• Газеты, часопісы і г.д.
  • Праведная галеча  Франс Эміль Сіланпя

    Праведная галеча

    Франс Эміль Сіланпя

    Выдавец: Янушкевіч
    Памер: 184с.
    Мінск 2019
    52.79 МБ
    Frans Emil Sillanpaa
    HURSKAS KURJUUS
    Серыя «Noblesse Oblige»
    Франс Эміль СіЛАНПЯ
    ПРАВЕДНАЯ ГАЛЕЧА
    Раман
    Пераклаў з фінскай Якуб Лапатка
    Мінск Выдавец A. М. Янушкевіч 2019
    УДК 821.511.111
    ББК 84(4Фнн)-44
    С36
    Серыя заснавана ў 2017 годзе
    Рэдактар серыі Сяргей Макарэвіч
    Пераклад з фінскай паводле выдання: Frans Emil Sillanpaa. Hurskas Kurjuus. Nuorena nukkunut. Ihmiset suviyossa. Kustannusosakeyhtid Otava. Helsinki, 1955.
    Сіланпя, Ф. Э.
    C36 Праведная галеча : [раман] / Франс Эміль Сіланпя ; пер. з фін. Якуба Лапаткі. — Мінск : A. М. Янушкевіч, 2019. — 184 с. — (Серыя «Noblesse Oblige»).
    ISBN 978-985-7210-28-2.
    Франс Эміль Сіланпя — адзіны фінскі пісьменнік-лаўрэат Нобелеўскай прэміі (1939). За мяжой сваёй краіны ён стаў вядомы пасля публікацыі рамана «Праведная галеча». У творы па-мастацку дасканала ўвасоблена крывая лёсу селяніна-фіна Юхі Тойвалы — ад нараджэння ў нястачы ў 1857 годзе да ўдзелу ў лавіне падзей «чырвонай эпохі».
    «Праведная галеча» — гэта малюнак акалічнасцей шасцідзесяці насычаных зменамі і здарэннямі гадоў гісторыі маленькага «ядлаўцовага» народа на фоне напоўненай штодзённымі клопатамі, турботамі і гнятлівай аднастайнасцю плыні быцця асобнага «маленькага чалавека».
    УДК 821.511.111
    ББК 84(4Фнн)-44
    ISBN 978-985-7210-28-2	© Frans Emil Sillanpaa, 1919
    © Лапатка Я., пераклад на беларускую мову, 2019 © Выданне на беларускай мове, афармленне.
    Выдавец A. М. Янушкевіч, 2019
    Тойвала Юсі, Юха, Янэ, а паводле царкоўных кніг — Ёхан Абрахам, сын Беньямінаў, быў старым, страхалюдным чалавечкам. У апошнія гады ягоную галаву ўпрыгожвала вялізная лысіна, вакол якой з-пад шапкі кучаравіліся ніколі не стрыжаныя кудлы. На твары, падобным да морды дваровага цюцькі, праз густое шчацінне выдзяляўся толькі востры, нібы птушыная дзюба, нос. Густая поўсць вілася і вакол вачэй, зацененых краямі капелюша, і адтуль свяціліся толькі дзве вострыя кропачкі, у якія прыстойныя людзі не надта імкнуліся заглядваць. Пэўным людзям не хочацца заглядваць у вочы, але зусім па іншых прычынах, чым у вочы Юсі Тойвалы. У ягоных вачах не было нічога пагрозлівага і змрочнага, наадварот — у яго позірку праглядвалася лёгкая добразычлівая ўсмешка. Аднак было ў ягоных вачах нешта вар’яцкае, а што можа больш гнясці чалавечую душу, чым усмешка вар’ята, бо гэтая ўсмешка спачувальна гаворыць аб усёведанні таго, у чым чалавек нізашто не хоча прызнавацца нават самому сабе. Во тады і чакай, што гэты прыдурак возьме ды прылюдна выкажа што-небудзь такое. Але Юха Тойвала не быў вар’ятам, і, хоць меў чэзлы розум, душа ягоная была ў поўным парадку і раўнавазе. Мясцовыя заможнікі лічылі яго вялікім прайдзісветам і заўзятым баламутам-завадатарам. А калі празналі, што ў час паўстання ён удзельнічаў у жорсткім забойстве, нядоўга думаючы, вынеслі яму заслужаны вырак. I егер, якому даручылі правесці ачышчальную работу, аднойчы вясновай ноччу абарваўягонае бязладнае жыццё, а разам з ім прыкончыўяшчэ восем такіх жа гаротнікаў.
    Смяротныя прысуды агаломшылі ўражаных вяскоўцаў, якім раней нічога падобнага і ў галаву не прыходзіла. Першымі днямі пра іх гаварылі прыцішана і толькі дрыготкімі галасамі. Што ж да Юсі Тойвалы, дык ягоны канец вызначыўся адной маленькаю акалічнасцю, успамінаючы якую, міжволі ўсміхнешся — так гэта было характэрна для Юсі. Паўстанцаў расстрэльвалі на могілках, паставіўшы каля загадзя выкапанай магілы. I сталася так, што Юсі быў апошні. А калі надышла ягоная чарга, дык Юсі не стаў ля магілы, а ўлёгся, выцягнуўшыся ва ўвесь рост, на трупах забітых перад ім — маўляў, ну во, я гатовы. У тым і быў увесь Юсі. Аднак яму загадалі падняцца, паставілі каля ямы і толькі пасля таго расстралялі.
    «На вайне трэба адчуваць асалоду ад забойства — іначай вайну не выйграць», — пісаў адзін фінскі чарнільны ваяка (вылучэнне ягонае), і магчыма, тое была праўда.
    Аднак калі быць дакладным, вайна сама па сабе — гэта нішто, а ўсяго толькі нейкі момант, што лучыць лёсы як асобных людзей, так і цэлых груповак. Вайна сціхае, а чалавечыя лёсы становяцца каштоўным скарбам людзей, якія ваявалі, але засталіся сярод жывых. Неўзабаве пасля ўсіх бітваў для чалавека ў душы настае такі момант, калі ягоны ўнутраны позірк болей не жадае затрымлівацца на такіх другасных і нязначных рэчах, як цялесныя пакуты, бруд, голад і няўмольная жорсткасць, а няспынна імкнецца пранікнуць глыбей, туды, дзе ўсё застыла ў знямелай нерухомасці. Там ніхто не бывае вышэйшым або лепшым за другога, там усе роўныя, бо выяўляюцца акалічнасці, датычныя ўсіх праціўнікаў, аб чым ніхто з іх раней не меў ніякага ўяўлення. Нябожчыкі ўстаюць і здзіўляюцца, чаму іх пахавалі ў розных магілах, яны ніяк не могуць спасцігнуць, што гэта значыць. Там Юсі Тойвала і егер — старыя знаёмыя, бо егер аднойчы вясновай ноччу недзе ў іншым месцы, у тым пакінутым свеце, расстраляў Юсі. Вядома ж, гэта адбылося зусім выпадкова, бо тады ён не зразумеў, які напраўду добры чалавек гэты Юсі.
    Раздзел I
    НАРАДЖЭННЕ I ДЗЯЦІНСТВА
    Юха Тойвала паходзіў з сялян, хоць мала хто з цяперашніх маладых ведаў пра тое, ды ніхто і не цікавіўся ягоным паходжаннем. Але да нашых дзён у двух-трох прыходах ён меў заможных і паважаных родзічаў, хоць яны болей чужаліся, чым радніліся, і Юха не ўспомніў пра іх нават тады, калі трапіў у бяду з прычыны свайго бунтарства.
    Ён нарадзіўся ўвосень 1857 года ў адным з прыходаў на паўночным усходзе правінцыі Сатакунта, на хутары Нікіля вёскі Хар’якангас. Адбылося гэта ў пятніцу вечарам напярэдадні дня Міхаіла Архістратыга. Прадчуванне восеньскага свята агарнула сядзібу, змешваючыся з дзіўнай саладжавасцю, што праменілася ад парадзіхі.
    Уранні ішоў даволі моцны дождж, але адвячоркам раз’яснела, заблішчалі пад сонейкам стракатыя купкі бяроз ды асін, ажывілася зеляніна самотных елак. Пяцідзесяцігадовы Пеньямі, гаспадар хутара Нікіля, кволы мужычок з жоўтым ад тытуню падбароддзем, хістаючыся, спусціўся з гарышча ўдвор. На ім была даўгаполая неахайная сярмяга, апаясаная скураным рэменем; і сярмяга, і кашуля пад ёю былі расшпілены зверху данізу, адкрываючы чырвоныя кашчавыя грудзі асенняму ветрыку. Чалавек паціху згасаў, жыць яму заставалася нядоўга. Стары ў зношанай сярмязе, ціхае булькатанне самагоннага апарата ў прысценку — усё гэта спалучалася
    ў нейкую лагодную гармонію, якая драмала ў спарахнелых кутах хаты і ў зарослай пахкай травою прызбе. Пеньямі быў жанаты трэці раз, і цяпер ягоная жонка нараджала сваё першае дзіця. Успацелая баба-павітуха ў адной кашулі несла ваду з прысценка ў лазню. Убачыўшы, што Пеньямі ідзе ў вёску, яна сярдзіта выгукнула:
    — Гэй, дзед, ты хоць бы цяпер застаўся дома!
    — Гэта вы, баб’ё, седзіце ў сваіх стойлах! — буркліва агрызнуўся Пеньямі і падаўся ў вёску, зберагаючы самаздаволеную ўсмешку на старэчым пачырванелым твары, на якім адбівалася святло вечаровага сонейка і блукалі нейкія глыбока захаваныя прыемныя думкі старога чалавека.
    «Бабынараджаюць дзяцей... Натоеяны і бабы, каб нараджаць дзяцей... Во ітрэцяя мая бабародзіць дзіця, а павітуха болей не зможа... Эхе-хе-хе, мальцы... А я іду да Олілы... Татку Олілу наведаць... Ён добры дзед, хоць і з Кокемякаў... Ён часцяком выпівае, як і я... Можа, і цяпер ужо дзюбнуў... Ахоць быітак... Сынуягоўжовялікі... Амальякмядзведзь... I жыта хапае заўсёды... I не бяднее, нячысцік, хоць і п’янтос страшэнны... А ў мяне трэцяя жонка, і дзіцё цяпер будзе... Павітуха там шчыруе, яна сабе, а я хутка выб’ю з баб усю дурасць... Так слаўна даводзіць баб да розуму... Кожная паспытала майго кійка... Хутка і гэтую пачастую...»
    Гарэлка поўніла жылы Пеньямі хмельнаю асалодаю, зачырванелі, нібы гронкі рабіны, ягоныя шчокі, а вочы так і бегалі туды-сюды, шукаючы, што б яшчэ ўчыніць ад усёй павесялелай душы. Удосталь налаяўшыся з работнікамі, што капалі бульбу, ён спытаў у дзяцей Хусары:
    — Бацька дома?
    — Дома, — адказаў хлопчык.
    — А што ён зараз робіць?
    — He ведаю.
    — He іначай як трэцца пад бокам у маткі, — сказаў Пеньямі, засмяяўся свайму жарту і пайшоў далей па дарозе да Олілы.
    * * *
    Цяперашнюю, трэцюю, жонку Пеньямі звалі Мая. Родам яна была з хутара Оліла, але цяперашнім гаспадарам нікім не даводзілася, бо гэтым прыхадням з Кокемякаў хутар прадаў яе старэйшы брат. Тады Маін брат быў зусім маладым і нежанатым, але хутка ажаніўся і, прадаўшы гаспадарку, пайшоўу прымы некуды пад Тамперэ. А Мая засталася адна, нібы птушка на хісткай галіне. Вядома, ёй таксама дасталася крыху грошай, але так мала, што ніводзін жаніх не спакусіўся такім вартым жалю капіталам. Яна паспрабавала моднічаць ды шыкаваць, але гэтыя спробы выклікалі толькі насмешкі аднавяскоўцаў, і ўрэшце іхні аднадушны прысуд спраўдзіўся: Мая трапіла ў бяду. Праўда, дзіця памёрла адразу ж, але грошы як ветрам вынесла, і перад ёю застаўся адзіны спрадвечны шлях такіх жанчын: пайсці ўдамашнія прыслугі. Людзі прадказвалі ёй новыя няшчасці, бо ўрадзілася яна бесхарактарнай размазнёй. Аднак гэтыя прароцтвы не спраўдзіліся. Калі ж напярэдадні Міхайлава дня памерла гаспадыня хутара Нікіля, а Мая той жа восенню пайшла ў парабчанкі да гаспадара хутара, людзі загаварылі: «Хутка ў Пеньямі будзе новая жонка». Вось гэтае прадказанне збылося. А цяпер Мая ляжала на палку ў саўне, збіраючыся радзіць, і павітуха Ловіса завіхалася каля яе.
    Мая ўсёю душой хацела і чакала родаў, бо да гэтай пары яе жыццё нагадвала блуканне ў цемры і стаць поўнай гаспадыняй хутара не было цвёрдых спадзеваў, а таму, хоць і мела невялічкі розум, яна даўмелася, што дасягнуць усяго можна, толькі нарадзіўшы дзіця. Нічога яна так не хацела, як замацавацца ў жыцці, стаць на ногі, а калі гэта не ўдавалася, дык чым яна вінаватая, што жыццё пайшло зусім не так, як павінна ісці ў звычайных сялянскіх дзяўчат? Пяць гадоў яна прабыла парабчанкай, але ніколі не лічыла сябе знядоленай і прыніжанай, бо ўсё гэта было часова, а неўзабаве пачнецца сапраўднае жыццё. Таму яна адразу ж паддалася дамаганням гаспадара. Мая была нават задаволена, што
    ён такі стары, зжаўцелы ад тытуню, удовы п’янтос. Усё гэта было толькі да лепшага, і зусім не таму, што яна думала аб сваім прыніжэнні, а таму што як гаспадар і гаспадыня яны выдатна падышлі б адзін аднаму.