Прадыслава
Вольга Іпатава
Выдавец: Беларусь
Памер: 272с.
Мінск 1997
Цёмная, яшчэ амаль зімовая ноч плыла над Варшаваю, над Кракавам, дзе малады кароль, схіліўшыся над картаю Каралеўства, слухаў гарачыя словы Мікалая Сянніцкага28, арыяніна, аб тым, што роўнасць людзей — права, дадзенае ім пры нараджэнні, а сакратар каралеўскі, Францішак Красінскі, нячутна выходзіў туды і сюды, падносячы на старадаўнім лакавым, прывезеным з усходніх краін, падносіку цяжкі, з мноствам граняў старадаўні келіх з шафранавым пітвом, і, слухаючы госця, зласліва ўсміхаўся пра сябе... Маладая Гальшка бачыла ў сне вясёлага, прыгожага, як грэчаскі Бог, спевака, а яшчэ сніла, як бяжыць яна па лузе, затканым, як на габеленах, белымі ліліямі.
Еўка ж у гэтую ноч, калі над палямі ярка гарэў Уласажэлец , дабралася да сваіх, змучаная фурманкай, дзе ў ногі дзьмула, як з бездані.
Бацькоўскі двор здаўся ёй пацьмянелым, як бы ўрослым у зямлю. Лямус, стайня з вазоўняй, гумнішча — усё было як бы зброснелым, заледзянелым. Фурман, прывязаўшы каня да «компасу»30, пайшоў у кухню вячэраць, а Еўка, падняўшыся па высокім, з балясінамі, ганку, прайшла ў сталовую, дзе ўжо чакала яе маці.
Усё тыя ж абразы, атуленыя бялюткімі, з чырвонай вышыўкай, ручнікамі, віселі на покуце, на пабеленых сценах месціўся стары, старанна зацыраваны габелен, падораны некалі, пад ім — два разьбяныя куфры. Лава была засцеленая мядзведжаю шкураю, добра працёртай — яе таксама пазнала Еўка.
Кранула, што маці, чакаючы яе, відаць, ужо колькі дзён апраналася ў лепшае: на цёмнай сукні — летнік
адамашкавы31 з аксамітнымі ўстаўкамі, на галаве — намітка з вісону32. Устала з лавы. Твар асвяціўся радаснай усмешкай. Пайшла насустрач, стрымліваючы сябе. Хварэла маці, гэта было адразу заўважна, мусіць, рыхтавалася і да смерці, таму што ўвесь час была сцішаная, рухалася мала, толькі неадрыўна глядзела на даччын твар.
I бацька выйшаў не абы-як — у вышываным жупане, пакрытым тонкай скурай, ботах з высокімі халявамі. Натапыраныя доўгія вусы зусім сівыя. I сястра Ганна, якая ўжо замуж была выдадзеная, але з-за смерці мужа вярнулася да маці, таксама выбегла прыбраная — у саяне зялёным люнскім, з шалікам адамашкавым гваздзіковым на галаве. Па гэтых прыкметах, а таксама па тым, як трымаліся з ёю родныя, зразумела Еўка, як высока ставяць яны тое, што дачка іх жыве не абы-дзе, а ў самой пані Астрожскай, у чыіх жылах цячэ кроў каралеўская. Горка ёй стала на душы — не ведаюць яны, што дачку ў тым Астрозе бізунамі секлі, што пані з ёю не гаворыць! Даведаўся б аб тым бацька — памёр бы, мусіць, ад сораму. «Але ж,— адразу падумалася ёй,— абое яны — і маці, і бацька — былі колісь пры Радзівілах, дык няўжо там не прывыклі да свавольства магнацкага?» А пасля зразумела, што бацька, доўгія гады жывучы сваім дваром, і сапраўды забыўся на ўсё, што закранала некалі гонар, і помніў толькі бляск забаў, свавольствы і ўцехі. I гэта сагравала яго ў самотнай старасці. Тое ж, што жыў ён цяпер ні ад кога не залежачы, забыты і Богам, і Радзівіламі, поўніла яго гонарам, што змог сам стаць на ногі, не зламаўся. А цяпер вось яна, дачка, перад суседзямі — такой жа шляхтай, як і ён,— дапамагае трымаць гонар. I ўжо, вядома, заўтра наладзяць у маёнтку баляванне і прымусяць яе расказваць, расказваць, што там да чаго... Ведалі і тут, на Белай Русі, аб прыгодах Гальшкі Астрожскай, гадалідумалі, хто стане наступным мужам, і тое, што Еўка мае да таго хаця якое дачыненне, і на яе клала нейкі водбліск незвычайнасці, таямніцы.
Назаўтра сапраўды наехала шляхты — процьма. Прыехалі нават паны Завішы, а таксама Кітовічы — мноства паненак на выданні, усе вёрткія, цікаўныя, як векшы33. I, на радасць маткі і бацькі, змаглі яны сусе-
дзяў прыняць як мае быць. На стале былі не толькі свае, мясцовыя стравы — дзічына, зайчаціна і вепрычына, густа, аж да звону ў вушах, пасыпаная перцам, тоўчаным мускатным арэхам і гваздзікамі, шчупакі • о • w • • 34
і галауні упечаныя, але і галяндзерскія селядцы, і гарчыца, і каша з дарагога рысу. Трайныя мяды, віно пілі пераважна мужчыны. Але і для жанчын, спецыяльна з самога Нясвіжу, з аптэкі, былі прывезеныя розныя салодкія прысмакі, стаяла некалькі галовак цукру, розныя варэнні. А яшчэ — і такое бачылі паны ўпершыню — на стале паставілі два гарбузы, напоўненыя замарожанай белай масай, з малінавым прьісмакам. «Марожанае»,— ганарліва растлумачыла недасведчаным Ганна. Нават мужчыны пакаштавалі дзіўнае тое марожанае, але салодкае не надта спадабалася ім, і яны перайшлі на віно, жалудовую і гваздзіковую гарэлку.
I Еўка мусіла расказваць. Гаварыла яна складна і займальна — усе сядзелі як скамянелыя. Пра ўсё расказала — і як пана Сангушку на стайню валаклі, і як, сустрэўшы дачку пасля, пані Беата розныя падрабязнасці судовай справы аб тым здарэнні расказвала.
Шляхта таксама ведала, што на справе аб выкраданні князёўны Астрожскай сутыкнуліся два моцныя ворагі — колішні ваявода Марцін Збароўскі і гетман Ян Тарноўскі, цесць Васіля Канстанціна Астрожскага. Ворагі нагаварылі каралю, што Тарноўскі хоча праз шлюб той уцерціся ў давер да аднаго з самых моцных родаў Княства і ўплываць на яго справы. Было вядома, што ўжо перад судом кароль у лісце да Мікалая Радзівіла Рудога, свайго ўлюбёнца, наракаў на гетмана. А некаторыя мясціны з суда над Сангушкам, перапісаныя, хадзілі па руках, і імі зачытваліся, нібыта старадаўнімі раманамі пра каханне. У архіве Радзівілаў быў увесь пратакол суда, і пісарам пры двары давалі вялікія грошы, каб перапісалі яны выступленні сведкаў, а асабліва — рэчніка Адахоўскага, заступніка Змітрака Сангушкі. Пры Еўцы не хацелі надта выказваць свае адносіны да Сангушкі, якому спачувала ўся шляхта Белай Русі, але месца, дзе гаварыў Адахоўскі пра княгіню Беату, уее ведалі і помнілі:
«О літасцівы каралю і найяснейшы гаспадзіне! Помні на тое, якая то нявеста і маці — тая княгіня Іллёва. Яна сквапная; да сэрца прыпадаюць ёй тыя замкі, месцы, вёскі і воласці, каторымі ўпраўляе і каторых з рук сваіх не хоча выпусціці, каторыя з дачкою і мужам яе падзяліці не хоча. Што за маці, якая кажа: няхай абое згінуць, абы я адпомсціла?»
Ведалі тут, што польскія вяльможы ўсе галасавалі за смяротны прысуд Сангушку, а баяры Княства — за тое, каб даць трохі часу на рашэнне гэтай справы. Але паколькі было іх меней і паколькі, вывозячы Гальшку, пакінуў Сангушка без дагляду пагранічныя гарады, за якімі павінен быў назіраць, і вынес яму кароль смяротны прысуд. Спрачаліся цяпер за сталом — што вышэй — каханне ці ваенны абавязак? I, як заўсёды, жанчыны казалі адно, а мужчыны — другое. За вясёлым тым гвалтам спачатку не пачула Еўка таго, што казаў пан Завіша. Але ўсё ў душы адразу напялася, і стол паплыў перад вачамі, калі данёсся да яе працяг:
— I шрам той, блізна38 страшная на твары пана Марціна так і засталася з тае начы. Але як тое было — нічога не кажа ён. Дый не падступіцца да яго — бакалаўр жа, вучыць дзяцей шляхты!
Еўка ціха нахілілася да маці:
— Пра каго пан Завіша гаворыць?
Маці не пачула спачатку. Сухенькая, звялая, яна сядзела, абводзячы гасціну заклапочаным позіркам. А калі пачула, адказала абыякава:
— Тут, у Нясвіжы, прыехаў летась... Бакалаўр малады... 3 бедных Завішаў...
I зноў, як калісьці, усю доўгую ноч Еўка не магла заснуць. Стаяла ля акна, глядзела, як у цемры трымцяць на марозным ветры старыя вербы, як з глухім шэлестам час ад часу мяце па ганку лёгкая завея і, уздыхаючы, перажоўвае сена ў хляве скаціна. Пад ранак на двары зазвінеў лядок пад нагамі работнікаў, зацурчэла малако ў даёнках, глуха застукалі ў ахвіцынях маслабойкі. Бацька выйшаў на двор у калматым кажуху, і радасна падбег да яго сабака, падобны да колішняга Чмеліка... А тонкі серпік маладзіка гэтак жа, як і паўтара года назад, у Німбургу, упарта вісеў у паружавелым небе, і толькі праз дзверы раптам, нібыта недзе хлынула ў дом ранішняе паветра, пацяг-
нула слабым пахам алешыны, пахам першай маладой траўкі. Яна глыбока ўдыхнула яго і раптам паверыла, што жыццё яшчэ ўсё наперадзе, што шчасце для яе не спрахла недзе, не знікла ў невядомых скрынях, а чакае яе, такое ж нясмелае, жыватворнае, як гэтае паветра роднага кута...
У Нясвіжы яна спачатку разгубілася — куды ехаць? Увесь ён быў іншы, нібыта цалкам перанесены 3 другіх краёў. Але гэта гады — тыя гады, што яна правяла ў Астрозе, далёка адсюль. Раз за разам нешта змянялася тут, і ўсяго чатыры зімы назад сястра колішніх уладароў была каралеваю Польшчы. Нягледзячы на тое, што Барбара памерла, Радзівілы з кожным годам узмацняліся ўсё болей. Нясвіж, увесь у будаўнічых лясах, нібыта заяўляў аб тым, што варта толькі захацець таго Радзівілам — і сюды, а не ў Кракаў ці Варшаву, будуць з’язджацца паслы і замежныя госці... Таго ніколі не суджана будзе ім, але застанецца Нясвіж — памяць пра доўгавяковую іх магутнасць...
Пані Беата як у ваду глядзела — гаспадар прыехаў сюды на кароткі час з Вільні. Агромністы, яшчэ не цалкам пабудаваны замак стаяў на месцы колішніх камяніц, але цяпер ён чамусьці быў абкружаны вадой. Няўжо і ваду прымусілі тут цячы так, як таго захацелася гаспадарам? У канцылярыі яе пачціва прыняў замкавы ўраднік, пакланіўшыся, прапанаваў пачакаць.
— Мне толькі аддаць гэты ліст яго мосці,— сумеўшыся, сказала Еўка. Перадала вялікі скрутак з чырвонай пячаткай.
— А можа, вас захочуць распытаць пра што-кольвечы? — ураднік выклікаў пісара, загадаў далажыць яго мосці і, толькі дазнаўшыся, што пан Мікалай прылёг адпачыць, адпусціў Еўку. Павагаўшыся, яна папрасіла знайсці пана Марціна, настаўніка,
Ураднік зноў выклікаў некага з дваровых слуг, а калі той, вярнуўшыся, далажыў, што бакалаўр з раніцы паехаў у Клецк, папрасіў Еўку прыйсці пазней ці лепей заўтра раніцай. Яна выйшла, шчыльней захутаўшыся ў хустку з казінага пуху, адчуваючы, як, нягледзячы на цёплы суконны каптан, прабіраюць яе дрыжыкі. Да абеду хадзіла па Нясвіжы,
азіралася, заходзіла ў крамы. Гандлёвая плошча з ратушай была запоўненая людзьмі, у крамах прадаваліся тавары з замежных краін, прылаўкі згіналіся пад кукламі адамашка і белі, ядвабу і мяхоў. Зазыўна крычалі абутнікі, шкляры, кушнеры. Далей гандлявалі сваімі таварамі рымары, сырамятнікі, бондары, і войт, выйшаўшы з ратушы, паважна гаварыў нешта сваім дарадцам, якія пачціва слухалі яго, схіліўшы галовы ў модных каўпаках і берэтах. Еўка зайшла нават у новы, толькі што пабудаваны касцёл. Там, ля сцяны, белай і высокай, на рыштаванні стаяў жывапісец, з-пад кісці яго выглядаў пяшчотны і задуменны твар Радзівілаўны, абрысы яе каралеўскай сукні. Пасля Еўка зноў крочыла па Нясвіжы, а спадарожніца, эканомка, хадзіла за ёю, задыхаючыся ад хваробы, што засела ў вантробах, трасучы дробна старэчай галавою.