• Газеты, часопісы і г.д.
  • Прадыслава  Вольга Іпатава

    Прадыслава

    Вольга Іпатава

    Выдавец: Беларусь
    Памер: 272с.
    Мінск 1997
    99 МБ
    і цяпер, нібы асочнікі, якія сочаць за зверам, глядзяць за табою і мною чужыя людзі. А думалася жыць згодліве, яко ў Святым Пісанні сказана...»
    Той ліст Еўцы аддалі перад самым ад’ездам. Пані Беата таксама атрымала тайны ліст ад вялікага канцлера Княства Мікалая Радзівіла, і згодна яму, а таксама парадам старой каралевы, збіралася ў Львоў, дзе пры касцёле дамініканаў былі ў яе родзічы. Заплаканая, дзяўчына падышла да гаспадыні якраз тады, калі тая разам з кашталянам складала спіс маёмасці і падарункаў манастыру.
    — He будзе табе ні майго, ні бацькоўскага блаславення! — сказала яна разгневана Еўцы.— У такі цяжкі час пакідаць Гальшку? I табе не шкада яе?
    — Ваша мосць, я памру,— ціха прагаварыла Еўка, нізка схіляючы абвітую празрыстым ядвабам галаву.
    Пані Беата пабялела, затупала нагамі.
    — Вон! — закрычала.— Вон! I каб слова болей не чула ад цябе. Распусніца!
    Еўка хацела яшчэ нешта сказаць, але горла перацяла, у вачах замільгацелі чырвоныя жарынкі, усё злівалася ў нейкія прывідныя здані, і яна не магла разарваць гэты морак, вярнуцца да ранейшага свету. Яна, не помнячы як, выйшла з пакоя, тут жа цяжка асунулася на вошчаную падлогу, балюча выцялася галавой аб выкшталцоны, перламутрам аблямаваны столік. I гэта было апошняе, што яна адчула...
    Двор княгіні Беаты з’ехаў у Львоў. А наконт Еўкі было перададзена кашталяну, што, як толькі ачуняе, павінна ехаць за маладой паняй, якой будзе служыць да смерці. I хай не спрабуе вяртацца ў Нясвіж — бацькі не прымуць яе без згоды пані Астрожскай.
    I пацягнулася Еўка, хворая яшчэ, знясіленая, з адчуваннем марнасці жыцця, з ціхай, затоенай надзеяй на нейкія змены, па дарогах, то топкіх і гразкіх, то шырокіх, брукаваных каменнем, што нібы само сабой вырастае на тутэйшых палях. Ехала на фурманцы, разам са слугамі княгіні, якія везлі ў Львоў з варшаўскіх аранжарэй садавіну.
    А навокал цягнуліся бедныя вёскі, і сялянкі ў зрэбніне, дзеці ў лахманах азіраліся на фурманкі і доўга
    глядзелі ўслед, а бывала, на плошчы мястэчка віселі, гайдаліся трупы і войты сцябалі пугай жанчын, што абдымалі ногі нябожчыкаў... Мільгалі вокны багатых маёнткаў, дзе свяціліся кандэлябры і грымела музыка рыгадонаў — танцаў, уведзеных у моду каралевай Бонай.
    Толькі сцямнела, а гарадскія вароты Львова — дубовыя, з падвойнымі ўзорыстымі кратамі — збіраліся зачыняць. Быў строгі загад новага старасты аб тым, каб ніводзін падазроны чалавек не зайшоў у горад.
    У Львове было неспакойна. Дваровыя людзі княгіні Беаты, асмялеўшы, штовечар учынялі на гарадскіх вуліцах сутычкі з гараджанамі. Добра яшчэ, каб яны проста пілі ў піўніцах ды карчомках, хваліліся адзін перад адным жупанамі ды шаблямі. He — нагледзеўшы прыгожую месцічку, яны адбівалі яе ў мужа, з рогатам валаклі кабету па вуліцы, чынячы тым вялікую сарамату і гвалт. А нядаўна пісар княгіні страляў з ручніцы ў гарадскую варту, дзе раніў гарадскога радцу — члена рады — і абывацеля Мацвея Стрыйку.
    Вось чаму маладая жанчына, якая прад’явіла варце ліст княгіні Беаты і заявіла, што яна вяртаецца на службу, выклікала вялікую цікавасць. Пан стараста, нават не зашпіліўшы гаплікі жупана, прыбыў на кані да брамы і доўга дапрошваў жанчыну, ці няма пры ёй другіх лістоў ад асоб, варожых каралю, і нават уласнаручна перакапаў увесь сціплы багаж прыезджай.
    Гулка разносіліся іх словы па вузкай камяністай вулачцы, і варта амаль не звярнула ўвагі на нейкага жабрака, які, кульгаючы, пралез скрозь напаўадчыненыя вароты. Дый сам пан стараста нават не заўважыў хлопа — не гэткі стане насіць лісты да княгіні! А між тым, калі Еўка пад’ехала на рамізніку да манастырскай аптэкі і пастукала ў вузкія дзверы кватэры, дзе размяшчалася яе гаспадыня, да гэтых жа дзвярэй адначасова падышоў і жабрак. Але цяпер ён не кульгаў, і з-пад дзіравага плашча з капюшонам бліснулі ва ўсмешцы маладыя, дзёрзкія вочы. Холеная белая рука ўзялася за цяжкую клямку, і варта было
    ў прыадчыненых дзвярах з’явіцца чалядніку, як той з нізкім паклонам выбег насустрач госцю. У пакоях над аціхлай аптэкай запалілася святло, усчалася мітусня.
    Гальшка сядзела ў сваім пакоі заплаканая, яна амаль подбегам памчалася насустрач Еўцы:
    — Матухна запрасіла сюды князя Слуцкага, заўтра вянчанне. Што ж, у мяне два мужы цяпер будуць?!
    Баркулабіха прыгнечана прамовіла:
    — Колькі я ўжо свечак за яе паставіла і, каб сэрца матчына змірыць, малілася. Можа, ад таго, што шмат ерасей размаітых у Княстве і Кароне развялося, Бог ад нас адвярнуўся?
    Так Еўка даведалася, што, насуперак волі караля і загаданаму ім шлюбу, пані Беата вырашыла даказаць усім і кожнаму ў дзяржаве, што яна будзе рабіць і паступаць па-свойму. Еўка не магла, зразумела, здагадацца, чаму князь Сімяон III Слуцкі стаў жаніхом для Гальшкі, але, калі б яна магла падслухаць размову, што адбылася ў той вечар у пакоях гаспадыні, многае б для яе праяснілася.
    Пані Беата, узрадаваная, у той вечар здавалася зусім маладой. Белыя валасы яе, высока прыўзнятыя над ілбом і пакрытыя залацістай сеткай, адцянялі чорныя доўгія вейкі і пафарбаваныя памадай — па толькі што прывезенай з Францыі модзе — вусны. Залацісты шаўковы, у тон сетцы, летнік быў накінуты на баршчовага колеру сукню. Князь Сімяон пачціва схіліўся над доўгімі тонкімі пальцамі — ад іх пахла нечым востра духмяным.
    — Свяшчэннік гатовы,— сказала яна.— А можа, пан захоча ксяндза?
    Князь рэзка ўскінуўся, яна супакоіла:
    — Я павінна запытацца. Цяпер усё болей праваслаўнай шляхты пераходзіць у каталіцтва, іначай не здабудзеш высокіх пасад.
    — Але ж, ваша мосць...— пачаў Сімяон, яна перабіла, махнуўшы рукой:
    — Назад у каталіцтва я нізавошта не перайду, хаця б дзеля таго, каб пазлаваць гэтага... влоскага маладзенчыка, які ўмее толькі зачароўваць кабет і прыгожа ссоўваць берэт на левае вуха...
    — Ваша мосць гаворыць пра караля?
    — Перш за ўсё пра майго брата... I гэта зусім не бэсціць маю маці... Хто можа ўстаяць супраць караля?
    Пакаёўка ўнесла на вялікім падносе рэдкія ў гэты час нават у аранжарэях ананас і персікі. Гэта як бы дало другі накірунак размове.
    — Я вымушана лічыцца з раднёю мужа, і перш за ўсё з гэтым выкрутным50 панам Васілём. Астрожскія, на жаль, маюць болыпую вагу, чым Касцялецкія. Граф Лукаш не падыходзіць яшчэ і таму, што землі ў Княстве ён, згодна Статуту, не можа займець. А выкуп Астрожскія дадуць мізэрны. 3 вамі ж, я думаю, мы знойдзем згоду, пан чалавек не толькі даўцэпны51, але і храбры воін.
    Яна пачала скардзіцца на караля, пасля загадала прынесці спіс даходаў з маёнткаў. Слухаючы яе, князь Сімяон думаў пра тое, што ён знойдзе на тыя маёнткі лепшых старастаў і войтаў, што павядзе гаспадарства цвёрдаю рукой і не надта будзе дагаджаць карыслівай цешчы. Пакуль жа, нават пасля вянчання, адзіная магчымасць атрымаць пасаг — ва ўсім лагодзіць яе. Шлюб у Варшаве як-ніяк адбыўся па волі караля. Праўда, рашэнне гэта можа адмяніць сейм... Гледзячы на прыгожую кабету, што сядзела побач, ён думаў і пра тое, што прасцей можна было б атрымаць многае з багаццяў Астрожскіх... Але не — гонар не дазволіў бы яму няроўны шлюб — Беата па ўзросту ледзь маладзейшая за маці... Ды хто б гэта сказаў, гледзячы на яе?
    Відаць, жанчына нешта злавіла ў яго позірку, усмешка зазмяілася на яе вуснах. «Ласіца»52, — падумаў ён з нейкім нават захапленнем...
    Еўка ўсё шукала зручнага моманту, каб вырваць у княгіні згоду на шлюб з Марцінам. Ну няхай бы проста дала ёй адпушчэнне, не можа быць, каб бацька, у рэшце рэшт, не згадзіўся на тое, каб прыняць у сям’ю любага дачцэ чалавека. Але падступіцца цяпер ні да Гальшкі, ні да самой пані не выпадала, і яна, пазбягаючы лішні раз паказвацца на вочы сакратару Беаты Юрыю, які ўзяў на сябе падрыхтоўку да гэтага немагчымага, вар’яцкага, як ён разважаў, вяселля, цэлы дзень блукала па львоўскіх вуліцах. Паміж ніжнім
    замкам і касцёлам дамініканаў, ля якога яны жылі, стаяла Кракаўская брама — варта праводзіла Еўку доўгімі поглядамі, але нічога не запытала. Тут жыло шмат рознага люду, на той час пераважна немцы, якіх запрасіў сюды яшчэ Казімір Вялікі. У Кракаўскім жа прадмесці жылі таксама армяне — яны ўпарта, у адрозненне ад немцаў, трымаліся сваёй мовы і нацыянальных строяў. Каля цэркваў на Львовых гарах і на Ягелонскай вуліцы жылі праваслаўныя, многа было купцоў з Грэцыі, якія пасля заваёвы Царграда туркамі шукалі прытулку ў Рэчы Паспалітай. Можна было сустрэць і татар53, што жылі пад Высокім замкам. I ўсё гэта віравала на крутых вулачках места, імкнулася на рынкі, якіх, як і касцёлаў, і цэркваў, было шмат навокал. Шляхта, якая не мела права жыць у горадзе, усё-такі ўпарта пралазіла туды дый адкрывала шынкі і крамы.
    Аб чым найболей гаварылі паўсюдна — у гандлёвых радах, піўніцах, кавярнях — гэта аб тым, што абвенчаны з Гальшкай па загаду караля граф Лукаш з ваенным абозам стаў за сценамі манастыра, размясціўшыся ў доме армяніна, што стаяў насупраць. Княгіня ж загадала павысіць невысокую сцяну за аптэкай, закупіць прыпасаў і зброі.
    — Паны б’юцца, а ў бедных чубы трашчаць! — крычаў ля піўніцы высокі чубаты рамеснік.
    — Ужо стралялі тры разы з гармат! — паведамляла ў краме тоўстая гандлярка ў асляпляльна белым чэпчыку і клятчатай спадніцы, хрысцілася.
    Вечарам адбылося вянчанне. Пад рэдкія выбухі гармат і стук кельмаў паўмёртвая ад хвалявання і страху Гальшка абходзіла алтар, апускалася на калені перад свяшчэннікам.
    У царкве было няшмат народу, але на ўсіх тварах ляжаў цяжар заклапочанасці і затоенага страху. Хто ведае, чым абернецца гнеў караля?
    Еўка глядзела на бледны, нежывы твар нявесты, на дыяментавы круг вакол тонкай, высокай шыі. Спела ў' ёй шалёнае жаданне кінуць усё гэтае вар’яцтва. Ёй бы не тут стаяць, а самой вянчацца з Марцінам — а там хаця і на смерць. Багаты і магутны Мікалай Радзівіл, але не чаляднікі ў яго ні Марцін, ні Еўка. Праўда, калі захоча зацкаваць іх ганчакамі, ніхто не
    заступіцца. I ўсё ж... Ёсць надзея, што, дазнаўшыся аб усім, толькі засмяецца ён і, махнуўшы рукой, скажа пра пані Беату: «Бабскія выбрыкі!» I тады не дастане іх яе драпежная, тонкая ручка... Але, можа, яго мосць Мікалай Руфус-Руды, як празвалі яго ў дзяржаве, і задаволіць яе прыхамаць. I тады ў першым жа зборы ці царкве аб’явяць іх шлюб несапраўдным і за блуд загадаюць яе «сцяць горлам» на якой-небудзь плошчы або, самае лёгкае, вазіць па вуліцах у саламяным вянку разам са зладзеямі і разбойнікамі...