Праведная галеча
Франс Эміль Сіланпя
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 184с.
Мінск 2019
Аднак гэты Бог не пранікае ў душэўнае мноства хлапчукоў з нядзельнай царкоўнай школы. У час заняткаў ёсць шмат чаго іншага; трэба завучваць урокі з катэхізіса, калі не хочаш застацца пасля заняткаў, каб «палепшыць веды», трэба прыгледзець за полуднем, трэба пільна сачыць за тым, каб не зняславіць сябе ў вачах усёй хлапечай хеўры. Увечары, калі гаспадара кватэры няма дома, хлопцы выпраўляюцца шкоднічаць у вёсцы. Калі нічога не прыдумаюць, дык пачынаюць таўханіну, якая спачатку пераходзіць у сварку, а часта — у сапраўдную бойку. Аднойчы здарылася так, што Юсі Туарыла, пакрыўджана насупіўшыся, стаяў у баку і глядзеў, як гуляюць хлопцы. I ў гэты час міма праходзіў сам пробст. Ён нічога не сказаў, але відаць было, што гэтае Юсева адасабленне падалося пану пробсту падазрона ненатуральным. Калі ён прайшоў і знік за паваротам, вось тады Юсі дасталася напоўніцу.
— Ці не Пеньямі быў твой бацька! ? Ці не Пеньямі быў твой бацька!? — здзекліва гарлалі хлапчукі. А назаўтра, калі Юсі «засыпаўся» на таямніцы хрышчэння, пробст сказаў: «I як ты, Ёхан, сын Беньяміна, праводзіш свае вечары? Ты бадзяешся па вёсцы замест таго, каб спасцігаць святасць таямніц Госпада нашага. Кажу табе: моцна запомні гэтае нараканне маё».
Хлопцы са зларадствам сачылі, як пробст павучае Юсі.
Вучоба ў канфірмацыйнай школе была для Юсі чарадою дробных і буйных расчараванняў, і не было там нічога такога, што мроілася яму ў той песеньцы, якую маркотна напяваў ён у хаце парабкаў увечары перад пачаткам заняткаў. Аднак і цяпер яму часам хацелася паспяваць, асабліва калі ён заставаўся адзін у доме, дзе жылі вучні царкоўнай школкі. Юнацкая душа яшчэ не набрала поўнай моцы і знаходзілася на той ступені, калі імкнецца стварыць карціну свету,
суцэльна складзеную з прыгожых мрояў. Туарыла і гэтае сяло з царкоўнаю школай былі цэнтрам той карціны, аточанай бязладнай мітуслівасцю падлеткавых пачуццяў. Успрыманне жыцця і яго адчуванне рабіліся больш шырокімі, і хлопчык мусіў рухацца ўслед за імі; здавалася, што прастора таксама шырыцца і што яе трэба нечым напаўняць. Ранейшыя, створаныя яшчэ ў Нікілі, карціны канфірмацыйнай пары ніяк не супадалі з цяперашняй рэчаіснасцю: здавался, што яны так зменшыліся, што трэба было зноў пашыраць іх. Гледзячы праз акно на агароды, стрэхі і вуліцы сяла, ён адчуваў сябе бездапаможным і няўклюдным у гэтай вялікай чыстай хаце, якую паступова напаўняў вечаровы змрок. Гнятлівае пачуццё неабходнасці нешта рабіць поўніла ягоную істоту, і хлопчык пакутаваў ад страху, што не зможа ён зрабіць усё як трэба і не пазбегне жорсткага пакарання.
Гэтае пачуццё ўласнай нязначнасці і бездапаможнасці дасягнула найвышэйшай ступені, калі ён прымаў прычасце. У гэты момант трэба было абавязкова думаць пра Бога, але Бога не было, а было нейкае дзіўнае пачуццё і лёгкае ап’яненне, калі ён упершыню паспытаў царкоўнае віно і прасвірку. Пробст, пастар і дзеці выглядалі так, быццам Бог не меў ніякага дычынення да ўсяго, што тут адбываецца. Быў варты жалю ўрачысты момант канфірмацыі, калі дзяцей «дапускалі да прычасця».
Дух сытасці і спакою пануе нядзельным адвячоркам у заможнай вёсцы ў канцы лета. Заўтра ў Туарыле пачнуць жаць жыта.
Усе работнікі некуды падаліся, адзін толькі Юсі застаўся дома, бо свабоды ў яго меней, чым у парабкаў. Вядома, як сапраўдны мужчына ён ходзіць да прычасця. Але як мала гэта дае яму ў параўнанні з тым, што мроілася некалі як нешта дзівоснае і неспасцігальнае! Цяпер яму нічога не забараняюць, яму толькі загадваюць ці папракаюць яго, але сам дух, які пануе ў доме, скоўвае хлопца цяжкімі вярыгамі. I вярыгі тыя
зрабіліся больш цяжкімі, чым раней, а пасля канфірмацыі іхні цяжар стаў проста невыносным. Два тыдні таму на сенакосе гаспадар зноў адлупцаваў яго. Калі пасля таго Юсі, глытаючы слёзы і лаючыся, пры ўсіх прыгразіў, што і на год больш не застанецца ў Туарыле, адзін торпар сказаў:
— Няўжо гэта Юсі больш не збіраецца наймацца яшчэ на год?!
— Чорт ім у бок, калі я наймуся! — усхліпнуў Юсі.
— Дык ты і гэты год рабіў задарма, а не па найме, — цягнуў сваё торпар, і тады Юсі адчуў, што ягоныя пагрозы выклікаюць удругіх адно што абыякавую ўсмешку, што ўягоным становішчы ёсць нешта такое, аб чым ён не ведаў раней. Гэтым ціхім нядзельным адвячоркам сталася так, што Юсі застаўся ўдоме сам-насам са скотніцай, якая прычэсвалася перад люстэркам. Была яна вельмі злоязычная баба, да Юсі звычайна ставілася з пагардаю і заўсёды прылюдна імкнулася сказаць хлопцу што-небудзь брыдкае. Але сёння яна размаўляла з Юсі лагодна, зусім па-людску, і таму ён асмеліўся задаць некаторыя рызыкоўныя пытанні, а потым спытаў, што гэта мелі на ўвазе мужчыны на сенакосе. Хіба ён не можа наняцца ў другую гаспадарку, як гэта збіраецца зрабіць Манта?
— Дык ты і сам ведаеш, што нікуды ты не сыдзеш, — адказала Манта, разглядаючы грабеньчык супраць сонца, каб убачыць, ці не вычасала чаго-небудзь. — Гаспадар узяў цябе ў галодны год, і што б ты ні казаў, давядзецца сядзець тут, пакуль не станеш паўналетнім.
— А калі я тады стану паўналетнім?
— Гы! Як і ўсе — у дваццаць адзін год.
Значыць, ад канфірмацыі няма ніякай карысці, трэба яшчэ дажыць да паўналецця. Юсі засмучана папрасіў:
— He сыходзьце, Манта.
— Яшчэ чаго! Мне ўжо не пачаставацца ў Кале Туарылы каляднай бручкаю! — адказала Манта, становячыся такой, як заўсёды. Горда ўскінула галаву і выйшла з хаты на вольную прастору нядзельнай вёскі. Юсі застаўся адзін і адчуў, што застаецца ён у тым жа становішчы, як і ў першыя тыдні жыцця
ў гасподзе Туарыла. Радасць ад канфірмацыі канчаткова знікла. Душу хлопца напоўніла тужлівае ўсведамленне свайго малалецтва, і ён з жалем успамінаў сваё жыццё ў Нікілі. Дваццаць адзін год... А цяпер яму ўсяго толькі шаснаццаць. Як хутка праляцелі тыя дзівосныя часы!
Юсі здрыгануўся, калі ў хату ўвайшоў гаспадар.
— Куды пайшла Манта?
— He ведаю.
— Тады табе давядзецца схадзіць у Халупны канец і сказаць, каб прыходзілі на жніво, — гаспадар падрабязна пералічыў усе закуткі і тарпы, куды трэба было зайсці. — Жвавенька, скокам-бокам!
Аднак гнятлівы дух дома Туарылы панаваў не ўсюды. I паху яго не было на гэтай пясчанай дарозе, па якой шыбаваў Юсі тым ціхім нядзельным вечарам. Ногі лёгка нясуць яго, з вуснаў вось-вось сарвецца радасны свіст, і мроіцца хлопцу, што ён ужо сапраўдны вольны парабак. Так добра было б яшчэ і пагарланіць ад душы, ды неяк замінае святло, што ўздымаецца над вершалінамі соснаў. Нічога, можна будзе, калі туман паплыве з балотаў і пракрычыць начная птушка...
Такога шчасця Юсі ніколі не адчуваў ажно з тае пары, як трапіўу гасподу Туарыла. Чысты сасновы бор і ласкавы вечар яшчэ болей змякчаюць ягоную вызваленую ад вярыгаў душу. Цяпер ён сапраўдны дарослы парабак, мужчына, які ўжо ходзіць да прычасця. Вядома ж, нялёгка пакінуць Туарылу, але ж гэтая гаспадарка самая лепшая ў вёсцы. «Я ж цяпер начую ў хаце для работнікаў, вось бы шафу як-небудзь здабыць... Дый гаспадар мне дзядзькам даводзіцца, я лепшы за любога парабка, і не трэба мне нікуды сыходзіць... Парабкі сыходзяць толькі тады, калі іх ніхто і не трымае... Гэта ж так добра — спаць у парабкавай хаце, а шафу сабе я так ці гэтак здабуду...»
Са скальнага пагорка раптам разгарнуўся шырокі краявід: хацінкі торпараў, палі, платы-агароджы. Праваруч, над далёкім узлессем, вісіць самотнае чырвонае сонца, стомле-
на асвятляючы ўсю мясцовасць, да самай вяршыні пагорка напоўненую шчасцем і воляй. Немагчыма нават уявіць, каб людзі тут сварыліся між сабой; кожны можа ў нядзелю вечарам ісці куды захоча, нават дзеці. Тут ёсць тарпы, дзе трымаюць парабкаў. Вось бы неяк трапіць сюды! Ён усяляк пастараецца затрымацца тут як мага даўжэй.
Здаецца, што ў Роўка жніво ідзе поўным ходам, працуюць на трох палосах. Час ад часу то адзін, то другі жнец выпростваецца і кідае цераз голаў жмутак каласоў. Гаспадар частуе працаўнікоў півам, некаторыя ўжо на падпітку. «А што, калі паб’юцца ды мяне паб’юць...»
У Роўка была талака, і Юсі адразу ўбачыў, што тут працуе шмат хто з тых, да каго яму трэба было зайсці. Ён па чарзе падыходзіў да кожнага торпара і баязліва паўтараў, як завучаны ўрок, тое, што павінен быў перадаць ад гаспадара. Сёй-той у адказ на пачутае страшэнна вытарашчваў вочы, трос узмакрэлай барадою і крывіў рот.
— А што, у Кале жыта ўжо асыпаецца? — сярдзіта пытаўся які-небудзь стары.
— He, яшчэ не асыпаецца, але... — ціха, з некаторай доляй боязі адказваў Юсі.
Аднак ніхто яго не пакрыўдзіў і не аблаяў. Ён зноў выйшаў на дарогу і падаўся папярэдзіць тых, каго не знайшоў на полі.
Ласкаваю ноччу ў Роўка ладзіцца вечарына з танцамі, і Юсі Туарыла таксама там. 3 хутара, які Юсі наведаў апошнім з паведамленнем аб жніве ў Туарыла, з ім пайшоў таварыш з канфірмацыйнай школы і зацягнуўяго на гэтыя танцы ў Роўка. Прыцемак у хаце поўніцца хмельнаю шматгалосаю гаворкай, і той, хто нечакана першы раз у жыцці трапіў на такую вечарыну, выдатна сябе пачувае, утульна ўладкаваўшыся ў якім-небудзь кутку. Хата для парабкаў у Роўка вялікая, тут шмат месца для танцаў і чароўна гучыць голас скрыпкі. Дык на свеце маецца шмат чаго большага і значнага, таго, што ўзвышаецца над усім духам гасподы Туарыла! А як бы выглядалі гаспадары Туарылы ў гэтым натоўпе танцораў? Напэўна, па-дурному і недарэчна. А вось Юсі пачувае сябе
надзіва добра. Некалькі разоў ён выходзіў на двор, і ніхто яго не лаяў і не дакараў — наадварот, з ім нават размаўлялі і пыталіся, хто заўтра пойдзе на жніво ў Туарылу. Нароўні з усімі яго пачаставалі дамашнім півам, ён нават паспрабаваў танцаваць польку з адным хлопцам і цяпер мерыцца паскакаць яшчэ. Ніхто не чапляецца да яго з пытаннямі, чаму гэта ён так затрымаўся, калі перадаў усім просьбу гаспадара. Цудоўная ноч, самая цудоўная ў жыцці!
Усё выдатна, але час ад часу Юсі выбягае на двор і спрабуе прыпомніць, ці ўсе загады гаспадара ён выканаў як след. Стоячы ў двары, ён бачыць пагорак, ахутаны начным змрокам. Адтуль адвячоркам ён глядзеў сюды ўніз. У Туарыле ўжо спяць, і гаспадар не даведаецца, калі ён вернецца, а таму і лаяць яго не будзе. Манта таксама тут, і ён пойдзе дамоў толькі з ёю. Юсі вяртаецца ў хату і рашуча накіроўваецца да дзежкі з півам. Ён ужо ходзіць да прычасця, ён ужо дарослы, і з чаго гэта гаспадар Туарылы, чорт ягонай мацеры, чапляецца да яго?