Прэм’ера
Андрусь Горват
Выдавец: Альфа-кніга
Памер: 186с.
Мінск 2022
Я малюся італьянскаму Пану Езусу, каб наперадзе быў паварот куды-небудзь. Каб мы збочылі і прапусцілі Марыё наперад. Каб Раймонда дачакалася ўнука і таблетак.
Асцярожна, сабака!
Оля націснула на тормаз, але адчыніўся багажнік і пачало граць радзіва.
Французская каманда забіла гол.
Зноў усё памянялася, сказала Оля.
Марыё спыніў машыну пасярод вузкай горнай дарогі і застаўся чакаць, пакуль мы праедзем далёка наперад.
Бедная, бедная бабка Раймонда! Пан Езус, дай ёй яшчэ адзін дзень.
Мы праехалі круты паварот, а потым знак, на якім была намалявана зграя дзікіх машын. Оля паспрабавала ўключыць фары, але мы пакацілася назад. Праехалі знак «Зграі дзікіх машын», круты паварот, сабаку і сталі набліжацца да Марыё. Той, калі ўбачыў, як на яго насоўваецца машына з беларускімі нумарамі, без фар, з адчыненым багажнікам і крыкамі балельшчыкаў, таксама даў задні ход.
Гол забілі харваты.
Зноў усё памянялася, сказала Оля.
Я дастаў з кішэні цыгарэты і стаў шукаць попельніцу.
Ты праўда гэтага хочаш? He баішся? Ты тут? Куды ты знік? спытала Оля.
Я ляжу ззаду. Попельніца адкідвае крэсла назад. Прыгожая вёсачка.
-Дзе?
Была злева. Ужо праехалі.
У гэтую вёску вядзе гарбаты мост. За мастом шчыльнымі калідорамі разыходзяцца вуліцы з каменнымі домікамі. Домікі ціснуцца адзін да аднаго плячыма. Вузкія палоскі неба цякуць паміж шчыльнымі радамі, шліфуюць іх краі і не даюць цотным і няцотным домікам сустрэцца. Домікі звязваюцца толькі перакінутымі вяроўкамі, на якіх, бы сцягі, вісяць штаны Марыё і панталоны Феліцыі.
Тут невыносна ціха. Але раптам знекуль даносіцца званок стацыянарнага тэлефона.
Пронта! Пронта! крычыць італьянская дона. Джузэпэ, зрабі тэлевізар цішэй, я нічога не чую. Пронта! Хто то?
Дзядзя Джузэпэ ўстае з магілы і робіць тэлевізар цішэй.
Французы забілі яшчэ адзін гол. Зноў усё памянялася.
Тры крокі наперад ужо не чуваць ні радасных крыкаў французаў, ні тэлефона. 3 забытай на вяроўках бялізнай, з апусцелымі вулачкамі, якія бягуць то крута ўверх, то рэзка ўніз, вёска падманвае, што ў ёй нікога няма.
Можа, усе людзі пахаваліся ў царкве. Яны ляжаць там на падлозе і перад сном разглядаюць анёлаў, якіх намаляваў Мікеланджэла.
Айцец Алексій моліцца ў келлі ўсю ноч. Час ад часу ён абыходзіць людзей між радоў. I калі ў якой жанчыны высока задзіраецца спадніца, ён абцягвае спадніцу ўніз, каб падлеткі ў шортах глядзелі на анёлаў Мікеланджэла, а не на калені.
Я не ведаю, я толькі прыдумаць магу, што ў гаспадара карчмы сівая барада і сівыя валасы, а на вялікім жываце стары фартух.
Ён адкрывае карчму рана. Суседка Марыя гаворыць яму:
Добрай раніцы, Марчэла.
У адказ ён бурчыць у бараду тое, што ўсе італьянцы бурчаць.
А Роза ідзе ў бібліятэку. Тут на вялікай карце на сцяне яна пазначае рознакаляровымі кнопкамі гарады і краіны, у якія калі-небудзь паедзе. Там, дзе Прудок, кнопкі няма. Роза ніколі не чула пра Прудок і баіцца пазначаць яго кнопкай.
Днём італьянкі будуць мыць, мыць, мыць бялізну. Развешваць бялізну на балконах, на вяроўках паміж дамамі, на антэнах, на дрэвах, на электраправадах.
Антоніа! У мяне вяроўка закончылась. Ідзі скарэй-хутчэй і купі сто метраў у сіньёра Федэрыка.
Федэрыка прадае вяроўкі і пральны парашок. Ён самы багаты чалавек ад Мілана да Пізы.
Італьянкі будуць мыць, мыць, мыць, развешваць, развешваць, развешваць. Італьянцы будуць бурчэць у бароды і хавацца ад сонца.
Я ўважліва гляджу ў акно, каб запомніць.
У мяне кружыцца галава. От-от зляціць з шыі галава і закоціцца пад ложак. Галя будзе тыцкаць, тыцкаць парасонам у самыя цёмныя куты, але маёй галавы не знойдзе.
Далей будзеш жыць без галавы, скажа Галя з Мілана.
Калі першыя прамяні сонца ўпалі на схіл гары, у Італіі пачаўся апошні дзень. Гэты дзень закончыцца, і Італіі больш ніколі не будзе. 3 фрэсак у царкве разляцяцца анёлы. Яны зробяць гняздо ў валасах Феліцыі на дне мора.
Нават паветра з празрыстага стала белым.
Што гэта за дым? спытала Оля.
Гэта воблака. Мы ўнутры яго.
А так хіба можна?
He ведаю. Тш.
Мы прачнуліся не ў машыне, а ў «скарасной краваці». Заднія крэслы былі запраўлены і ўкамлектаваны падушкамі і коўдрамі. Атрымаўся вялікі (два метры ў даўжыню) двухспальны ложак на колах.
Марчэла, калі ўранні адчыніў дзверы карчмы, заўважыў наш транспарт і падумаў: «Бляха, як маёй Клаўдзіі такую скарасную краваць зрабіць? У мяне салон паўтара метра, а Клаўдзія два».
Марчэла часаў бараду і чакаў, пакуль высахне фартух, які Клаўдзія памыла і павесіла на галіну дрэва. Яна нават не ўзлазіла на табурэтку дацягнулася да галіны з зямлі.
А сюжэтныя лініі з’ядналіся з прамянямі сонца, пацягнуліся ўздоўж горных дарог, завязаліся ў вузлы, зноў выпрасталіся, пакуль сонца не стала тануць у моры і цягнуць іх у глыбіню.
Калі пачалася апошняя ноч Італіі, цёця ў навігатары сказала:
Вы даехалі да Пізы.
Якая Піза? Адкуль узялася Піза?
Зноў усё памянялася.
Гэта мая мара убачыць пізанскую вежу, сказала Оля.
Яна ўжо ўпэўнена адчувала сябе за стырном машыны з аўтаматычнай каробкай перадач.
Але з першага разу трапіць у Пізу ёй не ўдалося: машыну засмактала кругавая развязка. Оля доўга не магла з’ехаць з яе.
Італьянцы ўжо пахаваліся па хатах вялікімі сем'ямі, павячэралі, памылі ўсе прасціны, усе шкарпэткі, узяліся за рукі і сталі глядзець на лямпачкі, каб не прапусціць той момант, калі апошняе святло згасне.
На абочыне дарогі стаяла толькі прастытутка Кабірыя.
Калі мы праязджалі ў першы раз, Кабірыя ажывілася і паправіла прычоску.
Забярыце мяне адсюль, сказала яна. Я сама з Рыма.
Мы павольна праехалі міма, у яе апусціліся грудзі і ўпалі валасы.
Але не прайшло і хвіліны, як мы вярнуліся. Кабірыя зноў узрадавалася, і ўсё ў ёй прыпаднялася.
Калі мы праязджалі ў сёмы раз, яна стаяла да нас спінай, нервова курыла і глядзела на цёмнае поле, за якім начнымі агеньчыкамі свяцілася Піза.
У Пізе Оля сказала:
Вежа зараз упадзе.
Вежа прыгожая, але я не гляджу на яе: вежу я сто разоў бачыў у кнігах і фільмах.
Я гляджу на маладых Марыё і Феліцыю. У Марыё яшчэ няма жывата. Феліцыя не носіць панталонаў. Пад вежай яны сварацца так, што ўсё можа закончыцца сэксам і кватэркай у Мілане.
Марыё! Марыё! Чаму ты не надзеў плаўкі ў палоску, якія я табе падарыла на дваццаць трэцяе феўраля? гаворыць Феліцыя.
А ён ёй адказвае:
Зайка, забыўся.
Марыё, як ты мог!
Прасці.
Можа, табе не нравіцца мой падарак?
Очэнь нравіцца. Я на работу ў іх хадзіў усім рэбятам панравілісь.
Чэсна?
Марыё прыціскае да сябе Феліцыю і цалуе так, нібы ў іх усё жыццё наперадзе.
Але сонца болей не ўстане, вежа ўпадзе і будзе абрастаць ракушкамі на дне мора.
У будні Феліцыя не будзе мыць, мыць, мыць бялізну. He будзе сушыць бялізну на дрэвах і электраправадах. Марыё не будзе бурчэць, не выгляне ў акно, не схаваецца ад спякотнага сонца за кустом валяр’яны.
Лямпачкі патрэскваюць, святло пачынае гаснуць. Італьянцы моцна сціскаюць адзін аднаму рукі, калі святло на секунду знікае.
Здаецца, і Зямля ўжо не прывязаная да Сонца.
Трэба, трэба спыніцца. Італія зараз закончыцца.
Усё закончыцца.
Мы знаходзім невялікую пляцоўку на беразе мора. Я не запомніў назву мястэчка побач. Я і назву мора не ведаю. Нашто яму назва?
Гэта ж мора.
Мора!
Але не толькі мы ўбачылі гэтае месца. Тут стаялі яшчэ дзве машыны. Нашы калегі «скарасныя краваці» без сюжэтных ліній.
Я хутка падзяліў пляцоўку на зямельныя надзелы паміж усімі машынамі. Прыдумаў схему платоў і сцежак.
Калі спусціць паветра з колаў, пасадзіць грушу і разбіць пару сотак зямлі пад градкі, то так можна і жыццё пражыць.
У мяне няма ў Італіі бабкі Раймонды. Але ёсць Кабірыя на абочыне дарогі каля Пізы. Няхай яна сёння прастытутка, але потым, калі вырасце ігруша, Кабірыя састарыцца, закончыць кар’еру, пойдзе на пенсію, будзе ведаць адказы на ўсе пытанні і да яе можна будзе ездзіць у Пізу, прывозіць ёй штопаць дзіравыя шкарпэткі.
Ну і няхай я ніколі болей не пачую мяккае «р» парыжскіх чаек. Але ў мяне не будзе і адзіноты, калі вечарам сядзіш на канапе на верандзе, а ў садзе ці то конь, ці то баба Параска cane, а можа вожыкі сэксам займаюцца.
Оля павесіла ў нашай машыне фіранку. Раней гэта быў мой рушнік.
Часу ўсё меней і меней.
Скарэй-хутчэй, Оля!
Няхай будзе многа-многа белых прасцін і панталоны навырост каб табе было што мыць. 3 рання да ночы ты будзеш мыць бялізну. Будзеш стаяць у начной сарочцы на табурэце прама ў моры і чытаць вершы Цвятаевай. А вакол цябе будуць плыць белыя лілеі і прасціны прасціны-альбіносы.
Цяпер усё гатова.
Я спусціўся да мора і паглядзеў на бясконцае неба. Паміж морам і небам ужо не было ніякай мяжы.
Усё аб’ядналася ў адно.
Зоры адлюстроўваліся ў вадзе. Здавалася, само неба набягала хвалямі мне на ногі.
Калі я вярнуўся, у нашым доміку ўжо быў дабудаваны другі паверх, і балкон, і тэраса. Гаршкі з геранню віселі ля ўвахода.
Н болывме тюльпаны на окнах.
He Парыж але таксама харошы сюжэт.
Я выцер ногі і ціха залез пад коўдру, каб не пабудзіць Олю.
Ляжаў і ўважліва глядзеў у акно.
I ўбачыў у акне кіроўцу аўтобуса.
Ён пагрукаў пальцамі па шкле і крыкнуў:
Парэнь, парэнь! Венецыя. Канцавы прыпынак. Прыехалі.
Я ўзяў заплечнік і выйшаў з аўтобуса адзін.
Схамянуўся, агледзеўся. Але аўтобус быў пусты.
Оля ходзіць на работу і корміць ката, сказаў кіроўца і дастаў з бардачка курынае бядро ў фальзе. Заўтра будзе прэм’ера. Прыйдуць людзі. Крытыкі напішуць рэцэнзіі. Усё закончыцца.
А што мне рабіць?
Пагуляй па Венецыі. Гэта вельмі прыгожы горад.
3.
Мне расказвалі, я чытаў, што турысты ў Венецыі ляжаць слаямі. Яны нават хадзіць не могуць праз шчыльную канцэнтрацыю саміх сябе. Ляжаць і з апошніх сіл робяць сэлфі.
Але папраўдзе людзей тут так мала, што я думаю гэта турысты, якія згубіліся шмат гадоў таму і не могуць знайсці свайго гіда. А іх пакінутыя машыны цяпер збіваюцца ў зграі у гарах.
Некаторыя з турыстаў здзічэлі і перасоўваюцца паасобку. Некаторыя трымаюцца групамі, як машыны. Напрыклад, кітайцы. Яны ні слова не разумеюць па-італьянску, ужо пахавалі надзею калі-небудзь выйсці з лабірынта і толькі прыціскаюцца адзін да аднаго. Калі я выпадкова трапляю ў месца іх хованкі, кітайцы, як чарнушкі з мульцікаў Міядзакі, распаўзаюцца па шчылінах.