Прэм’ера
Андрусь Горват
Выдавец: Альфа-кніга
Памер: 186с.
Мінск 2022
Падаждзі, Фёдараўна. Я рашаю важныя вапросы.
Я паняла, Сямён Адольфавіч. Шчас Свету пашлю, яна вам супніцу прынясе. Такая красівая супніца, Сямён Адольфавіч!
Фёдараўна, якая супніца? Ё-маё!
Я лічна суп не пераліваю з каструлі. Бо патом і каструлю, і супніцу мыць нада. На празнік кампот можна наліць, штоб запіваць.
Які кампот, Фёдараўна?
Я паняла, Сямён Адольфавіч. Усё паняла. Шчас Света ўвесь сервіз прынясе. Света! Шчас, Сямён Адольфавіч. Света!
Фёдараўна, не пасылай Свету. Алё, Фёдараўна!
Шчас, Сямён... этат... Адольфавіч. Шчас! Дайце мне міску. Ой, не міску мінуту. Міску я сама дам. Там шэсць місак і шэсць падстаўных. Сямён Адольфавіч, такі красівы набор! Французскі! Шчас я ўсё арганізую. Светаіцітваюмаць!!!
Наведвальнік пагрукаў у дзверы.
Скажыце, а доўга чакаць?
Адольфавіч ужо не пахнуў адэкалонам.
Панятна. Я заўтра зайду.
Старшыня правёў рукой па мокрых валасах і запытаў прама:
Казіміравіч, атвець мне на адзін вапрос. Кагда ў паследні раз ты бачыў Леніна?
Цяпер напружыўся Казіміравіч.
Леніна ён бачыў у восемдзесят восьмым годзе. Тады ўсёй брыгадай ездзілі ў Маскву і хадзілі ў маўзалей.
He тое, не тое, Казіміравіч! Нашага Леніна ты калі бачыў? Помніш, стаяў тут. Ну? Дзе наш Ленін?
Казіміравіч выдыхнуў, ушчыпнуў старшыню за руку і сказаў:
Мужчына, мужчына, здавайце пасцель. Мы прыехалі.
2.
Цягнік пад’язджаў да Каленкавіч.
Аўтар ляжаў на верхняй паліцы. Перад ім стаяла жанчына з шырокім тварам.
Казіміравіч? спытаў аўтар.
Ён яшчэ не паспеў прачнуцца да канца.
Я не Казіміравіч. Я Валя. Здавайце пасцель.
Аўтар не паспеў прачнуцца, а Валя засынала на хаду. Яны знаходзіліся на адным узроўні рэальнасці, проста рухаліся ў розных напрамках. Але ў гэтай кропцы разумелі адно аднаго.
Я хутка лягу, сказала Валя. Калі ўбачу Казіміравіча, магу перадаць ад вас прывет. Як ён выглядае?
Галоўны архітэктар.
Ну панятна. Чай браць будзеце?
Аўтар не стаў браць чай, сабраў свае рэчы і здаў бялізну.
Потым пяць мінут сядзеў і чакаў, пакуль цягнік дапаўзе да вакзала і спыніцца.
Шкада, вельмі шкада. Гэтых пяці мінут Казіміравічу хапіла бы, каб сказаць, дзе Ленін. Хапіла б нават адной мінуты. Па ўсім было відаць, што ён знае.
Калі аўтар выходзіў з цягніка, Валя яшчэ раз сказала:
- Я помню. Казіміравіч. Перадам.
- Прысніцца ж такое, падумаў аўтар услых.
На вакзале ён выпіў нясмачную каву і пацягнуў свой чамадан у бок аўтастанцыі, каб сесці на аўтобус да Прудка.
Раней аўтар жыў у Прудку. Там ён напісаў п’есу.
У тэатры п’есу прачыталі і сказалі:
- Гэта космас.
Ён не мог паверыць.
Космас, космас, не сумнявайцеся. Іра з аддзела кадраў вернецца з абеда і аформіць вас, сказалі яшчэ.
Іра вярнулася, аформіла.
Спонсар перавёў грошы на рахунак тэатра. Рэжысёр Падаляка пацалаваў дачку, жонку і пераехаў жыць на камерную сцэну. Вольга Дзядкова падарыла астры. Дзіму Есяневіча было не пазнаць. А Света Анікей так натуральна выглядала цёткай, што аўтар сам блытаўся.
I раптам персанаж прапаў. Занудзіўся і збег.
Ну як так?
Аўтар наватувёў новага героя Олю. Оля ўмела гатаваць галубцы і хадзіла на работу.
План быў бліскучы. Аднак штосьці пайшло не так, і паставіць персанажа на месца не ўдалося.
А месца аўтара было ў тэатры. Яму падабалася штодня прыходзіць на рэпетыцыі і глядзець, як акцёры б'юцца ў творчых канвульсіях.
Але спектакль адмянілі.
Без персанажа ўтульная вясковая хата стала толькі бутафорыяй, а спакойная цішыня нялоўкім маўчаннем акцёраў.
Аўтар ішоў да аўтастанцыі, каб сесці на аўтобус да Прудка.
У Прудку ён залатае дзірку сабой сам стане персанажам. Будзе даіць казу і разглядаць дзедава неба. Як колісь.
Ніхто лепей за яго не ведае гэтую ролю.
Купалаўцы заўважаць, што персанаж у п’есе зноў ёсць, і рэпетыцыі ўзновяцца.
Пра адно аўтар не падумаў: што будзе з ім самім? Кім ён стане для гэтай п’есы? Па-ранейшаму аўтарам? Ці ўжо толькі персанажам?
Сітуацыя была няпростая.
Але следам за пытаннем, хто ён, нечакана вылезла іншае: а дзе Ленін?
Ніколі раней аўтар не думаў пра Леніна спецыяльна. Уявіць, што таго няма, здавалася бязглуздзіцай. Зразумела, што гэта быў толькі сон, але бывае, што ў снах паказваюць праўду. Тым больш пасля таго, як знік персанаж, можна было паверыць і ў знікненне Леніна. Мо гэта такая прыкмета часу і цяпер усе знікаюць? Аўтар быў так заняты спектаклем, што, магчыма, не заўважыў той момант, калі Леніна прыбралі з плошчы.
На вуліцы Дзяржынскага ён спатыкнуўся аб бардзюр, і ў кроў трапіў адрэналін. Аўтар не павярнуў у бок аўтастанцыі, а рушыў у цэнтр, каб паглядзець, ці стаіць Ленін на плошчы.
У любы іншы дзень ён быў бы рады ўбачыць там пустату. Ленін даўно выглядаў як фанерны макет казы толькі дэкарацыяй. Але цяпер аўтару хацелася, каб Ленін усё-такі быў. Гэта б дало надзею на тое, што і персанаж нікуды не з’ехаў, а пані з залатымі зубамі мудрасці і пенсіянеры-альбіносы на беразе мора усё гэта толькі прыснілася.
Калі плошча ўжо добра праглядалася, аўтар стаў уважліва ўзірацца, але важдзя не было відаць.
Як так?
Каб ніхто не ўбачыў, што ён цікавіцца Леніным, аўтар паставіў чамадан, прысеў і зрабіў выгляд, што завязвае шнуркі на бацінках. А тым часам заглянуў за бігборд, на якім была рэклама трусоў.
I тут пачуў зверху:
Мужчына, сколька ўрэмені?
Побач стаяла Касячок. Яна трымала ў руцэ вялікі пакет.
Я тут шнуркі завязваў, сказаў аўтар у апраўданне.
Завязвайце, а дзесяць ужо е?
Дзесяці яшчэ не было.
А я вас пазнала. Я ваш партрэт у газеце бачыла. Вы наш аўтар. Вас тэатр ставіць. Мы ўсё пра вас знаем. Чыталі, пахвалілася Ларыса Фёдараўна. А дзе вы цяпер у Мінску ці за граніцай? Я так і не паняла. Вы як Талстой. I той бараду насіў. Госпадзі, які вы худзенькі. У вас язва жалудка? Над чэм сейчас думаеце?
Аўтар разгубіўся і не зразумеў, на якое пытанне адказваць.
Мне, знаеце, так баліць усё, што вы пішаце! Я ноч не спала, чытала, сказала Касячок. Пайшліце, пайшліце. У дзесяць начальства з вобласці прыедзе. Я ўключу вас у праграму. Скажаце што-небудзь.
А што сказаць?
Што-небудзь харошае.
3.
Начальства прыехала ў дванаццаць.
Першай справай яно паабедала і сытае наведала завод бытавой хіміі. Потым кампанія важных персон пачала сцягвацца да будынка Дома культуры, які стаяў на плошчы.
На плошчы павінен быў стаяць і помнік Леніну. Але аўтар так і не знайшоў яго. He пытаць жа ў начальства: «Прасціце, а дзе ваабшчэ Ленін?».
Ён, аўтар, мусіў бы ведаць такое.
Першым на ганак узышоў старшыня ў кірзавых ботах. Ён абуў боты спецыяльна каб паказаць, што ніколі не сядзіць на месцы, а бегае, бегае па раёне.
Акрамя ботаў, увесь Адольфавіч быў такі самы, як у сне. Нават кепка на галаве старшыні была таго ж фасону.
Ён шырокай далонню строс з рукава пінжака пыл з завода бытавой хіміі і зняў кепку.
У вас новая прычоска? спытала Касячок.
He, то воласы прыліплі.
He прачце пад кепкай. Вам так харашо. Асвяжает.
За старшынёй падцягнуліся астатнія. Апошнімі на ганак падняліся жанчыны з вобласці. Яны былі на абцасах і з начосамі, таму не маглі хадзіць хутка, асабліва супраць ветру. Але калі ўбачылі ў залі мяккія фатэлі, прыкручаныя да падлогі самарэзамі, першымі дабеглі да іх і паспрабавалі ўсесціся.
He тут, не тут, сказала вахцёрка. Тут у нас дзізінфекцыя ад блох. Хто-та ката ўпусціў. На сцэну ідзіце. Там утранік быў, мы яшчэ не ўбралі.
За шторай, якая аддзяляла глядацкую залю ад сцэны, літарай «П» стаялі маленькія драўляныя стульчыкі. Стульчыкі былі розных памераў і розных колераў.
У цеснаце, а не ў абідзе, задорліва сказаў вялікі мужчына з вобласці.
Ён ужо вельмі хацеў сесці хоць на што-небудзь і адразу заняў стульчык па цэнтры. Начальнік не прывык хадзіць многа, і цяпер, калі сеў, яго чырвоны твар стаў надувацца і вывальвацца з варатнічка.
Чынавенства зашамацела бліскучымі касцюмнымі штанамі, зазвінела абцасамі і арганізавана расселася па стульчыках.
Ва ўсіх важных мужчын раптам павылазілі з-пад штаноў белыя шкарпэткі. А ў Ларысы Фёдараўны з-пад кароткай спадніцы вылезлі крэпкія ногі.
У сне яе ногі выглядалі не так эфектна.
Той, у каго рост быў невялікі, сеў добра. Высокія чыноўнікі, калі паставілі на калені свае партфелі, ужо не бачылі стол, які стаяў насупраць, накрыты бардовай шторай.
На сцэне моцна запахла лакам для валос і адэкалонам.
Света, сказала Касячок, ідзі скарэй на клумбу і нарві там бархатцаў.
Сямён Адольфавіч, які сядзеў на стульчыку побач, спытаў:
Што вы, Ларыса Фёдараўна, сказалі?
Я сказала, каб Света нарвала бархатцаў. Стол пусты.
Ідзіце, Света. Нарвіце бархатцаў, загадаў старшыня.
Света пайшла. А Касячок цяжка ўздыхнула:
Госпадзі, як тут душна.
Ну, што-та парыць, пагадзіўся Сямён Адольфавіч. Дождж будзе.
А вы яшчэ і ў кірзавых сапагах. He берэжоце сябе.
Сямён Адольфавіч выцер з ілба пот рукавом.
Вам так харашо, сказала Касячок. На групавую фатаграфію не надзявайце кепку.
Вы думаеце?
Харашо, харашо. Эта мокры эфект.
Аўтар не прывык знаходзіцца сярод начальнікаў. У яго п’есе начальнікаў не было. Былі толькі фельчарка і ўчастковы. I цяпер ён стараўся трымацца загадчыцы аддзела культуры. Яна прынамсі чула пра Талстога.
Пастаўце, пастаўце куды-небудзь чамадан, сказала Касячок.
Пакуль аўтар ставіў чамадан, чыноўнікі расселіся, і яму не хапіла стульчыка побач з Ларысай Фёдараўнай. Ён сеў насупраць і сіратліва
паглядзеў на загадчыцу аддела культуры, але найперш на яе ногі, бо іх цяжка было не заўважыць. Касячок падміргнула яму, нібыта сказала: «Сядзіце, сядзіце. Мне так баліць тое, што вы пішаце. Я ноч не спала».
А вы з землеўстраіцельнага аддзела? спытаў аўтара чалавек з высокімі каленямі, які сядзеў побач.
He. Я з Мінска прыехаў.
А хто з землеўстраіцельнага?
Аўтар не ведаў. У сне яму сказалі толькі, што ў землеўстраіцельным аддзеле дзяцей хрысцілі. Ён падумаў, ці трэба дзяліцца гэтай інфармацыяй, раптам яна як-небудзь дапаможа. Яшчэ ён хацеў запытацца пра Леніна, выведаць як-небудзь незаўважна: «У землеўстраіцельным аддзеле дзяцей хрысцілі, а Леніна няма», і паглядзець, як чалавек адрэагуе. Але пакуль аўтар выбіраў правільную інтанацыю, з клумбы вярнулася Света.
Яна паставіла вазу з бархатцамі на стол, і нарада пачалася.
Першым да стала выйшаў Сямён Адольфавіч у кірзавых ботах.