Прэм’ера
Андрусь Горват
Выдавец: Альфа-кніга
Памер: 186с.
Мінск 2022
Ён ішоў дахаты, каб заняць месца персанажа, і на нейкі момант адчуў сябе персанажам кнігі Федарэнкі Антонам Васкевічам. Антона выгналі з інстытута. Аўтара з тэатра. Ну, не тое каб выгналі. Але можна сказаць і так.
Калі Антон вярнуўся ў родную вёску, ён убачыў, што «двор быў увесь засыпаны снегам, толькі маленькая, у два сляды, сцежачка вяла да свінушніка».
Двор аўтара зарос травой, акацыяй і дзікімі слівамі. Уздоўж сцяны хаты забуяла высокая крапіва. Атонкая сцежка, вытаптаная цётчынымі нагамі, ніткай ляжала ад кворткі да казіных апартаментаў.
Аўтар не паспеў добра агледзецца, нават у хату зайсці, як прыйшла і сама цётка Дуня.
Яна адразу села на канапу на верандзе. Спачатку села, потым сказала:
Я сяду.
Аўтар сеў побач з ёй.
Ну што? спытала цётка.
Нічога, адказаў аўтар.
Балота яно і е балота.
Балота яно і е балота.
Ад яе слоў адразу стала сумна, на неба напаўзла туга, але цётка радасна дадала:
Люблю я, бляха, балота!
Аўтар нічога не адказаў.
Тады цётка паўтарыла з той самай інтанацыяй:
Люблю я, бляха, балота!
Над Прудком вісела пухнатае воблака. Аўтар доўга глядзеў на яго, каб зразумець, у які бок яно рухаецца. Але воблака не рухалася.
Аўтар спытаў:
Цётка, вам не здаецца, што ў вас тут час застыў?
Яна задумалася. Аўтар стаў тануць у яе задуменным позірку. I першае балота, і апошні прамень сонца уся гісторыя свету ад пачатку да канца была ў гэтых вачах. Аўтар стараўся не варушыцца, бо прадчуваў глыбокую філасофскую думку і не хацеў перашкаджаць гэтай думцы з’явіцца.
Цётка пачасала нагу і нарэшце сказала:
Што? Ты што-та спытаў?
Калі яна пайшла, аўтар знайшоў на падлозе паштоўку з выявай рэчкі, на беразе якой стаялі рознакаляровыя домікі Амстэрдама ў промнях вечаровага сонца. Над рэчкай, над домікамі лёталі чайкі і, магчыма, нават альбіносы.
Неверагодная прыгажосць.
Неверагодная!
Аўтар паклаў паштоўку на канапу і нарэшце агледзеўся.
У вокнах паміж шыбамі ляжаць дохлыя мухі і сухія гронкі каліны. Ужо счарнелыя ад старасці.
Ён дайшоў да калодзезя.
Каля калодзезя дажджы і верхаводка ўтварылі ў глебе вялікую з чалавечы рост яму. Аўтар не бачыў яе: яма была схавана пад тонкім слоем зямной кары, якая толькі і чакала, калі на яе хто-небудзь стане.
3 яблыні тырчыць сухая галіна.
Аўтар, не ідзі, не ідзі! He трэба туды ісці.
Двор зарос травой, акацыяй і дзікімі СЛІ...
Аўтар праваліўся.
Па вуліцы на лісапедзе ехаў Коля.
Коля ўбачыў галаву аўтара і крыкнуў:
- Э! Здароў! Ну што там?
Аўтар яму:
-Дзе?
- Там.
- Дзе там?
- Ты дзібіл?
- Дзікі ты чалавек, Коля.
1.
Аўтар агледзеўся. У вокнах паміж шыбамі ляжаць дохлыя мухі і сухія гронкі каліны. Каля калодзезя дажджы і верхаводка ўтварылі ў глебе вялікую яму. Двор зарос травой, акацыяй і дзікімі СЛІ...
Аўтар праваліўся.
Вечарам прыбіральшчыца Маруся Зайчыкава мыла падлогу ў камернай залі тэатра, пайшла памяняць ваду, а калі вярнулася, убачыла пасярод сцэны акцёра Мішу Зуя. Зуй стаяў босымі нагамі на мокрай падлозе і глядзеў уверх.
Маруся паставіла вядро і таксама паглядзела ўверх, але там была толькі столь з электрапрыборамі.
Што ты тут робіш? асцярожна спытала.
Зуй не быў гатовы, што яго ўбачаць, і спачатку разгубіўся.
Прыбіральшчыца не дачакалася адказу і стала выціраць сляды, якія акцёр пакінуў, калі ішоў да сярэдзіны сцэны.
Дня вам мала. Ходзяць і ходзяць. Дзе б на работу ўстроіўся.
Маруся не разумела, за што акцёрам Купалаўскага тэатра плацяць грошы. Акцёры ў кіно ўмелі паказаць жыццё праўдзіва, а гэтыя толькі крычалі і размахвалі рукамі.
Яна зацерла сляды і села на венскае крэсла. Побач стаялі Мішавы кеды з акуратна ўсунутымі ўнутр шкарпэткамі.
Ну што папаўся? Толькі стань на чыстае.
Зую такія правілы спадабаліся. Ён быў акцёрам і любіў няпростыя сітуацыі. Тым больш на сцэне Купалаўскага тэатра Міша адчуваў сябе як рыба ў вадзе.
Як рыба ў вадзе адчувала сябе і Маруся Зайчыкава, бо яна гэтую сцэну мыла.
Усё? Цяпер чакай, пакуль высахне.
Зуй памацаў кішэні. Выпадковы рэквізіт мог падказаць яму ролю. Але ў кішэнях было пуста.
Курыць шукаеш? спытала Маруся.
Я ж не куру, адказаў Зуй.
Ага. Вы ўсе не курыце. I не п'еце. Наскі надзень. Падлога халодная. He бойся, я падам. На наскі.
Зуй зрабіў выгляд, што не пачуў, скінуў са спіны заплечнік, намацаў унутры заплечніка кофту і кнігу. Выбраў кнігу.
Чытаць будзеш? Ну што, раскусіла я цябе? Наскі вазьмі. Ногі застудзіш. Ай, як хочаш.
Зуй наўгад разгарнуў кнігу і стаў чытаць. Ён усё яшчэ стаяў босымі нагамі пасярод сцэны.
Захварэеш, потым матка будзе лячыць. Чытай, я нікуды не спяшаюся. Мама яшчэ жывая?
Вы мне перашкаджаеце, незадаволена сказаў Зуй.
Чытай, чытай. Я хоць да ночы магу сядзець.
Праз хвіліну Марусі стала сумна. Яна запытала:
А кім бацька работае?
Зуй не звяртаў увагі на прыбіральшчыцу і чытаў вельмі засяроджана. Калі перагарнуў старонку, усміхнуўся, потым ледзьве стрымаў смех. Маруся старалася не паддавацца на правакацыю, але ўсё-такі не вытрымала:
Што смешная кніга?
Тш, сказаў Зуй.
Чытай, чытай, а я паем.
Зайчыкава дастала з торбы пластыкавы кантэйнер, у якім ляжалі вараныя яйкі і луста хлеба. Аб падлакотнік венскага крэсла Маруся разбіла адно яйка.
Чытай, я і да ночы магу сядзець. У мяне дзеці дома не плачуць, сказала яшчэ раз, каб Зуй не сумняваўся.
Але хутка Зайчыкава засумавала. Яйка яна ўжо з'ела. А проста сядзець і нічога не рабіць не ўмела доўга. Маруся паглядзела спачатку на свае ногі, заўважыла на калготках нітку, якую трэба было ўсунуць унутр. Потым перавяла позірк на кеды акцёра.
А кеды ў цябе дзіравыя. Толькі дзеўкі ў галаве. Дзе б новыя кеды купіў.
Зуй незадаволена перагарнуў старонку.
Ладна, давай услых чытай, ну.
Міша павагаўся, скрывіў твар і як бы без ахвоты прачытаў першы сказ:
Я спрабую ўявіць свет без мяне.
Грамчэй. A то як не еў. Еў хоць? He галодны?
Я спрабую ўявіць свет без мяне. Але не магу, тады проста замяняю сябе чорнымі плямамі, прачытаў Зуй яшчэ раз. Ну, напрыклад, чорныя плямы на кніжных паліцах, дзе магла быць мая кніга. Хата ў Прудку вялізная чорная пляма.
На варанае яйцо. На, не бойся. Я не кусала.
He перашкаджайце, сказаў Зуй.
Як хочаш. Чытай галодны.
У тэатры была бы пляма-прывід. Яна б соўгалася па цёмных калідорах, а ўсе б думалі, што гэта Чорная Панна тэатра. Яшчэ былі б самыя дарагія плямы у сэрцы. Калі б я быў паэтам, я б сказаў штосьці пра плямы на сонцы. Але я не паэт.
Маруся пачакала, пакуль Зуй скончыць, і сказала:
I не паэт, і акцёр абы-што. Яйцо хоць з’еш. Я на бумажку пакладу. Хлеб коціку аддам. Дзе той коцік? Кыс-кыс-кыс. Быў жа тут. Хтосьці ўпусціў. Ці ён сам заскочыў? Хоць бы не лішайны. Бо ўсе арцісты часацца будуць. А жызненае там е што?
Міша пагартаў кнігу і знайшоў жызненае.
Калі я быў малы, пачаў чытаць Зуй, даслаў паштоўку бабулі ў вёску. Потым я доўга ездзіў па свеце і з усіх дарог выбраў дарогу ў Прудок. Аднойчы паштарка ўспомніла, як прывезла маёй бабулі тую паштоўку. Усё змянілася. Выбухнуў Чарнобыль, разваліўся Савецкі Саюз, адбыліся рэвалюцыі, з'явіўся фэйсбук, нарадзіліся героі, памерлі паэты, а ўвесь гэты час паштарка няспынна вазіла лісапедай паштоўкі ў мой дом.
Кыс-кыс-кыс. Еш, коцік, сказала Зайчыкава. He бойся, у мяне рукі чыстыя. Я акуратная. Я ўсё мыю. Чытай яшчэ пра пошту, коцік. Вой, не коцік. А як цябе там? Зуй.
Пра пошту болей няма. Далей пра казу.
Давай пра казу.
Зуй, імправізуй.
Пакуль доіш казу, думаецца пра еўрапейскія кавярні, у якіх я ніколі не буду. Пра мора, Італію і Парыж. Пра космас, скуль касманаўты глядзяць на Зямлю. Нехта забіраецца на высокую гару, а хтосьці караблём разразае акіян на дзве часткі. Той, хто цяпер на гары, глядзіць на ўвесь свет і думае, што на гэтай вялікай планеце нехта доіць казу. Каза весела жуе траву. А ў хаце цёпла і спакойна. I ён разумее, што ў яго так ніколі не будзе.
Зуй скончыў чытаць і ўбачыў у сваёй руцэ замест кнігі бідончык. У бідончыку было малако.
Ён выйшаў з хлява ў двор. Да босых ног адразу стала ліпнуць мокрая трава.
Была амаль ноч. Неба свяцілася мільёнамі зорак, а нізка над зямлёй вісела поўня.
Наваколле праглядалася далёка. Яно было ціхае, спакойнае. Па вясковай вуліцы ішоў чалавек, праз дзве хаты брахаў сабака. Але чалавек не спяшаўся і ішоў бязгучна, а сабака брахаў без злосці.
У лесе верхавіны хвой ледзь заўважна хісталіся. Тут жа паветра было чыстае і нерухомае. Яно пахла пажоўклым лісцем і гнілымі яблыкамі. Зуй любіў гэты пах. Ён набраў поўныя лёгкія, застыў на момант, каб пах яблыкаў расцёкся па ўсім целе, і выдыхнуў.
Гэта ўсё? спытала Маруся.
Усё, адказаў Міша.
Мне мошка ў вока папала. Адкуль тут мошкі? Я пачакаю, пакуль вока высахне. А ты ідзі.
Зуй узяў кеды і выйшаў з залі.
У калідоры было цёмна. Ён дайшоў да ліфта і націснуў на кнопку. Дзверы ліфта адразу адчыніліся, і ў белым святле акцёру явіўся мастацкі кіраўнік тэатра Пінігін.
Акцёр ведаў, што так бывае. Але раней Пінігін яўляўся толькі рэжысёру і аўтару.
Добры вечар, Мікалай Мікалаевіч, сказаў Зуй.
Пінігін правёў рукой па Мішавых валасах і дастаў з іх сухі яблыневы лісток.
Вы чыталі кнігу, ці то сказаў, ці то спытаў Пінігін.
Чытаў, адказаў Зуй.
I зразумелі, што персанаж вярнуўся.
Зразумеў.
Дзверы зачыніліся. Ліфт паехаў уверх.
Назаўтра ў камернай залі сабраліся Міша, Света Анікей, Есяневіч, рэжысёр Падаляка. Нават Іра прыйшла паглядзець.
He было толькі аўтара.
Без аўтара, без дэкарацый, без рэквізіту і сцэнічных касцюмаў акцёры паказвалі то адну сцэнку з п’есы, то іншую. Света Анікей была то фельчаркай, то цёткай Дуняй. Часта Света блыталася, бо тэмп быў шалёны, без рэквізіту і касцюмаў лёгка было збіцца, і, бывала, рэпліку цёткі яна замяняла словамі фельчаркі.
Але Міша вытрымліваў любыя імправізацыі.
Андрусь, я ў цябе казу вазьму, сказала Света.
Бярыце, адказаў Зуй. Mary шчэ і бідончык даць.
Ой, бляха! He казу, а касу. Усё, узяла. Пайду наскі пераадзену. Ой, не наскі, а ў магазін папруся.
Куды вы ў магазін з касой!
А хрэн з ёй, адказала Анікей і, ачмурэлая, выйшла за штору.
Рэжысёр Падаляка ўстаў з крэсла, прайшоўся па сцэне. Паглядзеў на Мішу з розных бакоў.
Я нічога не разумею, сказаў Падаляка і сеў на канапу на верандзе.