• Газеты, часопісы і г.д.
  • Прадыслава  Вольга Іпатава

    Прадыслава

    Вольга Іпатава

    Выдавец: Беларусь
    Памер: 272с.
    Мінск 1997
    99 МБ
    А сястра нечакана спытала:
    — Няўжо ты ніколі не ўспамінала таго хлопца?
    Ефрасіння нібы на бягу зачапілася за камень. Спынілася ад нечаканасці. Села на крэсла. Зноў маўчанне запанавала ў келлі, толькі трапятаў і пырхаў агеньчык свечкі. Увайшла манашка Ксенія, прынесла новую свечку — вялікую, белую, і калі паставіла яе на стол, не патушыўшы старую,— успыхнулі зялёным і сінім — тавусіным, паўлінавым святлом — каменьчыкі на каштоўным абразе, і тонкія, як павуцінкі, праменьчыкі прабеглі па руках ігуменні. Яна як схамянулася. Стала чытаць на памяць — спачатку павольна, як прыпамінаючы, пасля больш энергічна:
    Жывот — жыццё.
    Гэта так, о цар нятленны: Праз цябе і спевы нашы, Праз цябе нябесных хоры, Праз цябе і часу ход. Праз цябе і ззянне сонца, Праз цябе краса сузор’яў, Праз цябе смяротны ўзвышан Дзіўным дарам разумення, Тым адрозны ад жывёлы...
    — Хто гэта напісаў, не ведаеш? — спыталася ў Звеніславы. Тая няпэўна прамовіла:
    — Іяан Поснік?
    — He, гэта Рыгор Назіанзін. Шэсць вякоў назад ён напісаў гэты гімн прыгажосці зямной, якую, можа, пасапраўднаму можна зразумець, толькі ўспрымаючы яе як Боскі дар. Але нават і ён, вялікі чалавек і мудрэц Візантыі, пісаў таксама:
    Хто я? Адкуль прыйшоў? Куды іду? He ведаю. I не знайсці нікога, хто сказаў бы мне.
    — He верыш? Вазьмі новы пераклад, які зараз перапісваюць у нашым манастыры. Што ж тады казаць пра мяне, якая толькі смірэнна захапляецца веліччу духу старадаўніх паэтаў і манахаў? He было б таго хлопца, як ты кажаш,— не ведала б душа мая сапраўднага болю і пакуты.
    — Калі Рыгор Назіанзін пісаў такое, дык і мне не сорамна прызнацца, сястра,— твой манастыр для мяне ўяўляецца каменем, які кідае ў гавані карабель, каб не знесла яго назад у мора... Душа мая — як бяздоннае мора, усё кіпіць у ёй, усё цёмна і змрочна. Зайздрошчу твайму спакою. Даруй, што нагадала пра смерда. Казалі мне, што боская прыгажосць у ім была, а хто да яе застаецца раўнадушным? Калі б мне Госпад даў... калі б кахала я каго... горы б перавярнула, у ботах жалезных за ім пайшла і хлябы каменныя б ела!
    Звеніслава выпрасталася, як туга нацягненая струна на гуслях, і Ефрасінні здалося, што яна зараз не вытрымае свайго напалу, ападзе. Яна міжволі працягнула рукі да стрыечнай сястры, а тая апусцілася на калені, абхапіла галаву рукамі:
    — О, як люблю я ўсё прыгожае! Мяккі аксаміт, які лашчыць плечы, і мех собаля, які саграе ў мароз. Візантыйскую парчу, якая пераліваецца на сонцы. Каштоўнае каменне — яно іскрыцца і цешыць погляд.
    Пантофлікі з усьмы, шытыя залатой ніткай, у іх так прыемна бегчы да Дзвіны з церама. Яшчэ люблю, калі ўсе схіляюцца перад табою, ласкава пытаюцца, ці добра спалася сёння вялікай князёўне, а нянька ўзбівае пуховую коўдру, пад якою соладка спалася ўсю ноч. Скончылася маё бесклапотнае жыццё, часта цяпер я лаўлю варожыя позіркі, і няўцям мне, сястра, чаму ўчора я была адной — а сёння іншаю, ужо нялюбаю для чэрні іду па гораду?
    — Усё пераменіцца, Звеніслава. Крыўдзілі і мы, князі, смердаў. Узгадай, ці заўсёды твой бацька быў справядлівы. Як і ягоныя браты. А прыгожае... Табе б паломніцай пайсці да Іерусаліма, прычасціцца боскага, можа, тады зразумела б ты не розумам, а душою, наколькі Іерусалім нябесны вышэй за зямны.
    — Але пакуль, Ефрасіння, вазьмі дары мае і пасаг мой. Можа, збяруся я з сіламі і сапраўды пайду паломніцай.
    — Каб пасля, вярнуўіпыся, ты з лёгкай душой сказала мне: «Пані й сястра! Уся прыгажосць гэтага свету мне не патрэбная. Аддаю ўсё гэта святому Спасу, а сама хачу схіліць галаву пад ярмо Хрыстова». I тады, дарагая сястра мая, з радасцю прыму твой пострыг і назаву цябе... назаву Еўпраксіяй.
    Звеніслава Барысаўна ўсё стаяла на каленях, затуліўшы твар далонямі, пальцы яе дрыжэлі. 3 сухім шоргатам, спачатку рэдка, затым усё гусцей і гусцей, стаў падаць за акном снег. Тоўстай белай посцілкай клаўся ён на плечы самотных ялін, засцілаў дрымотнае поле. Белым, нерухомым было ўсё наваколле...
    8
    Іаан адчуваў, што душа яго нібы разрываецца напалам. Хорам, які вырас на беразе Палатьі, быў для яго нібы дзіця, ён гэтак жа гатовы быў аддаць яму ўсяго сябе, нічога не патрабуючы ўзамен. Гэта ж першая сапраўдная яго работа, мара, якая здзяйснялася на вачах! Але ён ведаў, што блізка тая пара, калі скончыцца будаўніцтва, і ён болей не прыйдзе на ціхі манастырскі двор, да старой ігрушы, не пачуе лёгкіх крокаў ігуменні і яе голасу. Яна ўжо не будзе пытаць у яго пра вапну, фарбу або прасіць-падганяць: «Калі ж храм асвячаць будзем?»
    Іаан ведаў — яна ганарылася цудам, якое ўзнялося ў маленькім Сяльцы, храмам, нябачаным яшчэ ў зямлі Полацкай. Нартэкс яго складаўся з дзвюх частак: ніжняй — для багамольцаў і верхняй — для хору. Тут жа былі два невялічкія памяшканні — для самой Ефрасінні і сястры яе Звеніславы, што зусім нядаўна пастрыжана была пад імем Еўпраксіі. Гарызантальныя палосы цаглянай падмаляванай муроўкі і ружовай цэменкі прарэзаліся пілястрамі з паўкалонамі і вузкімі вокнамі, што былі ў два рады між імі. Вышыня апсіды павялічвалася чатырма тонкімі раманскімі цягамі. А ў сценах у каляровых узорах спляталіся кавалкі смальты, падабранай з вялікім густам і стараннасцю. Стройная, строгая, маналітная кампазіцыя царквы нібы ўвабрала ў сябе ўсё лепшае ў драўляным мясцовым дойлідстве. I гэта было нечувана — дасюль уся архітэктура Полацка ішла ад візантыйскай.
    Ефрасіння любіла прыходзіць на будоўлю. Глядзела, часам брала ў далонь пясок або гліну, быццам узважваючы іх. Калі яна лёгкай хадой плыла ля царквы — змаўкалі грубаватыя насмешлівыя дзецюкі, з глыбокай пашанай схіляліся перад ігуменняй, і, на момант сустрэўшыся з вышэйшай, недасягальнай сілай — сілай духу, святлелі іхнія твары.
    Ніколі яшчэ не адчуваў Іаан такога замілавання, дупіэўнага ўздыму і такой безнадзейнасці. Ён сам не ведаў, што з ім такое: то хацелася ўпасці на калені перад ігуменняй, як перад іконай, то душнай, цёмнай ноччу бачыў яе цёплыя пунсовыя вусны, мяккую іх прыпухласць. Недарэчнай і ненавіснай рабілася яму чорная манашацкая вопратка Ефрасінні. Ён палохаўся гэтых думак. Падаў на калені перад іконай святога Іллі. Але здавалася — яшчэ болып хмурнее цёмны лік святога, вось-вось вылеціць з яго малітоўна складзеных рук грымотная страла-пярун. Тады кідаўся ён да Палаты і доўга плыў, па-мужыцку шлёпаючы рукамі і палохаючы рыбакоў.
    Аднойчы, калі ён стомлены ішоў ад ракі, далёка перад сабой, у цьмяным месячным святле ўбачыў жаночую постаць, што набліжалася насустрач. Ён пазнаў Ефрасінню. Яму было няёмка, што яна зараз убачыць яго ўскудлачаныя валасы, босыя ногі, і ён паспешліва звярнуў у кусты.
    Яна, задумаўшыся, ішла да Палаты, і нязвыкла было бачыць яе ноччу, на бязлюднай дарозе, што вілася па хмызняках. Яна прайшла зусім блізка, і ён адчуў ненавісны яму пах воску і ладану, што ішоў ад яе адзення: як варам абдало Іаана, і, не раздумваючы, пачаў ён красціся за ігуменняй. Першабытнае пачуццё паляўнічага абудзілася ў яго душы, знікла стомленасць і развага...
    Жанчына спынілася на беразе Палаты, азірнулася. Ціха было вакол. Спакойна і звыкла расшпіліла і зняла клабук. Па плячах рассыпаліся густыя валасы. Потым гэтак жа нетаропка вызвалілася з чорнага свайго адзення і засталася ў доўгай белай кашулі, з-пад якой упарта вытыркаліся грудзі. Закінуўшы рукі за галаву, пацягнулася, а потым павольна пачала спускацца да ракі. I раптам ускрыкнула ад жаху, убачыўшы побач цёмную мужчынскую постаць. Яна пахіснулася, але яе ўтрымалі моцныя рукі. I ад гэтага дотыку затрапятала цела, нечым далёкім-далёкім павеяла на яе. На кароткае, як маланка, імгненне ўспомніла тое, аб чым старалася забыць усе доўгія гады, як старалася забыць і многае іншае... Манастыр, куды яна прыбегла, каб навечна прысвяціць сябе Богу... Назаўтра — пострыг. А потым сястра Алімпія, дзябёлая, чырванашчокая дзяўчына, азірнуўшыся, сказала ёй у час малітвы: «Калі пойдуць усе на вячэрнюю малітву — бяжы, дзеўка, у канец саду. Там цябе Раман твой будзе чакаць...»
    Яна, ашаломленая, нават не запыталася — адкуль ведае аб гэтым Алімпія? Хадзіла ўвесь дзень як у тумане, а калі празвінела біла, склікаючы ўсіх на малітву, кінулася ў сваю келлейку. Здзіўленая цётка зачыніла дзверы на вялізны жалезны замок і, не спытаўшы пляменніцу, чаму яна папрасіла аб гэтым, пайшла ўніз. Ефрасіння малілася, а з вачэй усё не сыходзіў нейкі туман. Ускочыла, кінулася да дзвярэй. Хоць апошні разок убачыць яго, прыхіліцца! Але дзверы моцна трымаў замок, жалезнымі кратамі было схоплена акно, і тады яна, не помнячы сябе, закрычала. А знізу чуўся ўсё той жа зладжаны манатонны спеў.
    I цяпер памроілася, што гэта тое, няспраўджанае каханне прыйшло да яе, што вярнулася на імгненне дзявоцтва. I, адхінаючы даўнішні боль, тое незразуме-
    лае вар’яцтва, узрушанасць душы, яна ўскрыкнула тое, што сотні разоў паўтарала ў душнай келлі:
    — Адыдзі, згінь, сатана!
    Такая воля, страснасць і пераконанасць была ў яе голасе, што адразу ж разамкнулася гарачае, дужае кола ягоных рук, і, панурыўшы голаў, сказаў Іаан:
    — Хай будзе так.
    Гордая, уладная стаяла перад ім ігумення. Павярнуўшыся, ён пайшоў прэч. I не бачыў, што доўга стаяла над цёмнай ракой жанчына...
    Вярнуўшыся ў сваю камору, Іаан рашуча пачаў збірацца ў дарогу. Складаючы свой небагаты скарб, зачапіў торбу — з яе пасыпалася начынне, і разам з ім вываліліся дзве дошчачкі з намаляванымі на іх Георгіем Пераможцам і Божай маці. Некалі ў вольны ад работы час займаўся гэтым.
    Падняў дошчачкі, углядаючыся ў бледны, адрачоны твар Багародзіцы. Як жа яна была падобна да вобліку тае, каго ён кожную ноч бачыў у сне, каго ён ненавідзеў і адначасна любіў, і разумеў, што гэтая жанчына ніколі не будзе ягонаю. Пякучы боль паліў сэрца. I вось ужо ў вачах стаіць тое, што ён павінен зрабіць, перш чым пайсці адсюль...
    Ён не мог дачакацца раніцы. Ледзь развіднела, пайшоў у Полацк да купца Света. Доўга перабіраў заморскія металічныя скрыначкі з фарбамі, разглядаў іх, падносячы да цьмянага, зацягнутага бычыным пузыром акна. Паглядзеў пэндзлі. А аддаўшы Свету ўсе да апопіняй грыўні, яшчэ пастаяў, прагна гледзячы на тое, што не змог купіць. Нарэшце выйшаў, забыўшыся развітацца.
    Другое жыццё пачалося ў Іаана. Днём да знямогі працаваў на будаўніцтве. А начамі, наглуха зачыніўшыся, дрыжачымі рукамі разводзіў фарбы.