Практычны дапаможнік па руйнаваньні гарадоў
Альгерд Бахарэвіч
Выдавец: Рунь
Памер: 155с.
Вільня 2002
Нямеччына. Дагледжаная й пешчаная, як маё каханьне. Роўная фрызура садоў і сквэраў, лясістыя горы на даляглядзе. Спрэс экспрэсы, каваэспрэсо, freie presse, рэсурсы Руру, пруская прыстойнасьць, вабноты швабак — як доўга можна працягваць гэтыя цудадзейныя алітэрацыі! Права быць немцам, абавязак быць немцам, гонар быць немцам. Нямеччына, старажытная, юная, моцная, здаровая, пакутная, мудрая, рамантычная, геніяльная, родная; Нямеччына — у кветках і кнігах, у шкле і бэтоне, у травах і дрэвах, у жывой вадзе
Рэйну, марская й горная. Плакаць ад шчасьця. Нямеччына.
7
Жаночы хор сьпявае ўсё вышэй і вышэй, і зараз разарвуцца галасавыя зьвязкі, і малочная скура на горлах, і тонкія тунікі...
Мэтро. Электрычка вылятае з тунэлю. У плексыглясе вакна яшчэ стаяць перакошаныя нянавісьцю твары тых, хто спазьніўся.
Усё пайшло сваёй чарадой: дзьверы пралясквалі назвы станцыяў, горад у апошні раз спрабаваў спакусіць Гюнтэра, прыадкрываючы то левы свой бок, то правае апэтытнае сьцягно. Мармуровыя жанчыны зь сярпамі ў руках выконвалі на плятформах танец жывата, нібы вымольваючы ў пасажыраў хлеб. Па вагоне прайшоў нехта ці то мужчына, ці то... — зь немаўлём на руках, дзіцё шчасьліва пасьміхалася, гуляючы са сваёй вязкай спружыністай сьлінай, Гюнтэр сунуў у валасатыя пальцы ўсе тыя беларускія грошы, якія ў яго яшчэ заставаліся. Канцавая станцыя скончыла гэты парад дзеепрыслоўяў.
Мэтай Гюнтэра былі доўгія, каржакаватыя фургоны, якія аблюбавалі сабе ўзбочыну на шашы каля лясочку, што наводзіў на думку пра атамны выбух. Недалёка быў міліцэйскі пост. Тупаносыя машыны тут былі пераважна нямецкага — Нямеччына! — грамадзянства, але трапляліся й польскія,
галяндзкія, літоўскія. Гюнтэр ішоў праз бульбяное поле, і сымболі Беларусі, як рукі нябожчыкаў, хапаліся за ногі, цягнулі ўніз. Наверсе прывітальна равелі грузавікі.
Выкрэсьліце мяне з усіх вашых сьпісаў! Раздайце чарнобыльцам мой паёк! Мама, спалі маё пасьведчаньне аб нараджэньні! Прыйдзіце за мной апоўначы, каб я мог зьесьці свой пашпарт! Хай вашыя рукі пакрыюцца язвамі ад атрутных выбарчых сьпісаў! Страўнікавая кіслата размывае словы ў графах, подпісы й пячаткі. Забіце мяне, бо я — Гюнтэр Вальдхоф, і мая “Асабістая справа” — мая асабістая справа.
...Уціснуцца паміж двума вялізнымі кантэйнерамі аказалася досыць цяжка, да таго ж унутры быў люты холад. Хутка Гюнтэр быў ужо няздольны стрымліваць зубную, каленную, пальцавую і невядома яшчэ якую дрыготку. Ён намацаў у заплечніку тэрмас, адпіў крыху, паварушыў непаслухмянымі пальцамі на нагах. Высокія боты, хаця й былі абшытыя унутры воўнаю, сталі неўзабаве нібыта гэткія ж металёвыя, як кантэйнеры. Фура мусіла ад’язджаць аб адзінаццатай, абббадзін-ннаццатай, абббб...б-б-б...
Дзьверы адчыніліся, і вечар лізнуў яго халодным, мокрым языком. Проста ў вочы яму біў ліхтарык, сьветлякі, на якія распалася сьляпучае кола, кінулася адначасова ў ва ўсе куты на вобшук. На Гюнтэра зьнізу ўверх глядзеў чалавек у бейсболцы. Немец.
— Гэй, выходзь, — яшчэ не разгледзіўшы Гюнтэра як сьлед, па-нямецку сказаў чалавек. — Выходзь!
— Паслухайце, — сказаў Гюнтэр таропка, таксама па-нямецку. Я дамовіўся... Вам не сказалі? Франц... Вы мусіце мяне зразумець...
— Ты хто? — запытаўся немец ужо цішэй, але ўсё яшчэ з насьцярогаю.
Гюнтэр хацеў сказаць усё, усё, але безабаронныя, хваравітыя пачуцьці, якія складаліся раней у галаве ладнаю кнігай, цяпер зьмерзліся ад страху: сабакадрот, вышказьвер, баракажах.
— Вы хочаце зьбегчы з краіны? — пачаў нешта цяміць немец і потым вымавіў гэткую доўгую і шпаркую фразу, што Гюнтэр не зразумеў нават просты дзеяслоў, які стаў на сваё законнае мейсца ў яе канцы.
— Паслухайце, не выдавайце мяне, сказаў Гюнтэр з найпачварнейшым акцэнтам. — Я вам добра заплачу... долларс...
Ён пасунуўся бліжэй, немец адступіў на крок назад. Гюнтэр амаль закрычаў:
— Мяне чакае Нямеччына... Чакае як каханая жанчына, разумееце?
Немец апусьціў ліхтар і зачыніў цяжкія дзьверы. Гюнтэр апусьціўся на заплечнік. Кропелька поту, якая чамусьці нагадала Жэню, настойліва казытала жывот. Праз нябачныя шчыліны ў фургон забягалі раз-пораз палоскі сьвятла, суправаджаемыя кароткім шумам машыны за сценкаю
фургона, праходзілі, як памежны патруль, па ўсёй столі й гасьлі недзе ў гушчы кантэйнераў. Дзесяць трыццаць.
На гэты раз дзьверы адчыніліся хутка і уладна, зь лямантам, які задушыў малады і тонкі голас:
— Выходйть, быстро!
Ён напраўду быў зусім юны, гэты міліцыянт у завялікай для яго форме, якую вечар пазбаўляў усякага колеру.
— Рукй за голову! Вылазь, прйехалй!
Гюнтэр грузна саскочыў у лужыну, пасярэдзіне якой плаваў мёртвы месяц.
Жнівень — верасень 2000
РАМОНТ ГАДЗІНЬНІКАІ РАЙ.
ЛЕТА ДЗЗЗРТЫРА
МЭТОДЫКА ВЫКЛАДАНЬНЯ КРАСАВІКА
ПРЫБІРАЛЬШЧЫЦД
Субота, і прыбіральшчыца чакае гасьцей. Як рудое лісьце, на абрус падаюць плоскія прыгаркі ад яблычнага пірага. Нажом прыбіралыпчыца сашкрабае іх з патэльні; сам пірог ужо стаіць у цэнтры стала, і па-над ім уецца цяжкая пчала. 3 сэрванту вынутыя пузаты графінчык з парэчкавай наліўкай і бутэлька гарэлкі — для мужчын.
Прыбіральшчыца змахвае прыгаркі ў вядро. Праз акно чуваць, як у двор заехала нечая машына, спынілася ля пад’езду, коратка і ўладна гаўкнулі дзверы, зазьвінелі ключы. Трэба заўтра памыць акно. Сонечным днём асабліва непрыемна кідаецца ў вочы, якое бруднае шкло пасьля зімы: усё ў восьпінках, прышчыках, між шыбаў кружляе пыл. 3 левага краю сінее кропля засохлае фарбы. Гэта сусед зьверху ў сакавіку абнаўляў балкон, відаць, і здзьмуў вецер кроплю з суседавага пэндзалю. Мусіць, акно яна памые, а кропельку чапаць ня будзе. Рэч у тым, што калі неадрыўна глядзець на гэтую сінюю кроплю і рухаць галавою прыкладна вось так, з боку у бок і зьнізу ўверх, то можна накіроўваць яе на якое-небудзь з вокнаў суседняга дому, або на ганак школы, або на ліхтарны слуп. Тады кропля будзе здавацца вялікаю, закрые сабой палову чужога акна, павісьне
на слупе ўлёткай, пахавае пад сваім сінім цельцам адразу цэлы клас разам з настаўнікам. Гэткі вось аптычны эфэкт. Аптычны эфэкт. У гэты момант прыбіральшчыцы так хочацца, каб у вязкай цішы кватэры прагучалі два словы кшталту “аптычны эфэкт” ці “клапан замяніць” — важкія, грунтоўныя, як палічка, прыбіваемая ўпэўненай, валасатай, роднай рукой. Астатняе лёгка дадумаць самой. Ён прыходзіў бы з працы, стрымана вітаўся бы, з салідным рыпеньнем мыў цьвёрдыя далоні, а павячэраўшы, зьбіраў бы са стала ўсе крошкі і не згубіўшы ніводнай адпраўляў у рот. Прыбіральшчыца ўздыхвае і пасоўваецца да вузкага праходу паміж крэслам і сэрвантам. Тут яна спыняецца, схіліўшы галаву. Азадак прыемна ўпіраецца ў выступ сэрванту, рабрыстая сьпінка крэсла масыруе жывот. Тут бы яна стаяла падчас вячэры, глядзела бы на ягоную ўжо крыху пасівелую патыліцу, бачыла б, як працуюць моцныя шчокі. Яна дазваляла б яму паліць на кухні. За сьцяной гадзіннік б’е сем. Значыць, гасьцям час зьяўляцца. Прыбіральшчыца выцірае рукі й садзіцца за стол. Будуць толькі свае. Яны зазвычай гэткія пунктуальныя. Прыбіральшчыца заплюшчвае вочы.
Першым прыходзіць Леанід — гэтак яна яго называла, прычым імя прыдумалася адразу ж. Яна неяк стаяла ля парку і ўсьміхалася ў кветнік, гледзячы на кінутае кімсьці плюшавае шчанё. Леанід таптаўся паблізу, пазіраў на яе і ўдаваў, што нехта спазьняецца з ім на сустрэчу, потым наважыўся,
падыйшоў, запытаўся, заікаючыся: “He падкажаце... тут спортклюб...” Яна была зачараваная ім, ягонай футболкай з кароткімі рукавамі, і яна стаяла, нічога не адказваючы, захопленая, як шчанём. Так яны стаялі можа хвіліну, Леанід, відаць, палічыў яе за глухую, павярнуўся і пайшоў, а яна яшчэ, помніцца, доўга ўсьміхалася яму ўслед. Потым яна сніла яго колькі разоў і нават набыла яму кашулю з натуральнае шэрсьці.
Наступнай завітвае сяброўка. Імя ёй прыбіральшчыца так і не прыдумала — якое ні вазьмі, ніводнае не пасуе. Гэта здарылася зімою. Яна толькі прыйшла, зьняла халат, і тут армагедонна зароў званок... здалося, што ўключыўся, скінуўшы пыл, тэлевізар, што выскачылі з шуфлядаў і затанчылі, непрыстойна торгаючыся, відэльцы і лыжкі, што абрынулася столь, пад якой жаласьліва віскнула жырандоля. Аглушаная, прыбіральшчыца адамкнула дзверы. Гэта была кабета з хрысьціянскага саюзу, яна раздавала маленькія, падобныя на пашпарты, бібліі й збірала грошы на пабудову храма. Кабета гаварыла сьветлым, пяшчотным голасам, такія галасы могуць нараджацца толькі ў жыватах цяжарных. Прыбіральшчыца глядзела на яе і думала, як добра было б гутарыць з такой сяброўкай пра кветкі, удыхаць дымок яе тонкай цыгарэты, хадзіць на шпацыр у парк па нядзелях. Кабета яшчэ пыталася пра нешта, паступова голас цямнеў, а прыбіральшчыца маўчала — яна ўжо прыдумвала сяброўцы імя. Тая пастаяла яшчэ, пазна-
АЛЬГЕРД БАХДРЗВІЧ чыла нешта ў сшытку і пачала падымацца на наступны паверх
А вось і Інакенцій Мікалаевіч зайшоў, Кеша, гэтак яна яго называе, і ён зусім ня крыўдзіцца. Кеша прыйшоў, і будзе весела сёньня ў іх маленькай сям’і. У той дзень прыбіральшчыца йшла з працы, на лаўцы сядзелі некалькі мужыкоў, і адзін зь іх пад бляск сваіх залатых зубоў хваліў некага з правадыроў, даўно памерлага. Яна падзівілася, як спрытна гэта ў яго атрымліваецца: хваліць-хваліць, але блісьне золатам з-пад тонкіх губ, і герой-вызваліцель адразу займеў клоунскі нос, і распаўзаюцца ягоныя пантофлі, і скура ператвараецца ў парусіну. Жартаўнік Кеша заўважыў, што прыбіральшчыца глядзіць на яго, і нечакана падміргнуў... Паліліся лёды з рук дашкалятаў, сонца зайграла на вершалінах таполяў, струменьчік поту гнуткім пальцам упаў пад спадніцу... Яна была закаханая ў яго тры, не, чатыры дні, але цяпер яны сябры, чуеш, Кеша, ся-бры.
А Галі пакуль што няма. 3 ёю прыбіральшчыца пазнаёмілася, калі страціла аднойчы прытомнасьць у парку, страціла невядома ад чаго, як губляюць тэлефонную картку. Над ёй схіліўся дзявочы твар, Галя дапамагла ёй падняцца... “Вам кепска?”... і з пачуцьцём выкананага доўгу дзяўчо пабегла да тралейбусу. Відаць, у Галечкі сёньня іспыт або кансультацыя, усё ж чэрвень, экзамэнацыйная сьпёка.
Субота, і прыбіральшчыца прымае гасьцей. За
сцяной, у камодзе пад гадзіннікам ляжаць старыя часопісы, нажніцы і клей. Заўтра трэба памыць акно. А ўвечары яна пойдзе ў парк, вернецца, і можна будзе зноў узяцца за выразкі. Прыбіральшчыца адплюшчвае вочы, вусны яе скажае млявая ўсмешка.