаным нацыянальным самалюбствам.
— Васіль Уладзіміравіч, а як вы ўсё-такі бачыце вырашэнне гэтых праблем?
— Праблемы такога роду прынята вырашаць унутры дэмакратычнага грамадства, не выносячы іх на міжнацыянальную арэну. Вельмі шкада, што ў нас так не атрымліваецца. Але ж мы вучымся дэмакратыі, хаця, гледзячы па ўсім, толькі пачынаем разумець яе азы.
I ў гэтым становішчы, відаць, не абысціся без усесаюзнага форуму, без сапраўднай галоснасці, без разумення і падтрымкі ўсіх нацый, у першую чаргу рускага народа. Руская інтэлігенцыя — вось тая грамадская сіла, якая павінна першай зразумець усю складанасць гэтай праблемы, зразумець, што імкненне народаў да моўнага самавызначэння — не прыдумка дасужага розуму, не замена веданню рускай мовы, а неабходнасць.
Часта пад покрывам інтэрнацыяналісцкай фразеалогіі выступае самая замшэлая коснасць, кансерватызм, ідэйная нецярпімасць мінулых застойных гадоў. Інтэрнацыяналізм такога роду не што іншае, як злёгку закамуфліраваны шавінізм. Аднак у наш час гэта з’ява навучылася адмыслова маскіравацца і рэдка выступае ў чыстым выглядзе. Найбольш выразна гэта праяўляецца ў адносінах да іншародцаў, што не тоячыся і з зайздроснай паслядоўнасцю дэманструе нам агульнавядомая «Памяць».
Вялікая і магутная руская мова — аснова вялікай і магутнай культуры, састаўной часткі сучаснай зямной цывілізацыі. Значэнне яе для лёсу савецкіх народаў бясспрэчнае. Большасць аўтараў пісьмаў, якія я чытаў, лічаць, што руская мова з’яўляецца агульнай мовай усіх братніх народаў СССР. Але, на маю думку, у пастаноўцы моўнага пытання не павінна быць і ценю ад або — або, але толькі — і — і: па жаданні, па нараджэнні, па імкненні душы або па жыццёвай неабходнасці. Менавіта такая пазіцыя павінна стаць імператыўнай для любога нярускага, а калі стане і для рускага таксама, то тым болып яму хвалы і пашаны.
— Ёсць і такое далікатнае пытанне: ці павінны тыя, хто селіцца ў той ці іншай рэспубліцы, вывучаць мову карэннага яе насельніцтва? С. Хачатураў з Тульскай вобласці лічыць, што гэтае пытанне перш за ўсё маральнае. Павага да мовы народа, сярод якога жывеш, — крыніца адзінства, дабра і міру. Але вось А. Аксеенка з Днепрапятроўска піша: «Нам патрэбна, каб нашы дзеці былі адукаванымі, у першую чаргу па рускай мове. I я лічу, дзеці павінны вывучаць тую мову, якая ім спатрэбіцца ў далейшым жыцці, а вырашаюць за дзяцей гэта іх бацькі».
— Навязваць што-небудзь грамадзянам у сучаснай дзяржаве — няправільная ды і нікчэмная справа: тое ж адносіцца і да мовы. Прымушаць людзей вывучаць тое, чаго яны ведаць не жадаюць, нічога добрага даць не можа, нават калі і будзе здавацца, што працэс вывучэння існуе. У наш час найбольш плённай і дэмакратычнай з’яўляецца ўнутраная зацікаўленасць, у тым ліку і ў авалоданні мовамі. Задача ж грамадства, на маю думку, у тым, каб разумна заахвоціць гэта імкненне да разнамоўя, стварыць сацыяльна-палітычную зацікаўленасць у добрай справе, якая адпавядае інтарэсам нацый, а значыць, і дзяржавы. Асабліва ў такой многанацыянальнай дзяржаве, якой з’яўляецца наш Саюз.