Праведная галеча
Франс Эміль Сіланпя
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 184с.
Мінск 2019
Так думала Мая ў поўнай упэўненасці, што хутка стане гаспадыняй, і кожны дзень на працягу ўсяго тыдня ёй салодка мроіўся голас пастара: «Удовы селянін Пеньямі, Пеньямінаў сын, і сялянская дзяўчына Мая Ёсэфіна, Стэфанава дачка...» Аднак пастар у царкве абвясціў толькі «парабчанка з таго ж хутара» — і ні слова аб маладой дзяўчыне. А неўзабаве і сама Мая заўважыла, што пачатак новага жыцця застаўся недасяжным, нічога ўяе жыцці не змянілася пасля вянчання. I цяпер яна не магла называць мужа іначай як «гаспадар» і толькі на вы. I абедзве дачкі гаспадара называлі яе па-ранейшаму — Мая. Гаспадар жа, калі казаў пра жанчын, называў іх толькі баб’ём, а калі быў у асабліва добрым гуморы — бабамі. Той жа самы безыменны страх, які валодаў ёю, калі яна жыла спадзевамі і мроямі, так і не пакінуўяе пасля таго, калі мары збыліся. Пачатак новага жыцця адкладваўся. Яна займалася і тым, і гэтым, і Бог ведае чым яшчэ, а ўсё астатняе заставалася толькі яе ўяўленнем. Толькі адзін раз Мая зрабіла бездапаможную спробу паставіць сябе гаспадыняй: груба і рэзка абышлася з Ловісай, каб адлучыць яе ад дому. А ў выніку гаспадар, вярнуўшыся дамоў у шале, заявіў, што «калі вы, баб’ё, паганыя вы каровы, зараз жа не разбежыцеся па сваіх стойлах, дык тады...» Так Пеньямі высоўваў напаказ сваю застрашальна грубую існасць састарэлага мужчыны, нібыта хацеў давесці, што ён стаіць нашмат вышэй за ўсялякае там баб’ё. Пеньямі ніколі не меў патрэбы думаць пра тое, як уладкавацца ў жыцці, яму патрабавалася толькі пашана. Выявілася, што павітуха Ловіса не такі ўжо і дрэнны чалавек, бо пасля ўсяго яна пачала ставіцца да Маі лепей, чым раней.
Больш удала жыццё ў Маі не складвалася. Часам, калі выдавалася вольная ад гаспадарчых клопатаў хвіліна, яна казала сама сабе, што гады ідуць, яна старэе, трапіўшы ў гэ-
ты дом, дзе над усім валадараць счырванелы старэчы твар Пеньямі і ягоныя п’яныя воклічы. Так і цягнецца жыццё, якое складвалася такім чынам на працягу дзесяцігоддзяў, — панылае, непахіснае і нязменнае. Апроч таго, павітуха і дочкі гаспадара клапоцяцца толькі пра сябе, а збоку за ўсім назірае замшэлая вёска. Напэўна, так яно і будзе цягнуцца далей... У такія хвіліны роздуму Маін нос яшчэ болып выцягваўвася; два пярэднія зубы ўжо выпалі. А калі Пеньямі памрэ, што з ёю будзе, калі няма спадкаемца і яна наўрад ці зможа нарадзіць яму нашчадка?
Але потым з’явілася надзея. I тады ў вачах Маі, што свяціліся над бяскроўнымі шчокамі, часам з’яўляўся летуценны выраз. Яна народзіць Пеньямі спадкаемца! Але гэтая акалічнасць патрабавала ад яе дакладнага разліку, памяркоўнасці і прадбачлівасці. Давядзецца выхоўваць і гадаваць дзіця, ды яшчэ і глядзець за тым, каб ягоная доля ў спадчыне не памяншалася, а павялічвалася. I заўсёды, калі гэтыя неадчэпныя думкі апаноўвалі Маю, яна спасцігала ўсю складанасць свайго становішча. Усе памкненні і намаганні дасягнуць чаго-небудзь у будучым палохалі, стамлялі і прыгняталі яе. Хоць у сваіх самотных летуценнях яна прадбачыла такі пажаданы і такі патрэбны ёй вынік, але пры гэтым разумела, што дасягнуць яго нельга без загадзя складзенага плана і дзейнай энергіі. Тысячы і тысячы дробязных перашкод і цяжкасцей перажыла Мая ў сваім жыцці, а нічога так і не ўдавалася давесці да канца. А цяпер такімі перашкодамі былі дочкі гаспадара Ева і Марке, ягоная старасць ды шмат чаго іншага. Чаму яе шлюб быў зусім не такі, як у іншых дзяўчат? Замуж вось жа ідуць менавіта дзеля таго, каб потым болей ніколі не пакутаваць ад розных непатрэбных памкненняў.
Аднак прырода не слухала такіх довадаў, а працягвала накіроўваць усё сваім чарадом. Безумоўная нязменнасць прыроды з аднаго боку і чалавечыя задумы ды турботы з другога — уся гэтая чалавечая трагедыя і развівалася ў гэтым выпадку — так, як кветка развіваецца ў гармоніі з законамі свайго віду нават у самых глухіх кутках лясных нетраў. Калі
наблізіліся роды, Мая на нейкае імгненне вызвалілася ад усіх жыццёвых турбот і гароты. Ёй здавалася, што надышоў нейкі цудоўны стан, калі ўсе тыя Евы, Марке, Пеньямі ды бабы-павітухі ўжо ўспрымаюцца ёю з поўнай абыякавасцю.
Тры чалавекі сядзяць у пякарні Олілы, асветленай жоўтым агеньчыкам сальнай свечкі. Тата Оліла — сямідзесяцігадовы мужчына з гладка паголеным тварам, на падбароддзі ад вуха да вуха кучаравяцца бялявыя валасы. Ён гаворыць на дыялекце Кокемякаў, прытым ягоная шыя і ўся верхняя частка цела стынуць у здранцвенні. Чарку ён трымае беражліва і выпівае з належнаю годнасцю, а калі Пеньямі Нікіля пачынае занадта нецярпліва круціцца і злаваць яго, тата Оліла спакойна і бесцырымонна спыняе госця, і той нават не спрабуе пярэчыць. Побач з татам Олілам сядзіць ягоны сын Франсу, такі ж здранцвелы і нерухомы мужчына гадоў пад трыццаць з роўна падстрыжанымі валасамі. Час ад часу ён устаўляе ў размову колькі слоў; твар ягоны застаецца няўсмешліва абыякавым. Вядома ж, ён робіць свае заўвагі, але яны толькі пацвярджаюць сказанае бацькам. Абодва Олілы п’юць не п’янеючы. У сваім доме яны прымушаюць Пеньямі скакаць пад сваю дудку — вось жа, таго самага Пеньямі, што такі ўсеўладны ў сваім доме на хутары Нікіля.
Кокемякінцы нядаўна пачалі адзін за адным сяліцца ў гэтым прыходзе. Усе яны занадта фанабэрыстыя, каб шанаваць мясцовыя звычаі. Нават на пагорку каля царквы яны стаяць, закруціўшыся ў вялікія хусткі ды кажухі, і гучна размаўляюць між сабою сваёй мяккай немясцоваю гаворкай.
Свечка дагарае, запал Пеньямі Нікілі таксама аціхае. «Бадай што болей чым на адну свечку цябе не хопіць», — кажа тата Оліла. Ён толькі-толькі пачынае жвавець, а Пеньямі ўжо страціў імпэт. «Дарэмна ты злаваў на мяне, калі я не даў табе грошай... Адкуль жа я ведаў, што там у цябе творыцца... I скажы ты мне, на ліха ты звязаўся з гэтаю жаніцьбай?..»
Хоць Пеньямі і моцна зап’янеў, але нават праз хмель разумее, які чужы ён для гэтых людзей, як раздражняе яго іхняя невыносная фанабэрыстасць. Але ён сам і ягоны хутар цалкам залежаць ад гэтых людзей, хоча ён таго ці не хоча. У Пеньямі абуджаецца нейкая бяздумная злосць, ён устае, нібыта збіраючыся штосьці зрабіць. Але тата Оліла таксама ўстае і кажа:
— Давай, суседзе, ідзі-тка ты дамоў, наведай сваю бабу. Яна ўжо, напэўна, і радзіла.
Тата Оліла і Франсу выводзяць Пеньямі з хаты. Ён занурваецца ў цёмны завулак і, намацваючы дарогу нагамі, ідзе на другі канец вёскі. Ён павольна сунецца наперад, бяздумна ўтаропіўшы вочы ў цемру, а хмель тым часам выветрыў з галавы ўсё паўсядзённае, і Пеньямі бачыць сваё жыццё і цяперашняе сваё становішча ва ўсіх непрыглядных драбніцах. Гэтую зямлю, гэтае неба і гэтых людзей з Кокемякаў нельга ўзяць рознымі хітрыкамі. Каго іншага — можна. Нясцерпна брыдкае пачуццё ад таго, што ёсць на свеце нешта такое, чым завалодаць табе не пад сілу, але ад чаго ніяк не пазбавішся. Старога Пеньямі бязлітасна душыць думка пра тое, што на свеце існуе нешта такое, што абавязкова трэба прызнаваць больш моцным за сябе.
Ён штосьці мармыча сабе пад нос і садзіцца каля дарогі.
У лучніку гарыць лучына, і ў яе святле відаць, што ў доме на хутары Нікіля сядзяць дзве рудыя дзяўчыны — дочкі старога Пеньямі — старэйшая Ева і малодшая Марке. Абедзве яны—дзеці ад другой жонкі Пеньямі і адзіныя, што засталіся ўжывых, вельмі падобныя на сваю памерлую маці. Абедзве яны выглядаюць панылымі і хмурымі і нават паміж сабою размаўляюць вельмі мала, аднак заўсёды трымаюцца разам. Сёння яны пачуваюць сябе ў асаблівай лучнасці, бо ўвесь вольны час яны могуць вытвараць што хочаш у родным доме. Калі дома няма ні гаспадыні, ні гаспадара, а ўсе парабкі разышліся па сваіх хатах, то гэта самы лепшы час папіць
гарэлкі або заняцца яшчэ чым-небудзь прыемным. I толькі цвыркуны стракочуць за печкаю ды неяк прывідна патрэсквае, завіваючыся ў кальцо, абвугленая лучына. Марке сядзіць пад самаю лучынай і чытае доўгую вузкую кніжку катэхізіса, а Ева прадзе, круцячы нагою калаўрот. Калі Ева спыняецца, каб закінуць нітку на наступны зубчык, Марке падымае галаву, нібыта хоча нешта сказаць, але Ева, паслініўшы палец, працягвае сукаць нітку. Марке яшчэ амаль дзіця, нават не прайшла канфірмацыю, а Ева ўжо амаль дарослая.
Усё іхняе разумовае багацце і жыццё складаецца толькі з таго, што адбываецца ў маленькім свеце вакол іх. Калі заканчваецца лета і вечарамі запальваюць лучыны — хутка прыйдзе зіма. Так аднастайна праходзіць год за годам, і дзяўчаты заўважаюць, што паціху становяцца дарослымі. Пазалеташняй восенню якраз такою парою памерла іхняя маці, цяпер Мая распараджаецца як у сябе дома, лазіць па свірнах і склепах, а цяпер во родзіць у саўне, бацька ж заўсёды на добрым падпітку. Год пасля матчынай смерці быў для сясцёр самым шчаслівым годам: бацькі амаль ніколі не было дома, і біў ён іх не так часта, як нябожчыцу жонку. Ключы ад гаспадарчых пабудоў былі ў Евы, яна моцна трымала іх у сваіх руках, і баба-павітуха Ловіса тады не надта гаспадарыла, хоць увесь час круцілася ў доме. Яна была з бацькам на ты і зусім яго не баялася, хоць ён такі сярдзіты.
Марке апусціла кніжку на калені і загаварыла з сястрою:
— Ну і дзе бацька зноў прападае?
— У Олілы.
— А чаго Ловіса заўсёды тут круціцца? Чаго яна ўвесь час смяецца з бацькі?
— Яна таксама была бацькавай нявестай.
— А чаго яна ўсё тут, калі ў нас Мая? I чаму гэта Мая павінна быць тут?
— Яна тут гаспадыня.
— Мама ж была гаспадыняю.
—Дык ведай, што Мая тут гаспадыня, а цяпер яна родзіць.
— Як гэта так? I чаго яна ў саўне?
— Во й спытай у яе сама.
— А калі яна народзіць?
— Калі, калі... Цідоўгацімала — рыбанаспявала... — адказала Ева, стомлена ўсміхаючыся. Яна паднялася, адсунула калаўрот, пазяхнула і паправіла валасы.
Абедзве дачкі Нікілі — рудыя, з маленькімі вачыма, ахопленыя звычнай заўсёднай нудой — пачалі ўкладвацца спаць. Мая і баба-павітуха Ловіса ўсё яшчэ былі ў саўне, стары Пеньямі забавіўся недзе ў вёсцы. У непрагляднай восеньскай цемры час ад часу чуліся дзікія спевы п’яных вясковых парабкаў, і тры гэтыя чалавечыя купкі міжволі цураліся адна аднае. Ева патушыла лучыну, зачыніла валакавое акенца і лягла каля сцяны ў рыпучы ложак. Марке ўжо чакала і моцна прытулілася да сястры. Гэта не надта спадабалася Еве, але яна змоўчала.