Практычны дапаможнік па руйнаваньні гарадоў
Альгерд Бахарэвіч
Выдавец: Рунь
Памер: 155с.
Вільня 2002
Безумоўна, яна не была настолькі глупаю, каб не разумець некаторай фантастычнасьці гэткіх зьменаў у яе існаваньні. Але паступова Тацяна ўнушыла сабе, што знаходзіцца ў санаторыі, можа быць, нават урадавым. “Ну і што?” — думала Тацяна й расплывалася ад задавальненьня, як тлушч на патэльні. “Заслужыла, відаць. Ня кожнаму даюць, а мне — аво!”
Няблага тут было. Але пасьля гісторыі зь Бекасам Тацяна ўсё ж рашылася на пабег. I спрыяльны момант урэшце надыйшоў у выглядзе валейбольнай пляцоўкі і сонечнага, але ў меру, як заўсёды тут, дня. Тацяна гуляла ў вадной камандзе з Мусаліні і Шыкльгрубэр. Зрэшты, гульнёй гэта цяжка было назваць. He для іхнага веку быў валейбол, кожная падача (калі яна зьдзяйсьнялася, што бывала прыкладна двойчы за матч) не
сустракала на сваім шляху аніякіх перашкодаў. Франкіха ўдарыла па мячы кулаком, нібы хацела забіць гэтую ненавісную жоўтую кулю, якую астатнія дамы пераносілі са стаічным цярпеньнем. Мяч, уварочваючыся ад разьюшанай старой, зьбег у ахайны хмызьняк ля высокай белай агароджы.
Мячык дурдын-мурдын? запыталася ў Франкіхі мадам Джугашвілі.
— Мячык дурдын, Воршына мурдын, — са злосьцю адказала Франкіха й падзьмула сабе на чырвоныя, як пасьля сьціркі, рукі.
Тацяна неахвотна палезла ў хмызы. Насустрач ёй па-змоўніцку ўсьміхнулася адтуліна ў плоце. За адтулінай віднелася вуліца. Выпадак сядзеў на судзейскай вышцы, круціў на пальцы сьвісток са слановай косткі і глядзеў на аблокі.
Вуліца была нейкай дзіўнай. Тацяна йшла ды йшла па нагрэтым бруку, з радасьцю адчуваючы, што вецер забраўся ў дзірку на яе новым спартовым касьцюме ды куляецца там, як кот пасьля валер’янкі, — а ніводнага чалавека насустрач ня трапілася. Белыя будынкі ўсё шчыльней абступалі Тацяну, на шчасьце, потым дарога пайшла ўгору... неўпрыкмет Тацяна выбралася на ўзвышша. Аніводнае жывое душы навокал. Якое ж было захапленьне, калі вочы Тацяны выхапілі з суцэльнай белізны і рванага блакіту дрогкую кропку. Панад двухпавярховым будынкам мэтраў за дзьвесьце адсюль, які прыкрываўся ад вуліцы ябланевым садзікам, лунаў непараўнальна яркі на фоне баль-
нічных колераў чырвона-зялёны сьцяг. “Наш,” — забілася ў Тацяны сэрцайка. “Наша,” — усьцешана заклаціўся пад ветрам сьцяг.
Садзік з будынкам простакутнікам атачалі пабеленыя краты. Ад брамкі з гульлівым званочкам у форме рамонку да ўваходу ў будынак ішла дарожка, прыпудраная жоўтым пясочкам, абапал яе драмалі сытыя чырвоныя ды залатыя цюльпаны. Тацяна ледзь ня ўдарылася галавою аб брамку, як гарналыжнік спусьціўшыся з крутога брукаванага схілу. Тут цішыня стаяла нейкая іншая, чым у белым бязьлюдным гарадку... I будынак, і сад здаваліся вельмі знаёмымі. Гэта была амбасада, a можа, нейкі выканкам або РУУС. Ды чым бы гэта ні было, яно было сваім. Тацяна тарганула брамку, нібыта тая ўлезла ў чаргу ні на сваё мейсца, брамка, натуральна, не паддалася. Тады Тацяна пазваніла. Увесь сад павярнуўся да яе заспаным тварам, але на будынку не варухнулася ніводная аканіца. Тацяна пазваніла яшчэ, доўга й нецярпліва, званок мэлядычна й ветліва паказаў поўную адсутнасьць руху ў доме.
Тацяна аддыхалася, села на тратуар, цюльпаны зноў утаропіліся ў па-жаноцку фрызаваную траву й жоўты пясок. Тацяна прысела ля брамкі, там, дзе адна зь яблыняў нахілілася на вуліцай, справіла малую патрэбу. Потым пазваніла ў трэці раз. Пэўны час ёй падавалася, што і цяпер адказу ня будзе, але дом пажаваў губамі і на ганак выйшаў маленькі мужчына ў гальштуку, што вольна
боўтаўся на расшпіленай белай кашулі. Мужчынка хмура паглядзеў на бясхмарнае неба, пазяхнуў і выдастаў з кішэні бляшанку піва.
— Адчыніце! крыкнула Тацяна. Эй, адчыні, я свая! Чуеш? Чуеце? — паправілася яна, падумаўшы, што чалавек перад ёй, нягледзячы на непрэзэнтабельны выгляд, мусіць, мае ўсё ж некалькі кіляграмаў улады.
Чалавек ушчыкнуў бляшанку, са смакам зрабіў глыток і абыякава зірнуў на Тацяну.
— Я заблудзілася! — закрычала Тацяна, — Я ад групы адстала! Я ў трыццаць шостай краме працую, ведаеце? Упусьціце мяне, я ж свая! Гэй!
Чалавек пачасаў грудзі, задуменна паглядзеў на жоўты пясок і паставіў бляшанку побач з сабой на ганак. Потым паглядзеў на сонца і пасунуўся трошкі далей у цень. Пазяхнуў, пачасаўся яшчэ раз, выцер лоб.
— Ну няма ў мяне дакументаў! — заверашчала Тацяна. — Дык ты ж бачыш, што я свая! Я ваша, свая, наша!
Чалавек дапіў піва, паставіў бляшанку ў ног, потым неахвотна падняўся й схаваўся ў доме, які зноў зрабіў стомленую грымасу й замёр.
Ты куды, ты куды? заквохтала Тацяна.
Таварыш! Спадар!
Яна задаволена адзначыла, што мужчына вярнуўся, толькі на галаве цяпер быў трапічны шлем, а гальштук зацугляў шэры, звычайны да замілаваньня пінжак.
— Я ж казала, што ня хлушу... ня хлусю... ну што гэта, ну, — загаварыла радасна Тацяна. Голас яе адскокваў ад цішыні, чэз, бляднеў. — Я ж казала...
Мужчына зрабіў некалькі крокаў па дарожцы, размахнуўся — у бок Тацяны, акурат на тратуар, шмякнуўся папяровы пакет. Яна зьдзіўлена правадзіла поглядам зьнікаючага ў доме мужчыну, разгарнула...
Кволым птушанём выляцела нейкая брашура, за ёй пакаціліся, нібы танцавальны сэкстэт Гуінпленаў, матрошкі, наколькі менш, настолькі пачварней адна за другую. Апошняй з пакету выпала каробка цукерак “Камунарка”. Тацяна, з роту якой ужо гатовыя былі вырвацца салодкія пракляцыді, падняла брашуру й прачытала назву: “40 год ансамблю “Журавінка”
— Каб ты здох, — павольна вымавіла Тацяна і ўпала ў рукі як заўсёды своечасова набеглага Выпадка.
9
Парады.
Сысьці 3 ГОДНАСЬЦЮ Дара Малярыя
Прывітаньне, малая!
Ты выбрала самагубства — што ж, гэта твая свабода, ты маеш поўнае права распараджацца сваім
жыцьцём гэтаксама, як сваімі кішэннымі грашыма або вольным часам. Ня ведаю, што цябе падштурхнула пакінуць гэты “вар’яцкі, вар’яцкі, вар’яцкі сьвет”, але калі ты сур’ёзна вырашыла сысьці, то зрабі гэта, як і належыць жанчыне новага стагодзьдзя (а я гляджу, ты ўжо сапраўдная жанчына, бо самагубства — адказны, дарослы ўчынак) — зрабі гэта прыгожа, стыльна, гігіенічна, бяз сопляў і размазанай па твары тушы. А мы Дара Малярыя і твой надзейны сябра “Ваў” — дамо табе некалькі карысных парадаў. Існуе шмат спосабаў зьвесьці рахункі з жыцьцём. Возьмем самыя распаўсюджаныя й правераныя на практыцы: павешаньне, атручаньне, ускрыцьцё венаў і скачок з вышыні. Утапленьне або кіданьне пад цягнік стала ў наш час нечым пошлым, “з прэтэнзіяй”, ты ж не Кацярына і ня Ганна Карэніна якая-небудзь, а сучасная, нармальная, здаровая жанчына. Дзіраваць з пісталета сваю ачаравальную галоўку? He, пакінем гэта мужчынам. Такім чынам, пачнем з павешаньня.
Вешацца лепш за ўсё раніцай, калі продкі на працы і ніхто ня будзе заламваць табе рукі й ламіцца ў дзьверы твайго пакою. Што табе патрэбна? Добры рэмень з натуральнай скуры, падыйдзе таксама шнур ад бумбоксу ці, на горшы выпадак, звычайны шпагат. Калі ў тваім доме няма добрых крукоў, можна скарыстаць доўгі тоўсты цьвік. Папрасі свайго бойфрэнда, ці, калі сам бойфрэнд і зьяўляецца прычынаю твайго рашэньня, ягонага лепшага сябра ўбіць яго ў сьцяну. Ёсьць навык —
зрабі гэта ўласнаручна, бо сыходзіць з жыцьця лепш нікому нічым не абавязанай, Тое, што ты выбрала ў якасьці “прылады працы”, мусіць шчыльна ахопліваць шыю, але ўсё ж неабходна пакінуць пару сантымэтраў для сьцісканьня. Вешацца лепш басанож. Шыю можна змазаць для гарантыі вільготным крэмам, і самым удалым для падобных выпадкаў лічацца крэмы “Nivea”. Рэзкім рухам выбі з-пад сябе зэдлік (фатэль ці стос збору твораў Купалы тут не падыходзяць), паслаб мышцы жывата і — шчаслівай дарогі!
Плюсы: спосаб досыць гігіенічны й чысты, пасьля цябе не застанецца ні мора крыві, ні раскіданых па пакоі мазгоў. Да таго ж ад цябе патрабуецца мінімум затратаў.
Мінусы: памятай, што ненадзейна забіты цьвік можа адбіць у цябе ўсялякую ахвоту да падобных учынкаў, бо дубль — два надае ўсяму працэсу нешта камэдыйнае. Яшчэ: каб адштурхнуць ад сябе табурэтку, трэба перадолець жывёльны інстынкт самазахаваньня, які, натуральна не ўпрыгожвае жанчыну 21 стагодзьдзя. А перадолець яго бывае ой як цяжка!..
Музыка: “Enigma”, раньнія “Pink Floyd”, Грыг.
Прыклад перадсьмяротнай цыдулкі:
Дарагія мама й тата!
Па сачыненьні мне 5/4. Джэка я выгуляла. Званіла цётка, прасіла прывезьці ёй сульфадымэтаксін. Аліку перадайце, каб больш не тэлефанаваў. На вячэру не чакайце.
Ваша дачка.
(Пасьля напісаньня цыдулкі дасканала правер арфаграфію. Слова “сульфадымэтаксін” правер па слоўніку замежных словаў.)
Атручаньне... Дваццатае стагодзьдзе дало нам тысячы лекавых сродкаў, з дапамогай якіх можна пакінуць гэты сьвет лёгка й прыемна, з прысмакам чагосьці хвалюючага й рамантычнага — быццам сыходзіш з жыцьця пад кадры “Сібірскага цырульніка”. Прымі адпаведную колькасьць пігулак (гл. Табліцу), і залезь пад тонкую коўдру, у сьвежую пасьцель. Бялізну папярэдне высьцірай новым “Асам” ён дорыць сьвежасьць усёй сям’і й зьяўляецца фундатарам нашага з табою часопіса. Ажыцьцяўляць задуманае лепш альбо перад сном, альбо зранку. Глытай пігулкі па адной, а ня кідай у рот жменяй — так лягчэй пазьбегнуць ванітнага рэфлексу. За дзень да справы лепш адмовіцца ад усялякае ежы. Запіваць пігулкі налепей звычайнвй піцьявой вадою. Галоўнае, каб у цябе быў у запасе час, каб гадзін восем цябе ніхто не турбаваў. Прыемных сноў!
Плюсы: абсалютная чысціня. Адысьці ў сне — прыгожа, духоўна і эстэтычна. Бацькі не адразу зразумеюць, што ты назаўсёды засталася ў краіне летуценьняў. У іх будзе час пабыць сам-насам.
Мінусы: дактары насабачыліся цяпер ратаваць атручаных, так што чым пазьней цябе знойдуць, тым лепш. Знойдуць рана — ёсьць верагоднасьць аблому.
Музыка: Вэрдзі, зборка “Love ballads”.
Для ўскрыцьця венаў трэба абраць дзень, калі ўсе дамашнія зьяджаюць куды-небудзь на лецішча. За дзень да справы паскардзіся бацьку на тупыя нажы няхай заточыць іх да таўшчыні воласу. Каб нічога не западозрыў, актыўна бяры ўдзел у гатаваньні салатаў, абіраньні бульбы, нарэзцы хлебу. Зьехалі? Напоўні ванну цёплай вадой і за справу! Старайся не варушыць рукамі й наагул на іх неглядзець. Папрасі ў настаўніка па СМК рэпрадукцыю карціны якога-небудзь перадзьвіжніка, уладкуй яе на краі ванны й атрымлівай асалоду. He ляжыць душа да жывапісу — надзень цёмныя акуляры. Праз хвілінаў восем надыйдзе прыемная санлівасьць... На схеме зьлева паказанае мейсца на руцэ, дзе ўскрыцьцё прыносіць максымальны эфэкт (схема распрацаваная нашымі даўнімі сябрамі — мэдцэнтрам “Вітаманус”. “Вітаманус гэта здароўе для ўсёй сям’і, уключаючы сабаку!)