• Газеты, часопісы і г.д.
  • Праведная галеча  Франс Эміль Сіланпя

    Праведная галеча

    Франс Эміль Сіланпя

    Выдавец: Янушкевіч
    Памер: 184с.
    Мінск 2019
    52.79 МБ
    Позняй восенню з’явіліся рэдкія ўсходы азімага жыта, слабыя і бляклыя. Большая частка палёў Нікілі засталася незасеянаю, і таму яшчэ да Калядаў у хлеб пачалі падмешваць мякіну. Пасля Усіх Святых на хутары засталося толькі двое мужчын: Юсі ды Пеньямі. Усе гаспадарчыя работы дасталіся двум торпарам.
    Так і пакутавалі гэтыя людзі ў глухіх лясах, ім было не да размоў аб «народзе Суомі», а ўсё новыя і новыя нягоды абрыналіся на іх тыдзень за тыднем, месяц за месяцам. Чэрвень тым годам выдаўся такі, што а трэцяй гадзіне пад ранне ў мяккім святле з-за хмар можна было ўбачыць снег на схілах Свіной горкі, бліскучы лёд на возеры і палеглыя парасткі на нівах. Потым было Купалле, і на некалькі тыдняў
    пасля яго нечакана ўсталявалася цёплае надвор’е, але нічога добрага людзі не чакалі, бо ў тым было нешта падобнае да сітуацыі з хворым, які напралом ірвецца вон з лякарні, адчуўшы нязначную палёгку. Потым надышлі першыя дні верасня, светлыя ранкі якіх усміхаліся ўстрывожаным людзям, нібы кажучы:
    — Чаго вы здзіўляецеся? Няўжо вы не бачыце, што гэта сапраўды святочныя ранні? Ідуць новыя часы!
    Нібыта наўмысна дзеля свята прырода паслала тры дзівосныя заінелыя ранкі, хоць хапіла б і аднаго.
    Людзі, якія хадзілі па вузкіх вясковых вулачках, здаваліся такімі маленькімі. Бачылі там і Пеньямі з хутара Нікіля, на дзіва чыстага і цвярозага. На ніве Хусары ён убачыў людзей, якія касілі рэдкую збажыну і зграбалі яе ў невялічкія капёшкі. Звычайна ён заўсёды спыняўся, каб пасмяяцца з гэткага здабытку, але гэтым разам ён прайшоў і ветліва павітаўся такім жаласным голасам, быццам хацеў заплакаць.
    Нарэшце пасля доўгай падрыхтоўкі, пасля аддаленых пагроз, якія ўсё ж пакідалі пэўную надзею, заявіўся і сам вялікі госць, пазбавіўшы людзей ад пустых пакутлівых спадзеваў. У вёсцы Хар’якангас толькі тата Оліла сабраў сякі-такі ўраджай. Што праўда, ён не надта звяртаў увагу на тое, а толькі гучна абвяшчаў з-за сваёй густой барады:
    — Горш за ўсё тое, што кара ад дрэў адстае толькі ўвесну!
    Змяркалася. Апошні раз сямейнікі Нікіля сустракалі свята Нараджэння Хрыстова ўсе разам. Але нават у такі час людзей гэтак апаноўвалі тысячы дробязных турбот, што пра Каляды ўспаміналі толькі тады, калі сутонне заганяе ўсіх у хату. Але гэтым разам іхнія душы не паддаюцца святочнаму настрою і людзі не спяшаюцца сысціся за калядным сталом. У гэтых грубых звонку людзей на працягу тысячагоддзяў прырода нейкім таямнічым чынам стварыла чулую душу, і таямніцу гэтую разгадаць не ўдаецца. I не адзін з іх сярод усяго клопату і ўсёй мітусні раптам запаволіць хаду, нібы пачуўшы
    знаёмы з дзяцінства шолах крылаў каляднага анёлка ў змроку напярэдадні Калядаў, быццам у прадчуванні галоднага года. Таму лепей не спяшацца ў хату, а як мага даўжэй пабыць у двары... Напэўна, іншыя таксама заўважылі, як пралятае той анёлак, і праз гэта ў іхнія душы патхнула цяжкім злавесным прадчуваннем, але ніхто не хоча паказаць гэта сваім позіркам.
    А і тае восені калядны вечар усё набліжаўся, бо ніякія замаразкі не могуць спыніць няўмольную плынь часу.
    У цьмяным святле кароткага дня на лаўцы каля акна сядзіць стары Пеньямі. Ён стаміўся і глядзіць на двор згаслымі вачыма, сілы не засталося нават на сварку. Жахлівыя прадчуванні яго не трывожаць, бо не бачыў ён аніякага каляднага анёлка. Нічога не робячы, ён сядзіць у пустой хаце, і злосць перапаўняе ягоную душу.
    Каляды... Стары Пеньямі перажыў шмат шыкоўных калядных свят. Калядны настрой, абуджаны лішкам гарэлкі, дамашняга піва і свініны, бурна струменіў па жылах. На тыя даўнія калядныя святы мужчына адчуваў сябе сапраўдным гаспадаром у сваёй сядзібе. Баб’ё і ўсе шчаняты затрэсліся ад страху, калі ён каляднай ноччу, нешта з усяе сілы гарлаючы, выправіўся на суседні хутар Хусары, з гаспадаром якога ён тады судзіўся. Спачатку яны пабіліся, потым старгаваліся наконт каня і ўрэшце заснулі ў хлебапякарным пакоі на хутары Хусары. Аднак спалі яны нядоўга і на досвітку пад звон званочкаў паляцелі ў царкву. На ўсю шырыню душы спраўлялі тады Каляды! А следам за каляднай ноччу ішла ноч св. Стэфана, і шмат яшчэ якіх начэй, ажда Вадохрышча. Шалёныя былі Каляды, дый бабы былі маладзейшыя.
    У змроку пад надыход Калядаў, якія папярэднічаюць галоднаму году, сядзіць стары Пеньямі ў пустой хаце і знясілена ўспамінае старыя добрыя часы. Ён пачувае сябе такім самотным ва ўсім свеце. Да тых істот, якія цяпер мітусяцца ў гасподзе, ён адчувае толькі млявую агіду. Яны існуюць толькі дзеля таго, каб засведчыць ягонае прыніжэнне, бо цяпер і ён амаль параўнаўся з імі. Павітуха Ловіса пакуль што жы-
    вая, але яна ўжо старая, а старыя бабы нічога не вартыя і ні да чога не прыдатныя.
    Пеньямі ведае аднаго чалавека, які нават гэтым часам мае гарэлку. Пеньямі думае пра тату Олілу. Ён куды старэйшы за Пеньямі, аднак не належыць да таго кола людзей, у якое ўваходзіць стары Пеньямі: ён наогул не ўваходзіць ні ўякае кола, ён — сам па сабе. Ён да прыкрасці самастойны, ён вышэйшы за Пеньямі і за ўсіх астатніх. Пеньямі ведае, што тата Оліла глушыць гарэлку больш за яго, аднак ён здаравейшы і багацейшы. Часцей за ўсё ў таты Олілы ядуць чысты, без мякіны, хлеб, і замаразкі пабілі не ўсе ягоныя пасевы, дый з Кокемякаў яму падвезлі тры вялікія вазы корму. I ў дадатак да ўсяго Пеньямі вінаваты яму шэсцьсот рублёў... 3 такім не паблазнуеш на Каляды.
    Пеньямі ўстае і хісткімі крокамі выходзіць на двор, не ведаючы, куды яму падацца. Ён заўважае, што на пагорку тырчыць і мерзне Юсі, і хоча даць яму дыхту, як раптам з-за саўны з’яўляецца стракатая купка людзей, якія валакуць за сабой вялікія сані. Гэта агульнавядомае відовішча, і дух Пеньямі ажыўляецца і поўніцца ўсведамленнем таго, што для гэтых людзей ён усё яшчэ гаспадар.
    — Добрых Калядаў! — кажуць жабракі з паўночным акцэнтам.
    — Добрых, ды не тут. Тут вам, паўночнікі, гэтым разам не будзе прытулку. Ідзіце ў Оравайнен, там і будзе вам начлег. А тут нічога не будзе, ідзіце, я вам кажу!
    Пеньямі ідзе ў Олілу, і малы Юсі можа спакойна паглядзець, як адыходзяць жабракі з поўначы. Пабірахаў са свайго прыхода мясцовыя жыхары не называюць жабракамі. Нават праз пяцьдзясят гадоў, у час вайны, калі гаворка пачынался аб людзях з поўначы, іх і тады Юха Тойвала лічыў страшэнна чужымі — так глыбока запала яму ў душу тое каляднае ўражанне.
    Калі Пеньямі быў ужо далёка на вясковай вуліцы, Юсі кінуўся бегчы да хацінкі на Свіной горцы. Нейкі таямнічы інстынкт цягнуў хлопчыка з дому ў такі позні час, ён адчуваў,
    што на Свіной горцы наладзіцца сапраўднае каляднае свята, якога ў Нікілі ніколі не было і не будзе. Як хораша было б правесці гэты вечар з хлопцамі са Свіной горкі! Дома ў Юсі прыяцеляў не было.
    На Свіной горцы здзівіліся, чаго гэта Юсі з Нікілі прыйшоў так позна, і Кустаава падумала, што Пеньямі зноў пачаў вар’явацца. Яна асцярожна распытала хлопчыка і высветліла, што ні сваркі, ні бойкі там не было, што Пеньямі пайшоў некуды ў вёску, а Юсі ўцёк сюды... Усё зразумела. Спакуслівы водар струменіўся ад паранай бручкі, надаючы калядную святочнасць маленькай хаціне. Аднак інстынкт падказваў Юсі, што яму тут нічога не дастанецца. Спахмурнеўшы, ён моўчкі выслізнуў за дзверы і знік, быццам нейкае каляднае прадвесце, мімалётнае і невытлумачальнае. Пасля такой праходкі, выкліканай парывам душы, заставалася толькі адно: з-пад зорак, што загарэліся ў небе, вярнуцца ў хату, дзе, як заўсёды, гарэла лучына. Усе чакалі гаспадара, каб пайсці ў саўну. Калі ж чаканне зацягнулася і саўна магла напраўду астыць, вырашылі пайсці і без яго. Насельнікі хутара Нікіля тым вечарам паводзілі сябе не так, як заўсёды.
    Тата Оліла ўжо выслухаў калядныя пажаданні, схадзіў у саўну і цяпер расчэсваў бараду, калі ў дом заявіўся Пеньямі. Хіба ж толькі зараз і пагаварыць пра пазыкі? I час для першай каляднай выпіўкі яшчэ не настаў: гэта будзе, калі ўсе збяруцца за святочным сталом і праспяваюць псалмы. Тата Оліла адчуў раздражнёнасць.
    — Дык ты ж усё ведаеш не горш за мяне... 3 цябе шэсцьсот рублёў, ды яшчэ інтарэс за два гады ты не заплаціў. Гэта трэба дадаць да асноўнага капіталу.
    — А-а-а... я-а-а...
    — Дык ты ж ведаеш, я не прадаю гарэлку ні за грошы, ні на доўг не даю... А інтарэс дадам да капіталу. Гэта будзе пару соцень марак...
    — А-а-а... я-а-а...
    —Дык я табе гарэлкі і так дам, без грошай, каб ты пасмакаваў Каляды. Ёсць з сабою якая пасудзіна?
    — А-а-а... я-а-а...
    — I не сярдуй тады, калі я законна спаганю з цябе пазыкі. I будзе тады з цябе две тысячы шэсцьсот марак. Ну, ідзі сабе з Богам!
    — А-а-а... я-а-а...
    — Ідзі ўжо сабе з мірам.
    Гнятлівая цішыня пануе ў доме Нікілі пасля саўны, душыць страх — што скажа стары, калі даведаецца, што ўсе схадзілі ў саўну, не дачакаўшыся яго. Мая яшчэ ў саўне, яна пайшла апошняю — пакуль сям’я мылася, яна, нікому не сказаўшы, нанасіла ў хату саломы. Гэта старая падапрэлая салома, якую ўранні нацягалі на корм скаціне з даху пабудаванай два гады назад пуні. Юсі лічыць сваім абавязкам рассесціся на гэтым подсціле, хоць ад яго моцна тхне гніллю, і хата поўніцца цяжкім духам.
    У сенцах чуюцца крокі старога Пеньямі. Знаёмае вока ў дзвярах блішчыць ярчэй, чым заўсёды, а дыханне — гучнейшае. Усе прысутныя адразу звяртаюць увагу на вялікую драўляную біклагу, якую стары Пеньямі нясе пад пахай. Такой пасудзіны ў Нікілі ніколі не было, гэта — здабытак з вёскі.
    Усім на здзіў, Пеньямі не адразу пачынае сварку. Усе маўчаць, Юсі ціхенька спаўзае з подсцілу. А Пеньямі ставіць біклагу ў сваю асабістую шафу, зачыняе яе і, не кажучы ні слова, хістаючыся, зноў выходзіць з хаты. I гэтым адметным вечарам усе заўважаюць, як моцна састарэў Пеньямі за апошнія нялёгкія гады. Што ж, болей не варта яго баяцца. Жанчыны пасмейваюца яму ўслед. Але стары крумкач усё яшчэ можа нагнаць жуды нават у гэты, хай сёння і не радасны, але святы вечар.
    Калі б тры гады таму Пеньямі вось так моўчкі пайшоў з хаты, Аапелі меў бы ўсе падставы пайсці следам і паглядзець, каб стары не пакрыўдзіў гаспадыню, якая мыецца ў саўне. Цяпер Аапелі тут няма, але ўсе ведаюць, што для гаспадыні няма ніякай пагрозы. Саслаблі жыццёвыя ўстоі.
    Аднак перад тым як сесці за святочны стол, гаспадар зрабіў слабую спробу вярнуць старыя парадкі. Пеньямі намерыўся