• Газеты, часопісы і г.д.
  • Прадыслава  Вольга Іпатава

    Прадыслава

    Вольга Іпатава

    Выдавец: Беларусь
    Памер: 272с.
    Мінск 1997
    99 МБ
    Пані Беата сустрэла яе непрыветна.
    — У мяне і сваіх клопатаў досыць,— заявіла з гневам.— А бацька твой ухвалы дастойны за цвёрдасць. Я не магу яго пераконваць, каб адпусціў цябе ў арыянства, хаця многія нашы сваякі гатовы надзець новую СКУРУ і пяяць па-новаму. He! Да таго ж — ці ён не чалавек слова? Ці ён не шляхціц!
    Затое Гальшка сустрэла Еўку з нечаканай радасцю. Яна кінулася ёй на шыю, на вялікі гнеў мацеры, і, нягледзячы на той гнеў, настаяла, каб Еўка засталася з імі ў Варшаве, пры двары.
    — Мамусю, як жа адпраўляць яе да тых барбараў? — лашчылася яна да маці.— Што ёй там рабіць? Сумна без яе, бо наша Альжбета заікаецца амаль на кожным слове. А мне так даўно хацелася паслухаць пра Баву, кнігу толькі што пераклалі з нейкай там сербскай! Альжбета дрэнна чытае па-беларусінску, нават латынь і тую як след не асвоіць! Я загадала перапісаць для сябе «Баву».
    Альжбета і сапраўды, нібы знарок, запіналася, доўга ўчытвалася ў словы, чым выводзіла з цярпення Галыпку. Пасля таго як Еўка вызваліла дзяўчыну ад надаелых абавязкаў, яна ад радасці падарыла ёй сярэбраную жукавіну — пярсцёнак.
    — Панна так доўга не спіць, і мой Януш ніяк не можа дачакацца! — сказала яна.— Калі я стану тут непатрэбнай, я змагу выйсці замуж, бо бацька мой не надта хоча сварьіцца з пані Беатай!
    Баркулабіха таксама ўзрадавалася Еўцы.
    — Няма смачнейшае вадзіцы, чым з роднае крыніцы,— сказала яна.— Нешта абрыдла мне па розных кутах цягацца. А на цябе гляну — свая, яно і лягчэй.
    Яна надта здала за гэты час, ногі яе раздзьмула, яны сталі вялікія, як калоды. Скардзілася на жыццё.
    — Толькі ляжаш — а тут то вады цукровай падай, то гарбаты. Наша пані начамі дрэнна спіць, дый маладая таксама. Ну, як тут не будуць мучыць згрызоты, з такіх варункаў?
    I яна расказала Еўцы ўсё ў падрабязнасцях, як сталася тое вяселле. Дадала ад сябе, што дарэмна іх гаспадыня працівіцца каралеўскай волі. Хаця шляхта і вольная ў Кароне, як нідзе болей, але ж кароль ёсць кароль, і не слабой жанчыне, хаця б і ягонай, як кажуць, сястры, важдацца з тымі замужжамі. Дадала, што, хаця Галыпка і вянчаная з графам Лукашам з Горкі, але ён — сам па сабе, а яна — сама па сабе, пры маці ды пры найяснейшай каралеве. Мучыцца трасянкай ды нейкімі мроямі.
    Што Гальшку сапраўды пачалі мучыць мары, Еўка пераканалася хутка.
    Вечарамі, калі ў кандэлябрах гарэлі свечкі і праз чырвоныя, зялёныя і жоўтыя шкельцы каляровых вокнаў свяціла поўня, ад чаго твар маладой жанчыны здаваўся прывідным, у спальню нібы ўваходзіў адчай. Еўка сядзела ў крэсле, чытала роўным голасам:
    — Бава ўвайшоў у камору і ўбачыў паняў, а яны сядзяць на абедзе за сталом; і Бава ўвайшоў бліжэй і ўсланіўся на посах, рэчэ паням: «Для Бога вас прашу і за літасць добрага віцязя Бавы». Калі чула Дружнена, як імянуюць Баву, не магла болей есці і піці і пайшла да пілігрыма і рэкла яму: «Ці бачыў ты, дзе Бава? Як яго знаеш, што яго дзеля просіш?»
    Галыпка ўскоквала, твар яе чырванеў:
    — Калі на мяне глядзяць нашы віцязі, я бачу ў іх вачах сквапнасць, але не бачу святла. Скажы мне, няўжо я такая брыдкая, што на мяне могуць глядзець толькі як на куфар з пенязямі?!
    Еўка суцяшала яе, угаворвала, а самую яе грызла і грызла туга. Баялася сказаць Гальшцы пра Марціна і пра сябе, баялася — таму што была гэта яе апошняя надзея. Калі адмовіць Гальшка, калі не захоча ўгава-
    рыць пані Беату — тады ўсё, тады можна сохнуць і жаўцець без аніякай надзеі на чалавечае жыццё, на шчасце.
    Яна ўсё чакала зручнага выпадку, каб пагаварыць з Галыпкай, але хісткая надзея яе то разгаралася, то знікала, калі маладая пані, відаць, не дзеля падману, а ўсур’ёз заяўляла, што без Еўкі яна адчувае сябе адзінокай і скрушлівай і што нікуды яе ад сябе не адпусціць.
    — А калі я... вось так, як у кнізе, пакахаю? — аднойчы запыталася ў яе Еўка.
    Гальшка на момант задумалася, а пасля заявіла з дзіцячай непасрэднасцю:
    — Я загадаю, каб твайго мужа ўзялі ў мой маёнтак, да нас. Ён будзе таксама служыць пры нашым двары!
    Еўка ўсміхнулася горка: не, Марцін не паедзе ў Астрог, ён застанецца на роднай зямлі. He дзеля таго, каб мець грошы і пасады, вучыўся ён за мяжой, вандраваў па розных гарадах! Вяртаўся на радзіму, каб служыць ёй — і толькі ёй, радзіме... Адказала горка:
    — Паненка сама пакуль не ведае, дзе будзе яе двор. Бач, нарачоны тваёй мосці сам можа не паехаць у Астрог, а ўзяць цябе да сябе, у Шаматулы. Ягоны замак там...
    — Ён не муж мне! — успыхнула Галыпка.— Мяне вянчалі сілком! Мамуля кажа — лепей задушыцца, чым пакарыцца насіллю! Да таго ж гэты Лукаш нейкі слізкі, вёрткі, як вугар. I ўсё стараўся пагладзіць, а рука ў самога вільготная, як яшчарка!
    Пасля дадала, памаўчаўшы:
    — Мамуля кажа: калі купляць мужа, то харошага. Мой бацька быў не самым прыгожым прьі кракаўскім двары, але затое рахманым. I яна добра жыла за ім. Шкада, што я яго не ведаю. Калі б ён быў жывы, нас бы так не шпурлялі, як цяпер...
    Ішлі тыдні, месяцы. Залатая луска на Вісле нібы выцвіла, рака цяпер была непрыветная, шэрая, ускаламучаная, сшарэлае лісце глуха шоргала аб чарапічныя дахі дамоў на Старым Мясце, дзе жыла пані Беата са сваім дваром.
    Каралеву-маці ўсё цясней абступалі хваробы, яна паднімалася толькі пад вечар, а на прыёмах была
    хмурная, нервовая, калючыя чорныя яе вочы пазіралі на свет з усё большай непрыязнасцю. Яна любіла паўтараць: «Сама старасць ужо ёсць хвароба». Вяртаючыся ад яе, абедзве жанчыны — Беата і Галыпка — бывалі такія ж заклапочаныя і хмурныя. Пакаёўкі беражліва здымалі з ног старэйшай пані пантофлі з белай скуры, вышытыя ружовым шоўкам, з плячэй яе — адамашкавы саян з буйнымі жамчужынамі, падносілі ёй пахкасці і націралі скроні духмянаю коленскаю вадою, а яна, лежачы на блакітнай канапцы з залатымі разводамі, горка, на ўвесь дом, скардзілася на сваю ўдовіную долю і крычала на маладую князёўну, якая паспешліва ішла да сябе ў спальню і там пачынала рыдаць. У такія хвіліны слугі ў пярэдніх пакоях хаваліся хто дзе — гнеў гаспадыні перакідваўся на іх, і не аднаго пасля дралі лазінамі пры гарадскім магістраце.
    Можа, ад таго, што Еўка шмат чытала і думала пра жыццё, а можа, ад таго, што, колькі сябе помніла, шкадавала чалавека і ўсё жывое, яна рабілася мудрэйшай і сцішана-засяроджанай. Галыпка ўсё мацней прывязвалася да яе. Калі маладая князёўна білася ў трасянцы, а Баркулабіха спалохана мітусілася паміж дзвюма гаспадынямі, не ведаючы, каму і як дагадзіць, Еўка ўваходзіла ў спальню, моўчкі адхіляла пакаёвак, пачынала сама распранаць Гальшку, не гаворачы ані слова, чакаючы, пакуль сыдзе першы выбух слёз і слоў.
    — Што я ёй зрабіла?! — плакала Гальшка.— Праз мяне яна загубіла сваё жыццё? Дык ці я віною, што яна ж нацкавала на князя Змітрака Сангушку пагоню і яго разарвалі на кавалкі? Можа, я жыла б шчасліва з ім?!
    Клаліся далёка за поўнач, прачыналіся амаль пад полудзень. Снедалі хмурна — адна супраць адной у вялікай сталовай, за сталом, пакрытым вышытым абрусам. Слугі моўчкі падавалі ў сярэбраных місах з гербам Астрожскіх піўны суп з клёцкамі, бліны з рыбай, поліўку. Неахвотна, спакваля, перакідваліся адна з адной слоўцам, пасля, як бы нічога не было, гаварылі паміж сабой. Потым Беата пачынала ўпрошваць дачку дараваць ёй, выбухала слязьмі, абдымала Гальшку, абяцала да смерці быць разам. Пасля ехалі ў краму
    альбо выклікалі каралеўскага крамніка на дом, прымяралі абутак, апратку, глядзелі новыя крэмы і пахкасці. Прыязджалі краўцы, шаўцы, празрыстыя кавалкі белі, аксаміту, шафранавых, блакітных, шафіравых шаўкоў ляталі па пакоі, чуліся смех, шчэбет... Еўка сядзела ў службовым пакойчыку, чакала, пакуль спатрэбіцца яна гаспадыням. Баркулабіха месцілася no634, бурчала сабе пад нос. Еўка аднойчы ўслухалася — і з таго часу перастала нудзіцца доўгімі гадзінамі чакання. Баркулабіха, відаць, пад старасць як бы вярталася ў тое асяроддзе, з якога выйшла — з той шляхты, якая не адразу выбілася на службовыя пасты, а спачатку выхоўвалася пры сваім дробным маёнтку, з сялянскімі дзецьмі, з мамкамі-карміліцамі, узятымі ў суседняй вёсцы. Усё болей праступала ў высакамернай, ганаровай шляхцянцы нешта простанароднае, усё болей любіла яна нават стравы прасцейшыя, свае, і вось цяпер, нібы праз доўгае маўчанне яе, прарвалася тое, што яна чула ад нянькі і, аказваецца, запомніла на ўсё жыццё:
    — Багатыр магутны, Іван Падвей, ад ветру нарадзіўся, таму і Падвеем празваны. Вятры ў нас буйныя, нястрымныя, лясы высокія і дрымучыя, рэкі быстрыя і гаючыя. А яшчэ былі на свеце Ванька Папялушка, браты Вячорка, Паўночнік і Заравы. I кожны добры маладзец — волат...
    Тады ўступала ў размову Еўка:
    — А мой бацька расказваў, і чула я гэта ад пісара Андрэя, што нейкі князь рымскі Паламон, які цару Нерону быў крэўны, сабраўся з жонаю, і з дзяцьмі сваімі, і са скарбамі, і з многімі сіламі, узяўшы з сабой астранома, які разумеў шлях па зорах, паехаў па моры, каб знайсці сабе месца зручнае, дзе б маглі пасяліцца і мешкаць — жыць — спакойна. I не малы час яны па моры хадзілі, прайшлі Міжземнае мора і дайшлі да ракі да Шумы, а тою ракою Шумаю ў мораакіян, і морам-акіянам дайшлі ўжо да вусця ракі, дзе Нёман упадае, і верхам Нёмна дайшлі да ракі Дубісы. Там і пасяліліся, і сталі продкамі нашымі...
    — I я чула пра князя Паламона і трох сыноў яго, нібыта продкаў нашых,— задумліва казала Баркулабіха.— Але многія думаюць, што казкі гэта...
    I яна зноў пачынала расказваць пра Чортаў камень.
    які ўтварыў браму. Калі праз тую браму прайсці ўначы, ператворышся ў ваўкалака. Але ў ваўкалака можа ператварыць і злы чараўнік. I не толькі аднаго чалавека ператворыць ён, калі захоча, а мноства народу. Ператварыў жа, напрыклад, цэлы вясельны оршак, і маладую з маладым, і сватоў... I тры гады бегаў той ваўчыны вывадак па зямлі, аж пакуль не знайшлася добрая чараўніца Ганна, якая адчаравала тых маладых... Але тады малады закахаўся ў прыгожую вясёлую чараўніцу і не захацеў вяртацца да сваёй нарачонай. А тая ад гора ўтапілася ў возеры, і стала яно ад жалю блакітным...
    Калі княгіня Беата дазналася пра тое, што вакол Еўкі і Баркулабіхі ў такія часіны збіраюцца амаль усе дваровыя людзі, яна забараніла расказваць казкі. Але ўсё роўна — пачатак быў пакладзены. Цяпер нават прыдворныя панны ўпотай прыязджалі, каб паслухаць казкі Баркулабіхі. Тады Беата здалася — бывала, і сама ўжо спынялася каля дзвярэй службовага пакоя, а аднойчы запрасіла Баркулабіху да сябе, і ўпершыню не радкі з вершаў влошскіх паэтаў загучалі ў духмяных, прапахлых воннасцямі пакоях гаспадыні, а казкі і паданні той Белай Русі, пра якую яна чула, але якую не ведала, хаця і была замужам за адным з сыноў мясцовага роду.