• Газеты, часопісы і г.д.
  • Прэм’ера  Андрусь Горват

    Прэм’ера

    Андрусь Горват

    Выдавец: Альфа-кніга
    Памер: 186с.
    Мінск 2022
    36.68 МБ
    Быў сонечны дзень. Мухі садзіліся рэжысёру на руку. Ён адганяў іх, адганяў, а потым нічога, прывык.
    Побач з рэжысёрам сеў аўтар.
    Але рэжысёр заблытаўся: аўтар і персанаж былі такія падобныя.
    Як ты? спытаў Падаляка. Добра з’ездзіў?
    Куды?
    Ну ты ж ездзіў у Парыж. Парыж ужо не той. А тут спакойна.
    Спакойна, адказаў аўтар. Балота яно і е балота.
    Падаляку на калені заскочыў кот Батон.
    Коцік. Коцечка. Кыс-кыс-кыс. Добра, Андруха, пайду я ў краму. Ліверкі катам куплю.
    Ну ідзі.
    Рэжысёр пайшоў. Аўтар доўга глядзеў яму ўследкі, пакуль той не знік за вязам, які рос ля самага плота амаль трыста гадоў.
    У краме ў чарзе стаялі тры чалавекі.
    Першым быў Міша Зуй. За Зуем Света Анікей з касой. Апошні Дзіма Есяневіч.
    Есяневіч быў у касцюме трактарыста Колі.
    Рома стаў за ім.
    Адпускала Зоя Казлянская. Яна шукала ў накладной, колькі KamTye чай.
    Вой як доўга, сказала Анікей і пачасала нагу.
    Э, мо ты не хочаш гэты чай? спытаў Есяневіч Зуя.
    Хачу.
    Вазьмі той.
    Я гэты хачу.
    Якая табе розніца?
    Вой як доўга, яшчэ раз сказала Света.
    Есяневіч не здаваўся:
    Ідзі дадому. Ты і крапіву пап’еш.
    Зоя Казлянская ляснула рукой па прылаўку і крыкнула:
    Ціхайця! Так, сто грам... англійскі... крупналіставой... байхавы... зялёны... Ціхайця мне!
    Есяневіч папрасіў шэптам:
    Зоя, дай бальшую. У мяне без здачы.
    Света Анікей не вытрымала:
    Коля! He лезь Зоі пад руку, бо згубіць.
    Ужо згубіла, сказала Зоя. Англійскі... зялёны... Коля, не гавары пад руку.
    Коля, заткніся, ізноў сказала Анікей.
    Э, я ж маўчу.
    Ціхайця!
    Зоя, дай бальшую.
    Вой як доўга.
    Во! Знайшла! Два шэйсят, сказала Казлянская.
    Усе адразу ажывіліся і памянялі позы, а Зуй палез у кішэні.
    Бляха. Ён яшчэ і грошы шукае! Ну дай бальшую!
    Цярпення няма! сказала Анікей і ўзяла касу ў другую руку.
    Я тут прычым? У мяне без здачы.
    Коля, не дуры галаву!
    Ай, не трындзі. Зоя, дай.
    Коля, ідзі.
    Зуй знайшоў грошы.
    Казлянская стала шукаць дванаццаць навалачак рэшты.
    Вой, не навалачак, а капеек.
    Бля-я-я-я-я...
    Я не магу, сказала Анікей.
    Што табе? спытала Казлянская Свету.
    Чай дай.
    Такі самы?
    Чорны дай. Я зялёны не п’ю. Нахран мне ўпаў твой зялёны.
    Казлянская палезла ў накладную.
    Есяневіч не вытрымаў, плюнуў, мацкжнуўся, выйшаў з крамы, гучна ляснуў жалезнымі дзвярыма і яшчэ раз плюнуў на прыступкі.
    Зоя падняла вочы на Падаляку. Яна ніколі раней не бачыла яго і старалася гаварыць правільна:
    А вы што будзеце пакупаць, мужчына? Тожэ чай?
    He, ліверку катам, сказаў рэжысёр.
    А ліверкі няма. Вазьміце вараную каўбасу.
    Калі Рома вярнуўся, Анікей з Зуем сядзелі на венскіх крэслах і гладзілі падушку, на якой быў намаляваны кот.
    2.
    Рэжысёр заўважыў, што персанаж ізноў ёсць у п’есе, і першай справай пазваніў аўтару. Але тэлефон аўтара быў «уне зоны дзействія». Яно і панятна: аўтар праваліўся.
    Тады Рома пабег на шосты паверх.
    Па дарозе ён сутыкнуўся з Марусяй Зайчыкавай. Маруся ішла ў камерную залю з вядром вады.
    Яшчэ не мыйце, сказаў рэжысёр.
    To мыйце, то не мыйце. Абы-што, адказала Маруся і стала праціраць кнопку ліфта. Але выпадкова націснула на яе, і дзверы адразу адчыніліся.
    Яшчэ не мыйце, без інтанацыі паўтарыў мастацкі кіраўніктэатра Пінігін з ліфта.
    Ой бляха! сказала Маруся, перажагналася і спусцілася ў тэатральную кавярню паліць фікус.
    Тым часам рэжысёр пагаварыў з дырэктарам, быў такі пераканаўчы і ўзбуджаны, што дырэктар Купалаўскага тэатра таксама ўсхваляваўся і ўзбудзіўся.
    Паветра заіскрылася і выбухнула.
    I спектакль вярнулі ў рэпертуар тэатра.
    Хутка ўзнавіліся рэпетыцыі.
    Ну і што, што выглядаю разгубленым. Я заўсёды такі, нават у пашпарце, крычаў Зуй.
    Міша, ты геній, казала Света Анікей і гладзіла Зуя па спіне.
    А спонсар з новай сілай стаў думаць, як прыцягнуць увагу журналістаў.
    Думаў, думаў і прыдумаў падарыць героям п’есы ў Прудку французскую электронную прыбіральню як на вуліцах Парыжа. Адзін з яго бізнес-партнёраў, месье Хугуес, перадаў кабінку ў межах агульнага праекта. Яна даўно стаяла на складзе, толькі займала месца, і спонсар не мог вырашыць, куды яе ўсунуць. Цяпер нарэшце ўсе канцы з канцамі сышліся.
    У Прудок прывезлі не толькі туалет, а і журналістаў, каб яны напісалі пра гэтую радасную падзею. Прудкаўцы, як дазналіся пра прэсу, пахаваліся па хатах і ціха назіралі ў форткі, як бусік з туалетам унутры пераехаў ляжачага паліцэйскага каля мехдвара і спыніўся каля Колі. Той адной рукой трымаў лісапеду, а другой часаў рэпу.
    3 бусіка выйшаў прадстаўнік французскай фірмы «Хугуес» і сказаў:
    Банжур!
    Коля адказаў:
    Херасе!
    Француз выправіў:
    Хугуес.
    Коля па старой звычцы перадражніў:
    Хуюес.
    Адна журналістка спытала:
    Вы Коля? Тот самый Коля? Ннколай, подождмте! Я вас сфотографнрую. Можете прнсесть н как бы позвать к себе собаку?
    Але Коля сеў на лісапеду і драпануў ад яе. Шчэ і сабаку падлай абазваў.
    Зоя стаяла на ганку крамы і смяялася. Калі журналістка паспрабавала загаварыць і з ёй, Казлянская спужалася.
    Вой, не, дзяўчата! У мяне абедзены перарыў, сказала яна і замкнулася ў краме.
    Тады журналістка пераключылася на бусік, з якога даставалі спакаваныя дэталі прыбіральні. Прадстаўнік фірмы «Хугуес» выняў з дыпламата інструкцыю і разам з рабочымі дапазна мантаваў кабінку.
    Вечарам у Прудок вярнулася цішыня і пайшоў снег. Ён хутка стане вадой, хутка сыдзе. Наперадзе яшчэ будуць цёплыя, амаль летнія дні. Можа, нават заўтра. Але цяпер Прудок засыпае першым снегам.
    Зоя Казлянская памыла падлогу і ўжо збіралася паставіць краму на сігналізацыю, але зноў прыйшоў Коля.
    Куды ты па чыстым ідзеш! Каб у цябе ногі адсохлі! Закрыта ўжо!
    Дай бальшую.
    А пазней не мог прыйсці? Ты б шчэ ў тры ночы прысунуўся.
    Лісапедай упаў. Во, калена пабіў. Слізка. Нагамі бёг да цябе.
    О піць захацеў! О бляха! Калечаны пабёг! О піць любіш, Коля!
    Ай, не трындзі. Дасі, ну?
    Дам, ну. Бальшую?
    Бальшую, ну.
    Пакуль Зоя прабівала «бальшую», Коля закасаў штаніну, наслініў вялікі палец і выцер з калена кроў.
    Коля! Я падлогу памыла!
    А што! Цячэ.
    Цячэ, дык дома сядзець нада, а не бегаць. Што ты мне накапаў тут! Сільна баліць? Ох, гора ты!
    Бачыла, што там табе паставілі?
    Туалет? Бачыла.
    Будзеш цяпер хадзіць не на вядро, а як белы чалавек.
    Ай, ідзі ты! Ідзі дадому, Коля. У мяне ад цябе галава баліць.
    Калі Коля пайшоў, Зоя выцерла за ім, выйшла на вуліцу і яшчэ раз паглядзела на той туалет.
    Паволі падаў снег першы, мяккі. цёплы. Ужо сцямнела, людзі сядзелі па хатах і елі баршчы пад абразамі Дзевы Марыі і партрэтамі продкаў. Акрамя Зоі, на вуліцы не было ні душы.
    Кабінка электроннай прыбіральні па памерах і форме нагадвала касмічны карабель. Абы-што, але цікава!
    Казлянская так і сказала:
    Абы-што.
    Павагалася, але націснула на кнопку. Дзверы паехалі ўбок.
    Як шкаф-купэ, сказала Зоя ўслых, каб не баяцца.
    Унутры было светла, нават утульна. Казлянская ўважліва агледзела інтэр'ер, у які былі ўпісаны ўнітаз, рукамыйнік і люстэрка. Перажагналася і зайшла. Ёй не трэба было. Ёй проста хацелася праверыць усё тут, пакуль ніхто не бачыць.
    Дзверы зноў паехалі і зачыніліся. На іх не было ні ручкі, ні кнопкі нічога, каб адчыніць знутры.
    Лёгкі мандраж прабег па Зоіным целе.
    Ох, сказала яна і паспрабавала пасунуць дзверы рукой.
    Дзверы не паддаліся.
    Казлянская пачала думаць лагічна. Каб дзверы адчыніліся, мо трэба змыць ваду? Націснула на змыў. Палілася блакітная вадзічка.
    Усё-такі харошая вешч, сказала. Толькі электрычаства жарэ.
    Пакуль усё ішло па плане. Але калі вада спынілася, пачуўся жаночы голас:
    Bonsoir.
    Гэта адбылося так нечакана, што Зоя падскочыла.
    Ой бляха!
    Добры вечар, голасам дыктаркі з тэлебачання паўтарыла кабінка па-беларуску.
    Цьху! Ідзі ты! адказала Зоя і напружылася.
    Угледзела чорны пластмасавы дынамік уверсе кабінкі. Але дынамік болей не размаўляў з ёй.
    Казлянская стала думаць лагічна далей. Што ад яе можа хацець кабінка?
    Мне памыць рукі? спытала Зоя і паглядзела ўверх.
    Адказу зверху не было.
    Памыла рукі.
    Merci, пачуўся той самы голас.
    Гэта зноў адбылося нечакана.
    А госпадзі!
    Дзякуй, што скарысталіся нашымі паслугамі, паўтарыла кабінка па-беларуску.
    Здурнець можна, сказала Казлянская і павярнулася да выхаду.
    Але дзверы не адчыніліся. Зоя зноў напружылася.
    Быў вечар. Яна стаяла ў туалеце. За сценамі туалета падаў снег першы, мяккі, цёплы.
    Каб голас дыктаркі з беларускага тэлебачання не напужаў яшчэ раз, Зоя ўважліва глядзела на чорны дынамік. Але ў кабінкі і гэтым разам атрымалася сказаць знянацку:
    А зараз віктарына.
    Казлянская была так напружана, што яе трасанула ўсю адразу.
    Тваю маць!
    Каму належаць словы: «Чалавек, які аднойчы адмовіўся ад волі, назаўжды робіцца вязнем»?
    Э! Выпусці!
    Калі гэта сказаў Уладзімір Караткевіч, націсніце на кнопку «адзін». Калі Васіль Быкаў на кнопку «два». Іван Мележ «тры».
    3 Зоі пабег пот. Яна яшчэ раз штурханула дзверы кабінкі, але і гэтым разам беспаспяхова.
    Бляха, во папала.
    Стала на дыбкі, каб дацягнуцца да чорнага пластмасавага дынаміка, і гучна вымавіла ў яго:
    Дзіспетчар! Алё! Я застрала.
    Потым ударыла далонню па дынаміку. Раз ударыла, другі.
    Кабінка маўчала.
    Казлянская стала шукаць на панэлі кнопку са званочкам як у ліфце. Ці які стоп-кран. Але знайшла толькі кнопкі з нумарамі: 1, 2 і 3.
    Паўтараю пытанне, ізноў нечакана прагучаў голас з дынаміка.
    Іці тваю маць!
    Каму належаць словы: «Чалавек, які аднойчы адмовіўся ад волі, назаўжды робіцца вязнем»? Уладзімір Караткевіч «адзін». Васіль Быкаў «два». Іван Мележ «тры».
    Зоя знервавалася, расшпіліла два гузікі на паліто, наўгад націснула на кнопку нумар тры.
    Вы адказалі... сказала кабінка голасам дыктаркі з беларускага тэлебачання і зрабіла паўзу. Няправільна. Правільны адказ нумар два. Словы «Чалавек, які аднойчы адмовіўся ад волі, назаўжды робіцца вязнем» належаць Васілю Быкаву. Васіль Уладзіміравіч Быкаў нарадзіўся 19 чэрвеня 1924 года ў вёсцы Бычкі Ушацкага раёна.
    Казлянская ляснула па дзвярах нагой. Але і гэтым разам нічога не адбылося. Стала націскаць на ўсе тры кнопкі адначасова і ў рознай паслядоўнасці.
    Туалет быў бязлітасны.
    Тэма чалавека на вайне таксама праходзіць праз аповесці «Пастка», «Альпійская балада», «Праклятая вышыня», працягвала кабінка.