• Газеты, часопісы і г.д.
  • Праведная галеча  Франс Эміль Сіланпя

    Праведная галеча

    Франс Эміль Сіланпя

    Выдавец: Янушкевіч
    Памер: 184с.
    Мінск 2019
    52.79 МБ
    — Няўжо гаспадар не падзеліцца з другім бедняком, калі сам здабыў сяго-таго? — пытаецца адзін з тых жабракоў, што атабарыліся на хутары яшчэ ўчора. Толькі тады Пеньямі заўважае, што ў хаце поўна пабірахаў з поўначы.
    — Я во зараз вам пакажу беднякоў...
    Пеньямі падымаецца, хісткімі крокамі выходзіць на сярэдзіну хаты і хапае першае, што трапляе ў рукі. Ліхаманка, самагонка і палёгка ад апошняга ўчынку абудзілі ў ім даўнюю задзірыстасць. Душа радуецца: у шафе ёсць гарэлка, зараз ён яшчэ можа вытурыць усіх з хаты і зноў залегчы ўложак. Хутар, дом, зямля хай гараць гарам! Падумаеш, аснова жыцця! Сярод жабракоў ён заўважае Юсі, і недзе ў памяці мільгаюць далёкія карціны той часткі жыцця, што ён правёў з Маяй — доўгія, бязрадасныя, пакутліва змрочныя гады.
    Але раптам у самы вырашальны момант перад варотамі пачуўся бразгат званочкаў, паказаўся засланы мядзведжай шкураю вазок, з якога вылез таўсматы цемнатвары чалавек. Ленсман прыехаў. Жабракі скаланаюцца, а Пеньямі забывае
    пра свае намеры. Ён так і застывае, сціснуўшы ў руках схоплены свярдзёлак.
    Ленсман усё разумее без аніякіх роспытаў і ўмомант выганяе ўсіх жабракоў на вуліцу. Пасля іх у хаце застаецца гнятлівая цішыня ды знаёмы смурод. Звон стаіць увушшу ў старога Пеньямі, але і вялікая палёгка раптам напаўняе ўсю ягоную істоту: нарэшце ленсман прыехаў. I хоць Пеньямі адчувае сябе страшэнна стомленым, але душу апаноўваюць амаль што святочныя пачуцці. Хай сабе мацнее ліхаманка, хай сабе ленсман з усімі справамі — усё адно да аднаго, а значыць, і да вырашальнай падзеі. Зіма павярнула з сярэдзіны на схіл, вечаровае сонейка прагравае сіняватыя сумёты, у якіх праглядваюцца фарбы блізкай вясны. I ніводнага жабрака не відаць.
    Пеньямітолькі і змог выціснуць: «Та-а-к-к-кв-о-о... не боо-олей-й-й за два-а-а тыдні... я паспра-а-абую... я тут крыху за-а-анядужаў...» Неяк ён усё ж здолеў падгаварыць ленсмана выпіць чарку гарэлкі. «А мо-о-ожа... кавы... у маёй гаспадыні... знойдзе-е-ецца...» — «Не турбуйся, я спяшаюся». Зарыпелі сані, забразгалі званочкі.
    Пеньямі застаўся адзін у сваім старым доме, ахутаным утульнай цішынёю. Цяпер ён і напраўду быў адзін. Перажытыя падзеі так уразілі яго, што першы і апошні раз за ўсё сваё доўгае жыццё ён меў нязвыклы стан душы: не адчуваў ні злосці, ні зайздрасці, аб усім думаў з дзіўнай абыякавасцю. Ягоная жоўтая ад тытуню барада трэслася. Апошні адростак стагадовага сялянскага роду, ён плакаў. Сённяшні спантанны візіт да Олілы быў ягонай апошняю праходкай па зямлі Хар’якангас.
    Сканаў ён той жа ноччу. Апошнія словы ён прамовіў вельмі выразна: «Я памру не сабачаю смерцю». Ён, безумоўна ж, трызніў, паўтараючы вядомыя словы гаспадара хутара Прыйкала. Пеньямі, напіваючыся гарэлкі, і раней часта казаўтак, але цяпер прамовіў гэтую сваю заўсёдную прыказку мякка, амаль пяшчотна.
    'к ± -к
    Неўзабаве пасля смерці старога Пеньямі мара маленькага Юсі спраўдзілася. Канцылярыя Турку за пазыкі пусціла хутар з малатка. Тата Оліла, якому нябожчык быў вінаваты болып за ўсіх, купіў хутар і пасадзіў там гаспадаром свайго малодшага сына Антаа. Мая з сынам мусіла пакінуць страчаны хутар. Яна не захацела застацца ў родных краях, дзе з самых дзявочых гадоў ёй даводзілася перажываць шматлікія жыццёвыя нягоды. Асуіпыўшы слёзы, яна вырашыла падацца да брата, які—людзі казалі — жыў давол і заможна. Адным светлым раннем Юсі прачнуўся і ўбачыў, што маці зносіць іхнія небагатыя пажыткі ў сані каля ганка. У Маі яшчэ заставалася колькі зярнятак кавы, на дзіва зберагліся і некалькі кавалкаў таго хлеба, які прынёс набожчык Пеньямі ад таты Олілы. Яны паснедалі, а рэшткі склалі ў сані. Потым рушылі ў дарогу, назаўсёды пакінуўшы гэты дом. Мая цягнула санкі, а Юсі, у штанах з лямкамі і старой світцы нябожчыка Пеньямі, штурхаў іх ззаду. Мая апранулася ў другую світку старога Пеньямі. Ярка блішчаў снег пад вясновым сонцам. Ужо ідучы па лёдзе возера, Юсі крадком азірнуўся і паглядзеў на далёкую і такую прыгожую вяршыню Свіной горкі, дзе некалі гуляў у такія цудоўныя гульні. Ён ніяк не мог праглынуць камяк у горле, і паступова захапленне вандроўным жыццём змянілася смуткам.
    Спачатку яны ішлі ўдваіх, і ў памяці Юсі адзін за адным узнікалі постаці людзей, якіх ён ведаў у першыя дзесяць гадоў свайго жыцця і якія разышліся хто куды. Ён успамінаў Аапелі і Кустаа, Еву і Марке, свайго бацьку Пеньямі. Цяпер, удалечыні ад свайго дому, у такім нязвыклым асяроддзі, усе тыя людзі здаваліся яму дзіўна аднолькавымі.
    Але хутка ў іх з’явіліся спадарожнікі. На вялікіх гасцінцах ім часта пачалі трапляцца шматлікія доўгія чароды людзей. Большасць цягнула за сабою сані з вялікай паклажаю, але часам можна было ўбачыць і схуднелага да касцей каня. Сані і конь звычайна ўтваралі своеасаблівы цэнтр, вакол якога
    гуртаваліся людзі, утвараючы асобныя групкі, паміж якімі заставаўся прамежак на колькі сажняў.
    Незвычайныя ўражанні ад падарожжа кружылі голаў і п’янілі так, што забывалася нават стома, што знясільвала. А пад вечар гэтае ап’яненне ўзмацнілася яшчэ болей. Звілістая, абнесеная агароджаю дарога зноў ішла па роўнай мясцовасці, удалечыні віднеўся чырвоны верставы слуп, каля якога нешта чарнела. Падарожнікі праходзілі міма, кідаючы абыякавыя позіркі на мёртвага чалавека пад слупам і малую дзяўчынку, якая з безнадзейна агаломшаным выглядам стаяла каля нябожчыка. Нехта з групы, што рухалася перад Маяй і Юсі, крыкнуў:
    — Ідзі ў вёску, a то ўначы ваўкі з’ядуць!
    Аднак дзяўчынка працягвала нерухома стаяць, безуважна аглядаючы наваколле.
    На змярканні прыйшлі ў вялікую вёску, дзе ўвесь натоўп шпарка рассыпаўся па вясковых вуліцах. Мая і Юсі зайшлі ў цёмныя сенцы адной хаты і паспрабавалі адчыніць дзверы. Аднак яны былі зашчэпленыя знутры, там збіраліся пячы хлеб, чутно было, як месяць цеста. Калі ўсё ж ім удалося дастукацца, нейкая жанчына з’явілася ў дзвярах і сказала, каб яны ішлі ў прытулак для жабракоў. Яны доўга блукалі па цёмных вясковых вуліцах, пакуль знайшлі той прытулак — вялікі дом, поўны халоднага скразняку і гарластых жабракоў. Яны былі амаль непрытомныя ад стомы, і Юсі не разумеў аніводнага слова з крыкаў дзвюх жанчын, якія шалёна сварыліся паміж сабою. Мая нарэшце зразумела, з-за чаго стаіць такі гвалт. Адна жанчына смажыла на агні кававыя зярняты. Яна толькі што схадзіла да старызніка памяняць нейкія лахманы на каву. А тыя лахманы садрала з адной старой бабулькі, якая толькі што памерла. Другая жанчына таксама чакала смерці той бабулькі, каб самой завалодаць апранахамі нябожчыцы, але ёй спатрэбілася на нейкі час выйсці на двор. Цяпер жа падманутая ў сваіх спадзевах жанчына сцвярджала, што другая — проста пралаза і што лахманы яна садрала, не дачакаўшыся, пакуль бабулька сканае. Яна сама бачыла, што
    ў пуні, куды аднеслі нябожчыцу, тая яшчэ варушыла сківіцамі. Але, здаецца, усё ішло да таго, што і падманутая жанчына не застанецца без здабычы: непадалёкуўкуце паміраў страшэнна распухлы ад голаду чалавек.
    Тут Мая і Юсі правялі сваю першую ноч пасля адыходу з хутара Нікіля. Назаўтра, усё гэтак жа ахопленыя ап’яненнем вандроўнага жыцця, яны рушылі ў дарогу і позна вечарам былі на месцы. Там яны папілі вады й імгненна заснулі — нават на вячэру сілы не хапіла. Наступнага дня Мая дамовілася з братам, што Юсі застанецца ў іх у Туарыле, а яна пойдзе шукаць якога-небудзь заробку.
    Надышоў травень, вясна поўнілася спадзевамі, калі Мая вярнулася ў Туарылу. Яна была такая хворая і знясіленая, што не змагла нават расказаць пра свае вандраванні. Уначы ёй стала яшчэ горш; яна так стагнала, што разбудзіла ўсіх у доме. Юсі таксама прачнуўся і бачыў, як памірала ягоная маці.
    Так скончылася Юсева дзяцінства.
    Раздзел II
    НА ЎТРЫМАННІ Ў РОДЗІЧАЎ
    Як яснае сонейка ўздымаецца пасля начнога прымаразку, так ранняя вясна 1868 года ўзнікла і ўзнеслася над раз’юшанай і па-ранейшаму разлютаванай смерцю. Хоць, праўду кажучы, смерць тады ўжо не надта лютавала, і голас яе зрабіўся нячутным. Час ад часу яна ўсё ж вырывала з невялікай купкі вандроўнікаў ушчэнт знясіленага чалавека і пакідала яго ў сумёце пад парканам ці аблягчала пакуты ўдавы дзе-небудзь у лясной глушы, загасіўшы слабы агеньчык жыцця яе апошняга дзіцяці. Нават там, дзе ўпарты чалавечы статак на дванаццаць тысяч душ змагаўся, імкнучыся ўлагодзіць сваю долю, — нават там смяротная навала не выклікала ўжо вялікага шуму. Уздоўж пясчаных схілаў грады Салпаўсэлкя тыя людзі стваралі магутную дарожную артэрыю, якая вяла на ўсход да вялікага чалавечага гнездзішча пад назвай Санкт-Пецярбург. Адны капалі, а другія за іхняй спінаю чакалі, калі смерць перадасць ім кірку. I смерць імкнулася быць справядліваю, перадаючы інструмент тысячам тым, што чакалі, і забіраючы знямоглых. Тым самым учынілася прыемная нечаканасць для тых праніклівых вастравокіх, што праводзяць разлікі: тая сталёвая артэрыя, нягледзячы на сціслы час і паспешлівасць, абышлася на паўмільёна меней, чым яны разлічвалі. Там паміралі ціха, і тысячы нябожчыкаў, якія ляжалі ў сваіх пясчаных магілах, напэўна вельмі
    здзівіліся б, калі б праз пяцьдзясят гадоў яны пачулі словы, што пульсавалі ў той сталёвай артэрыі: «Чаша пакут перапоўнілася...», і спыталі б: «Няўжо яна перапоўнілася толькі цяпер? Яна ж і тады ўжо была паўнюткаю».
    Новая, поўная добрых прыкмет вясна сагрэла і Юсі, які цяпер жыў не на хутары Нікіля, а ў іншым месцы. 3 тае пары, калі яго ўзялі ў новы дом, ён больш не пакутаваў ад голаду. У гасподзе Туарыла нават у самыя цяжкія часы не мелі патрэбы падмешваць у хлеб чаго-небудзь болей за траціну, дый то гэткі хлеб пяклі ўсяго якую пару разоў за ўсю зіму. Гаспадар Туарылы рабіў гэта, каб пазбегнуць розных плётак на гэты конт, таму што быў у валасной камісіі па размеркаванні ўспамажэнняў. Добры хлеб нават у тыя часы ніколі не пераводзіўся ў гаспадарцы, не кажучы ўжо аб дарах жывёлагадоўлі. Туарыла была зусім не такая, як Нікіля, і не верылася, што яе гаспадар Кале быў братам Маі. Кале, мажны гарбаносы мужчына, меў звычкі і характар сапраўднага гаспадара і падсвядома цураўся сваёй недалужнай сястры. Юсі заўважыў гэта, калі двойчы прысутнічаў пры сустрэчах брата з сястрою. Было заўважна, што маці пабойваецца свайго брата, і яна ўжо назаўтра пакінула ягоны дом, радуючыся, што хлопчыку дазволілі застацца. А праз некалькі месяцаў яна вярнулася і дала зразумець, што прыйшла толькі дзеля таго, каб памерці ў родным кутку. I было відаць, што брат адчуў палёгку, калі Мая нарэшце сканала. Тады на Юсі на доўгі час найшло здранцвенне. У доме былі прасторныя чыстыя пакоі. У некаторыя з іх Юсі ніколі не заходзіў. Кармілі тут смачна і сытна, але кавы, якую ў старой гасподзе пілі па некалькі разоў на дзень, ніколі не давалі, хоць для сябе гаспадары і гатавалі яе. Ад добрых харчоў аслабелае цела хлопчыка хутка мацнела, але душа заставалася знямелаю і застылаю, нейкая хваравітая санлівасць завалодала ўсёй ягонаю істотай. Часцяком ён нават не разумеў, што яму загадваюць рабіць, куды пасылаюць. Ён проста стаяў і ў неразуменні