Прадыслава
Вольга Іпатава
Выдавец: Беларусь
Памер: 272с.
Мінск 1997
А ўвечары, калі маладая жанчына ў палатняным каптанчыку, з касой, што ўпала на плечы, і ў простым чэпчыку дапамагала бацьку лічыць сярбшчызну, якую яшчэ трэба было здаць дзяржаўнаму войту, застукалі колы, са скрыпам расчынілася брама, прапускаючы госця. Еўка змярцвела. Але то быў толькі малады, гадоў семнаццаці, отрак у светлым жупане і чырвоных портах, падперазаны шырокім вышываным поясам. Ён пачціва пакланіўся Еўцы, а пасля, паклікаўшы яе ўбок, перадаў словы яго міласці бакалаўра пана Марпіна, каб яна не шукала з ім сустрэчы. Ніколі. Нізавошта. I дадаў яшчэ чамусьці отрак, скончыўшы гаварыць,— «аман». Ці ад сябе. Ці ад Марціна.
Аглушаная, Еўка глядзела, як схаваўся ён за брамай, як работнікі доўга стукалі клямкаю, зачыняючы вароты. Бацька нешта пытаўся — яна не адгукалася. Пайшла ў пакой, дзе стаяла лава, на якой спалі яна і сястра, павалілася на сяннік, уткнулася тварам у свежую пошаўку36 і праляжала так паўночы без думак, амаль без дыхання. У галаве звінела, чорным каменнем перакатвалася гэтае «аман». I розныя думкі, адна за адной, мітусіліся ў разгарачанай галаве. Чаму? За што? Ёй жа — нічога не трэба. Толькі ўбачыцца! Толькі глянуць! А недзе апоўначы раптам новая з’явілася думка,— шкадаванне ахапіла ўсю яе істоту, гарачай хваляй разлілося па целе.
Гаварыў жа пан Завіша пра страшны шнар на ягоным твары! Можа, таму і не хоча Марцін яе бачыць? Можа, баіцца яе вачэй? I тады, устаўіпы, пайшла яна ў пакой для гасцей і там, развёўшы вадою стары, ледзь не засохлы атрамант-чарніла, напісала колькі слоў і раніцай папрасіла завезці той ліст зноў у канцылярыю.
Колькі дзён прайшло — адказу не было. I тады зноў папрасіла яна ў бацькі каня і, узяўшы старую эканомку, паехала ў Нясвіж.
На гэты раз яна не пайшла ў замак, а, зайшоўшы ў касцёл, уступіла ў размову з жывапісцам, якога бачыла яшчэ ў першы прыезд. Гэта быў влох37, і ён, пачуўшы гаворку па-латыні, узрадаваўся, як дзіця. Блытаючы русінскую і влошскую мовы, расказаў, што другі год жыве ў Нясвіжы, плацяць яму тут добра, але што блага — няма ў людзей той весялосці і адкрытасці, як у роднай Італіі. Можа, ад таго, што прырода тут суровая, людзі такія ж — негаваркія, замкнёныя. I жанчыны прыгожыя таксама глядзяць сурова, вось яна, беліссіма,— Ева, о Ева! паводзіць сябе як цывілізаваная жанчына, не баіцца загаварыць з бедным іншаземцам...
Паўгадзіны не прайшло, а Еўка ведала ўжо, што Джыаванні сябруе толькі з панам Марцінам, але і сяброўствам гэта ледзь назавеш. Пан Марцін таксама замкнёны, але дуіпа ў яго залатая, і ён гаворыць таксама на італьянскай мове, а яшчэ — па-нямецку і па-польску. Хоча пан Марцін пайсці яшчэ ў духоўную семінарыю, староніцца жанчын, а дзеці яго, як ні дзіўна, слухаюцца. Увечары заўсёды прагульваецца адзін, ідзе вунь па той дарозе, таксама адзін, і хаця б узяў калі які кінжал, бо ў Нясвіжы многа прыезджых людзей, вунь якое будаўніцтва...
Упарта, нягледзячы на ўгаворы эканомкі, сядзела Еўка ў карчме, ела і слухала, як гавораць мужчыны і жанчыны аб налогах на піва і як знішчаюцца ўсе корчмы, што не пры гасцінцах, таму што часта заводзяцца ў іх падазроныя людзі. Выйшла адтуль толькі тады, калі закацілася сонца і на вуліцах пацішэла. А пасля хутка пашыбавала па адзінокай дарозе міма пасаджанага калісьці парку, туды, дзе дарога гублялася ў хмызняку, а яшчэ далей атулялі яе магутныя яліны.
— Бог з табой, мая паненка! Няхай заўтра заб’е мяне твой бацька, але я душа хрышчоная, не пайду нанач у лес! — сказала, хрысцячыся, эканомка і засталася непадалёку ад палаца, а Еўка хутка, нібыта хто яе гнаў, пайшла па дарозе. Увайшла ў лес і стала пад ялінаю, адчуваючы, як шалёна б’ецца сэрца. Адталы за доўгі, ужо амаль вясновы дзень лядок зноў падмёрз, яна баялася хадзіць, таму што ў сцішэлым лесе чуваць было далёка — так далёка, што, калі пачаў вухкаць сыч, рэха панеслася скрозь, ажно да самага палаца.
Неўзабаве на дарозе паказалася адзінокая фігура, яна панура рухалася ў бок лесу. Нехта — высокі, у цёмным — ішоў сюды, таксама як і яна, адзінокі.
Калі чалавек параўняўся з ялінай, Еўка адчула, як кінулася ў твар кроў. Гэта не быў твар Марціна, з яго юначай гожасцю і мяккасцю. Твар мужчыны, глыбока перарэзаны ўродлівым шнарам, твар, дачасна састарэлы, пакутлівы і худы, выглядаў з-пад чорнага капюшона. Але ўслед за гэтым яна пазнала яго — па вуснах, што, нават сціснутыя, захоўвалі нейкую лагоднасць, па вачах, разумных і задуменных. I — выйшла з-за дрэва.
Мужчына здрыгануўся, але ледзь прыкметна. Ён моўчкі глядзеў, як яна ішла да яго, худы твар закамянеў яшчэ болей.
Еўка хацела загаварыць — але горла было сцятае. I тады, не помнячы сябе ад жалю і журбы, яна зрабіла адзінае, што магло дапамагчы ім абаім,— яна абвіла яго рукамі, як свайго, як роднага, і, схапіўшы худыя яго пальцы, стала іх цалаваць.
Марцін, захоплены знянацку, стаяў, апусціўшы рукі. Яна не магла бачыць, што твар яго скажоны мукай, толькі пачула голас:
— Нашто вы... гэта?
— Я думала... я думала... вы мёртвы! — словы вырваліся з яе грудзей, яна, не стрымліваючыся, загаварыла, захлынаючыся, прасіла літасці — з-за Taro, што не магла пахаваць яго, таму што і яе, як і Гальшку, сілай пасадзілі і павезлі. Яна расказвала, што і мёртвага любіла яго, што не жыла, а пакутавала... I што ніколі, ніколі не адпусціць яго болей...
Тады ён таксама абняў яе, і, не помнячы ні аб часе, ні аб акружаючым — ні аб чым, аглушаныя і накры-
тыя гарачай, нястрымнай плынню любасці і шчырасці, яны кахалі адзін аднаго, і, апроч зораў, што густа высыпалі ў небе, зялёнага мяккага моху і магутных ялін, што высока ўзнесліся ў неба, нічога не было, і толькі глуха, аднастайна, але ўпарта, не перастаючы, вухкаў далёка-далёка ў лесе сьіч...
Праз тры дні Марцін разам з дзядзькам, старым Юрыем Завішам, прыехаў да Ваяра Касцевіча — прасіць, каб даў дазвол на шлюб і на прыняцце дачкой кальвінісцкай веры.
Шляхціц выслухаў іх спакойна, пасля сказаў:
— Раз яго мосць выбрала для сябе гэтую новую веру, я нічога не магу сказаць пра яе благога — яму відней. Але дачка мая, як і мае продкі адвеку, праваслаўныя. Калі ёй так проста веру бацькаву змяніць, то як яна будзе вернаю малжонкай свайму мужу?
I не згадзіўся на тое, як ні гаварылі яму стары і малады Завішы пра тое, што новая царква бліжэй да простага чалавека, такога, як ён, і што паміж ім і Богам не будзе цяпер хцівага і пагрузлага ў грахах духавенства.
— Што свяшчэннікі думаюць пра мірское і грашаць — праўда,— сказаў Касцевіч,— А што я просты чалавек — нязгода! Я — патомны баярын, род мой ад Гедымінавічаў ідзе і ад Рурыкавічаў адначасна. Нягледзячы, што я збяднеў — але гэта ў руцэ Божай. Спадзяюся падняцца, а можа, дзеці дапамогуць. Здаецца мне, што гэтую новую веру перачакаць трэба...
— Але ж дачка ваша кахае яго,— паказаў Юры Завіша на пляменніка,— і ён яе таксама!
— Можа, з-за таго вернецца да свайго, бацькоўскага,— спакойна сказаў гаспадар.— Загінуў яго бацька, як харобры воін, і сыну не прыстала ад яго адмаўляцца. Апроч таго, абяцаў я пані Беаце, што будзе да смерці дачка мая служыць Астрожскім...
Марцін выйшаў ад Касцевічаў счарнелы. Перадаў Еўцы ліст, дзе прасіў яе паўздзейнічаць на бацьку праз маці. Але тая спалохана замахала рукамі:
— Я не красамоўца, думаеш, лацно38 мне з ім жыць было? Усё жыццё слухаць слухаў, а рабіў па-свойму. Суседзі вунь невымоўне шкоды чынілі — маўчаў. A* w 39 « « • • 40
пасля сваіх пахолкау узяу ды з гакоуніцамі пана
Богуша падсцярог. Аб чым гаварылі, не ведаю, але абыход41 наш цяперака ніхто не чапае...
А па нейкім часе бацька паклікаў дачку да сябе і сказаў ёй сурова:
— Час табе вяртацца, дачка. Вяртайся да пані Беаты. Тут табе не месца, і жаніх такі нам непрыдатны.
— Але чаму? — апускаючыся ля ног бацькі, яна падняла да яго змучаны за гэтыя дні твар. I папрасіла:
— Злітуйцеся, тата!
Ён доўга глядзеў на яе, пасля прагаварыў:
— Вас не абвянчаюць без бацькоўскага бласлаўлення. I — не магу парушаць свайго слова. Я — шляхціц.
Ён не хацеў нават гаварыць пра Марціна, называючы яго здрайцам і адступнікам.
За гэтыя дні Еўка многа разоў спрабавала тлумачыць яму, што, заціснутыя паміж дзвюма магутнымі сіламі, думаючы пра сваю дзяржаўнасць, лепшыя людзі Княства шукалі асобнай рэлігіі, грунтуючыся на якой, можна было б стварыць самастойную дзяржаву... Прынамсі, так гаварыў пра гэта Марцін, так думалі і ў Астрозе некаторыя магнаты з акружэння самой Боны. ІПто да Еўкі, то ёй цяжка было разабрацца ва ўсім, і думала яна толькі пра адно — што за Марцінам гатовая была ісці нават у пекла... Спачатку яна пра тое думала з жахам, пасля і такая плата стала здавацца мізэрнаю. Пражыць з ім жыццё! Душа яе, што спачатку разрывалася на часткі, паспакайнела, калі маладая жанчына зразумела, што гатовая плаціць любую мыту, перанесці любыя пакуты. Але і гэтага мала тым, хто мае большае права на яе жыццё і смерць, чым яна сама! I яна гатовая была ўзненавідзець бацьку, маці... Што ёй да права абычаёвага, якое гаворыць: «Гдзе бы каторая дзеўка без волі бацькоўскае і мацярынскае ішла замуж, такавая адпадае ад пасагу і ад імення бацькоўскага і мацярынскага»? Але страх перад бацькам не даваў гаварыць, яна толькі чаплялася за яго боты і прасіла:
— Злітуйцеся, тата...
А ён адпіхнуў яе і выйшаў. Загадаў запрагаць коней і фурману загадаў, каб вёз дачку да Варшавы, дзе б вырашыла тую справу пані Беата.
Калі ж садзілі дачку ў вазок, сказаў ёй коратка, што, калі вернецца яна ўпотай да Марціна, таго
звольніць са школкі канцлер, таму што нельга прапаведніку, бакалаўру жыць з блуднай дзеўкай. Калі ж без згоды бацькоў пяройдзе яна ў веру кальвінскую, паганую, сам застрэліць яе з гакаўніцы.
— Што ж,— Еўка ўпершыню паглядзела бяссоннымі, абведзенымі сінечай вачмі на бацьку адкрыта,— застаецца чакаць.
— Маёй смерці? — шалёна глянуў пан Касцевіч.— Чакай. Але пры мне — ніколі!
У тыя ж дні ў Варшаву прыехаў кароль Сігізмунд Аўгуст.
Прыехаў заклапочаны, бо ехаў з Літвы да Петркава на сейм. Яшчэ з часоў каралевіча Казіміра ўсё набірала і набірала сілу шляхта, але цяпер, калі дзяржаву раздзіралі рознагалоссі, паны рада Княства адкрыта гаварылі аб жаданні нарэшце набыць самастойнасць. Справа Галыпкі Астрожскай таксама была знакам, як захоча вырашаць кароль складаныя супярэчнасці ў Кароне.