Практычны дапаможнік па руйнаваньні гарадоў  Альгерд Бахарэвіч

Практычны дапаможнік па руйнаваньні гарадоў

Альгерд Бахарэвіч
Выдавец: Рунь
Памер: 155с.
Вільня 2002
21.61 МБ
Там Тухлік набыў пасьля доўгіх падлікаў белы хлеб і скарміў яго галубам у сквэры — тыя есьці не сьпяшаліся, вырашыўшы спачатку дакатаваць нейкага свайго суродзіча. Дакатаваўшы, яны абурана пачалі таптацца па крошках і ў ва ўсім гэтым
звадліва было ўбачыць нейкую мэтафару... Тухлік мэтафары ня ўбачыў, набыў цыгарэту, запаліў, кінуў у сьметніцу апошні ні да чаго не прыдатны рубель, адчуў, як запаўняецца горкай сьлінаю рот. Жыцьцё вярнулася. Рукі ўспацелі. Вакол гандлявалі кветкамі.
Ногі правялі Тухліка па некалькіх крамах, дзе ён напоўніў даверху пакет бліскучымі дэлікатэсамі, па адным буціку, дзе маладыя прадавачкі завязалі на ягонай калючай шыі новы, яшчэ цнатліва-сіні гальштук, трох кнігарнях, у вадной зь якіх Тухліку загарнулі ў цэляфан шыкоўную, з пылам і сонечнымі промнямі кнігу (зь яе вокладкі яму проста ў твар дыміў люлькаю вядомы паэт-канцэптуаліст), падвух Інтэрнэт-кавярнях, па...
Уздыхнуўшы, Тухлік паставіў “бы” на мейсца. Пасьля доўгіх блуканьняў па бясконцых дварох ён апыніўся на апошнім паверсе Палаца культуры, на гаўбцы пад самым дахам — зьлева ад яго спрабавала скончыць жыцьцё самагубствам скульптура рабочага з молатам, гранітная жанчына ўтрымлівала яго, махаючы сьпеленатым дзіцём. На Тухліка глядзеў горад. У скрыжаваньні вуліц з вышыні зазвычай можна прачытаць словы, якія словы — гэта ўжо залежыць ад таго, хто чытае. Тухлік прыходзіў сюды не ўпершыню, але толькі сёньня яму выразна ўбачылася крыва, нібы дзіцячай рукой выведзенае друкаванымі літарамі:
НЕНАВІДЖУ.
Ж утварала плошча ў далёкім сінім мроіве.
Паўсюль сваволіў Агул — Агул, бог транспарту, тэлефону, лятарэяў, гадзінаў пік, пацалункаў, чэргаў, неверагодны бог ня ведаючых, дзе вуліца Гэная і дзе вуліца Тая, бог ня маючых запаліць і ня маючых хлеба, бог бежанцаў і экстравэртаў, бог паразытычнай чалавечай мовы. Агул як цяжка адрачыся ад яго, вечна маладога, любімай гульнёй якога з маленства, праведзенага ў Алімпійскім завулку, зьяўляецца гульня ў ператварэньні.
“Скрайнасьць вось найлепшая абарона,” — думаў Тухлік, зьбягаючы па прыступках уніз міма стэлаў з выявамі Вялікіх людзей. “Скрайнасьць. Народ ратуюць ня выбары, а рэвалюцыі, цяжка хворага — тэрміновая апэрацыя, а не пігулкі. Самотнага выратуе жалезная скрыня два на два ды хлеб праз шчылінку, а не выпадковыя палавыя сувязі з бадуном адзіноты. Скрайнасьць!”
“Нас край на бой сьвяты паклікаў!” бубнелі дынамікі ў фае палацу. Дзеці падтрымлівалі пад рукі нейкага вэтэрана й кармілі з лыжачкі мікрафонам. Тухлік выскачыў на вуліцу. Ён бадзёрай хадой (бо ніжні гузік нарэшце адляцеў) увайшоў у сквэр і прысеў на лавачку ля маладога чалавека, які прыпальваў адну цыгарэту ад другой.
— Лепшы від на гэты горад, калі сесьці, — павітаўся Тухлік і змахнуў са шчэці на твары хлебную крошку.
Макс сядзеў у сквэры ўжо гадзіну, але толькі пасьля другой пляшкі піва яму палягчэла. Цяпер можна было бяз страху паліць, не чакаючы, што
зацяжкі будуць адгукацца ў скрынях надсадным рэхам. Піва перамагло раніцу, і цяпер сьвет пахістваўся вакол на залатых піўных хвалях, хутка саграваемых сонцам. Двухлітровая сьвядомасьць Макса таксама была залітая півам, думкі млявымі бурбалкамі ўздымаліся, а можа, апускаліся, і нават ня думкі, — так, урыўкі фразаў, размытыя словы... адкрыцьцё клюбу цнатліўцаў... Дара... ганарар... піва... лепшае піва — гарэлка... трыццаць штук... палціньнік... Пялевін... Дара... задніца... грудзі... Дара... “Парагвай”... ваў... ёў... Дара... матор... Макс паглядзеў на гадзіньнік: яго чакала важнае спатканьне, але ня ўбачыў нічога, акрамя трох стрэлак на цыфербляце. “Колькі ж гэта часу,” — спалохана падумаў ён і тут жа паніка адступіла, засталася толькі пена, цяжкая піўная пена. Хер яго ведае, колькі часу, зрабіў Макс яшчэ адзін глыток. Хер. Дара. Ганарар. Як лісьлівы швайцар, ён упускаў у сябе ўслед за пахмельлем новае ап’яненьне — барочнае, пульхнае, піўное.
Насамрэч Макс хацеў думаць выключна пра Дару — учора яны ўжраліся ў дупу на адкрыцьці “Парагваю”, і Макс павёз яе да сябе, у таксі таропка зрываючы са сьцёгнаў Дары тыя пятнаццаць год, якія іх разьдзялялі. Потым...
...Потым гэтая старая курва наржалася ўволю, пакінула Максу хуткі пацалунак у разгублены рот ды станік у ванным пакоі, а сама зьбегла. “Яна была вінаватая, яна,” — думаў Макс. “Пахла ад яе неяк ня так.. Сьмярдзела яна, сьмяр-дзе-е-е-ла-
a...” — пераконваў ён сябе. “Але ж я яе... Трэба ра... рэ-а... рабі... эрэабі... раббіліцірацца...”
Макс зрабіў глыток і, невядома навошта, узбоўтаў пляшку. Ён павярнуў цяжкую галаву і ўбачыў між вясёлкавага сьвятла жабрацкага выгляду мужчыну ў запыленым драпавым паліто.
— Лепшы від на гэты горад, калі сесьці, — сказаў жабрак і пацягнуў Максу далонь. — Анатоль.
Макс з агідаю паглядзеў на чорна-фіялетавыя пазногці й пасТірабаваў вярнуцца ў свой залацісты ранак. Ён зноў згадаў пра нейкае прызначанае спатканьне, зірнуў на гадзіньнік стрэлкі разьмяшчаліся цяпер ужо відавочна ня так, але час Макс быў вызначыць ня здольны. Ён утаропіўся на мураўепадобныя стрэлкі і ня слухаў:
— Чыталі Вонэгута? — махаючы рукой, загаварьгў жабрак. — Там у яго ёсьць такое паняцьце — карас.
Жабрак паглядзеў на кашулю Макса з бэджам “Самца”, спытаў усьцешана: “Журналіст?” і, не дачакаўшыся адказу, працягваў:
Дык вось карас. Паводле кнігі Баканона, карас ёсьць групай людзей, якія выконваюць божую волю, ня ведаючы, што твораць... Усё чалавецтва падзеленае на такія групы. Калі вы зразумееце, што вашае жыцьцё пераплялося з жыцьцём іншага чалавека без асаблівых на тое прычынаў, то гэты чалавек, хутчэй за ўсё, — сябра вашага караса. Вось журналісты — таксама карас... і жыхары аднаго мікрараёну, і чарга па хлеб, і францу-
зы, і творчая інтэлігенцыя — усё карасы! I вы — член майго карасу.
Макс пахіснуўся, і Тухлік прыняў гэта за згоду.
— Межы, прыдуманыя намі... Нас мусяць вызначаць фэномэны: каханьне, сьмерць, творчасьць, самота, гармонія з...
Тухлік намаляваў у паветры нешта падобнае на тэлевізар.
— Дзяржава жывіцца карасамі... яна грунтуецца на сыстэме карасаў... Карасы кіруюць намі, нашым жыцьцём... Вось вы дзе ўчора правялі вечар?
— П-прэзентацыя, — нечакана вымавіў Макс і сам зьдзівіўся, адкуль узялося гэтае слова.
— Рытуал... яшчэ адзін рытуал, Тухлік пакруціў у пальцах гузік паліто. — Карасы без рытуалаў не йснуюць...
Максу ўсё гэта раптам падалося страшэнна цікавым. Ён не разумеў аніводнага слова, але “карас” так лёгка ўвайшоў у галаву... Даара... грошы... карас... піва... Дара... карас... Ён падсунуўся бліжэй, і напружаным словам Тухліка стала лацьвей абцякаць Макса й сплываць у нікуды.
Любое паўтарэньне цягне за сабой рытуал... любое паўтарэньне пагражае надаць тваім рухам і словам непатрэбную сакральнасьць. Звычка, падабраная ў сэнтымэнтальным двары юнацтва, неўпрыкмет вырастае ў рытуал, які акупуе твой маленькі сьвет і становіцца той жывёлай, на плячох якой ты едзеш праз жыцьцё ў нябыт...
Тым часам піўная пена стала пакрысе чэзнуць,
і вакол Макса праз закалыхваючыя сьветлыя колы пачалі праступаць дрэвы сквэру, і патыхаючы булкамі асфальт пад нагамі, і цікаўныя фары за агароджаю, і гучны смурод з вуліцы... сквэр як куфэрак зачыніўся тоўстым простакутным ценем папросту сонца зайшло за хмару. Зноў прыйшоў боль у скронях, як лядоўня шумна запрацаваў страўнік, млосна стала, халодна й словадасягальна — Макс кінуў пад ногі недапалак.
— Існаваньне тут не пайшло мне з самага пачатку... ведаеш, як гавораць — не пайшло... — шукаў Тухлік, зазіраючы ва ўжо непазнавальныя вочы Макса. — I таму сёньня я вырашыў разьвітацца... разьвітацца з вамі ўсімі... хачу быць каштоўным сам па сабе... сам па сабе, а ня як член карасу. Памятаеш, як гэта было ў кагосьці: унутраная эміграцыя... Калі няма радзімы, ствары яе сам. Тэрыторыя ёсьць, трэба...
— Добра, — сказаў Макс, зрабіў апошні глыток цяжкага, ртутнага піва й працягнуў пустую пляшку Тухліку. — Трымай. Заслужыў.
Роспач, якую Макс усё ж здолеў разгледзець у гэтых пакінутых так далёка ўнізе вачох, ён вытлумачыў па-свойму.
— НА, у руках Тухліка апынулася новенькая тысячная купюра. Падумаўшы, Макс дадаў да яе некалькі цыгарэтаў.
Дайшоўшы да выйсьця са сквэру, ён зноў зірнуў на гадзіньнік і ўрэшце здолеў зразумець, колькі ж усё-кі часу.
4
I надыходзіць момант, калі спаць больш ня хочацца. I надыходзіць хвіліна, калі вочы пачынаюць чапляцца за кожную дробязь: трэшчына на стале падобная на свастыку, цяжка дыхае фіранка і ў выразе сьпінкі суседняга пустога крэсла ясна бачыцца люмпэнскае нахабства. Такое абвастрэньне пачуцьцяў... А палове на адзінаццатую вечара здагадваешся, у каго з жанчын месячныя, здагадваешся менавіта па паху, які пануе ў пакоі. Час скончыць працу, бо фантазыі на тэму таго, што адчувае кававае зярнятка ў самай гушчы поўнай бляшанкі “Nescafe”, ужо невыносныя. Блакітныя кашулі ў шэрым кабінэтным дыме пасоўваюцца туды-сюды, і нават у гэтым адвольным пасоўваньні заўважаеш свой парадак. Дахаты. Дахаты.
Шапік — прыпынак — трамвай. Тры жанчыны за шклом: прадавачка, бляндынка ў акулярах — вецер маша яе валасамі мне на разьвітаньне, і ўрэшце вагонаважатая, якая рамантычна ўзіраецца ў вагні наперадзе. Я еду дахаты. I ўсё ж сказаць: трамвай вязе мяне дахаты — дакладней, бо я цяпер — абвяржэньне любога дзеяньня. Я кайфую ад сваёй нерухомасьці, сваёй пасыўнасьці, і толькі зрок яшчэ абвостраны: тупы яго канец упіраецца ў беднаваты трамвайны інтэр’ер, а заточаны коле, коле, коле... На сядзеньні збоку нешта напісанае маркерам — я нахіляюся, каб паглядзець, і ў расчараваньні адкідваю галаву: “Prodigy”. На маім
ляканічна і ёміста выражанае Слова Мацернае — колькі дасканаласьці, якая завершанасьць у нараджэньні шматзначнасьці. Такім дзецям трэба штодня набываць туш і шоўк.
Нават гумка для валасоў пад маімі нагамі падаецца загадкавай. Троцкага —Зіноўева — Каменева. Бухарына. Добра, што ўначы прыпынкі не абвяшчаюць уголас. А загадкі працягваюцца. Вось, напрыклад, мікраскапічныя літары алоўкам на глянцавай жанчыне ў труне салярыю: “ Няхай трамвай прывязе цябе ў тваю краіну, як зрабіў гэта са мной”. Загадка, загадка — зрэшты, ня большая за ігнараваньне Кіроўніцкай вуліцы Бэндэ. I ўсё ж галоўная таямніца яшчэ наперадзе, цераз два прыпынкі.