Прадыслава
Вольга Іпатава
Выдавец: Беларусь
Памер: 272с.
Мінск 1997
Яна, відаць, занадта пільна глядзела на прыгожыя, далікатныя пальцы, упрыгожаныя залатымі пярсцёнкамі, якія цяпер, нервова сплеценыя, здаецца, дрыжалі ад узрушэння: княгіня Беата азірнулася ўбок, але, здаецца, не заўважыла яе ў натоўпе, хаця ад мноства свечак у царкве было светла, як у сонечны дзень.
А тым часам стараста, атрымаўшы суровы загад самога караля прымусіць непаслухмяную прымірыцца з графам Лукашам і аддаць яму дачку, сам з двума радцамі і памагатымі ўлез на бліжэйшую гару, дзе праходзіла падземная труба, па якой ішла ў манастыр вада.
Вясельная вячэра атрымалася напалову: смажаны дзік, курапаткі і зайцы занялі сваё месца за сталом. А шчупакі, кракаўская «каралеўская» каша з разынкамі, вінная поліўка з вострымі прыправамі, кісялі так і засталіся на кухні недаваранымі.
Тую ноч у доме спалі хіба толькі маладыя. У княгіні была істэрыка. Яна надавала поўхаў галоўнаму повару, а ў сакратара запусціла медным падсвечнікам. Чаляднікі і дамы пахаваліся хто куды, нават Баркулабіха, узяўшы суконны плашч і запрасіўшы з сабой Еўку, выкульгала з дому і пайшла на старую лаву пад манастырскім бэзам.
— Хай аціхне.
— Столькі моліцца, а на людзей глядзіць, як на сабак! — не вытрымала Еўка.
— Такая ёй улада Богам дадзена. А ты, дзеўка, ведай, што і сабака на таго не брэша, чый хлеб есць.
— Хіба яна гэты хлеб здабывае? Арэ, сее, жне? — амаль з роспаччу сказала дзяўчына.— Ці хаця так, як мы, адрабляе яго?!
Баркулабіха загневалася:
— Скруцілася ты нешта там, гаворыш не сваімі словамі. Каб я болей не чула гэтага!
Бэз адцвітаў, і пахла салодкім і незваротным. 3 зарасніку цягнула золкай сырасцю. Выпала раса, лава рабілася вільготнаю. 3-за цёмных, як выразаных, абрысаў манастыра ўстала поўня, і адразу заіскрылася трава, густыя цені ляглі навокал.
— 3 чаго яна такая — то вузенькая, то як талер? — задумліва загаварыла, памаўчаўшы, Еўка, гледзячы на поўню.
— А то святы Юры задзвіжку то паднімае, то апушчае, каб на зямлю глядзець. Вось салаўёў ён выпусціў на зямлю, цяпер глядзіць, колькі там расы. Мала — залатым ключом кладоўку адапрэ, палье поле...
Яны пайшлі ў дом толькі тады, калі, пад раніцу, згаслі вокны і ўсталявалася цішыня.
А яшчэ праз дзень, змогшыся, княгіня Беата дазволіла ўвайсці да сябе старасту і ягонаму брату. Доўга, да самай поўначы, гаварылі яны, і быў чуваць то крык княгіні і звон разбітых скляніц, то ўгодліва-пачцівы, але разам з тым і цвёрды голас старасты Борзы.
Раніцай пад дом пад’ехала карэта. Сімяона ўжо не было — за поўнач адправіўся ён у Слуцак. Княгіня абяцала, што кароль, даведаўшыся аб усім, адпусціць Гальшку да маці. Баркулабіха пакорліва склала свае рэчы ў кораб, прасачыла, каб у вялікі каваны сундук з сукенкамі і ўборамі маладой паклалі галінкі грэцкага арэха — ад молі.
Знураная, адразу нібы састарэлая, у карэту садзілася і Еўка.
Яна не вытрымала — упала на калені перад маладой, калі тая закрычала на маці, што ёй абрыдла, як паланянцы, пераходзіць з рук у рукі, і загадала, што паедуць з ёю неадменна Баркулабіха і Еўка.
— Пашкадуйце! — Еўчын голас зрываўся.— Раней не хацела прасіць, цяпер малю — адпусціце.
Яна збілася, гаворачы аб Марціну. Але Гальшка не хацела нічога слухаць — страх перад чужымі людзьмі, перад новым паваротам лёсу адбіраў у яе ўсякую спагаду да чужога гора. I княгіня, якая разам з дачкой плакала, адразу выпрасталася, гнеўна тупнула нагой:
— Няма ў подлых людзей ні каліва літасці!
— Я не подлая! — ускінула галаву Еўка.— Бацька мае паперы аб баярстве!
Баркулабіха тузанула яе за рукаў, падняла, павяла збірацца. Усе ў доме, і княгіня таксама, былі ўпэўнены, што карэта адвязе Галыпку ў дом старасты, каб там чакаць распараджэння Сігізмунда Аўгуста. Але стараста рашыў іначай — і ўжо надвячоркам карэта, запрэжаная чацвёркай лепшых коней, пакаціла з горада, каб хутчэй сцішыць замятню і збыць галоўную прычыну звадаў і неспакою. I граф Лукаш, за горадам сустрэўшы жанчын, разам з братамі і прыяцелямі гарцаваў на конях, схіляўся да акенца, пытаўся, ці не трэба чаго яе мосці. Прамільгнулі касцёл Марыі Снежнай, Кракаўская брама з высокімі вежамі, камяніцы з чырвонымі чарапічнымі дахамі. I зноў, як колькі гадоў назад, перад трыма жанчынамі была невядомасць, і твары ў іх былі аднолькава смутныя і гаротныя...
Граф Горка, нягледзячы на тое, што найбагацейшая нявеста Княства ізноў належала яму, адчуваў сябе моцна пакрыўджаным і як бы ашальмаваным гэтым новым нечаканым вяселлем ягонай жонкі. Дарэмна ўгаворвалі яго прыяцелі, якія перад дарогай наладзілі ў карчме сапраўднае баляванне і былі на добрым падпітку.
— За цябе яго мосць кароль! — гаварылі яны.— Алелькавічаў ён ненавідзіць, а сейм зробіць по-ягонаму!
Усе яны ведалі, што варожасць караля ідзе ад даўняй непрыязні Ягелонаў да князёў Слуцкіх, адзін з якіх, Сімяон Першы, быў некалі званы Віленскім сеймам на стол Вялікага княства Літвы і Русі насуперак Казіміру IV, які дапусціў адлучэнне Падоліі ад Княства і аддаў яго Кароне. Але не было таямніцай і нежаданне праваслаўных магнатаў Княства дапусціць на яго землі чужынцаў. Сігізмунд Аўгуст, які раней падтрымліваў Радзівілаў, цяпер, праз шэсць гадоў пасля смерці Барбары, усё болей хіліўся да думкі аб’яднаць Княства і Карону болып моцнымі сродкамі. Год назад выкліканыя каралевай Бонай езуіты ўжо добра такі папрацавалі над тым,
каб каралеўскія жаданні ішлі ў патрэбным кірунку. Наспявала тое, што будучыя гісторыкі назавуць дзяржаўнай здрадай,— акт перадачы сваіх правоў вялікага князя Кароне без узгаднення з магнатамі Княства.
I ўсё ж Радзівілы былі сілай, з якой лічыўся і кароль. Абраннік княгіні быў даспадобы і ім і князю Васілю Канстанціну Астрожскаму, які ўсё болей з шалапутнага, легкадумнага рыцара ператвараўся ў сур’ёзнага, удумлівага палітыка, заклапочанага лёсам краю, яраснага праціўніка любога замаху на Княства. Было вядома, што ён думае адкрываць у Астрогу вучылішча для русінаў і ўкраінцаў — насуперак езуітам, якія вокамгненна арганізавалі свае школы па ўсёй Кароне і рваліся на землі Княства.
Еўка слухала гэтыя размовы мужчын, што суправаджалі іх карэту, стараючыся ўгадаць, куды іх вязуць. На адным з прыпынкаў яна нават ціха запыталася пра гэта ў бялявага, тонкага хлопца, які сядзеў убаку ад усіх, думаючы пра нешта сваё. Ён павагаўся, але адказаў, што яго брат вязе жонку ў родавы маёнтак у Шаматулы.
— Ці далёка ж гэта адсюль?
Калі Еўка даведалася, што Шаматулы знаходзяцца далёка за Кракавам, яна самотна апусціла галаву. Што толку біцца ў роспачы, галасіць? Шчасце адыходзіць ад яе, нібы прывід. Можа, нарадзілася яна пад нешчаслівай зоркай? Тады дарэмныя ўсе намаганні — будзе так, як наканавана. Ды, можа, чалавек адольвае лёс?
— Чаму панна такая смутная? — відаць крануты яе роспаччу, запытаўся брат графа Лукаша.
— Пан не зразумее мяне ўсё роўна. Захопнік не зразумее зняволенага,— з гневам на іх, якія захапілі, нібыта здабычу, безабаронную жанчыну, адказала Еўка. Ведай яна, што пан Юры мучыцца тым жа, чым і яна,— разлукай з дзяўчынай, якую кахаў моцна і горача,— паспачувала б яму. А даведайся, што дзяўчына тая зусім бедная шляхцянка, на якую ўсчалі сапраўдныя ганенні за тое каханне, а бацькоў нават зганяюць з дзедзіцтва, з зямлі, перайшоўшай ад прадзедаў,— можа, і не гаварыла б з ім так рэзка. Hi ён, ні яна не ведалі будучага — бедныя шляхціцы,
выгнаныя са свайго лапіка зямлі, неўзабаве стануць звычайнымі зямянамі, ім не падняцца болей,— а пан Юры жэніцца на багатай нявесце, будзе займаць прыдворныя пасады і пастараецца забыцца на сваю ахвяру.
— Бадай жа іх ліха разбіла! — успляснула рукамі Баркулабіха, калі даведалася, куды яны едуць.— Гэта ж ён там не будзе жыць, гэта ён нас у вянзенне54 цягне!
Баркулабіха як у ваду глядзела: шаматульскі маёнтак быў абарончым замкам, наперадзе якога, перад дарогаю, размясцілася круглая, з вузкімі байніцамі, вежа. Неабдымныя прасторы рассцілаліся перад тымі, хто паднімаўся на вежу, і госці, захопленыя, глядзелі на расквечаны луг, дзе бачны былі белыя кашулі касцоў, на агромністыя ліпы вакол замка, на рэчку, што, пятляючы між алешын, блакітна ззяла ўдалечыні.
— Вы прывезлі мяне, каб зрабіць палоннаю? — спытала вечарам, седзячы побач з графам на высокім крэсле за вячэраю, Гальшка.
Яна была занадта маленькаю і кволай для гэтага, падобнага на трон, крэсла, пад яе падклалі некалькі падушак. I твар яе зрабіўся маленькі, з кулачок.
Граф Лукаш не стрымаўся, стукнуў кулаком па стале так, што затрымцелі шкляныя, з пукатымі вінаградзінамі ля ручак, кубкі.
— Я ўвесь час гавару тваёй мосці, што хачу цябе любіць і шанаваць як належыць мужу. Чаму ты не хочаш слухацца караля?!
Гальшка ўся сцялася, тонкая рука яе, што сціскала сурвэтку, пайшла плямамі, Еўка ўбачыла, што і па шыі, там, дзе не закрываў карычневы каўнер, папаўзло густа-ружовае. Яна асмелілася адказаць, адчуваючы шкадаванне.
— У пакоях, дзе пасялілі пані, так сыра і змрочна...
— Дык нагрэюць! — зверавата глянуў на яе гаспадар. Адвярнуўся, загадаў войту аднесці ў пакоі жонкі яшчэ колькі жароўняў.
— Лукаш сам яе пагрэе! — хіхікнуў побач з Гальшкай адзін з тых, хто суправаджаў карэту. Ён даядаў шчупака ў шафранавым соусе, запіваючы мальвазіяй. Круглы, з абвіслымі шчокамі твар ільсніўся ад задавальнення.
— А ён конь добры! — зарагатаў другі, праліваючы піва на шырокія порты.
— Зна-а-ем!
— To дзеткі будуць здаровыя!
— Па яму-то будуць! А па ёй?
— To дай Божа ёй папышнець. Кажуць жа: кабета пышна, як замуж выйшла!
За сталом пайшлі, пасыпаліся жарты. Жанчын было няшмат — жонкі войта і стольнага, сястра сакратара ды пані з яе прыслужніцамі. А халастая кампанія графа Лукаша і заўсёды піравала шумна і весела, гэтак жа, як і ездзіла на паляванні. Многія з прысутных ваявалі, перамагалі на турнірах. Нездарма ў сталовай на сценах, абітых шаўковай усходняй тканінай, віселі шаблі, дзіды і ручніцы, рукаяці якіх, аздобленыя чаканкай і майстэрскай разьбой, паблісквалі пры святле духмяных свечак.
Баркулабіха, што сядзела пры Гальшцы, накладваючы ёй на сярэбранае блюда што-кольвечы са стала, раптам устала:
— Пані прывыкла, што рыцары не п’юць так многа, пакуль кабеты не пакінуць стала.
Адразу ж устала і Гальшка, за ёй Еўка. За сталом запанавала няёмкае маўчанне, брат графа падскочыў да нявесткі, схіліўся ў паклоне, прапанаваў руку. Калі жанчыны выходзілі, нейчы голас усё ж не стрымаўся: