Прадыслава
Вольга Іпатава
Выдавец: Беларусь
Памер: 272с.
Мінск 1997
У беларускай літаратуры вельмі мала напісана празаічных твораў, якія б раскрывалі нашу далёкую і блізкую гісторыю, жыццё і дзейнасць яе слаўных сыноў. А такія мастацкія творы проста неабходныя ў сённяшнім жыцці. Яны не толькі нясуць для многіх пакаленняў інфармацыю пра тое, якой цікавай, паўнакроўнай, не горшай за іншых, была наша нацыянальная гісторыя, але і выхоўваюць пачуцці патрыятызму, чалавечай годнасці і гонару за свой край, паказваюць, колькі нам давялося і даводзіцца перажываць, каб захаваць незалежнасць, лічыцца народам, нацыяй. У гэтым абуджэнні добрых пачуццяў немалая заслуга Вольгі Іпатавай, якая засяродзілася на гісторыі нашай Бацькаўшчыны, знайшла тут яшчэ нікім не ўзараную сваю дзялянку. Тэма гэтая з гадамі робіцца дамінуючай у яе творчасці, пра гэта сведчаць аповесці «Агонь у жылах крэменю», «Давыд Гарадзенскі» (па іх рэжысёрам Н. Гаркуновай зроблены тэлевізійныя пастаноўкі), а таксама раманы «За морам Хвалынскім», «Залатая жрыца Ашвінаў». Яе аповесць «Чорная княгіня», лібрэта оперы «Князь Наваградскі» звернуты да гісторыі Вялікага княства Літоўскага, часоў Льва Сапегі, Мікалая Радзівіла Чорнага, Сымона Буднага, Францішка Скарыны, Міколы Гусоўскага, а таксама раскрываюць жыццё старажытнага Наваградка, постаці князя Міндоўга і яго сына князя Войшалка, якія адыгралі важную ролю ў беларускай гісторыі, у барацьбе супраць нямецкай і татарскай навалы, аб’яднанні вакол Наваградка літоўскіх, жамойцкіх і славянскіх зямель.
Аповесць «Агонь у жылах крэменю» адлюстроўвае тыя моманты ў існаванні Вялікага княства Літоўскага, калі для яго з боку Рэчы Паспалітай пачала ўзнікаць небяспека паланізацыі, калі разгарнулі сваю дзейнасць езуіты і уніяты, накшталт Іасафата Кунцэвіча. Пісьменніца перадае думкі каралеўскага прапаведніка, рэктара езуіцкай калегіі ў Вільні Пятра Скаргі, малюючы праз яго ўнутраны маналог. як насрўвалася на краіну ноч сярэднявечча, паклаўшая пачатак разбурэнню незалежнай дзяржавы.
У аснову твора пакладзены дасканала вывучаныя гістарычныя дакументы і матэрыялы, аднак Вольга Іпатава знайшла і ўдалы мастацкі ход у асвятленні тагачасных падзей. Агульнавядомую выснову, што ад усіх пературбацый, войнаў, змен улады, барацьбы веравызнанняў найбольш пакутуе народ, пісьменніца пацвярджае, раскрываючы трагічны лёс двух адзінакроўных братоў-беларусаў, бацькі якіх загінулі, закатаваныя панскай «ласкай». Старэйшы, Яяка, узросшы ў сялянскім асяроддзі, застаўся верным памяці бацькоў, малодшы, Алесь, немаўляткам трапіўшы ў рукі Пятра Скаргі, стаў самаадданым служкай езуіцкага ордэна. Рэлігійна раз’яднаная краіна, людзі, родныя браты, выхаваныя ў рознай веры, вынішчалі адзін аднаго, гінулі ад унутраных супярэчнасцей, невыносных пакутаў сумлення. У гэтым адна з прычын нацыянальнага нігілізму, несвядомасці беларусаў, адна частка якіх хіліцца да праваслаўнай, другая да каталіцкай веры, і ўжо колькі стагоддзяў ніяк не наступае згуртаванасці нацыі.
Гэту тэму працягвае асэнсоўваць пісьменніца і ў аповесці «Чорная княгіня», хаця на першым плане тут жыццё верхніх слаёў: польскага каралеўскага двара і магнатаў Вялікага княства Літоўскага. I на гэтым фоне праз драматычньія лёсы жанчын — унучкі Канстанціна Астрожскага, князёўны Гальшкі, яе маці Беаты Іллёвай і шляхцянкі Евы паказаны многія падзеі сярэдзіны шаснаццатага стагоддзя. Верная свайму вострасацыяльнаму бачанню далёкай эпохі, пісьменніца і сюжэтнымі калізіямі аповесцей, і публіцыстычнымі аўтарскімі адступленнямі, і праз унутраныя маналогі герояў раскрывае складаную, разнастайную карціну грамадскіх узаемаадносін і праблем, невырашальнасць якіх паскорыла нацыянальную трагедыю — знікненне Вялікага княства Літоўскага. Гэтыя творы, тэматычна і сюжэтна самастойныя, аднак узятыя разам, уяўляюць адзінае мастацкае палатно, сцэментаванае патрыятычнай ідэяй, якую па-
слядоўна і настойліва праводзіць аўтар, засноўваючыся на аб’ектыўнасці гістарычных дакументаў і глыбокім пранікненні ў характары канкрэтных дзейных асоб.
Пісьменніца праз сістэму мастацкіх вобразаў і рэальна жыўшых асоб у сваіх творах змагла напісаць пра далёкае мінулае, але не пра гераічныя падзеі, бітвы, перамогі, а пра глыбіяныя плыні жыцця народа і яго таленавітых прадстаўнікоў, ствараўшых духоўную гісторыю нацыі. Гэтай засяроджанасцю, глыбокай зацікаўленасцю да гісторыі і асобы чалавека ў ёй шмат у чым тлумачыцца своеасаблівасць Вольгі Іпатавай як гістарычнага апавядальніка. У яе няма прыхільнасці да вялікіх эпапей або імкнення будаваць сюжэт храналагічна паслядоўна, ва ўсіх падрабязнасцях эпохі. Для аўтара важна даследаваць духоўны свет, маральны вопыт чалавека, праз чый драматычны лёс можна прасачыць, зведаць урокі народнай гісторыі, сугучныя нашаму часу.
Сцвярджаючы непарыўную сувязь пакаленняў, як гістарычную пераемнасць гуманістычных і грамадзянскіх здзяйсненняў асобы, Вольга Іпатава ўключае ў апошнія старонкі рамана адкрыта публіцыстычнае выказванне, прасякнутае болем за страчаныя таленты.
I сапраўды, колькі трэба намаганняў, каб расказаць людзям пра нашу цікавую і багатую на таленты гісторыю. Гэтыя таленты і іх здзяйсненні: творы мастацтва, кнігі, рукапісы — будуць жыццядзейнымі ва ўсе часы, калі пра іх будуць пісаць і памятаць нашчадкі. Дзякуючы пісьменніцкім здольнасцям Вольгі Іпатавай, яе пошукам, беларускаму чытачу адкрываюцца многія таямніцы нашай гісторыі. Гістарычная проза пішацца ёю не дзеля белетрызаванага занатоўвання фактаў і звестак, узятых з дакументальных, архіўных крыніц той або іншай эпохі, а дзеля спасціжэння далёкіх стагоддзяў у іх ісцінна чалавечых праяўленнях, дзеля набліжэння да асобы чалавека ў варунках часу. Гістарычнае мысленне Вольгі Іпатавай як мастака абапіраецца на дакладнае сацыяльнае бачанне далёкай эпохі, яе праблем і драм, у цеснай пераплеценасці якіх сам час ляпіў характары людзей, накіроўваў іх волю, дыктаваў лінію паводзін. Проза яе цікавая для нас і кантэкстам пісьменніцкага роздуму аб невынішчальнасці мастацтва, якое жывяць чыстыя невычэрпныя крыніцы народнага вольналюбства. Аўтару ўласціва абвостранае пачуццё памяці, што дазваляе ўваскрашаць далёкія эпохі, ужывацца ў іх. Вядома ж, без ведаў няма памяці, і пісьменніца добра разумее, як бясконца трэба папаўняць свае пазнанні, каб гістарычны матэрыял арга-
нічна ўпісаўся ў мастацкую тканіну твора, стаў дынамічным і займальным, каб чытач змог спасцігнуць сутнасць, глыбінны сэнс і духоўную сувязь эпох. Без гэтага няма мастацкага твора, няма адкрыцця чалавечых лёсаў і гістарычных падзей. Проза Вольгі Іпатавай паказвае жыццё народа не аднамерна, а ў праявах мінулага і сённяшняга, сцвярджае высокую інфарматыўнасць і павучальнасць гісторыі, вяртае сучаснікам гістарычную памяць.
Некалі Васіль Быкаў у прадмове да першага зборніка апавяданняў і аповесцей Вольгі Іпатавай назваў яе прозу тварэннем прыроджанага празаіка. I гэта сапраўды так. Аглядаючы ўсё зробленае, напісанае пісьменніцай, ловіш сябе на думцы, што пры ўсіх здольнасцях паэта, публіцыста, крытыка, перакладчыка найбольш захапляе яе гістарычная проза. Дыяпазон творчых пошукаў пісьменніцы, якая жыве праблемамі, трывогамі, надзеямі свайго часу, рознабаковы і шматгранны. Аднак менавіта на шляху далейшага асэнсавання гістарычнай тэмы яе чакаюць новыя поспехі і мастацкія адкрыцці.
Лідзія Савік
ПРАДЫСЛАВА
1
Зямля дыхала гарачынёй. Чэрвеньскі поўдзень, нібы настоены на водары скошанай травы, туманіў галаву. Прадыслава нарэшце прысела на прывялую ад сонца густую траву, што расла пры дарозе.
Вакол была цішыня. Ледзь чутна звінелі пчолы ды шапацелі яшчэ неналітыя каласы жытняга поля. Але дзяўчына нічога не чула, шырока раскрытымі вачыма ўглядалася ў далячынь. Справа, на ўзвышшы, ляжаў Полацк. Блішчаў на сонцы купал святой Сафіі. Сцяна вакол дзядзінца ўгадвалася па высокіх вежах, а ў прадмесці, бліжэй да вежы, курэў пыл — нехта, відаць, ехаў на кані. На вуліцах знешняга горада соцкія не надта стараліся глядзець за парадкам. Там не былі забрукаваны многія вуліцы, і ранняй вясной альбо ўвосень коні аж па калені ўгразалі ў чорнае тлустае месіва, а летам шэры пыл асядаў на дрэвах так густа, што нельга было нават пазнаць колеру лісцяў.
Але ўсё роўна князь Георгі, бацька Прадыславы, перабраўся з дзядзінца, дзе жылі княжацкія сем’і, амаль на самы канец Полацка, на Вадзяную вуліцу, што вяла да Дзвіны. Ён пасварыўся з братам, вялікім князем Барысам, і назло яму зрубіў багатыя харомы пад самым земляным валам, які аперазаў прадмесце. Тут жыла гарадская бедната, рамеснікі, і сярод шэрых сляпых хацін нечаканым быў вялізны княжацкі дом — новы, з жоўтымі смалістымі сценамі, з разьбянымі церамамі ўверсе і празрыстымі — з заморскай слюды — вокнамі.
Але Прадыслава была рада іхняму перасяленню: яна магла цяпер часцей выходзіць за горад, у адзіноце думаць пра тое, што хвалявала яе душу,— філасофскія развагі Платона і Арыстоцеля, свае ўласныя ўяўленяі аб жыцці і смерці, аб сэнсе быцця. Вось і сёння яна пайшла на сваё звыклае месца — да каржакаватай
старой бярозы, што адзінока стаяла на ўскраі жытняга поля.
Дарога адсюль збягала ўніз, і вакол, да самага небасхілу, была відаць раўніна з яе рознакаляровымі лапікамі сенажацяў, хмызнякоў і агародаў. Дзе-нідзе былі відаць маленькія постаці — гэта працавалі людзі. Такімі ж маленькімі, дробнымі здаваліся ёй іхнія клопаты. Паесці, адпачыць — вось і ўсё, аб чым маглі думаць гэтыя гарапашнікі ў карэлым адзенні і з вечным страхам у галодных вачах. Такімі яны прыходзілі на шырокі, утаптаны тысячамі ног двор яе бацькі. Прыходзілі, азіраючыся, нібы загнаная жывёла, і доўга чакалі, пакуль вынесуць драўлянае высокае крэсла з разьбяной спінкай, на якім любіў сядзець князь, разбіраючы іх скаргі. Яна ніколі не слухала іх, нават калі сядзела тут жа, на двары. У такія хвіліны яна звычайна глядзела на бацьку — як грозна хмурыліся ягоныя бровы, а на жорсткім, маршчыністым твары ўспыхвалі і святлелі халодныя зеленаватыя вочы. Тады ціха рабілася на двары — баязліва выглядалі з-за дзвярэй сёстры, таропка хрысцілася маці. Адна Прадыслава ніколькі не баялася бацькі. I ёй хацелася толькі абняць і супакоіць яго.
Сонца сляпіла ёй вочы. Яна трохі адсунулася ў цень, бліжэй да бярозы, і адразу нешта ўкалола яе ў руку. Асот. Яна з намаганнем зламала сцяблінку і грэбліва адкінула яе. А потым зноў заплюшчыла вочы. I нібы ўбачыла тое, што было для яе самае дарагое,— кнігі... Вялізныя, цяжкія. Некаторыя нават падняць адной немагчыма. Яе рана навучылі чытаць і пісаць, але і дасюль помніцца, якімі мяккімі і трапяткімі рабіліся жоўтыя рукі Агнесы, калі яна гартала тоўстыя пергаментныя старонкі з дзіўнымі значкамі — літарамі. А потым гэтыя значкі перасталі быць для яе незразумелымі, ды ўсё роўна захавалася ў душы таямнічасць, з якой яна сама ўпершыню дакранулася да кнігі.