Прадыслава
Вольга Іпатава
Выдавец: Беларусь
Памер: 272с.
Мінск 1997
ВОЛЬГА ІПАТАВА
ПРАДЫСЛАВА
МІНСК «БЕЛАРУСЬ» 1997
УДК 882.6-31
I 76
ББК 84(4Бен)6
Для сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту
Аўтар прадмовы Л. С. САВІК Мастак М. У. АНЕМПАДЗІСТАЎ
Іпатава В.
I 76 Прадыслава: Аповесці і апавяданні: Для сярэд. і ст. шк. узросту / Аўт. прадм. Л. С. Савік.— Мн.: Беларусь, 1997.— 272 с.: іл.— (Школьная бібліятэка).
ISBN 985-01-0183-0.
Творы Вольгі Іпатавай добра вядомыя на Беларусі, яны перакладаліся на англійскую, нямецкую, вольскую, славацкую, балгарскую, хіндзі і іншыя мовы свету.
Старажытная Беларусь паўстае ў яе творчасці ў кантэксце сусветнай гісторыі, і гэта, у спалучэнні з вострымі, займальнымі сюжэтамі, робіць яе адметнай з’явай нашай гістарычнай літаратуры.
ББК (4Бен)6
ISBN 985-01-0183-0
© В. М. Іпатава, 1997
© Л. С. Савік. Прадмова, 1997
© Выдавецтва «Беларусь», 1997 © М. У. Анемпадзістаў.
Афармленне, 1997
БЕЛАРУСЬ! ТВАЯ ДАЧКА Я...
Пачатак жыццёвага шляху Вольгі Іпатавай быў не вельмі спрыяльным для развіцця яе прыроджанага мастацкага даравання. I хоць нарадзілася яна ў пераможным 1945 годзе, аднак дзяцінства яе пазначана асабістай трагедыяй — у чатырохгадовым узросце яна страціла маці. Марыя Якаўлеўна памерла зусім маладой і пахавана на старажытных могілках у Наваградку. Пазней у адным з вершаў Вольга напіша, што першым жыццёвым стартам былі ўсё ж для яе «маміны далоні», іх цеплыню і пяшчоту яна паспела адчуць і захавала ў сэрцы на доўгія гады. Жыццё ў бабулі, сям’і бацькі і мачыхі, у дзіцячым доме — гэта той асяродак, маральная атмасфера, у якіх праходзіла яе дзяцінства і юнацтва. Яна рана адчула сваю самастойнасць, навучылася разумець і пераадольваць цяжкасці, супярэчнасці паўсядзённага побыту і ўзаемаадносіны людзей, сама вымушана была прабіваць дарогу, што абумовіла ў далейшым шырыню агульнакультурных інтарэсаў, актыўную грамадзянскую пазіцыю. I сапраўды, не паскупілася жыццё на цяжкасці, перажыванні, абвастрыўшыя патрэбнасць хуткага духоўнага пасталення, што, у пэўнай ступені, дало штуршок і для творчасці.
3 11-гадовага ўзросту яна ўжо спрабуе выказваць сябе ў вершах, і год ад году адчувае, што паэтычнае слова ўсё больш становіцца ёй неабходным і падуладным.
Друкавацца Вольга Іпатава пачала з 1959 года. Яе пісьменніцкім крэда заўсёды была праўда жыцця, праўда падзей, пачуццяў, чалавечых лёсаў, выказаная праз шчырае, сумленнае слова.
Гэта незалежнасць у жыцці, у паэзіі, свабода мыслення і выказвання, з якой пісьменніца стварала свой лёс, абумоўлены не толькі ранняй самастойнасцю, але і тым, што яе творчы шлях пачынаўся ў Гродзенскім літаратурным аб’яднанні, побач з такімі пісьменнікамі, як Васіль Быкаў, Аляксей Карпюк (з ім яна, тады яшчэ вучаніца сярэдняй школы,
часта ездзіла на розныя канферэнцыі, чытала свае вершы), Міхась Васілёк, Данута Бічэль-Загнетава; непадалёку, у Зэльве, жыла Ларыса Геніюш, таленавітая паэтэса, драматычныя перыпетыі жыцця якой былі добра вядомыя пачынаючаму аўтару. Да таго ж Вольга Іпатава шмат чытала, захаплялася класічнай літаратурай, увесь час знаходзілася ў цэнтры грамадскага жыцця старажытнага горада, з яго нацыянальна-вызваленчымі традыцыямі, цікавай гісторыяй, а пасля заканчэння філалагічнага факультэта БДУ працавала на Гродзенскай студыі тэлебачання. He меншую значнасць для яе творчага росту, пазнання жыцця мела і настаўніцкая праца на Віцебшчыне (60-ыя гады), і тое, што, пераехаўшы ў Мінск, яна адразу ўваходзіць у літаратурнае жыццё сталіцы, працуе ў ЛіМе, «Чырвонай змене», затым едзе вучыцца ў аспірантуру Літінстытута імя М. Горкага ў Маскве, дзе актыўна друкуецца ў цэнтральным друку («Дружба народов», «Лнтературное обозренне»). Вярнуўшыся на Радзіму, у Мінск, яна працуе галоўным рэдактарам літаратурна-драматычных перадач Беларускага тэлебачання, у часопісе «Спадчына», а на пачатку 90-ых стварае газету «Культура». За гэты час яна шмат паездзіла па далёкім і блізкім замежжы, і ўпершыню, па цыклу яе тэлефільмаў, мы пазнаёміліся з жыццём землякоў, беларусаўэмігрантаў у Амерыцы.
Актыўны ўдзел Вольгі Іпатавай у культурна-грамадскім, пісьменніцкім жыцці, працэсах нацыянальнага адраджэння, сустрэчы з многімі людзьмі выклікалі заканамернае жаданне расказаць, напісаць, выказаць свае ўражанні, думкі, меркаванні. «Я багацейшай з тых прыйшла дарог»,— скажа яна ў адным з вершаў. I пачынаюць з’яўляцца яе публіцыстычныя артыкулы, нарысы, дарожныя нататкі, інтэрв’ю, крытычныя водгукі, рэцэнзіі (на творы У. Галубка, В. Таўлая, В. Зуёнка, Г. Далідовіча, Г. Бураўкіна, Р. Барадуліна, П. Макаля, Н. Тулупавай, М. Дуксы, Г. Юрчанкі; яна піша разгорнутае даследаванне на раман-эпапею рускага пісьменніка А. Ананьева «Гады без вайны»). Усё гэта была рэакцыя чалавека, мастака, неабыякавага да таго, што адбываецца навокал. Ёй становіцца цесна ў вершах (хаця іх яна піша пастаянна), быццам не хапае шырыні, прастору для ўвасаблення жыццёва-шматгранных праблем, падзей далёкай і блізкай гісторыі. Па яе словах, прайшоў час выспявання, «тлумнасці летуценняў», настаў час глыбокага асэнсавання той «...нібыта цішыні», калі
Успомняцца з паблажлівай усмешкай Юнацтва неразважлівыя дні, Часіны страт... Але віецца сцежка I нікне ў невядомай глыбіні!
Час спеласці вядзе цябе па цернях Шукаць прастор без столі і без дна...
I можа, гэты час спеласці прывёў паэтэсу да прозы, як натуральнага працягу на шляху развіцця пісьменніцкага таленту.
Некалі Б. Пастэрнак сказаў, што сапраўдная паэзія — гэта проза. Відаць, адлюстроўваць гэты «прастор без столі і без дна», пранікаць у яго глыбіні і сапраўды найболып прыдатна ў празаічным жанры. I тут Вольга Іпатава выкарыстоўвае даўнюю традыцыю, якой прытрымліваюцца беларускія пісьменнікі,— пачынае з малых празаічных форм — кароткіх апавяданняў. Першыя з іх («На апошнім прыпынку», «Лялька дзядзькі Міколы», «Аднакласніцы», «Першыя крокі», «Крынічка») з’яўляюцца ў рэспубліканскім друку на пачатку 70-ых гадоў. Затым выходзяць празаічныя зборнікі: «Вецер над стромай» (1977), «Дваццаць хвілін з Немезідай» (1981), «Перакат» (1984). У прозе Вольгі Іпатавай шмат у чым прыкметны вопыт паэтычнага спасціжэння рэчаіснасці — паміж яе вершамі і апавяданнямі існуе непарыўная сувязь, і не толькі ў першапачатковай тэматычнай аснове, але і ў мастацка-эстэтычнай сутнасці. Апавяданні, аповесці пісьменніцы вылучаюцца лаканічнасцю і змястоўнасцю, эмацыянальнай настраёвасцю, глыбінёй пранікнення ва ўнутраную сутнасць чалавека. Найперш у іх заўважаеш пераважную схільнасць аўтара да маральна-этычных пытанняў дня сённяшняга. Яна здольная па-майстэрску разгарнуць вострую жыццёвую калізію, вызначыць характар, акрэсліць кола дзейных асоб, паставіць праблему.
У аповесцях «Вузялок Святагора», «Вецер над стромай», шматлікіх апавяданнях Вольга Іпатава выступае назіральным, удумлівым мастаком. Яна ўмее бачыць, спасцігаць людзей, адчуваць разам з імі і за іх, што садзейнічае выяўленню праўды характараў і падзей, якія раскрываюцца, дзякуючы ўдаламу спалучэнню аўтарскай апавядальнай плыні і глыбіні псіхалагічнага аналізу. Многія станоўчыя вобразы, асабліва вобразы дзетдомаўцаў, юнакоў і дзяўчат, маладых людзей, якія ўваходзяць у жыццё, упершыню сутыкаюцца з яго складанымі праблемамі, становяцца блізкімі чытачу, знаёмства з імі ўзбагачае душу. Яны дарагія нам сваёй унутранай прыгажосцю, глыбінёй роздуму, пера-
жыванняў. Тэма станаўлення маладога чалавека, які перажыў нялёгкае дзяцінства і юнацтва, паслужыла для пісьменніцы асновай для далейшых творчых пошукаў у прозе. Звяртаючыся да праблем сучаснасці, да таго, што ёй найбольш блізкае, яна быццам намацвала сваю тэму, вобразы, падзеі будучых твораў.
Аўтара ўсё больш і болып пачынае прывабліваць айчынная гісторыя, яе выдатныя дзеячы. I тут не толькі звычайная цікавасць сучасніка, што на працягу дзесяцігоддзяў быў адлучаны ад нацыянальнай гісторыі, але і роздум неабыякавага чалавека, які не можа стаяць убаку ад нашага адраджэння. I пісьменніца, глыбей знаёмячыся з мінулым Бацькаўшчыны, пачынае пісаць невялікія апавяданні, замалёўкі на гістарычную тэму, якую яна закранала раней у сваіх вершах. Ды і ў апавяданнях, прысвечаных сучаснасці, раскрываючы вобразы старых людзей, яна захапляецца іх філасофскай разважлівасцю, мудрасцю, што ідзе з глыбінь вякоў і пакаленняў. (Да прыкладу — вобраз бабкі Ефрасінні з апавядання «Позні канцэрт».) Так з’яўляецца цыкл апавяданняў «Гул далёкіх стагоддзяў» («Ваўкалакам абярнуся», «Пад нагамі нашымі», «Святаслава», «Расанка», «Набег», «Песні маці», а пазней «Гайна і Мікаш», «Мара», «Давыд Гарадзенскі»), якія даюць эпізоды з жыцця вядомых гістарычных асоб: Рагвалода, Усяслава, Давыда Гарадзенскага, славутага военачальніка, які вадзіў войска Вялікага княства Літоўскага на крыжакоў, паказваюць жыццё простых людзей, іх поўную залежнасць ад самавольства паноў, магнатаў, усялякага начальства, раскрываюць таленты такіх выхадцаў з народных глыбінь, як Паўлюк Багрым.
Пісьменніца знаходзіць адпаведны ракурс у асвятленні гістарычных падзей, нязмушана і арганічна загучалі мова, імёны, прозвішчы, справы людзей далёкіх стагоддзяў. Гістарычная проза дыктавала і новыя прынцыпы сюжэтна-кампазіцыйнай структуры, паэтыкі, стылёвай афарбоўкі твораў.
У аповесці «Прадыслава» мы пазнаём эпоху XII стагоддзя, звычаі, жыццё продкаў, знаёмімся з лёсам Ефрасінні Полацкай. I ажывае чысты і светлы лік святой Ефрасінні, асветніцы і заступніцы беларусаў перад Богам. Добра, што аўтар малюе яе звычайным, зямным чалавекам, жанчынай, якой нішто чалавечае не было чужое, а не стварае ікону, хоць, як вядома, Ефрасіння Полацкая і была кананізавана, і былі напісаны з яе іконы, якім пакланяюцца людзі. У аповесці мы становімся сведкамі моцнага кахання маладой князёўны Прадыславы. I пакахала яна не княжыча, адпа-
ведна свайму высокаму стану, а простага хлопца з ільнянымі валасамі і блакітнымі вачыма, перажыла радасці і пакуты першага і адзінага кахання. А выбраўшы шлях служэння Богу, а праз яго і людзям, сумленна і самааддана выконвала гэты святы абавязак. Пісьменніца раскрывае моц духу маладой Прадыславы, якая змагла пераадолець усе зямныя спакусы дзеля таго, каб узняцца да сапраўднага разумення жыцця, малюе сцэны побыту княжацкага дому, а таксама звычайных людзей — сялян і гараджан. Але найчасцей мы сочым за думкамі, развагамі гераіні, заўважаем, колькі ў іх мудрага, цікавага і для нас, сённяшніх, вучымся ў яе любіць наш самотны, ціхі край і марым, як і яна калісьці, зрабіць яго магутным і шчаслівым. У аповесці дамінуе ідэя незалежнасці Полацкага княства, якое было створана пры Усяславе, сцвярджаецца, што, жывучы ў добрасуседстве, трэба берагчы вольнасць, гонар старажытнай беларускай нацыі. Усё гэта падаецца праз унутраныя маналогі Ефрасінні, яе роздум.