• Газеты, часопісы і г.д.
  • Прадыслава  Вольга Іпатава

    Прадыслава

    Вольга Іпатава

    Выдавец: Беларусь
    Памер: 272с.
    Мінск 1997
    99 МБ
    Скор здрыгануўся, у яго — нечакана — падагнуліся ногі.
    — Я хворы. Рана баліць дзень і ноч, мне невыносны нехта побач.
    — А Судзіслава чакае дзіця. Мабыць, яно будзе і прыгожае, і здаровае, хаця муж яе смяротна хворы. 3 чаго б гэта?
    Скор не мог вымавіць ні слова. Жрэц працягнуў да яго руку, раскрыў яе. Сярэбраны бранзалет з выразным сілуэтам пардуса-леапарда займаў усю тонкую, спешчаную далонь. Скор у апошнюю сустрэчу прынёс гэты бранзалет Судзіславе. Тая спачатку прагна схапіла ўпрыгожанне, надзела, пасля адмоўна пахітала галавой:
    — Убачаць — даведаюцца. Схаваць няма дзе.
    Агледзелася, прыкінула нешта:
    — Хай ляжыць у дупле. Я ведаю схованку.
    «Адкуль ён даведаўся?!» — адчай бушаваў у грудзях воіна.
    I зноў жрэц як прачытаў думкі.
    — Усё гэта выведаць так лёгка! Жонка скарчанелага, гнілога мужа ідзе да капішча Лады, а пасля ля багіні ляжыць сярэбраны бранзалет! А Судзіслава ніколі да таго — ты чуеш, ніколі! — не хадзіла ні да Леля, ні да Лады. Яна была заўжды надта...— ён абарваў гаворку, памаўчаў.
    I зноў Скор падсвядомым, але дакладным чуццём раптоўна ўспомніў і імгненна звязаў у адно пачутыя некалі абрыўкі звестак і недагавораных сказаў. Казалі пра Судзіславу, што яна адвергла нечае каханне і таму выдалі яе за старога гарбара... Хацеў яе забраць у княжацкі церам ключнік, але памёр страшнай смерцю...
    Шаленства ўдарыла ў галаву Скору, ён схапіў здаровай рукой Рыся, страсянуў:
    — Пакінь Судзіславу! Дай ёй жыць!
    Здзеклівая і разам з тым пакутлівая ўсмешка зазмяілася па тонкім твары жраца, ён прыкусіў вусны, глядзеў на чалавека, што стаяў перад ім, нібы раздумваў. Так нічога і не сказаў, толькі зноў паднёс вышай сярэбраны бранзалет, павольна сціснуў яго тонкімі, дужымі пальцамі, кінуў пад ногі саперніку, пругка пайшоў прэч.
    Hi назаўтра, ні праз дзень не прыйшла Судзіслава на Пявучы ручай. Змогшыся, начамі стаў Скор блукаць ля хаты гарбара, але толькі раз удалося яму здаля ўбачыць тонкую постаць маладой жанчыны.
    А яшчэ праз нейкі час прыйшоў да Скора княжацкі цівун Надбор, з якім яны разам плавалі на грэкаў, прынёс карчагу з віном. Некалі ў баі адсек Скор руку з дзідай, што працягнулася да Надбора, і цівун ніколі не забываўся на тое — заступаўся перад князем, дапамог пераехаць на Пявучы ручай... А між размовамі сказаў спакойна:
    — Заўтра трызна. Пайшлі, браце, a то ты тут здзічэў.
    — Хто памёр?
    Ускочыў Скор, калі той назваў гарбара. I нечакана для сябе расказаў усё пра Судзіславу.
    — Са жрацамі, браце мой, шмат не наваюеш,— раздумліва сказаў Надбор.— Кінь усё і не гняві багоў. Страшная іх няміласць!
    I пачаў, захмялелы, расказваць, як тры дні і тры ночы нема роў ад злой трасянкі багаты купец Вож, і толькі калі павініўся перад Макошай за крыўду яе жрацу, прынёс багатыя ахвяры — вылечыўся. Успомніў, як прадказаў Стрыбог град, што пабіў усё жыта. I, выпіўшы яшчэ коўш, расказаў зусім таемнае, што падгледзеў у капішчы,— калі па слову галоўнага жраца Перуновага ўстала з каменнага алтара мёртвая дачка ваяводы — а перад тым ляжала там нерухомая тыдзень — і абышла алтар з адплюшчанымі невідушчымі вачамі, а пасля зноў лягла, і толькі пасля гэтага павезлі яе на вогнішча... Што нібыта з ёю хацеў перадаць галоўны жрэц нейкую вестку ў Селішча Мёртвых і таму не пушчаў няшчасную душу за Вялікую Раку, дзе цэлы тыдзень дарэмна чакаў яе перавозчык і злаваўся, бо даўно павінна была ляжаць у скарбніцы грыўня за перавоз гэтай душы. Толькі жрацы ведаюць, дзе тое Селішча Мёртвых, але гавораць яны так, што не зразумее іх просты чалавек. I зноў жа аднойчы бачыў ён, як гаварылі яны пра душу старога князя і паказвалі на Кол-зорку, якая трымае неба, і вялікі Млечны Шлях, называючы яго ракой...
    I тады задаў яму Скор дзіўнае пытанне:
    — А ці ведаюць яны, нашто чалавек жыве?
    Ды захмялелы Надбор панёс нешта зусім незразумелае, і ўрэшце Скор пайшоў у клець па карчагу свайго, хаця і збрадзелага, віна, і ачомаліся яны абодва толькі за поўдзень.
    Але адразу ж, як выпіў Скор карэц халоднай вады, успомніў ён аб трызне. Паспрабаваў пабудзіць Надбора, але той толькі адбіваўся вялымі рукамі, а вачэй не расплюшчваў.
    Тады ён пайшоў на Дзівіну горку, дзе палілі мёртвых. I калі, расштурхаўшы натоўп, падышоў да гатовага шугануць вогнішча, адчуў, як другі раз у жыцці падкасіліся ногі — Судзіслава стаяла там, а побач раб і паляўнічы сабака, ужо стары, з патухлым поглядам. Паабапал вогнішча было шмат посуду, вакол галасілі жанчыны, і дужы работнік узяў за плечы Судзіславу і, прыўзняўшы, лёгка паставіў яе на посцілку, кінутую на дровы, прывязаў да слупа, каля якога ляжаў жоўты, нібы воск, нябожчык.
    Смутны позірк жанчыны быў невідушчы, яна пакорліва закінула рукі назад, галава яе з вянком на распушчаных валасах стукнулася аб неабчасаны слуп, і амаль адразу ж з розных бакоў успыхнуў агонь, завыў сабака, глуха, штуршкамі, закрычаў раб — рот яго ўжо быў забіты кляпам, і ён адчайна курчыўся, збіваючы посцілку, а служкі доўгімі баграмі штурхалі яго ў сярэдзіну, да нябожчыка.
    Босай нагі Судзіславы крануўся пякучы язык агню, яна шырока расплюшчыла вочы — і сустрэлася позіркам са Скорам. Толькі тады жанчына адчайна рванулася, нешта крыкнула — і нясцерпна доўгае імгненне глядзелі адно на аднаго, падзеленыя мяжой жыцця і смерці... А пасля дымам як ударыла ў грудзі, зацягнула ўсё вакол — і калі зноў паказалася Судзіслава, яна вісела на вяроўцы, мабыць, ужо непрытомная, і агонь прагна накідваўся то на доўгія бялявыя валасы, то на белую кашулю з блакітнай паласой пасярэдзіне. I апошняе, што ўбачыў Скор, сілай выбіваючыся з натоўпу,— здзеклівая і адначасна пакутлівая ўсмешка жраца Рыся...
    Прайшоў яшчэ час, і аднойчы, калі княжацкі цівун прысудзіў агнішчаніна Жыценя да пакарання смерцю і лазіны, вымачаныя ў солі, гатовыя былі апусціцца на спіну няшчаснага, наперад нечакана выйшаў былы дружыннік, а цяпер просты смерд Скор і звярнуўся да цівуна:
    — Чалавек не можа валодаць жыццём другога. Адпусці яго.
    Цівун ад нечаканасці знямеў. Але калі Скор працягнуў яму візантыйскую намісму — падабрэў. Трох рабоў можна было купіць за тую манету.
    Калі ж трэці раз прынёс Скор выкуп за жыццё пакараных, наперад выступіў жрэц Купалы Рысь:
    — Кібела,— ён вымавіў на старажытны, забыты ўжо лад, пасля паправіўся:— Купала адкрыў мне, што хоча ўзяць гэтае жыццё сабе.
    I адразу па ягоным знаку вызваленага ўжо чалавека схапілі.
    Прайшоў яшчэ нейкі час. I, вызваляючы абарванага, ссівелага ўжо Скора з падзямелля, дакорліва выгаворваў яму Надбор:
    — Апошні раз пашкадаваў цябе князь. Калі б не я прасіў — эх! Людзі з цябе смяюцца — прарок знайшоўся! I так няма часу — у паход ідзём! Брата хаця пашкадуй — бяруць яго ў войска.
    У тую ноч доўга сядзеў Скор каля ручая. Нязмоўчна спявала ў соннай цішыні вада. Успаміналася то шалёная пена ля парогаў, што агромністымі глыбамі высіліся ў тыя дні, калі ішлі ад Понцкага мора, то духмяная смала-сціракса, якую курылі ў візантыйскім храме, то сонца, што выпальвала жыццё ў худым целе вандроўніка-дэрвіша, які паміраў пры дарозе. А калі наплыло тое, пра што стараўся не думаць,— вочы Судзіславы там, на вогнішчы, і пякучы боль спаліў сэрца,— убачылася новае, чаго ніколі не бачыў. I ён глядзеў — глядзеў, пакуль не завалакло ўсё крывавым туманам. Ды так выразна і яскрава запомнілася ўбачанае, што ён, кленучы сябе і жыццё, выганяў гэта са свядомасці і з апошніх сіл карчаваў ляда, каб забыцца ў стоме і болей не бачыць нічога...
    А перад паходам усё ж пайшоў на княжацкі двор і, упаўшы перад князем на калені, сказаў яму, што ў гэтым паходзе пераб’юць увесь атрад дрыгавічоў, а галаву маладога княжыча зробяць чашай і будуць піць з чэрапа хмельную медавуху... Князь спачатку не хацеў слухаць, але пасля задумаўся, прыціх. Паклікаў Рыся, загадаў яму варажыць на печані свяшчэннага дзіка. Доўга ўглядаўся ў печань жрэц, а пасля аб’явіў, што паход будзе ўдалым, прывязуць воіны багата золата і каштоўных камянёў, а таксама посуду і бранзалетаў. Тады разгневаны ўладар, які хацеў спачатку сам забіць былога свайго дружынніка, перадумаў
    і загадаў кінуць Скора ў падзямелле навечна. А Рысь, як толькі памёр галоўны жрэц Перуновага капішча, стаў на яго месца.
    Прайшло яшчэ тры гады, і памёр стары князь. Другі ягоны сын, Мікула, выгнаў з падзямелля ўсіх вязняў; каб не дарма елі яны хлеб, прадаў іх сваім дружыннікам за рабоў. А нямоглага Скора прагнаў з двара. Hi да чаго ён быў не прыдатны, толькі няспынна нешта мармытаў сабе, прадракаў гора, кроў... Каму хочацца слухаць пра гэта.
    А праз месяц прыйшлі ў селішча тры воіны з вялікага некалі атрада, што адправіўся ў паход па здабычу, але сам стаў здабычай прагнага варання, што разнесла косці дрыгавічоў па чужых дарогах. I была на высокім беразе Пявучага ручая горкая трызна, калі галасілі ўдовы і румзалі малыя сіроты, а ахвярная кроў стаяла ля ідалаў лужынай і не тачылася ў зямлю. Туды ж са сваёй разбуранай зямлянкі прыцёгся і Скор. He было ў яго пеўня для ахвяры багам, а маці, на шчасце, даўно ўзвілася дымам увысь. Таму лёг чалавек ля ідалаў і папрасіў, каб яго самога прынеслі ў ахвяру, тады зможа ён дагнаць блізкіх і знайсці іх, пакуль не позна. Калі ён ляжаў, нікому не патрэбны, падышоў да яго магутны і слаўны Рысь. Знакам паказаў, каб не набліжаліся прыслужнікі. Нагой прыўзняў галаву Скора, сказаў, гледзячы ў мутныя вочы:
    — I чаго ты дабіўся?
    — Ты ж ведаў, што будзе гэтак! — прахрыпеў той і хацеў адкаціцца і зноў уткнуцца ў зямлю, але Рысь не даў.
    — Князь удзячны мне, што я не пярэчыў паходу і старэйшы яго брат, як ты і казаў, стаў ценем і з галавы яго п’юць ворагі.
    Тады Скор нечакана ўскочыў і закрычаў нема, тыцкаючы дрыготкай рукой у вялікага жраца:
    — Ён вінаваты ў гэтым! Ён паслаў на пагібель вашых сыноў і мужоў!
    Стала ціха. На імгненне забылася гора, і адняліся ў навакольных языкі ад вялікага кашчунства.
    I тады выразна, холадна сказаў старшы дружыннік Таруса:
    — Людзі! Няўжо мы даруем таму, хто паднімае руку на нашы святыні?!
    Нібыта ўзнесеныя магутнай сілай, усхапіліся іншыя:
    — He! He! Ён сёння вінаваціць слаўнага Рыся, а заўтра стане ганьбіць самога князя! Хопіць яму пляскаць языком!
    I зараўлі за імі астатнія:
    — Хопіць! Хопіць!