• Газеты, часопісы і г.д.
  • Практычны дапаможнік па руйнаваньні гарадоў  Альгерд Бахарэвіч

    Практычны дапаможнік па руйнаваньні гарадоў

    Альгерд Бахарэвіч

    Выдавец: Рунь
    Памер: 155с.
    Вільня 2002
    21.61 МБ
    Ён атрымаў выдатную Сястру.
    Дыктатар пачаў з валасоў — нібы спрабуючы вылезьці з глыбіні яміны, ён усоджваў пальцы ў каўтуны й рэзкім рухам, зьверху ўніз, разрываў брудныя ільсьністыя жгуты. Рукі яго груба, ледзь не зрываючы разынкі радзімак, хадзілі па яе сьпіне, сьцяўшы зубы, яна стаяла на каленях, ад якіх ужо адставаў слаямі бруд, стаяла, утаропіўшыся ў чорную адтуліну на дне ванны, і варушыла пальцамі на нагах. Ужо густа намыльваючы Сястры шыю, Дыктатар адчуў са зьдзіўленьнем і жахам, як напінаецца ў ім, цясьнімы нейкім унутраным ціскам, паветраны шарык, і быў гэты шарык зь ягонай, Дыкгатаравай, плоці, ды і ня шарык гэта быў, не — пэтарда, хлапушка, поўная успамінаў.
    Мыла выскачыла з рук і зрабіла плаўную дугу па ваньне — ад краю да краю. Дыктатар кінуўся на кухню, дзьверы за ім бразнулі і расчыніліся зноў, шырокім урачыстым гэстам адкрываючы вітальні траскую постаць, якая з заплюшчанымі вачыма выгінала ў далонях пустату.
    7
    Стары Каспар узьняў руку, растапырыў пальцы... На твар яго, падобны колерам да выпаленай зямлі, апусьціўся цень вельмі важнага, лёсавызначальнага Дзеяньня. Рука некалькі разоў сутаргова здрыганулася, потым з палёгкаю ўпала на бліскучае кола інваліднай каляскі, пачасала яго, нібыта калена. Зрэнкі схаваліся за курчастыя валасы броваў — вочы прыязна паглядзелі на жонку, на квяцістыя шпалеры, на трох багатыроў, якіх звалі няйнакш як Алёша Араміс, Ільля Партос і Дабрыня Атос.
    — Зноў нагадзіў, гора ты маё, — уздыхнула Каспарыха, адварочваючы галаву ад дзьвярнога вочка. Яна па-жывёльнаму панюхала паветра. — Нагадзіў... Ну пацярпі, надта ўжо цікава.
    Ля дзьвярэй суседняй кватэры стаяў, абапершыся плячом аб сьцяну, малады чалавек у блакітным касьцюме. Гледзячы на яго, разьдзьмутага оптыкай вочка, Каспарыха адчувала зайздрасьць яе сыночак нядаўна адзначыў сваё шаснаццацігодзьдзе... Шаснаццацігодзьдзе знаходжаньня ў розных
    калёніях строгага рэжыму. Гэты ж быў, па ўсім відаць, культурны, зь мяккімі, амаль дзявочымі рысамі твару, чыста апрануты, добра паголены, у руцэ трымаў вялікі букет белых ружаў, часам ён падносіў да вільготных бутонаў вольную руку й потым зноў прыбіраў — сьціскваючы пальцы, размазваў ваду па сухой далоні, далікатна так, нібы ў кіно. А галоўнае, гаварыў культурна, неразумела і ад гэтага быў яшчэ болып прывабны. Толькі адно бянтэжыла Каспарыху — прыемны малады чалавек прыйшоў да гэтай шлюхі, гэтай толікавай мокрашчолкі. Авой, як гэта было ўсё ж цікава... Надта цікава, надта ўжо.
    Нас разьдзяляюць дзьверы, драўляныя дзьверы таўшчынёю ў некалькі сантымэтраў. Па адзін бок дзьвярэй можна хадзіць голым, расчляняць трупы, здымаць порнафільмы, вырабляць фальшывыя грошы, сьпяваць, паліць траву й піць гарэлку. Па другі бок можна толькі атрымаць за ўсе пералічаныя дзеяньні заслужанае пакараньне. Ад штрафу ў розгах-мінімалках да найсправядлівейшае дзяржаўнае кулі... Два твары — твой і мой — па розныя бакі дзьвераў, дзьве пары вачэй, якія намагаюцца глядзець адна на адну ва ўпор праз зафарбаванае дрэва, два галасы, балянсуючыя на той уяўнай мяжы, зьлева ад якой напружаны слых суседзяў, справа — неразборлівы шэпт. Ну як, спадабалася?
    Што адказвалі маладому чалавеку з-за дзьвярэй, чуваць не было, але адчыняць яму пакуль не зьбіраліся. Зрэшты, па далейшай размове Каспа-
    рыха шмат зразумела, і госьць яе прыдуркаватых суседзяў паціху страціў сваю прывабнасьць.
    — Я хачу толькі ўбачыць цябе... клянуся. Разумею, разумею твой недавер. Ну, адчыні, і я ўсё растлумачу... Я... Я папросту ня ведаю другога спосабу пазнаёміцца з табой. Ты так доўга была для мяне таямніцаю... але ўчора...
    Малады чалавек выпрастаўся, памахаў ружамі. Адказ з-за дзьвярэй на момант сказіў ягоны твар.
    — Я разумею, што гэта сьмешна, але твая таямніца ўжо выпальвае мяне знутры. Можа быць, я буду расчараваны, калі ўбачу цябе... Я... Я ўжо ведаю пра цябе трохі, ты маеш доўгія валасы, ты любіш глядзець з вакна на трамваі ўвечары, ты можаш быць задуменнай... Прашу цябе, адчыні, я толькі пагляджу на цябе й сыйду.
    Выслухаўшы адказ, госьць нахмурыўся, выдастаў насоўку, відаць, прапітаную цярпеньнем, выцер твар. Голас ягоны, аднак, усё гэтак жа мякка бруіўся праз поры ўпартых дзьвярэй.
    — Па-першае, твайго, як ты кажаш, мужа ў кватэры няма, ты дома адна, ён сыйшоў гадзіну таму. Па-другое, ён табе ня муж, ня брат і ня сьвёкар.
    — Пра прапіску ў яе спытай, прашаптала Каспарыха, патрэсшы ўспацелым бюстам і адцягнуўшы ад яго на пару сэкундаў мокры станік.
    — Хаця... мне да гэтага ніякае справы няма. Я толькі паглядзець...
    Малады чалавек прысеў на прыступку, запаліў цыгарэту. Праз вочка Каспарысе здавалася, што
    лесьвічная пляцоўка зараз перакуліцца дзіўным госьцем уверх і сонечная пляма на паверсе вышэй апынецца якраз на клятчастай анучы ля каспарыхаўскіх дзьвераў.
    — Ну вызірні хаця б у вакно... давай зробім так: я кладу кветкі ля дзьвярэй ды сыходжу, а ты вызіраеш у вакно... пры дзённым сьвятле... я ўбачу цябе пры дзённым сьвятле...
    Каспарыха не сьпяшалася адыходзіць ад вочка, хаця стары Каспар ужо роспачна біў учэпістай кляшнёю па коле каляскі, і, як высьветлілася, зрабіла слушна. Дзьверы прыадчыніліся,мільгануў уніз цёмны клін валасоў, і раптам белы кветачны вагонь успыхнуў у мутным вочку, засланіўшы Каспарысе агляд. На шкло вочка села кропля вады й памкнула праз увесь экран — рэзкімі рыўкамі. Відаць, суседка Каспарыхі стаяла на парозе й трымала ружы ў руках. Тут жа пад’езд выбухнуў грукатам, наваліўся блакіт, зьнік, зьявіўся зноў. Каспарыха, аматарка ўсялякіх тэлевізійных журналісцкіх выведваньняў, успомніла, што так зьмяняецца выява на экране, калі пачынаюць біць апэратара. Нарэшце перад Каспарыхаю засталася адно пустая пляцоўка ды, як заўсёды, замкнённыя дзьверы. Адсунуўшы ўбок каляску са свьвідруючым яе вачыма мужам, Каспарыха кінулася да тэлефону, набрала нумар:
    — Таісься? Ты бачыла, Таісься?
    — А то! — урачыста й змрочна адказала Таісься, праціраючы крысом халата мышыныя акуляры.
    8
    На новым мейсцы Тацяна Воршына пачувалася ня надта блага. Хутка яе нельга было ўжо вылучыць з агульнага кодла старых дам, якія, шляхстна прыпадымаючы крысьсё доўгіх шаргатлівых сукенак, дробненька й чынна тупаючы па паркетнай падлозе йшлі на сьняданак, у танцавальную залю альбо на валейбольную пляцоўку. Някепскія стасункі склаліся ў яе са спадарыняй Мусаліні — тая была ахвочая да размоваў, часта садзілася побач, шчыльна сьціснуўшы калені, нібы дзяўчынка ў караценькай сукенцы, і пачынала свае доўгія маналёгі. Па Тацяніным твары прабягала пакутлівая рабізна, яна намагалася знайсьці ў гэтай няспыннай плыні хаця б адно знаёмае слова, і часам знаходзіла, што не давала ёй ніякай карысьці. Дачакаўшыся, пакуль спадарыня Мусаліні спыніцца, каб перавесьці дух альбо паглядзецца ў люстэрка, Тацяна цяжка ўздыхала, нібы зацягваючыся “Беламорам”, ды змрочна гаварыла:
    I не кажы... Што ўжо тут: бог даў, бог і ўзяў... Або:
    — Дык і я пра тое ж... He каб так — дык ён во як!
    Гэткія размовы давалі Тацяне пачуцьцё прыналежнасьці да новага калектыву. Кіраўніком яго, ведама ж, быў спадар Выпадак — Тацяна пабойвалася яго, як свайго начальніка ў тым жыцьці, загадчыка сталічнае крамы № 36 Пятра Пятровіча, і гэтак сама як да Пятра Пятровіча, спрабавала да
    яго заляцацца. Хаця яшчэ ні адзін мужчына ў сьвеце, ня лічачы хранічнага алкаша, нябожчыка Воршына, не капітуляваў перад яе вабнотамі. Дый спадар Выпадак быў непахісны, у вадказ на ўсе намаганьні Тацяні>і глядзець на яго кароўімі вачыма ён адказваў флегматычна, ці то з польскім, ці то з французскім акцэнтам: “Ты што, Воршына, забыла дзе знаходзішся?” — і Тацяна балюча калола сабе сьпіцаю палец, пралівала кіпень на ногі.
    — А дзе, дзе я знаходжуся? — у соты раз пыталася крыўдліва Тацяна, але Выпадак ужо клікаў усіх дам на штодзённыя сьпевы, дзе сам садзіўся за фортэпіяна або валасатымі рукамі ў лайкавых белых пальчатках дырыжаваў гнусавымі галасамі, моршчыўся, калі спадарыня Лукашэнка пачынала цягнуць пурытанскі гімн ‘Тасподзь дасьць мне болю” на матыў “От хто та з горачкі спусьціўся” і казаў строга:
    — Ну-ну, эўрыбадзі з трэцяй лічбы!
    Напачатку Тацяна адкрывала рот з усёй адказнасьцю, бо яе знаходжаньне тут асьвятлялася цудоўнымі нядзелямі, калі ў вялікай залі прыбіралі плеценыя крэслы ды столікі й ладзілі танцы. Выпадак прыводзіў аднекуль сівых кавалераў у лямпасах, галунох і ардэнох, і тыя, выпаліўшы з Выпадкам пару люлек пад каньяк, падкручвалі бравыя вусы й запрашалі дам у свае мужныя абдымкі. Выпадак садзіўся за падобны на антыкварны камод белазубы “Вэльтмайстэр”, лагодна пазіраў на парачкі, і пальцы ягоныя выбухалі “Венскім валь-
    сам”. Танцы звычайна працягваліся нядоўга, ужо пасьля першых тактаў кавалеры адзін за адным адсейваліся, падаючы ў фатэлі ля сьцяны й ліхаманкава глытаючы валідол. Дамы ціха накрывалі на стол (прыслужніцу Лізку па нядзелях адпускалі ўніз). Усё сканчвалася гарбатаю з тортам ды любоўнымі цыдулкамі.
    На адной з такіх party Тацяну ўпершыню ў жыцьці запрасілі на танец. Прыгожы мурын з асьляпляльным позіркам, чымсьці падобны на Саладуху, закружыў яе ў шалёным вальсе, з жарсьцю ўпіўшыся кіпцюрамі ў Тацянін азадак. Прыгадалася юнацтва, танцпляцоўка ля інтэрнату, сяброўка Любка... Вось ён, аказваецца, які, сапраўдны танец! Даведалася праз трыццаць год.
    — Балюча мне, малпа, — пяшчотна казала Тацяна, прыціскаючыся да мурына, робячы трусіныя вочы і адчуваючы, што зараз не ўстаіць на нагах ды паляціць у аранжарэю.
    Ёй пашанцавала — Тацяна здолела зразумець, што завуць кавалера Бакаса. “Бакасу” яна адразу ж для зручнасьці перарабіла ў Бекаса — было ў гэтым слове нешта ад блатной рамантыкі, ад чорнабровых хлопцаў з заточкамі, якія дораць дзевушкам кольцы і брасьлеты, шляпкі і жакеты, і салодка цалуюць, дастаючы з кішэняў наганы, калі ад груку ў дзьверы трымціць на сьцяне гітара з бантам... Але ў наступную нядзелю Бекас танчыў з тоўстаносай спадарыняй Франка, і гэтую здраду Тацяна так і не змагла яму дараваць.
    Так, тут было ня так ужо й блага.
    Ня так ужо й блага, калі ўсё зрабіць зручным для ўспрыманьня, усё прыстасаваць пад сябе. Тут кармілі чатыры разы на дзень, давалі апэльсінавы сок, бараніну ў бананах і ўсялякіх гадзінаў, якіх Тацяна ня то што ня ела ніколі, але і ў “Сьвеце жывёлаў” ніколі ня бачыла. Апошніх яна ўдала выкідала ў аранжарэю, і гэта адбывалася так часта, што пакрысе адтуль пачалі зьяўляцца галодныя вочы нават тых расьлінаў, якіх там ніхто не саджаў. Праўда, пасьля заўвагі, зробленай Выпадкам, Тацяне давялося есьці й кальмараў, і вустрыцаў, і вусеняў, і сабакаў.