Практычны дапаможнік па руйнаваньні гарадоў  Альгерд Бахарэвіч

Практычны дапаможнік па руйнаваньні гарадоў

Альгерд Бахарэвіч
Выдавец: Рунь
Памер: 155с.
Вільня 2002
21.61 МБ
школьную сяброўку, якая прабівала Дары вушы? нагадвала
дачку Дары
яна
нагадвала
толькі б заліць тушшу белізну лба дадаць вуснам абветранасьці
яна нагадвала
зрабіць ін’екцыю драпежнасьці гэтым скулам дадаць кашчавасьці падбародзьдзю
нагадвала
абрэзаць нябачныя, але добра ўяўляемыя празь цямрэчу валасы
пілкай для пазногцяў сплесьці сетку зморшчынаў перапісаць нанова
ператварыць гэтае дзіця ў гліну — і зрабіць вялікім пальцам
літаральна дзьве неабходныя ўмяціны яна
Яна нагадвала Дару. Дачкой яе яна быць не магла, у гэтым можна было не сумнявацца. Але гэта была Дара, тая Дара, якая раней магла пакласьці ў сваю касмэтычку ўвесь горад ды выкінуць у бліжэйшую сьметніцу, якая ўмела ператварыцца ў попел ды зачынаць дзяцей у такім выглядзе. Тая ж Дара, толькі крыху падправіць. Якая ж пакутлівая справа: усё жыцьцё шукаць паўтарэньне сваёй першай жанчыны... прынамсі, паўтарэньне вонкавае. Воршын знайшоў сабе новую Дару, вельмі неблагую новую Дару, Дару адрамантаваную. Няхай сабе падсьвядома, але ўсе яны — Апалёны ды карлікі, Адамы й Саддамы, валасатыя, наіўныя,
жорсткія, імпатэнты ды машыны па вытворчасьці спэрмы, безвалосыя, алькаголікі, цынічныя, сэнтыментальныя, — усе маюць замест вачэй маляўнічы трафарэт, які прыкладаюць да жаночых абліччаў, да белалобых дзяўчынак на сваіх рыпучых раскладанках. Вось што такое праславутыя вочы каханага — два трафарэты, і нічога болей.
Апрануўшыся, намацваючы ў кішэні плястмасавую каралеву, Дара выйшла з кватэры й накіравалася да стаянкі таксі. Па яе калене скрыпічным ключом вілася тонкая белая нітка.
6
Падземны пераход гудзеў нібы пыласос, і, як Дыктатар не супраціўляўся, натоўп усё ж прымусіў яго спусьціцца бачком, па сходах для дзіцячых калясак — пад сырыя крапаючыя зводы. Пасярэдзіне доўгага тунэлю сарамлівы чалавечак зьдзяйсьняў вулічны пэрфоманс раздаваў запрашэньні на працу. Ад гэтага маладзёна Дыктатар увярнуўся зь лёгкасьцю, але адразу ж быў схоплены мужыком у мехавым капялюшы:
— Прабач, ня ведаеш, дзе тут “Лакі-фарбы”? — спытаў чалавек-капялюш, даверліва беручы Дыктатара пад локаць. Гідліва вызваліўшы руку, Дыктатар выціснуў праз зубы: “Сам тут упершыню”, але чалавек-капялюш ужо таропка гаварыў, шырока разяваючы рот з залепленымі яечным жаўтком зубамі:
— Адны гавораць тут другія туды йдзі тыя нахер я тут блін жонка дык гэта лакі фарбы лакі страйкі.
Дыктатар няпэўна ўзмахнуў рукамі ды рвануўся да выйсьця, але шукальнік лакаў нагнаў яго і зноў ухапіўся за локаць, з роспаччу, як за поручань адыходзячага цягніка:
— Слухай, набудзь капялюш, а, грошы ўсе на вакзале скралі, я зь Цьвяры прыехаў, набудзь, а, ня ў падлу, друх!
Дыктатар прыцягнуў капелюша да сябе і кароткім непрыкметным рухам ударыў пад рэбры. Пакуль той прагна глытаў паветра, абапёршыся на заклееную афішамі сьцяну, Дыктатар апынуўся ўжо ля самага выйсьця. Памкнуўся наверх, да шэрага неба, і раптам убачыў Сястру.
Сястра стаяла на прыступках, прысланіўшыся сьпіною да парапэту. Жоўтае расшпіленае паліто здавалася зацьвярдзелым ад вытрыманага бруду й холаду, празь яго было відаць шырокую спадніцу, наўмысна спушчаную на самыя сьцёгны, каб прыкрыць ногі да пятаў — беспасярэднім позіркам дажджавога чарвяка на Дыктатара глядзела з жывата Сястры абрэзаная гумка. Але ні растаптаныя рудыя чаравікі, ні галодны бляск вачэй не выклікалі шкадаваньня... Жабрачка стаяла між сьпяшаючых людзей як лягерны ахоўнік, міма якога чарадою рушаць зьняволеныя. Таму, мусіць, і грошай ёй кідалі гэтак мала накрыўка ад нейкае каробкі ў руках Сястры толькі падавалася яшчэ больш
пустой ад некалькіх бледна-сініх паперак на дне. Сястра.
Дыктатар спыніўся, двойчы яго штурхнулі ў плечы тыя, хто йшоў сьледам; урэшце ён праціснуўся да Сястры. Тая паглядзела на яго безуважна, пасмактала кончыкі сваіх тлусных зваляных валасоў. Ад Сястры пахла мачою.
— Есьці хочаш? — спытаў Дыктатар, падсунуўшы твар да самых яе вачэй.
Тая зірнула абыякава ды адвяла погляд.
— Сястра... — прашаптаў Дыктатар, правёў далоняй па яе бліскучых валасах, узяў за горла, абхапіў пальцамі шчокі, памацаў. Дзяўчына не працівілася, толькі вочы ейныя пагардліва пазіралі на людзкое ракочучае месіва.
— Хадзем са мной, — Дыктатар схаваў яе халодныя пальцы ў свае ды павёў наверх. Яшчэ пранізьлівей зайграў скрыпач, які стаяў побач, і голас у глыбіні пераходу залямантаваў усьлед: “Мужчына! Мужчына! Паглядзіце, якія ружы!”
Яны выбраліся з праспэкту й пайшлі пад нізка навіслымі гаўбцамі вузкай ды застаўленай аўтамабілямі вуліцы. Краем вока Дыктатар заўважыў, што за ім зь пераходу выйшлі двое жабракоў — аднаго зь іх Дыктатар бачыў колькі хвілінаў таму ў пераходзе: апрануты ў выцьвілую цяльняшку, той сядзеў, па-ўсходняму закруціўшы пад сябе ногі. Другі быў маладзей за першага, у руцэ ён трымаў мыліцу, калі-нікалі важка хапаючыся за самую яе сярэдзіну. Хаця перасьледнікі імкнуліся не паска-
раць сваю хаду надта відавочна, адлегласьць між імі скарачалася. Дыктатар упіхнуў Сястру ў дзьверы грамадзкай сталовай.
На шчасьце, у сталовай было некалькі наведнікаў. Чалавек у добра пашытым касьцюме, з дыпляматам у нагі, разгрызаў за столікам у вакна пузатую капэрту чабурэку. Дыктатар кінуў Сястру ля яго, а сам, на хаду дастаючы атрыманыя ад чалавека-рыбы грошы, пайшоў да раздатачнай. Вадкае першае, плоскае другое, кампот — Сястра прынялася за ежу шумна, рохкаючы, адрыгваючы, выплёўваючы на стол храшчыкі, яна прыняла абед як належнае. Іхні сусед з падвоенай хуткасьцю ўзяўся за чабурэк, адвярнуўся да вакна, нібыта зь цікавасьцю аглядаючы краявід: напаўсьпілаваныя дрэвы сквэру, як пальцы нябожчыкаў, імкнуць да зацягнутага хмарным друзам неба, падлеткі, усе як адзін валасатыя ды ў чорных скуранках, п’юць гарэлку з плястмасавай шклянкі; ля сваіх пэйзажаў, больш падобных на дрэнна зробленыя фота Батанічнага саду, гаротна сядзіць барадаты мастак і змахвае п’яныя сьлёзы. Перасьледнікі стаялі каля ўваходу ў сталоўку й пра нешта актыўна спрачаліся. Дыктатар паглядзеў на Сястру, падбародзьдзе й нос якой цалкам пакрыліся бульбяным пюрэ, уздыхнуў і расшпіліў куртку — на плечы ўпаў KayHep. У сталовую ўвайшлі два хлопцы, стрыжаныя пад Таранціна, на парозе спыніліся, цвынкнула бутэлька, і першы сказаў:
— Ды ну нафіг, тут нейкі хоспіс...
Другі павёў носам.
Сястра аблізвала талерку. Дыктатар вынуў з кішэні сшытак, знайшоў абгрызак алоўка й, паблізарукаму схіліўшыся да паперы, вялікімі літарамі напісаў:
СЁНЬНЯ ЗНАЙШОЎ СЯСТРУ
Ён пасьлініў аловак, кінуў беглы погляд у вакно. Сястра глядзела на яго безь цікавасьці.
Сястра Дасьць Сілы Раз На Месяц Можна Трываць Інкогніта
Жабракі на вуліцы пачалі выказваць нецярпеньне, адзін памкнуў да дзьвярэй, другі яго ўтрымаў, пракрычаўшы нешта ў самае вуха. Дыктатар зноў схіліўся над сшыткам.
Hori Твае Рассунутыя Мая Трыюмфальная Арка
Сястра Народжаная Для Мяне
Грудзі Твае Мой Скіпэтр Мая Дзяржава
Сястра Жалезная Заслона
Вашае Дыханьне He Парушыць Маю
Паветраную Прастору
Ён захапіўся — на твары Сястры між тым нарэшце зьявілася падабенства выразу, — нейкае дзіцячае чаканьне далейшых падзеяў, зусім не азмрочанае страхам. Дыктатар таропка сунуў сшытак у куртку. Пазяхнула касырка, бліснуўшы залатымі зубамі. 3 гулкім тупаньнем, бы жаўнеры, паднятыя па трывозе, у масыўны бак паляцелі тоўстыя піражкі, прынесеныя паварыхай... Дыктатар ускочыў, са скрыгатам падсунуў да дзьвярэй стол, схапіў Сястру за руку ды рынуўся праз разда-
тачную ў нетры сталовай. На твары Сястры падскоквала застылая ўсьмешка. Яны пранесьліся празь цяжкую пару, празь закратаваную падлогу, пад якой гарэлі загадкавыя вагні, быццам у нейкай фантастычнай лябараторыі, перавярнулі абавязковы пусты рондаль... павары з ахвотаю крычалі, лаяліся ім усьлед — толькі й чакалі гэтага ўварваньня. Перад выйсьцем Сястра пасьлізнулася на кафэльнай падлозе, Дыктатар, як фігурыст партнэрку, правез яе, моцна трымаючы за пальцы, і злавіў ужо на вуліцы, напоўненай рэхам.
Да дому Дыктатара яны йшлі моўчкі.
— А я ня ведаю, як мяне завуць, — сказала Сяст* ра, калі Дыктатар спыніўся перад дзьвярмі бяз нумару, на якіх жоўтай крэйдай была намалявана зорка Давіда. Дыктатар выцер яе рукавом курткі — на дзьвярох засталася пляма, падобная да эмблемы аднаго маладзёвага радыё. — А я ня ведаю, як мяне завуць, — паўтарыла Сястра, калі яны ўвайшлі ў кватэру. Дыктатар пакапаўся ў выключальніку, сьвятло ўспыхнула й пагасла, ён зноў засунуў палец у чорную адтуліну, на гэты раз удала. Хаваючыся ля сьценаў, па кватэры прабіраліся скразьнякі. На цьвіку, спрабуючы сагрэцца, варушыў рукамі пінжак.
— А як ты мяне будзеш зваць? — спытала Сястра, высунуўшыся з вакна і ва ўпор разглядаючы суседку, якая стаяла на гаўбцы зьлева і якую душылі адразу два маньякі — вецер ды пасьцельная бялізна. — А адкуль у цябе гэта?
Сястра села на раскладанку і ўзяла ў рукі палац з каралём ды каралеваю. Дыктатар мягка забраў палац зь яе рук, паставіў у кут і сеў перад Сястрою на кукішкі. Сястра смактала валасы, лямпачку над яе галавой, як кадзіла, гойдаў вецер.
— Ты — Сястра, — сказаў Дыктатар, узяў яе за падбародзьдзе й зашаптаў проста ў ноздры:
— Ты Сястра, і іншага ймя ў цябе ніколі не было... I ня будзе... Менш гавары... а лепш — не кажы нічога... лепш прыслухайся, чуеш... чуеш, што крычыць народ перад нашым палацам?
— He, — галава Сястры з адкрытым ртом і вялікімі вачыма хіснулася.
— Выйдзі, Дыктатару, пакажыся — гэтак... крычаць... яны... Але нельга... бо — ворагі, бо вайна... абвешчаная.
— А ты будзеш мяне трахаць? — Сястра зазірнула яму ў твар зь непадробным інтарэсам. — Хворая я...
— Маўчаць! — крыкнуў Дыктатар, і ягоны голас нязвыкла сарваўся, віскатам аддаўшыся ў голых, абклееных газэтамі сьценах. Дыктатар зморшчыўся. Па-над стольлю загрукаталі, і іржавыя батарэі праз колькі імгненьняў азваліся звонам.
Дыктатар узяў сястру за руку ды павёў у ванны пакой. “Я хачу спаць”, — скрывіліся яе вусны, але Дыктатар уладна штурхнуў яе да шэрай, зь некалькімі рэшткамі белай эмалі, ванны. — Распранайся, зь цяжкасьцю сказаў Дыктатар, ліміт словаў якога сканчаўся. — Рас...пра..найся... Ну!
Ён адвярнуўся, шукаючы апошні брусок гаспа-
дарчага мыла, доўга важдаў рукой за унітазам, падняўся. Перад ім стаяла, падрыгваючы, худая ды ладная дзяўчына гадоў шаснаццаці. Чырвоныя вочкі на грудзёх глядзелі амаль у розныя бакі, шыю накшталт караляў абвіваў белы шнар. На плячох і сьцёгнах гуртаваліся прышчы. Па пакоі, пазбаўленым ветру, лунаў пах мачы й чагосьці яшчэ — церпкага, гідкага і ў той жа час хвалюючага... гэта быў смурод, але смурод свойскі. Чалавек свайго смуроду часта не заўважае, а калі й заўважае, то гэта нават бывае й прыемна — хаваць нос пад даўно нямытыя пахі, нюхаць палец, пакрыты саладжавым потам ягадзіцаў... Дзяўчына адкінула валасы з твару на сьпіну і няўпэўнена ўсьміхнулася, запытальна ўзьняўшы падбародзьдзе.