• Газеты, часопісы і г.д.
  • Прадыслава  Вольга Іпатава

    Прадыслава

    Вольга Іпатава

    Выдавец: Беларусь
    Памер: 272с.
    Мінск 1997
    99 МБ
    Наверх, у пакоі князёўны, яе доўга не выклікалі. Але аднойчы раніцай, калі яна, схіліўшыся над паперамі, перапісвала інвентарны ліст з маёмасці замка, зайшла Баркулабіха:
    — Панна Галыпка злуецца на цябе, але ўсё-ткі ў яе добрае сэрца, і нядаўна яна пыталася, як табе тут працуецца.
    — Нядрэнна, панна міласцівая,— ціха адказала Еўка, устаючы і прысядаючы перад нянькай.— Работы многа, а гэта значыць — меней мучыць Мара18.
    — Глядзі, мая панна, каб яна мучыла цябе ўсё меней! — адказала Баркулабіха.— Жыць трэба не так, як хочацца, а як набяжыць. Завысока ты ставіш сябе, забурэння19 сама прагнеш, а табе літасці і ласкі вяльможнай шукаць трэба было б...
    Пісар Андрэй, калі выйшла Баркулабіха, злосна сказаў:
    — Прадаў іх род за поліўку з сачыўкі старадаўнюю славу баяр праваслаўных на Літве. Нядаўна адзін з яе братоў казаў на радзе, што Карона нічога не паймела з уніі ў Крэве, а толькі ўцягнула палякаў да варожасці з Масковіяй. А яшчэ казаў, што Княства мела толькі абшары, дый тыя небяспечныя, ды паганскіх князёў! Як быццам не было ў Княстве ні культуры, ні кніг, ні мовы! Як быццам князі вялікія ў праваслаўе не пераходзілі і ад старадаўняй культуры нічога не бралі і не мелі! Самы страшны — перахрост!
    Еўка слухала яго ўважліва. Раней бы пабаялася, вушы б заткнула — якое дачыненне да яе самой маюць далёкія тыя справы? Але пісар Андрэй, які правёў у замкавай бібліятэцы доўгія гады, карпатліва збіраў старыя граматы і прывілеі, а таксама старадаўнія рукапісы, якіх нямала сабралася ў Астрозе, многа ведаў пра даўніну і часам, адарваўшыся ад пергаменаў, гадзінамі апавядаў Еўцы пра даўнія бітвы з татарамі, пра Дзмітрыя Данскога, поруч з якім на Куліко-
    вым полі стаяў унук Гедыміна — Дзмітры Карыятавіч, Баброк Валынец, а разам з ім — дружыны братоў Ягайлы, Андрэя Полацкага і Дзмітрыя Карыбута. А ўнук Альгерда, Осьцік, замяняў Дзмітрыя Данскога падчас асады Тахтамышам Масквы ў 1382 годзе... Андрэй быў гарачым прыхільнікам самастойнасці Княства, ненавідзеў паноў каронных, але перад Еўкай раскрыўся не адразу. Сівы, магутны, як зубр, з шыяй, якая нібыта ўрасла ў плечы, ён глядзеў спадылба і непрыветна, з незнаёмымі і непатрэбнымі яму людзьмі гаварыў мала і адрывіста. Пані Беата не раз збіралася яго выгнаць з замка, але нехаця выконвала абяцанне, дадзенае мужу, які, наадварот, надта любіў пана Андрэя і яго апавяданні. Дый толькі Андрэй мог адразу адказаць, у якім годзе колькі сабралі дзякла, калі ўрадзіла жыта і колькі коп грошай вінны тыя ці іншыя воласці. Андрэй заўсёды нізка гнуў галаву перад Беатай, не аспрэчваў яе загадаў, нават тады, калі навіслі над ёю грозныя лісты караля за тое, што нядбайна распараджаецца маёмасцю князёў Астрожскіх — нават тады ніколі не дазволіў сабе Андрэй хоць слова сказаць у абарону тых стараст і цівуноў, якіх выганяла пані, каб на іх месца паставіць сваіх, прывезеных родзічамі з Кароны. Але ўсё роўна не любіла яго гаспадыня — можа, адчуваючы ў ім глыбока схаваную сілу супраціўлення.
    — Куды я пайду ад іх? — аднойчы горка сказаў Андрэй, паказаўшы на паліцы, дзе ляжалі скруткі пергаменаў і стаялі цяжкія, у драўляных ці скураных пераплётах рукапісныя кнігі.— Пайду, а іх тут зваляць у кучу і спаляць. Каму ўсё патрэбна? Мала таго, што тут бабскі, легкадумны дух учыніўся, але ж сама пані ледзь разумее па-нашаму, таму ж і паненку вучыць. Можа, дачакаюся, калі прыйдзе дбайны гаспадар, каму старадаўняя слава Радзімы баліць...
    — Граф Лука наўрад ці зацікавіцца гэтым,— згадзілася Еўка.— Ён болей на завіханне вакол паненкі налягае ды на ўборы. Нядаўна прыехаў у руда-жоўтым жупане, гузікі — з дыяментаў. Марылька прыбягала, не магла нацешыцца такім гжэчным панам...
    — Збытнія20 мы тут людзі, панна Еўка,— уздыхнуў Андрэй.— Ім бы цэлымі днямі баляваць і весяліцца, а не пра айчыну думаць, пра тое, што Княства ў вайне непатрэбнай апошняе губляе...
    Сапраўды, у Астрозе, нібы ачуняўшы пасля хваробы, а можа, дзеля таго каб усцешыць маладую князёўну, кожны амаль дзень усчыняліся то баляванні, то ловы, то другія забаўкі.
    Аднойчы прыехаў князь Васіль Канстанцін Астрожскі, прыйшоў у гасціную, абабітую чырвоным адамашкам. Гаспадыня прыняла яго холадна, але ён, не надта зважаючы на яе настрой, падышоў да пляменніцы, адабральна агледзеў тонкі стан:
    — Прыгажуня вырасла... I колер ярынны21 табе ідзе... Нядоўга будзеш хадзіць у дзеўках...
    Пані Беата падціснула вусны:
    — Кароль абяцаў, што сам знойдзе жаніха. А вашмосць няхай другі раз не спрабуе — не выйдзе.
    — У нашай радзіне бабы запраўляць не будуць! — адказаў ёй швагер, гнеўна скубануў рукавіцу за шырокім вышываным поясам, трасянуў шабелькай.
    У пані Беаты на вачах паказаліся слёзы. Гледзячы на яе, і Галыпка загаварыла тоненькім, дрыжачым галаском:
    — Я прашу, шаноўны дзядзечка...
    — Ну, ну, гэта не табе! — дзядзечка пагладзіў яе шырокай, касцістай рукой, зачапіўся за тонкія валасы, ціха вылаяўся, але ўслых сказаў толькі:
    — Доўга не марудзьце. Чым хутчэй прыбярэ яе багацці нехта з жаніхоў, тым меней сваркі і звадаў будзе у нашым княстве!
    — Нехта... — прабурчала Баркулабіха, гледзячы, як ён ідзе да выхаду.— А сам нябось ужо прыгледзеў каго... Быць не можа, каб спусціў замужжа на іншых! Сам хоча быць Панам Богам! Бач яго, красамоўца!
    У замку ўжо ведалі, што малады кароль, пішучы да свайго паверніка, маршалка літоўскага Радзівіла, баяўся, што мужам маладой Астрожскай стане сын ваяводы Збароўскага. Копія з таго ліста, старанна перапісаная, ужо ляжала ў архіве замка. I Андрэй, а за ім і Еўка, чыталі: «...Над тым раздумваю, каб вужа вялікага таго да нашага панства не ўсадзілі... ваявода і так мае ўжо многа маёнткаў на Русі, каторыя сваёй пажадлівасцю яшчэ і далей памнажае. Калі б сын ваяводы пабраў Гальшку за жонку, тады на цэлую Валынь і на Русь расцягнуў бы сваю магутнасць... Трэба ў той справе скора аглядаціся, бо к таму няма
    так злой справы, да каторай пані-маці наша, нам на злосць, не хацела б прычыніціся...»
    Можа, якраз таму, даючы балі і прыёмы, раздумвала княгіня Беата над тым, што толькі каралева Бона зможа дапамагчы ёй. He хацела паддацца волі каралеўскай, мяркуючы і надалей быць гаспадыняй вялізных маёнткаў. Патрэбны быў такі зяць, які б усё ўзяў з яе рук і быў за гэта назаўсёды ўдзячны. Любы з каралеўскіх улюбёнцаў мог запытацца ў яе, як кіравала маёмасцю, колькі грошай сабрана за час яе ўладанняў, ці брала пазыку. А справы былі нядобрыя. Даходы зменшыліся, некаторыя землі і лясы заняпалі праз нядбайнасць прыставаў, цівуноў. Зменшылася колькасць борцяў, усё меней бочак ярыцы дастаўлялася ў сам замак Астрожскі...
    Цяпер, калі сваяк даў зразумець, што не варта цягнуць з замужжам дачкі, яна вырашыла ехаць неадкладна. Перад тым раніцай паклікала пісара Андрэя і прадыктавала ліст да караля.
    Пырскаючы атрамантам, пісаў, хутка перакладаючы на латынь яе словы, Андрэй. Пісала Беата аб тым, што прымае з пачцівасцю ўсе лісты караля. Але — тут яна доўга думала, пасля некалькі разоў мяняла напісанае — дачка яе, будучы цяпер паняю ўласнай волі, за радаю сваёй маці і сваіх прыяцеляў22 можа сама сабою распараджацца.
    Літоўскае права, ухваленае на сейме ў Вільні ў 1551 годзе, дазваляла аддаваць замуж дзяўчат-сірат толькі са згоды іх бліжэйшых родзічаў, і пані Беата пастаралася даць гэта адчуць каралю.
    А праз тыдзень яна выязджала з Астрогу да Варшавы, дзе ў гзты час жыла каралева Бона.
    Цэлы тыдзень у замку ішла мітусня — швачкі і вышывальшчыцы, абутнікі, пакаёўкі шылі, складалі ў вялізныя, аздобленыя разьбой куфры сукні і мехавыя плашчы, пантофлікі і шалікі, а падкаморы, лоўчыя, кухмістры і шамбеляны займаліся гаспадарчымі справамі і выдаткамі. Дарога была няблізкая, гаспадыні ні ў чым не хацелі мець недастатку — іначай солана давялося б прыдворным!
    Да княжацкай бібліятэкі гэты шум не адносіўся. Еўка дзень за днём перапісвала паперы, даглядала кнігі, падклейваючы пагрызеныя мышамі старонкі, то
    загадваючы ювеліру паправіць залаты пялёстак ці прамыць каштоўны камень на абкладзе, асабліва калі кнігу патрабавалі наверх, у панскія пакоі. Але Гальшка цяпер з неахвотаю загадвала прачытаць штокольвечы на ноч. Часцей яна клалася спаць і доўга ляжала без сну, думаючы пра нешта сваё. Затое пані Беата загадвала чытаць сваёй чытальніцы часта. Прыходзіла Баркулабіха, бурчала:
    — Чытаюць-чытаюць, а яна ляжыць і ці то слухае, ці не... у Альжбеты язык адвальваецца, а пані хоць бы што... Ужо і раніца часам, а яна ўсё слухае. Дый каб пра што бажэсцвеннае — не, пра розных мудрацоў ёй падавай, пра выверты і забурэнні ўсялякія... Пэўна, думае, як караля ці самога пана Бога ашукаць...
    Альжбета, дачка кашталяна, была дзяўчынаю ганарліваю, гарачаю — ці не таму аж да раніцы любіла яе трымаць пані Беата ў сваёй спальні, абабітай блакітным аксамітам, з вялізным разьбяным ложкам і люстрам у залатой аправе. Любіла назіраць, як, ледзь не плачучы ад шаленства, чытае Альжбета «Кнігу Смарагд», альбо «Дзве кнігі абедзве Маргарыты», альбо «Кнігу вялікую Дыянісія Арэапагіцкага». Калі была ў добрым настроі, загадвала чытаць папольску — пра першых каралёў Кароны, пра ўцехі закаханых Абеляра і Элаізы і іх горкую разлуку. Чытала Альжбета горай за Еўку дый часта спатыкалася на беларусінскім слове, таму што бацька яе стаў кальвіністам і гарнуўся болей да Нямеччыны. Але і панямецку чытаць ён не надта быў ахвочы, як увогуле не любіў кніг. Любіў кашталян хмельнае, а найбольш — салодкае віно мальвазію, апранаўся з ахвотай і стараннем, нібыта жанчына, і дачцэ гразіў карамі, калі чым прагневіць яна пані Беату. Еўку ж нібыта не заўважала гаспадыня і Гальшцы забараніла пра яе ўспамінаць, таму што, як казала яна Баркулабісе, «упартае нешта і зацятае ў вачах» Еўкі бачыла. Але і дадому не адсылала, хаця аднойчы, набраўшыся адвагі, прыйшла Еўка да яе і, склаўшы рукі як перад абразамі, маліла адпусціць у Нясвіж, да бацькоў. Чужою сябе адчувала ў Астрозе і зусім бы змарнела, каб не Андрэй. Але пані Беата доўга глядзела на дзяўчыну, пастуквала нагой у тонкім юхтовым боціку, і тонкая
    рука яе з доўгімі бялюткімі пальчыкамі ляжала на аксамітавай сукні насцярожліва.
    — Добра,— вырашыла нарэшце.— Але спачатку папрацуеш на гардэробе разам з ахмістрыняй. А пасля ліст ад мяне адвязеш яго мосці пану Мікалаю. Можа, ён цяпер у Нясвіжы. Кажуць, будуюць там многа.