• Газеты, часопісы і г.д.
  • Прадыслава  Вольга Іпатава

    Прадыслава

    Вольга Іпатава

    Выдавец: Беларусь
    Памер: 272с.
    Мінск 1997
    99 МБ
    каля дзвярэй ляжалі свежыя, залацістыя, як жытняя салома, дошкі.
    Будны, шырока расставіўшы ногі, быццам урослы ў зямлю, доўга стаяў, глядзеў на камяніцу.
    — Другая пасля Скарыны друкарня. Шкада, што тут... Ну дык Клецк усяго ў некалькіх мілях,— сказаў нарэшце, нібы сам сабе адказваў на нейкія патаемныя думкі.
    — I твая мосць атрымае там нарэшце свой двор, і чалядзінцаў, і людзей цяглых,— падхапіў Кавячынскі.
    — Галоўнае, я змагу там гаварыць з людзьмі,— задумліва паправіў яго госць.
    — I гэта вам не спешчаная віленская знаць, якая ходзіць у касцёл, каб паказаць свае новыя ўборы, а ў кальвінісцкі збор зазірае з-за цікаўнасці, бо ніколі не бачыла, каб у храме вісеў толькі крыж і які падсвечнік. Тутэйшыя людзі, хаця працуюць цяжка і абцяжараныя старастамі і войтамі, а можа, якраз таму, хочуць гаварыць з небам.
    Невядома як, але сустрэчныя людзі, відаць даведаўшыся, што госць — міністр збору, як і Крышкоўскі,— або нізка кланяліся, здымаючы магеркі і капелюшы, або проста праводзілі іх цікаўнымі позіркамі. Непадалёку ад старога драўлянага замка і касцёла, у лагчыне, сотні сагнаных халопаў капалі рыдлёўкамі зямлю.
    — Тут будзе возера, і тады замак стане непрыступным,— растлумачыў Мацей.
    — Прыгожы горад, зусім як у Швейцарыі,— сказаў Сымон.— Толькі пылу болей ды людзі глядзяць неяк спадылба. Яно і зразумела: тут чалавека дзешавей за гавяду лічаць, і вывесці яго з такога паднявольнага стану толькі навука зможа...
    — Але ж, атрымаўшы навуку, ці не будзе халоп лічыць, што яму не трэба працаваць? Дый хто ўсё-такі тады гной на поле вывозіць будзе? — асцярожна загаварыў міністр нясвіжскага кальвінісцкага збору Крышкоўскі.
    I яны зноў заспрачаліся, ды так, што спрэчка тая не перапынялася і за абедам.
    — Калі не будзе ўлады, то як жа будзе трымацца дзяржава? — гаварыў Крышкоўскі.— Дай нашым му-
    жыкам патолю, скажы, што араць поле можна па патрэбе, без прымусу,— хто выедзе на тое поле?
    — Калі ў чалавека няма поўнай, можна сказаць, боскай свабоды, калі ён вечна ў ярме, як вол,— хіба можа ён называцца сапраўдным чалавекам? — гаварыў Сымон Будны.— Праца павінна стаць для яго патрэбнай, так, патрэбнай. Дзеля таго, каб стварыць такога чалавека, які б любіў працу — вольную працу,— мы і стараемся сёння!
    Марцін слухаў з заміраннем сэрца. Так, чалавек адрозніваецца ад быдла тым, што мае бессмяротную душу. А яго запрагаюць у цяжкі воз і б’юць пугай ці бізуном і прымушаюць везці той воз. I так цягне ён той воз да самай смерці, так і не зразумеўшы, для чаго прыйшоў на зямлю...
    Яму хацелася гаварыць і гаварыць з Будным. Але саромеўся запрасіць міністра ў свой сціплы дом з простай мэбляй, што засталася яшчэ ад дзеда. У хаце няма дываноў, якімі засцелены ў вялікім доме Кавячынскіх ледзь не кожны куток, ёсць толькі тканыя посцілкі дый заткнутыя за бэльку травы, што засталіся пасля Сёмухі. Але сам Будны выдзеліў яго і, прапанаваўшы яшчэ адну прагулку па Нясвіжы, зайшоў у дом да маладога настаўніка. Толькі тады Марцін паказаў яму запісы, доўга і горача тлумачыў, што і як хацеў бы напісаць.
    — Давай, браце,— Будны доўга праглядаў запісы, любоўна перабіраў паперыны.— Зямлі нашай патрэбны такія людзі, як ты. А іх, хто дбае аб народзе, а не аб набітым трыбуху, мала, ой як мала! I трэба ісці не толькі ў народ. Трэба, каб і высакародныя вяльможы дапамагалі. Іх продкі рабілі ўступку за ўступкай, а цяпер справа аб самым галоўным — аб лёсе народа. Яшчэ трохі, і ён знікне, растворыцца, як растварыліся сярод немцаў прусы, як зніклі яцвягі. А ці ж ліцвіны — беларусцы — не народ?!
    Марцін, пасля таго як праводзіў Сымона, доўга сядзеў у пакоі, не запальваючы святла. Усхадзілася непагадзь, дужы вецер са свістам гнаў па дарозе леташняе лісце, па краі неба клубіліся густа-чорныя хмары, абяцаючы не то дождж, не то позні снег, краёчкі іх адсвечвалі злавесным жоўтым колерам. Паспешліва грукаталі па брукаванцы колы сялянскіх вазоў і фурманак шляхты; заканчваўся дзень, і на
    плошчы зачыняліся невысокія каменныя крамы, а гадзіннік на ратушы працягла адзвінеў дзевяць гадзін вечара. Было відаць, як зачыняліся брамы, як на складзе грабара насупраць работнік доўга тузаў вялікі, у далонь, ключ, стараючыся закрыць замок. Бязладныя думкі Марціна былі аб тым, што Сымон, развітваючыся, неяк мімаходзь запытаўся, чаму ён дасюль не завёў гаспадыню, і, не пачуўшы адказу, змоўк.
    Агромністыя ліпы каля дома бязладна рыпелі, і ад таго пачуццё няўтульнасці было асабліва моцным. Тады ж Марцін цвёрда вырашыў паехаць у Вільню, як толькі скончацца заняткі, і там шукаць сляды Еўкі. Можа, яшчэ ўдасца сустрэцца там з кімсьці, хто ведаў Скарыну, паглядзець кнігі, пра якія пакуль толькі чулі ў Нясвіжы, але ніколі не трымалі іх у руках. I, пастараўшыся развеяць цяжкія прадчуванні, ён лёг спаць больш акрыленым, ускалыханы надзеямі дружыць і ездзіць да Буднага, і ўзнёс ціхую хвалу ўсім нябесным сілам за тое, што гэты незвычайны чалавек будзе жыць так недалёка і, значыць, можна будзе бачыцца з ім цяпер часта...
    Адкрыццё друкарні ў Нясвіжы ўшанаваў сваёй прысутнасцю сам пан Мікалай Радзівіл Чорны.
    Да яго прыезду бурмістрам была падрыхтавана ілюмінацыя: увечары, у прысутнасці гасцей, у цёмным небе ўспыхвалі цэлыя карціны, пасля якіх кожны раз з’яўляўся вензель «R», абкружаны, як вялікая камета, іскрамі і букетамі агнёў. Госці апладзіравалі. Сярод маладых магнатаў стаяў уладар суседняга замка ў Міры, Юры Ільініч, і захоплена глядзеў на дзівосы ў небе.
    Куды меней увагі ўдзяліла шляхта ўласна друкарні. Пахадзілі, паглядзелі на рабочых у хвартухах, на станкі і набор літар, паслухалі пастара, які доўга і нудна гаварыў аб Рэфармацыі і асвяшчаў першыя друкаваныя лісты, пасля заспяшаліся на вячэру.
    Сымон Будны, Мацей Кавячынскі, малады кампазітар Тамаш Сакалоўскі і Марцін пасля ўрачыстай вячэры ў старым замку яшчэ некаторы час гулялі па вуліцах Нясвіжа.
    — Катэхізіс выйдзе праз месяц,— казаў Будны.— Але адных такіх кніг мала. Трэба выдаваць азбукі,
    ноты, зборнікі песень. Здавён слаўная беларуская мова, але нашы магнаты ўсё часцей захапляюцца іншаземным. Нават маленькі Мікалай, сын старэйіпага Радзівіла, гаворыць толькі на латыні — нягледзячы на тое, што бацька падтрымлівае кнігі на тутэйшай мове.
    Лаўрэн Крышкоўскі прасіў Тамаша Сакалоўскага, каб той падумаў пра новыя песні, якія можна даваць дзецям у школу.
    — Я ўжо падумаў,— спакойна сказаў Тамаш.— Мы з панам Сымонам нават назву прыдумалі для зборніка — «Канцыянал».
    I яны горача заспрачаліся пра тое, якія песні трэба ўключаць у зборнік. На гулкіх вулачках гучалі імёны Мікалая Рэя, Анджэя Пшэцескага, Соф’і Алясніцкай. Тамаш нават спрабаваў спяваць некаторыя з іх песень. Варта, што хадзіла па горадзе, з зайздрасцю глядзела на маладых людзей, неахвотна ішла далей, дзе сярод драўляных дамоў мяшчан і рамеснікаў лавіла то п’янага, які ляжаў на вуліцы ў абдымку з гарнцам, то падлеткаў, якія спрабавалі разводзіць які агеньчык за гумнамі. Над драўляным замкам стаяла чырванаватае ззянне ад мноства свечак, якія гарэлі ў пакоях, чуліся гукі музыкі.
    — А як глядзеў на цябе малады Юры Ільініч! — успомніў Мацей.— Як на халопа, чамусьці ўзвышанага лёсам. Ніяк не прывыкнуць нашы паны да таго, што знатнасць не дае розуму, таленту. Гэта — ад неба. Здаецца, што-што, а неба яны павінны баяцца...
    — Нічога — ні неба, ні Бога не баяцца яны! — горача ўсклікнуў Тамаш.— Калі я з вучнямі скончыў спяваць і сеў за стол, пані Хруцкая зласліва запытала, што я буду рабіць, як страчу голас. На тое я адказаў, што, пакуль не страчу і галаву, неяк пракармлюся.
    — А ты што маўчыш, Марціне? — запытаўся раптам Сымон Будны.
    — А я чамусьці ўспомніў легенду пра Чорную Даму, якая ў нас вельмі папулярная,— адказаў Марцін.
    — He чуў! — з цікавасцю сказаў Будны.
    Астатнія голасна загаманілі. Легенду тую ведалі ўсе, але ўгаварылі Марціна расказаць пра яе яшчэ раз.
    Цёплая майская ноч з пахам старых ліп і маладых клейкіх лістоў таполі плыла над Нясвіжам, з плёскатам неслася рачулка Уша, уздоўж якой яны ішлі.
    I Марцін пачаў расказваць пра тое, што нібыта кароль Сігізмунд Аўгуст, якога мучыла туга па прыгажуні Барбары, прыехаў сюды разам з панам Твардоўскім, чараўніком і чарнакніжнікам.
    — Чаму сюды? — перабіў Будны.
    I ўсе напярэймы адзін перад адным сталі тлумачыць, што душа чалавечая найчасцей прыходзіць туды, дзе ёй было добра.
    — Тады хай бы Барбара ішла ў Вільню — там яна стала каралевай,— зноў не ўтрымаўся ад яхіднай рэплікі Сымон.
    I ўсё ж ён з задавальненнем слухаў далейшае: Твардоўскі, трымаючы ў руках чароўнае люстра, на якім быў выразаны партрэт нябожчыцы, стаў заклікаць Люцыпара, Вельзевула і іншых князёў Цемры адпусціць каралеву. I яна нарэшце з’явілася — акурат такая, як на зваротным баку люстра: у белай сукенцы, з букетам руж у руцэ. I была такою жывою і чароўнай, што кароль забыўся на ўсё: кінуўся да яе і нават ужо схапіў за рукі. Але ў тую ж хвіліну раздаўся выбух, і ўсё зацягнула дымам.
    — Нячыстая сіла не любіць, канешне, калі яе мацаюць рукамі,— напаўголаса дадаў Сымон Будны, але Марцін працягваў расказваць.
    I на iмгнeнI^e ўсім здалося, што на ліпавай алеі, дзе яны крочылі, узнікла цёмная постаць жанчыны. Узнікла — і растварылася ўдалечыні.
    Марцін змоўк. Запанавала цішыня. I толькі Сымон, відаць, не паддаўся элегічнаму настрою. Востры, цвярозы яго розум нібы рассякаў, прэпарыраваў рэчы навокал.
    — Калі яна была ў белым, то чаму ж стала прыходзіць нанова ўжо толькі ў чорным? — зноў запытаўся ён, але на гэты раз ніхто не адказаў.
    А Марцін сказаў сабе, што ён цяпер абавязкова паедзе ў Вільню, каб дазнацца што пра Еўку. Адначасна зойдзе ў архіў старадаўніх актаў — там наладзіў добрыя сувязі Сымон Будны. Ды хутка павінны перавезці ў Нясвіж вялікакняжацкі архіў — дамогся такога гонару Радзівіл даўно, але пакуль не прыстасаваны драўляны замак для гэтакай каштоўнасці. Трэба, Ka-
    нешне, самім разбірацца ў тых хітрых путах, якімі аблытваюць Княства, даказваючы, што нібыта ў самой Крэўскай уніі былі закладзены прынізлівыя ўмовы, на аснове якіх Ягайла стаў каралём. Але ж яшчэ не ўсімі забыта, што шлюб той ратаваў ад крыжакоў і Польшчу. Што ж такога незвычайна заманлівага было ў тым шлюбе для Ягайлы, дзеля чаго ён паставіў бы магутную дзяржаву залежным ад другой дзяржавы васалам?