Практычны дапаможнік па руйнаваньні гарадоў  Альгерд Бахарэвіч

Практычны дапаможнік па руйнаваньні гарадоў

Альгерд Бахарэвіч
Выдавец: Рунь
Памер: 155с.
Вільня 2002
21.61 МБ
Дабранач, госьці, да наступнай суботы!
1998
РАМОНТ ГАДЗІНЬНІКАЎ
Талёнчык у руцэ Рамонта Гадзіньнікава ўжо пасьпеў ператварыцца ў жменю мокрага драўлянага пылу, калі аўтобус “Цэнтр — Затрамвайшчына” урэшце падпоўз да канцавога прыпынку. Спатыкнуўшыся аб выцягнутую ўпоперак праходу нагу кіроўцы, Рамонт невядома чаму ўдаў на твары вінаватасьць і лёгка саскочыў на родную зямлю. Пачуцьці перапаўнялі яго; гэстамі ён растлумачыў прадаўцу бліжэйшага шапіка, што хоча набыць цукерак, расплаціўся і пашыбаваў далей, да шэрых з жоўтымі плямамі будынкаў, якія віднеліся за аўтастаянкай.
Гаварыць ён быў няздольны, гэткая тоўстая радасьць сьціснула яму горла. Вочы прагна паглыналі навакольле. Тут, па гэтай вуліцы, яго некалі імчала з роддому таксі, і ўвесь сьвет быў для Рамонта толькі бацькавым чырвоным шалікам, тут ён некалі быў забіты каменчыкам, калі гуляў у вайну зь Пятровым і Вераб’ём. Тут. Тут. Тут. Толькі пасьля таго, як Рамонт зьехаў з Затрамвайшчыны, да яго дайшло, што дзевяціпавярховыя будынкі, у якіх яны жылі, былі калісьці пастамэнтамі гіганцкіх помнікаў. Затым помнікі зьнеслі, у пастамэнтах прарубілі норы, правялі электрыч-
	РДМОНТ ГДДЗІНЬНІКАУ насьць, газ, вадаправод і аддалі пад жытло рабочым затрамвайшчынскіх заводаў, якія і сталі першымі жыхарамі новага мікрараёну.
Рамонт павярнуў направа і пайшоў уздоўж самага вялікага з дамоў. Асфальт быў усыпаны бітым шклом і таполевым пухам. Шкельцы раз-пораз успыхвалі на сонцы.
Ужо па тым, як Рамонт перастаўляў ногі і як вісела на ягоным плячы валіза, кожны мог здагадацца — гэты чалавек у нечым моцна вінаваты. Калі сустрэчныя зазіралі Рамонту ў твар, яны бачылі, што вінаватасьць застыла нават у выгіне ягонага падбародзьдзя, у пухнатасьці вейкаў, і са спачуваньнем глядзелі яму ўслед. Рамонт заўважыў гэта, і раптам ягоная радасьць ад вяртаньня дамоў, ад чуласьці землякоў, ад стракатаньня конікаў у траве пад ліхтаром, ад адчуваньня сваёй віны ўскіпела і Рамонт расплакаўся. Ён уявіў сабе цёплы хатні лінолеум, і ягоныя слёзы, якія пачалі сціхаць, паліліся з новай сілай, надаючы жуйцы ў роце агурковы смак.
Усё яшчэ плачучы, Рамонт увайшоў у пад’езд і націснуў ілбом кнопку ліфта — успомніў школьную звычку. Жалезная таблічка абвяшчала: “Шануйце ліфт!”. Напэўна, трэба было напісаць “Беражыце”, але такое пяшчотнае стаўленьне да ліфта як да героя-вэтэрана спадабалася Рамонту. Апынуўшыся ў ліфце, ён адчуў сябе нібыта ў жываце найшаноўнейшай істоты, і Рамонта зноў захлынуў прыпадак радасьці. Ня вытрымаўшы, недзе
каля сёмага паверху Рамонт спыніў ліфт і доўга цалаваў кнопку з лічбай “сем”. Ён усё яшчэ плакаў; ён браў кнопку то цалкам у рот, то лёганька пакусваў зубамі, то пакрываў дробнымі пацалункамі яе куточкі.
Нарэшце ён выскачыў зь ліфта і кінуўся да дзвярэй сваёй кватэры. Булькатаньне званку... Яно заўсёды прыносіла Рамонту супакаеньне, быццам ён ціха псаваў паветра падчас сямейнай вячэры. Званок быў дамавіком — флегматычным, дзелавітым, вечным. Аднаго разу, калі Рамонт быў яшчэ малым, званок забулькатаў хрыпла і млява — прастыў, але бацька хутка вылечыў дамавіка. Булькатаньне званку... 3 расчараваньнем Рамонт зразумеў, што бацькі, мусіць, паехалі ў вёску, яны зазвычай рабілі гэтадвойчы на месяц. Трэба запытацца ў суседкі Вадзімаўны, ці няма ў яе ключоў.
— Рамонцік!!! — вось за гэта Рамонт і не любіў Вадзімаўну, за гэты лямант, які доўга яшчэ гучаў на ніжніх пляцоўках, за гэтую звычку засоўваць ягоную галаву паміж сваіх неабсяжных грудзей, за клапатлівую паспешлівасьць, зь якой яна клала ў яго рот карамэлькі, паіла гарбатай і дапытвалася, кім ён стане пасьля школы.
I вось ён ужо сядзеў на кухні Вадзімаўны, піў зялёную гарбату і глядзеў на затрамвайшчынскія прасторы. Голуб сеў на падваконьне, рэзка паматляў галавой, правёў кіпцем па блясе і нечакана імкліва зьнік у сваіх стратасфэрах. Рамонт пасьпеў заўважыць, што да лапкі голуба была прыма-
цаваная паперка. Паштовы голуб. Вінаваты Рамонт Гадзіньнікаў. Рыпеньне галубінага кіпця па блясе. Родная Затрамвайшчына засталася гэткай жа, якой ён яе пакінуў васемсот? дзевяцьсот? Недзе ў патаемных кнігах запісана, колькі год таму. У цягучым бялку паветра плыве жаўток аўтобусу. Краявід назірае за Рамонтам, нахіляецца, калі нахіляецца за печывам Рамонт, і скручваецца з хуткасцю сьвятла ў маток скотчу на крэсле, калі Рамонт адварочваецца ад вакна.
Прыйшоў муж Вадзімаўны — дзядзя Бора. Ён стрымана паціснуў Рамонту руку, запаліў цыгарэту, і, страсаючы попел у фортку, пачаў вымаць з пакету прадукты: каўбасу, масла, кефір, кансэрвы, яйкі і тры пляшкі гарэлкі. Рамонт маўкліва глядзеў на ўсё гэта... і калі высьветлілася, што дзядзя Бора забыў набыць хлеб, Рамонт чамусьці сказаў: “Давайце я збегаю”, хаця нікуды бегчы яму не хацелася, а хацелася легчы на мокрую анучу ля дзьвярэй сваёй кватэры і чакаць бацькоў.
Рамонта апанавала надзвычайная млявасьць, ён пайшоў у краму, набьгў хлеб, знаёмая прадаўшчыца не пазнала яго. Вяртаючыся назад, ён ішоў як пашкоджаны робат і паводле ім самім выведзеных законаў сустрэў чалавека, якога не хацеў бачыць ні пры якіх умовах — свайго школьнага настаўніка.
Гэта был фатальная сустрэча. Рамонт заўважыў настаўніка ўжо тады, калі той набліжаўся, распрасьцершы рукі і нешта галосячы. Крыўдна было,
што Рамонт не памятаў ні імені настаўніка, ні мянушкі, ні прадмету, які той вёў. Настаўнік абсыпаў Рамонта сваімі “вазмужалі”, “какжывёшамі” і “гдзетышчасамі”. Рамонт хацеў пакорліва прамаўчаць, але замест гэтага рот яго раскрыўся і ён вымавіў: “А вы як, Генадзь Генадзьевіч, як здароўе-настрой?” Ды толькі лішняе гэта было — Рамонт быў ужо з галавой пахаваны па кучай какжывёшаў.
Разгрэбшы іх, Рамонт убачыў, што настаўніка ўжо няма. He было і бацькоў. Рамонт адчыніў дзверы ў кватэру Вадзімаўны (яны замыкаліся толькі на ноч) і адразу ж наступіў на нечую пантофлю. Уся вітальня была застаўленая абуткам, з кухні даносіўся радасны віск Вадзімаўны. Рамонт увайшоў на кухню, стол, за якім ён піў гарбату, быў выстаўлены цяпер на сярэдзіну пакоя. За ім сядзелі дзядзя Бора, настаўнік Генадзь Генадзьевіч, кіроўца аўтобуса, на якім Рамонт прыехаў сюды і яшчэ чалавек шэсьць суседзяў, імёнаў якіх Рамонт не ведаў, хоць і пражыў з імі ў адным пад’езьдзе сямнаццаць гадоў. Трохі воддаль ад стала сядзеў Бязногі з суседняга дома, упёршыся сьпіной у сьцяну, на якой вісеў леташні каляндар. На чале стала сядзела Вадзімаўна, гучна распавядаючы пра нейкіх Дур. Мужчыны маўчалі, засяроджана жуючы і гледзячы кожны ў сваю талерку. Чвяканне і ціхае пагрукваньне відэльцаў на дзіва ладна траплялі ў такт аповеду Вадзімаўны. Рамонт заўважыў, што ўсе мужчыны апранутыя ў чорныя фракі, a
на Вадзімаўне доўгая сіняя сукенка з глыбокім выразам. На Бязногім таксама быў фрак, “бабачка” і белая кашуля, ён нагадваў верхнюю частку манекена, разрубленага напалову.
Сядай, Рамонцік, сядай, любенькі, завішчала Вадзімаўна. — Бацькі твае, мусібыць, толькі заўтра прыедуць-та!
Рамонт сеў на падрыхтаванае яму месца, парэзаў на лусты хлеб, узяў відэлец і стаў паўнапраўным музыкантам гэтага аркестру.
Пілі часта, елі шмат. Рамонт не п’янеў, і толькі калі запаліў, цяжкое затрамвайшчынскае неба звалілася яму на галаву, вочы праваліліся ўглыб вачніц, і цяпер ён бачыў кухню нібы салдат з акопаў. За вакном сьцямнела, струмені тытунёвага дыму ўздымаліся да столі і там ганяліся за зграямі камароў. Святло лямпачкі раз-пораз дрыжэла; пад падлогай, на паверсе ніжэй, нехта пачаў сьвідраваць сьцяну. Рамонт сядзеў, засунуўшы рукі амаль па локаць у свой зьмякчэлы лоб і зьвесіўшы галаву ў талерку. Ён адчуваў, як вібруе ягонае сэрца ад гуку электрадрэлі; ля ягонага вуха раптам зарохкала труба вадаправода ў ванным пакоі. На кухню нясьмела ўвайшлі нейкія дзеці, колькі іх? Рамонт пачаў лічыць, але хутка зьбіўся. Бязногі заліваў у сябе гарэлку мэтадычна і маўкліва, ён піў ужо адзін, Генадзь Генадзьевіч гуляў з дзядзям Борам у карты. Вадзімаўна дастала з-пад стала яшчэ гарэлкі, аддала дзецям Рамонтавы цукеркі і потым, чамусьці раззлаваўшыся, пачала гнаць іх
спаць. Дзеці заплакалі ціха і пакорліва, аднаго з іх укусілі за палец ажылыя дзверы, ён упаў ніцма і, скурчыўшыся, неяк фальшыва закрычаў нечалавечым голасам. Дрэль юрліва залівалася пад падлогай, кіроўца пачаў з Вадзімаўнай спрэчку, Рамонт горача падтрымаў кіроўцу. Тэма спрэчкі была жыцьцёва важнай, Вадзімаўна не хацела прызнаваць сябе пераможанай, яна стаяла ля пліты як палонная прынцэса і адказвала на выпады — Рамонту ветліва і з мацярынскай цярплівасьцю, a кіроўцу з усякімі нядобрымі словамі. Рамонт крапаў уніз і ўтвараў роўныя лужынкі вакол талерак і кілішкаў.
— А давай мы яе на пліце спалім, — крапнуўшы ў бок Вадзімаўны, прапанаваў Рамонт новаму сябРУ-
— На што? Давай яе лепш, — адказаў кіроўца, прымружыўшыся.
Затым яны цалаваліся на пляцоўцы, тыкаючы запаленымі цыгарэтамі адзін у аднаго. Новы сябра Рамонта быў лепшым чалавекам у сьвеце, самым адданым, моцным і разумным. Рамонт даверліва клаў галаву яму на плячо, нібы піў настой на скуры, бензіне і малацэ. Затым былі нейкія дзеўчыны, была Эвушка-Дэвушка, якая умела граць на гітары і якую кіроўца ледзь не за валасы выцягнуў з дому, дазволіўшы апрануць толькі швэдар. Прыхапіўшы з сабой Эвушку, яны пайшлі катацца на аўтобусе. Пакуль пералазілі праз агароджу аўтапарку, пакуль кіроўца адмыкаў дзверы,
Рамонт цьверазеў у прахалоднага бэтоннага слупа. Эвушка ж наадварот, частуючыся маленькімі глыточкамі прынесеным кіроўцам пітвом, развесялела, кідала на Рамонта пагардлівыя позіркі і называла кіроўцу “Валерка”. У Рамонта забалела галава, забалела рэзка і страшна, нечая чорная пралетарская рука праз кожныя пяць сэкундаў размашыста біла ў чыгунны Рамонтаў чэрап, другая ж рука, інтэлігентная і ружовая, далікатна ка~. лола Рамонта ў мазжачок. Аўтобус выехаў на шашу. 3 палёгкаю Рамонт заснуў на карычневым сядзеньні. Неба па-над Затрамвайшчынай паружавела. Рамонт уткнуўся шчакой у пупырчатая сядзенне, а калі перавярнуўся ў сне на другі бок, уся яго левая шчака была ў гідкіх чырвоных кропках. “Задрымала абмакашка,” — прамармытала Эвушка, тупа гледзячы на мокры асфальт, які бег наперадзе.
1988