Практычны дапаможнік па руйнаваньні гарадоў  Альгерд Бахарэвіч

Практычны дапаможнік па руйнаваньні гарадоў

Альгерд Бахарэвіч
Выдавец: Рунь
Памер: 155с.
Вільня 2002
21.61 МБ
— Я ўдавец пэнсыя... я вам адрэсудам... былы сакратар...
Слон!!! Да ног Міхаіла Арнольдавіча ўпала, уся ў папяровых пырсках, сланоўя галава — адкалоўся хобат. Дыктатар дзелавіта й пачаў зьбіраць купюры. Палова неабходнай сумы... Чалавек-рыба схапіў руку Дыктатара ды сьціснуў яе так, быццам у ёй знаходзіўся орган літасьці.
Грошы — назоўнік.
У адзіночным ліку не ўжываецца.
У другі раз Дыктатар убачыў, якія сьлёзы вырабляе чалавек-рыба.
Раптам у дзьверы пазванілі, і амаль адначасова на паверсе вышэй нехта залямантаваў, наводмах б’ючы двор з адчыненай форткі: “Таня! Тааааняааа! Абедаць! А-бе-даць!”. “Т, Т, Т,” — у трансе паўтараў двор. Зноў завыла машына. Міхаіл Арнольдавіч глытаў сьлёзы.
— У маёй краіне скончыліся крупы й хлеб, — загаварыў Дыктатар, перакладаючы малаток з рукі ў руку і ўзважваючы яго на далонях. — Трэба новае шкло, мяса. Мяса. Сястра даўно ня ела мяса. У краіне голад. Заўтра пачнецца вайна. Патрэбная зброя. Умацаваная мяжа.
— У краіне? У якой краіне? — чалавек-рыба спыніў свае ўсхліпы, але сьлёзы ўсё яшчэ цяклі, аздабляючы ільсьністы твар нейкім прымітыўным арнамэнтам.
Чалавек-рыба мусіць плаціць даніну, — працягваў Дыктатар, ня слухаючы, ня бачачы, не гаворачы. — Сястра мусіць быць Сястрою. Дыктатар мусіць прыносіць ежу й шкло. Варожыя суседзі.
— Якая краіна? Вы што, бежанец? — чалавекрыба склаў на грудзёх рукі, супакойваючыся. — У якой краіне?
Цяпер чалавек-рыба крыкнуў, бо малаток, ужо добра засумаваўшы, скочыў да яго на калена. Дыктатар схапіў Міхаіла Арнольдавіча за плаўнікі ды кінуў да глёбусу, які мірна нерухомеў пад патухлым сонцам настольнае лямпы. Чалавек-рыба закрануў край стала ды ўпаў на падлогу. Тут жа пе-
рад ім апынуўся патрывожаны глёбус, а яшчэ адзін страшны шар — галава Дыктатара — схіліўся амаль да самых вачэй чалавека-рыбы.
— Шукай! Шукай! — закрычаў Дыктатар проста ў вочы, нос, лысіну, наліўныя шчокі Міхаіла Арнольдавіча. — Шукай маю краіну!
Дыктатар раскруціў глёбус, той зь неймавернай, шалёнай хуткасьцю, памножанай на генэруемы чалавекам-рыбаю страх, заматляўся на тонкай ножцы. Міхаіл Арнольдавіч замахаў рукамі, бо д’ябальская частата рухаў вакол вымагала ад яго хаця б нейкай рэакцыі.
— Шукай, географ, шукай! — хрыпеў чалавекурыбе ў вуха Дыктатар, трасучы малатком. Чалавек-рыба наўздагад тыцнуў пальцам у вадну зь Амэрыкаў — балюча ды няслушна.
— Ня там, рыбіна, ня там! — прахрыпеў Дыктатар ды ўдарыў чалавека-рыбу па пальцах. — Шукай!
Жоўтая пустэльня, у якую на гэты раз пагрузіўся палец Міхаіла Арнольдавіча, натуральна, не магла быць краінаю Дыктатара, які не супакойваўся: “Шукай! Направа ад Эльдарада, паміж Зоорляндыяй ды Сан-Ларэнца!”
2
Паміраючы падчас родаў, Тацяна Воршына, натуральна, зусім не ўсьведамляла, што ўваходзіць у гісторыю. Пакорліва лежачы паміж сваіх бяз-
вольных рук, яна пакідала гэты дзіўны сьвет, які й раней ня бавіў яе раснастайнасьцю, а цяпер навогул сьцяўся да памераў маленькага белага пакою. Тупа глядзелі ў вакно мясістыя кактусы, і нечы голас паўтараў: “Нармальна... Нармальна...” Тым ня менш Выпадак ўжо тыцнуў, заплюшчыўшы вочы, сваім валасатым пальцам у патрапаны даведнік — Т. Воршына. I няшчасная Тацяна, якая ніколі ня мела мянушкі ў школе, якую пазбавілі пагонаў прыёмшчыцы тары за падман, Тацяна, міс Непрыкметнасьць, — дык вось, гэтая самая Тацяна адчула раптам, як яе ўздымае на нейкую аглушальную вышыню. Выпадак, сам скрывіўшыся ад такога няўдалага выбару, падтрымліваў яе за блакітны азадак. 3 вышыні яна кінула разьвітальны позірк на сваё тоўстае цела (ані жалю, ані болю), над якім схіліліся плачучая коўдра й вясёлыя дактары.
Іхняе падарожжа цягнулася нядоўга — хутка Тацяна апынулася ў ці то кінастудыі, ці то рэстарацыі: вакол сядзелі колам, за плеценымі столікамі, пажылыя, дагледжаныя дамы ды чынна аблізвалі сподачкі, у якіх курылася гарбата.
— Спадарыня Шыклырубэр, — прадстаўляў Выпадак кабетаў Тацяне. — Спадарыня Воршына. Спадарыня Піначэт — спадарыня Воршына. Прашу любіць. Спадарыня Джугашвілі спадарыня Воршына. Спадарыня Піначэт. Прашу любіць. Спадарыня Мусаліні — спадарыня Воршына. Спадарыня Франка. Прашу любіць.
Тацяна нэрвова паправіла на мужчынскіх грудзёх квяцісты бальнічны халат, чым выклікала цэлы каскад рухаў: спадарыня Шыкльгрубэр разьвязала ды зноў завязала чапец; спадарыня Джугашвілі пагардліва закаціла вочы; спадарыня Піначэт фыркнула нешта кшталту “Маскітас!”; спадарыня Мусаліні паслала да столі фантан рогату. Міма пранеслася прыслужніца, зусім яшчэ юная, зь нецярплівым падносам у руках. “Давай дапамагу”, — кінулася наперарэз Тацяна, але пальцы Выпадка ўчапіліся ёй у халат, і ўжо трохі раздражнёны голас знаёма й гучна вымавіў ля вуха: “Ты нарадзіла Дыктатара, дык і паводзь, доўбня, сябе адпаведна!” Тацяна азірнулася — нябачныя туркі пілавалі ёй горла: спадарыня Мусаліні выпусьціла зь сябе новы струмень сьмеху, варушыліся пакрыўджаныя вусны спадарыні Франка, і спадарыня Піначэт вязала понча.
Тацяне ўжо несьлі чорную брыклівую сукенку. Недзе ўнізе апошні раз уздыхнула яе ўскрытае цела. Ёй раптам страшэнна захацелася вязаць, і сярод зьмеева рознакаляровых нітак і звонкага дажджу са сьпіцаў, што запаланілі неглыбокую Тацяніну сьвядомасьць, яна здолела ўхапіць за хвост маленькае, сьлізкае, але адназначнае: гэтая гарбата за плеценымі столікамі — навечна.
Трохкіляграмовы Дыктатар у гэты час выступаў са сваёй першай прамовай. Мала хто зьвярнуў на гэта ўвагу, куды ім ўсім, барадатым акушэрам, шакалядным практыкантам ды нецалаваным
мэдсёстрам было ўбачыць у малюсенькім звараным тапельцы будучага каўдыльё. Будзь яны трохі вышэй за чаканьне заробку, абавязкова заўважылі б, як праступаюць на цнатлівым ілбе маршчыны, як расцьвітаюць на яшчэ нябачным мундзіры эпалеты, і запомнілі б, у якім накірунку ўказвала тым вечарам падобная на сардэльку рука.
3
Прыступкі падаліся яму бясконцымі... Гэтак можна было пачаць гэты аповед. Або вось так: “Маслоўскі асяніў сябе крыжом нажніцаў ды прычмокнуў губамі”. Ці яшчэ неблагі варыянт: “Гавары!” — закрычаў Прухайла, забыўшыся на асьцярожнасьць.
Насамрэч у пакоі не было аніякіх прыступак, калі не лічыць цацачнага палацу, ад калёнаў якога проста на падлогу хмура спускаліся, нібы з суду пасьля разводу, кароль з каралеваю. Што датычыцца Маслоўскага з Прухайлам, то за апошні месяц у кватэры перабывала столькі розных асобаў, што сярод іх маглі быць індывідуумы ня толькі з гэтымі прозьвішчамі, але й якія-небудзь батанік Кавульцэвіч, каваль Гаруненка, байкерша Шастапалава або сумаістка Малгажата.
Гаспадар спаў сярод пакою на раскладанцы, зарыўшыся галавою ў коўдру, босыя ногі яго ціха храпелі. I пакуль спаў гаспадар, кватэра была паслухмяным сабакам, які расьцягнуўся ў брудных
пятак. Але гаспадар прачнуўся, няголеная галава паказалася з-пад зашмальцаванай ватнай гары — і аднапакаёўка забрахала, вітаючы гасьцей, якія ўжо сядзелі на кухні й, мяркуючы па ненатуральнай гучнасьці галасоў, лекаваліся.
— Гніды, — прастагнаў гаспадар, плюючы на падушку. Потым абвёў іржавымі вачыма пакой і паспрабаваў яшчэ раз: “Гніды!”
— Ты яшчэ скажы, што сёньня замок уставіш, — гіранічна параіў нехта з кухні, і адтуль пачуўся бязладны сьмех, пераходячы ў паслужлівае цырчэньне.
Гаспадар паспрабаваў падняцца, але адзінае, што ў яго атрымалася — гэта стаць каленямі на раскладанку, паверхня якой адразу ж прагнулася амаль да падлогі. Тады гаспадар узяўся за самотны таршэр без абажуру ды лямпы, — зь ім наперавес ён стаў падобны на змрочнага рыбака ў чоўне, які заплыў кудысьці не туды.
3-за шафы зьявіўся па-зьвярынаму вясёлы мужчына ў спартовым касьцюме. Пацягваючыся, ён павольна рушыў да кухні, але на паўшляху заўважыў сярод агульнае шэрасьці яшчэ больш шэрага гаспадара й запытаў з жыцьцярадасным недаўменьнем:
— О! Ты хто?
Выбух рогату, які пачуўся з кухні, прымусіў гаспадара задыхнуцца ад злосьці. Да таго ж адтуль вызірнула галава зь яшчэ дрыжачымі губамі, колькі сэкундаў стрымлівалася, а потым усё ж выплюнула:
— Гэта ж гаспадар кватэры!
Вясёлы мужчына пляснуў гаспадара па плячы ды накіраваўся ў прыбіральню. Яго зьмяніла абсалютна голая жанчына з вытатуіраваным унізе жывата сваім жа тварам. “Зашпілі,” — каротка кінула яна, умомант увайшоўшы ва ўзьніклы з пустаты станік. Гаспадар кашлянуў, падняўся... зашпількі былі як два аднолькава зараджаныя магніты.
— Ды я б сама, — сказала двухтварая жанчына з раздражненьнем. — Я пагаварыць хацела... Сумна... Цябе як завуць?
Зашпількі кінуліся да яе рук.
— Тухлік яго зваць, — пачулася з кухні.
— Толя, — непапраўна спазьняючыся, адказаў гаспадар і крыкнуў у бок кухні: “Маўчыце, гніды!”
— Ты пра замок, Тухлік, пра замок!
— Сёньня ўставіш!
— I падлогу вымый!
— I рамонт! Эўра!
— I прапыласось дываны, — флегматычна сказаў нехта, імітуючы, відаць, сваю жонку.
— Ды адстаньце вы ад яго, — пачуўся нарэшце нечы прыміральны голас, — Тухлік! Хадзем лекавацца!
Кароль з каралеваю ўсё стаялі пад калёнамі палацу: можа, забыліся на нешта... альбо перадумалі?
Дзьверы між тым не пераставалі адчыняцца. Двухтварая жанчына сыйшла, памяняўшы сябе на трох вельмі сур’ёзных дзядзек у ваднолькавых строгіх касьцюмах яны кінулі на парозе вялікі, падобны да дзяржаўнага гербу хаўтурны вянок і
зьніклі на кухні. Потым руды хлопчык з вужом на руках пратэпаў зь вітальні ў пакой, лёг на раскладанку й захінуўся коўдраю па самую шыю: ніводная цягліца не зварухнулася ні на яго твары, ні на гнілой сьліве вужынай галавы. За ім зьявіліся двое з гітарамі, трэці йшоў усьлед, сагнуты цяжарам вялізнага басовага бубна глядзець наперад ён ня мог, і таму арыентаваўся па белых, нібы мучных сьлядох, якія пакідалі за сабой масыўныя боты гітарыстаў. Ля гаспадара бубнач спыніўся, разагнуўся й мовіў з аздобленай траурам павагаю: “Тынк”.
Прэч! — закрычаў Тухлік хутчэй сабе, чым сваім гасьцям, кінуўся ў вітальню й сарваў са сцяны драпавае, з шырокімі рукавамі, паліто. Нехта паспрабаваў зрабіць яму падножку.
...Ачуняўшы ад уласнага жаласьлівага мармытаньня, Тухлік заўважыў, што адыйшоў ад дому досыць далёка. Фантастычныя пляны помсты ўперамешак з лаянкай і клятвамі самому сабе заўтра ж уставіць замок, захлынуліся ў рэчах больш надзённых. “Есьці.” Ён стаяў між — літаральна між: быў тонкім кійком з кропкай галавы ўверсе пасярод вялікага “М” і сьвежанамаляванага “Ж”. Тухлік сунуў рукі ў кішэні паліто й рушыў ад прыбіральні ў бок праспэкту.