Прадыслава
Вольга Іпатава
Выдавец: Беларусь
Памер: 272с.
Мінск 1997
Выбух рогату данёсся ад замка. Напружьіўшы зрок, можна было ўбачыць белыя фігуры жанчын і хісткія мужчынскія постаці.
— Наша шляхецкая моладзь прывезла з Рыма не толькі веды, але і паганыя звычаі колішніх нобіляў. Новая забава: халопак апранаць весталкамі і напускаць на іх хмельных гасцей. О, куды дзявацца ад распусты! — з горыччу сказаў Будны, адвярнуўшыся ў бок ракі. I дадаў яшчэ: — Ніякая рэлігія не выратуе іх ад гэтага... Жыццё пакладзеш — а ці будзе толк?
— Labor recedet, bene factum non absedet67,— напаўголаса сказаў Мацей Кавячынскі.
Будны толькі ўздыхнуў у адказ. У маўчанні яны павярнулі да прыходскага касцёла, аддадзенага пратэстантам, моўчкі раскланяліся з купкай галандцаў, што, сабраўшыся ў альтанцы, курылі свае трубкі і таксама пра нешта гаварылі. Запрошаныя ў Нясвіж дзеля таго, каб перабудаваць замак па старагаландскай сістэме ўмацаванняў, яны трымаліся замкнёна і трошкі ганарыста, але з Кавячынскім і Марцінам ахвотна размаўлялі па-нямецку, расказвалі аб радзіме, па якой прыкметна нудзіліся. Разыходзячыся па дамах, Сымон Будны нібы мімаходзь сказаў аб тым, што яго, відаць, мучыла і займала:
— Езуіты ідуць у наступ. I адкуль яны толькі ўзяліся на гэтай пакутнай зямлі?!
Пабыўшы колькі дзён у Вільні, Марцін адчуў, што ідэі Рэфармацыі як бы прыглухлі. За апошнія шэсць гадоў не было адкрыта ніводнага пратэстанцкага збору, затое будавалася ажно тры касцёлы. Было арганізавана некалькі езуіцкіх школ — і многія пратэстанты аддалі туды дзяцей, спакушаныя хто таннасцю, а хто якасцю навучання. Гаварылі, што вось-вось адкрыецца
езуіцкая акадэмія, і нават называлі сярод імён вядомых вучоных каралеўскага прапаведніка Пятра Скаргу, аўтара зацных і страсных трактатаў аб каталіцызме, якія набывалі папулярнасць.
На шумных і вузкіх вулках Вільні ў натоўпе разпораз мільгалі чорныя сутаны езуітаў. Заклапочаныя, засяроджаныя твары, паспешлівы поступ — усё сведчыла аб тым, што «псы гасподнія», як называлі іх, занятыя важнымі справамі і нястомнай сваёй дзейнасцю.
3 горыччу адзначыў Марцін, што нават тут, у сталіцы Вялікага княства Літоўскага, рэдка цяпер гучала дзяржаўная мова — беларусінская. Гаварылі найчасцей на польскай, на лаціне. Асабліва студэнты. Многа было і замежных гасцей, пераважна купцоў. Ля храмаў тоўпіліся віленскія мяшчане ў кунтушах, суконных плашчах, пахла тут дзёгцем ад ботаў, і рыбай, і шкіпінарам. Затое ў ціхіх кварталах ля Гедымінавай гары, за ратушай, зелянелі дубы і клёны, і з карэт выглядалі аксамітавыя берэты, мехавыя капелюшы багатых магнатаў і блішчэлі парчовыя, атласныя сукні іх жонак. Лета выдалася дажджлівым і неўрадлівым, і ранняя восень, халодная, няўтульная для бяздомных жабракоў, прынесла ў Вільню першыя, пакуль нячастыя гаворкі аб эпідэміі чумы, якая збірала ахвяры ў Чэхіі і Нямеччыне.
«Катэхізіс» Сымона Буднага ўжо куплялі ў Вільні. У кніжнай краме стаяў малойчык у кароткім сінім плашчы і магерцы і гучна зазываў пакупнікоў. Спыніўшыся, Марцін з болем пабачыў, як двое каталіцкіх манахаў спрытна адсыпалі грошы на прылавак, перавязалі колькі кніг вяроўчынай і панеслі свой цяжкі груз. «Знішчаць жа «пратэстанцкае зелле»,— падумаў ён,— па ўсёй дзяржаве ўжо знішчаюць...»
Прыхіліўшыся да каменнай сцяны брамы, дзе высока ляцеў сярэбраны коннік з мячом, а ўнізе пад ім зіхацеў васьміканцовы крыж, сядзеў сляпы лірнік, спяваў баладу пра Зялёны Лес, дзе знайшлі магілу тысячы крыжакоў, а непадалёк распусная дзеўка цягнула ў вузкія дзверкі камяніцы багатага іншаземнага купца.
Марцін прыцаніўся да «Малой падарожнай кніжыцы» Скарыны, што выдалі тут, у Вільні, але цана, запрошаная гандляром, была непамернаю, і ён, уздых-
нуўшы, адышоўся. Але вярнуўся на пастаялы двор пратэстанцкай абшчыны не з пустымі рукамі, а з перапісаным ад рукі казаннем Феадосія Касога — старца, што збег з Масквы і шукаў тут, у Княстве, сабе аднадумцаў. Павячэраўшы лустай хлеба і салам, Марцін хацеў быў узяцца за казань, але не змог: у руках і нагах з кожнай хвілінай нібы нарастала ламоцце, у вачах мігцелі рознакаляровыя палосы. Ён лёг спаць, але сярод ночы прачнуўся ад болю, які разрываў вантробы, і ад гарачыні, што млосна накатвала на яго. Качаўся да раніцы, а пасля, устаўшы, каб папіць, упаў без прытомнасці на парозе, паспеўшы падумаць, што нічога не дазнаўся яшчэ пра Еўку, таму што Астрожскія з’ехалі са двара ў Вільні, і хіба толькі ў самім Астрогу нешта ведаюць пра світу маладой княгіні Галыпкі, дзе, мусіць, служыць дачка Касцевічаў.
...Марцін, сам таго не ведаючы, быў сярод першых ахвяр эпідэміі чумы, што ў той год ахапіла Еўропу і Вялікае княства Літоўскае. Пахаваны абшчынай на гарадскіх могілках, ён хутка згубіўся са сваёй сціплай магілай сярод мноства пахаванняў, якія разрасталіся ўшыркі так, што гарадскім уладам праз колькі гадоў пасля эпідэміі давялося дазволіць, каб ставілі там жыхары свае саламяныя хаціны.
Сябры Марціна ў Нясвіжы заказалі па ім паніхіду, а паперы яго ўзяў сабе Мацей Кавячынскі, спадзеючыся што-кольвечы патрэбнае выдаць. Ды па смерці Мікалая Радзівіла Чорнага яго сын, перайшоўшы ў каталіцкую веру стараннямі езуітаў, выгнаў з Нясвіжа пратэстантаў і друкароў...
У гэты ж дзень і нават у гэты ж час у шаматульскі замак прыехаў граф Лукаш.
Раз’ятраны тым, што кароль, блаславіўшы яго на гэты неразумны, трагічны шлюб, не зрабіў нічога, каб запатрабаваць ад пані Беаты пасаг, ён на гэты раз прывёз добрую, на яго позірк, навіну — у Красніку памёр князь Сімяон Слуцкі.
— Цяпер Ваша маці не будзе ўсюды крычаць аб тым, што сапраўдны яе зяць — гэты выскачка, гэты няўдалы палкаводзец! — выгаворваў ён Галыпцы.— I вы напішаце, іначай адсюль я не выеду, ліст да яе з патрабаваннем прыслаць пасаг калі не поўнасцю, то хаця б часткова.
Гальшка сядзела ў крэсле бледная, погляд яе блукаў па вяршалінах вольхаў, што абкружалі рачулку, час ад часу вяртаючыся ў пакой. Але на графа яна глядзела так, нібыта ў пакоі не было нікога, і гэта раздражняла яго яшчэ болей. Граф ведаў, што з-за пастаяннага чорнага адзення яго жонку празвалі «чорнай княгіняй», а Шаматулы — «чорным замкам». Вось і цяпер яна не здымае чорнай наміткі, нібы якая манашка. А недзе енчыць і піша лісты ва ўсе бакі каралеўства яе маці, скардзіцца на злую нядолю і няшчасце.
— Тры гады я, як хрысціянін, цярплю пакутлівае становішча, яно зрабіла мяне пасмешышчам усёй Рэчы Паспалітай,— загаварыў граф.— Бог рассудзіў нас, ён паказаў, чый шлюб сапраўдны...
Баркулабіха і Еўка слухалі пад дзвярыма. У пуставатым пакоі голас гаспадара разносіўся гулка, як у бочцы. Але Гальшкі не было чутно. Нарэшце Еўка не вытрымала: яна паціху прыадчыніла дзверы. Шоўкавы полаг ледзь закалыхаўся ад свежага паветра, якое магутна лілося праз адчыненыя байніцы, але ў пакоі гэтага не заўважылі. 3 таго месца, дзе яна стаяла, Еўцы была бачна тонкая, безжыццёвая рука маладой графіні, уся ў сініх жылках, амаль празрыстая. Рука гэтая, па меры таго як працягвалася размова, пачала спачатку няўлоўна, пасля ўсё болей дрыжаць, калаціцца.
— Вы напішаце гэты ліст! — настойваў граф Лукаш. Чырвоны ад узбуджэння, ён стаяў, нагнуўшы магутную шыю, растаўсцелы і разам з тым азызлы за гэтыя гады, і толькі нянавісць і шаленства былі ў ягоных вачах.
— Ну! — ён зноў тупнуў нагой.
— Калі вам заплацяць... тады вы мяне ніколі не вызваліце! — раздаўся голас Гальшкі, тонкі, жаласлівы.
I раптам жанчына, саслізнуўшы з крэсла, упала на калені перад мужчынам.
— Забярыце ўсё. Забярыце праклятае багацце, якое мне засланіла свет. Адпусціце толькі. Кудынебудзь, хоць у манастыр! Дайце мне слова, адпусціце!
Яна с сілай пачала біцца аб падлогу, плачучы і пранізліва ўскрыкваючы. Граф Лукаш застыў ад нечаканасці. Нейкі цень спагады прамільгнуў на яго
твары, але хутка змяніўся выразам грэблівасці. Гэтая слабая, хворая істота ўжо даўно не выклікала ў ім нічога, апроч раздражнення і злосці. Сябры і родзічы, хаця і спачувалі яму, часам не маглі ўсё ж схаваць зласлівасці. Сенатары і магнаты Княства адкрыта пасміхаліся з яго на сеймах, праходзілі міма, абдаючы насмешлівымі поглядамі. Нават кароль, больш чым калі заняты справамі уніі і прыгнечаны няўдачамі і знясільваючымі любоўнымі ўцехамі, аднойчы сказаў хмурна, што спадзяваўся на болыпую спрытнасць графа ў адносінах да кабет, тым больш да ўласнай малжонкі...
Гальшка білася ля ягоных ног, пена выступіла на яе вуснах, рукі і ногі зрабіліся цвёрдымі, нягнуткімі. Убегіпы, Еўка і Баркулабіха мітусіліся навокал, пырскалі духмянай коленскай вадой на грудзі гаспадыні, расціралі яе.
Граф, пастаяўшы крыху, выйшаў, цень пахмурнасці і заклапочанасці насунуўся на яго твар, пасля ён трохі павесялеў: магчыма, удасца патрабаваць апекі над такою вось няўцямнаю, хвораю жонкаю. Але — ізноў юрысты, законы, спрэчкі. «Праклятае жыццё»,— ён адшпурнуў нагой пушыстую шэрую кошку, якая бегла да пакояў Гальшкі. Кошка заенчыла, замяўкала. Тады, чамусьці вінавата азірнуўшыся, граф Лукаш схапіў звярка і, падышоўшы да акна, расціснуў пальцы, што абцугамі трымалі слабое пушыстае стварэнне. Кошка з адчайным віскам паляцела ўніз, на каменную пляцоўку перад вежай.
Вечарам таго ж дня знясіленая Гальшка, абкладзеная падушкамі, з белым ручніком на галаве, паклікала Еўку.
— Грахі майго роду адгукнуліся на мне,— ціха сказала яна.— Мы жылі, не думаючы, што вакол нас людзі, можа, і праўда такія ж, як мы. Едзь да свайго Марціна, маці не ўладная над тваім жыццём, а я дам табе грамату...
— А вы, пані? — Еўка схапіла тонкую празрыстую руку, пацалавала яе.
— Я з нянькай. Яна старая ўжо. А табе жыць. Яна знясілена адкінулася на падушкі. Памаўчала, дадала:
— Нават наша агародніца шчаслівейшая. У яе дзеці. Яе каравы, як звер, зарослы муж глядзеў на яе,
і каханне свяцілася ў вачах. А на мяне... глядзяць толькі з пажадлівасцю... Хто я? Чорная княгіня!
Яна адвярнулася, ткнулася ў белыя падушкі. Баркулабіха замахала рукамі, зашыпела:
— Ідзі, ідзі! Прэч, прэч!
Але на развітанне абняла Еўку, перахрысціла і падарыла ёй тонкі залаты абразок.
— Гэта старадаўні абраз святой Ефрасінні Полацкай,— сказала, выціраючы вочы.— Твой гэты... лотр думае аб ранейшай славе Княства, то хай абраз у вашым родзе і застанецца. Mae родзічы ўсе каталікамі сталі, а гэтая святыня... яна наша. Могуць і пераплавіць, бо пераплаўляюць жа нават крыжы і поціры з цэркваў.